У адпаведнасці з запытамі бацькоў

- 14:02Якасць адукацыі

27 мая ў канферэнц-зале “Настаўніцкай газеты” адбылося першае з серыі запланаваных пасяджэнняў, прысвечанае абмеркаванню праекта закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”. У размове прынялі ўдзел прадстаўнікі дэпутацкага корпуса, галіновага міністэрства, камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама, дашкольных устаноў, профільных выданняў. Для чытачоў нашага выдання была арганізавана прамая лінія, падчас якой можна было задаць хвалюючыя пытанні. 

Больш як год праходзіў у нашай краіне маніторынг практыка прымянення Кодэкса аб адукацыі. Паралельна яму былі арганізаваны і праходзілі парламенцкія слуханні, нарады ў кіраўніцкіх колах, сустрэчы з педагагічнай грамадскасцю, анкетаванне дзяцей, настаўнікаў, бацькоў. Важнай высновай маніторынгу стала актыўнасць, ініцыятыўнасць і ўрэшце неабыякавасць усёй нашай грамадскасці._DSC6022 Былі выказаны слушныя прапановы і заўвагі, многія з якіх у хуткім часе будуць унесены ў асноўны закон айчыннай сістэмы адукацыі.
На першым пасяджэнні ў “Настаўніцкай газеце” адбылося абмеркаванне тых змяненняў і дапаўненняў, якія плануецца ўнесці ў раздзел кодэкса, які тычыцца функцыянавання дашкольнай адукацыі. Прадстаўляла гэтае пытанне Альбіна Леанідаўна Давідовіч, начальнік аддзела дашкольнай адукацыі галіновага міністэрства, кандыдат педагагічных навук.
— Той спектр прапаноў, які мы сёння выносім на грамадскае абмеркаванне, быў сфармуляваны ў ходзе маніторынгу ў сістэме адукацыі, а таксама ў працэсе ўніфікацыі нашага кодэкса з Законам “Аб адукацыі” Расійскай Федэрацыі з мэтай далейшага развіцця адзінай адукацыйнай прасторы — адзначыла Альбіна Леанідаўна.
Так, у ходзе абмеркавання кодэкса грамадскасцю былі вызначаны тыя нормы, якія патрабуюць заканадаўчага замацавання. Перш-наперш неўрэгуляваным застаецца аказанне платных паслуг ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Да моманту прыняцця кодэкса існаваў пералік платных паслуг, якія можна было аказваць у дашкольных установах, але заканадаўчых норм па гэтым кірунку не было. Таму ў артыкул 3 кодэкса ўносіцца адпаведнае дапаўненне, якое прадугледжвае магчымасць атрымання дашкольнай адукацыі на платнай аснове.
давидович— Гэта зусім не адзначае, што нашы грамадзяне будуць ушчэмлены ў атрыманні бясплатнай дашкольнай адукацыі, — адзначыла Альбіна Леанідаўна. — Ні ў якім разе гэтага не будзе. Новым дапаўненнем мы толькі задаволім пажаданні тых бацькоў, якія б хацелі атрымліваць платныя паслугі.
Як вядома, па даручэнні кіраўніка краіны ў сістэме дашкольнай адукацыі сталі адкрывацца платныя групы. Сёння дзейнічае 6 такіх груп, якія працуюць на эксперыментальнай аснове. Найбольш паспяхова функцыянуе ў такім напрамку дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці №1 у Магілёве. Дзякуючы кіраўніцтву ўстановы, зладжанай рабоце калектыву, дашкольны цэнтр стаў вельмі папулярным сярод бацькоў горада, якія з задавальненнем карыстаюцца платнымі паслугамі ўстановы. Тут працуюць педагогі з вышэйшай педагагічнай адукацыяй і з вышэйшай катэгорыяй, групы маюць невялікую напаўняльнасць, пакоі аснашчаны самым сучасным гульнявым абсталяваннем. За кошт стварэння платных груп заробак выхавальнікаў істотна павысіўся. Павялічваецца колькасць і прыватных дзіцячых садкоў. Цяпер іх налічваецца 10, 7 з якіх размешчаны ў Мінску.
— Мы адкрылі такія садкі ў тых раёнах сталіцы, дзе ў іх ёсць запатрабаванасць сярод бацькоў, якія маюць жаданне аддаць сваіх дзяцей менавіта ў такія ўстановы, — падкрэсліла Альбіна Леанідаўна. — Перад адкрыццём такіх паслуг дакладна вывучаўся попыт на іх, вялося ўзгадненне з мясцовымі органамі кіравання, і толькі пасля гэтага было прынята рашэнне. Нельга сцвярджаць, што стварэнне платных дашкольных устаноў будзе масавай з’явай, але такім чынам мы прадастаўляем усе варыянты бацькам, каму даверыць сваіх дзяцей, і гэта іх права, што выбраць.

Валянціна Уладзіміраўна Мардыкіна, член Рэспубліканскага савета кіраўнікоў устаноў дашкольнай адукацыі, загадчыца санаторнага ясляў-сада № 118 Мінска, пацвердзіла меркаванне аб неабходнасці стварэння платных дзіцячых садкоў.
мардыкина— Калі ў нашых грамадзян, асабліва ў сталіцы, ёсць попыт на платныя паслугі ў дашкольнай адукацыі, то мы не можам ім адмовіць, — запэўніла Валянціна Уладзіміраўна. — Але мне як практыку цяжка стварыць у звычайным тыпавым садку нейкія асаблівыя ўмовы для арганізацыі платных груп. Напэўна, лепш было б іх прадугледжваць у той установе, якая толькі будуецца. Менавіта з цягам часу, калі платныя садкі больш упэўнена увойдуць у нашу сістэму дашкольнай адукацыі, такі варыянт будзе выкарыстаны.
— Было б мэтазгодным выкарыстоўваць і вопыт нашых замежных калег, — адзначыла А.Л.Давідовіч. — Напрыклад, некаторыя еўрапейскія краіны выкарыстоўваюць паслугі прыватных дашкольных устаноў для знаходжання дзяцей ранняга ўзросту.
Пакуль застаецца неўрэгуляванай у кодэксе дзейнасць так званых ведамасных дашкольных устаноў. У кодэксе яны называюцца як іншыя арганізацыі, якім прадастаўлена права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць. Але нідзе не было ўзгадана, што структурнымі падраздзяленнямі гэтых іншых арганізацый могуць быць дзіцячы сад, санаторны дзіцячы сад. Таму ў артыкул 27 кодэкса будзе ўнесена норма, якая дае права іншым арганізацыям ствараць такія структурныя падраздзяленні, як дзіцячы сад і санаторны дзіцячы сад. Акрамя таго, было прапанавана ствараць такія структурныя падраздзяленні і ў агульнаадукацыйных установах. Напрыклад, у школе можа быць створана падраздзяленне, дзе могуць утрымлівацца дзеці дашкольнага ўзросту. Такую норму плануецца ўнесці ў артыкул 23 кодэкса.
Маніторынг практыкапрымянення кодэкса выявіў і іншыя моманты ў сферы дашкольнай адукацыі. Так, у нашых дзіцячых садках заўсёды функцыянавалі гурткі харэаграфіі, па навучанні замежнай мове, выяўленчай дзейнасці, аздараўленчай накