У адпаведнасці з патрэбамі інавацыйнага развіцця

- 11:30Планёрка ў рэгіёне

Пра асаблівасці развіцця адукацыйнай прасторы рэгіёна, прыярытэтныя напрамкі дзейнасці педагогаў, а таксама пра дасягненні вучняў расказвае госць нашай “Суботняй планёркі” начальнік упраўлення па адукацыі, спорце і турызме Любанскага райвыканкама Мінскай вобласці Таццяна Леанідаўна КАРАВАЦКАЯ.

— Галоўнае наша дасягненне — гэта вучні. Паказчыкі высокіх вынікаў іх дзейнасці — вынік сумеснай работы педагогаў, навучэнцаў і іх бацькоў. Навучэнцы раёна вынікова ўдзельнічаюць у рэспубліканскіх, міжнародных даследчых конкурсах. На іх рахунку дыпломы I і III ступені ў Рэспубліканскім конкурсе работ даследчага характару, дыплом І ступені ў Рэспубліканскім конкурсе “Спадчына Беларусі”, дыплом І ступені ў XVIII Рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Дыплом І ступені ў VII Міжнародным конкурсе праектна-даследчых работ “Прызма” заваявала вучаніца сярэдняй школы № 3 Любані Паліна Нямальцава.

Навучэнцы гімназіі № 1 Любані сталі пераможцамі ў абласным конкурсе “Не гасне летапіс перамог” у намінацыі “Зорачка на карце раёна” (кіраўнік Вольга Анатольеўна Папова), які быў прымеркаваны да святкавання 75-й гадавіны вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і перамогі савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне. Каманда навучэнцаў і педагогаў гімназіі (кіраўнікі В.В.Папова, В.С.Пажарыцкая) вынікова прадставіла Мінскую вобласць на Рэспубліканскім злёце пошукавых атрадаў “Мы — нашчадкі Перамогі”  і ўдастоены дыплома І ступені (дарэчы, у рамках мерапрыемстваў рэспубліканскага злёту было атрымана 13 дыпломаў рознай вартасці). На завочнай III Міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі навучэнцаў “Свет маіх даследаванняў” у навучэнцаў гімназіі № 1 Любані 11 дыпломаў розных ступеней, у навучэнца Сароцкай сярэдняй школы Аляксея Астапенкі дыплом III ступені. Акрамя таго, дыплом І ступені на XXVІ Усерасійскім конкурсе юнацкіх даследчых работ імя У.І.Вярнадскага заваявала гімназія № 1 Любані (Валерыя Фралова). Прызёрам адкрытага конкурсу сярод сельскіх школ, які праводзіўся Рэспубліканскай грамадскай арганізацыяй “Беларускі зялёны крыж” і партнёрамі ў рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “EU4Youth: “Школьны сад” стаў калектыў Стараюркавіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы. Дыпломам II ступені III Рэспубліканскага конкурсу творчых работ навучэнцаў сярэдніх і сярэдніх спецыяльных устаноў адукацыі  “Я выбіраю прафесію” быў узнагароджаны навучэ­нец сярэдняй школы № 1 Любані Глеб Хлыстоў; у Рэспубліканскім лясным конкурсе “Квітней, мой лес” навучэнка сярэдняй школы № 3 Любані Дар’я Хацько была ўдастоена дыплома ІІ ступені.

У 2019 годзе на стымуляванне і заахвочванне таленавітай моладзі Любанскі раённы выканаўчы камітэт выдзеліў больш за чатыры тысячы рублёў. Штогод 2—3 навучэнцы Любанскага раёна заахвочваюцца прэміямі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў.

— Якія цікавыя праекты рэалізоўваюцца ва ўстановах адукацыі раёна?

— Інавацыйная дзейнасць спрыяе развіццю прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў. З новага навучальнага года ва ўстановах адукацыі раёна рэалізоўваюцца 3 інавацыйныя праекты Міністэрства адукацыі, 9 педагагічных праектаў. Асаблівая ўвага ўдзяляецца арганізацыі адукацыйнага працэсу з навучэнцамі з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, стварэнню адаптыўнага адукацыйнага асяроддзя ў рамках рэалізацыі абласнога педагагічнага праекта “Падрыхтоўка навучэнцаў да валанцёрскай дзейнасці ва ўмовах узаемадзеяння ўстаноў агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі”. З мэтай далейшага развіцця гэтага напрамку распрацаваны гуманітарны праект “Тэрыторыя клопату”, які дазволіць пашырыць кругагляд і сацыялізацыю дзяцей-інвалідаў, прыцягне ўвагу грамадскасці да праблем сем’яў, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, а таксама дадатковыя інвестыцыі для аздараўлення і адпачынку дзяцей гэтай катэгорыі. У цяперашні час мы шукаем інвестараў для сумеснай рэалізацыі гэтага праекта.

— Як сёлета арганізавана профільнае навучанне? Ці ёсць у вас класы прафесійнай накіраванасці?

— Профільнае навучанне стварае перадумовы для ўвасаблення асобасна арыен­таванага адукацыйнага працэсу. Гэта неабходная ўмова для эфектыўнай рэалізацыі асноўнай задачы ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі раёна — забеспячэнне якасці адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з патрэбамі інавацыйнага развіцця. На запатрабаванасць профільнага навучання паказвае штогадовае павелічэнне яго ахопам навучэнцаў на III ступені агульнай сярэдняй адукацыі. Павялічылася колькасц­ь вучняў, якія вывучаюць прадметы на павышаным узроўні ў 10—11 класах. Тым, хто яшчэ асвойвае школьныя веды, паглыбіць іх і вызначыцца з прафесійным выбарам дапамагае наведванне факультатыўных заняткаў, у тым ліку міжшкольных. У рамках профільнага навучання ў сярэдніх школах  №№ 1 і 3 Любані дзейнічаюць педагагічныя класы, ва ўрэцкай сярэдняй школе № 2  функцыянуюць ваенна-патрыя­тычныя групы, у шасці ўстановах адукацыі — аграрныя класы.

— Таццяна Леанідаўна, якая ўвага ўдзя­ляецца пытанням узаемадзеяння з сям’ёй?

— Узаемадзеянне з сям’ёй з’яўляецца адной з найважнейшых умоў фарміравання асобы дзіцяці. Ва ўстановах адукацыі раёна асаблівая ўвага ўдзяляецца мерапрыемствам, накіраваным на павышэнне прэстыжу сям’і, фарміраванне адказнага мацярынства і бацькоўства. Заслугоўвае ўвагі вопыт работы з сям’ёй сярэдняй школы № 3 Любані імя Г.Л.Сячко ў рамках рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі фарміравання культуры міжасобасных зносін дзяцей дашкольнага і школьнага ўзросту на праваслаўных традыцыях і каштоўнасцях беларускага народа ва ўмовах дзяржаўнага двухмоўя”. Навучэнцы школы Лізавета Верамейчык і Аліна Абчынец сталі пераможцамі ў епархіяльным конкурсе твораў па духоўна-маральным выхаванні. Ва ўстановах адукацыі працуе 12 сямейных клубаў.

— Якія формы метадычнай работы найбольш запатрабаваны педагогамі раёна?

— Для педагога вельмі важна быць заў­сёды ў развіцці, не губляць здольнасц­ь да аналізу, пастаянна вучыцца самому і вучыц­ь гэтаму сваіх вучняў. Ключавая роля ў стварэнні ўмоў для прафесійнага росту кожнага настаўніка адведзена вучэбна-метадычнаму кабінету, раённым метадычным фарміраванням. У рамках дзейнасці практыкуюцца такія формы работы, як майстар-клас, практычныя заняткі, семінары-практыкумы, творчыя справаздачы, метадычныя тыдні (дэкады), фестывалі, форумы, пася­джэнні творчых груп, школы ўдасканалення педмайстэрства, метадычных аб’яднанняў (у тым ліку выязныя) і г.д.

Самай эфектыўнай формай работы з маладымі педагогамі з’яўляецца школа маладога настаўніка, якая стварае ўмовы для актыўнага ўключэння маладых спецыялістаў у адукацыйны працэс, дапамагае ў засваенні новых педагагічных тэхналогій, далучае да работы па самаадукацыі, вучыць планаваць і ацэньваць вынікі сваёй прафесійнай дзейнасці.

Гутарыла Наталля КАЛЯДЗІЧ.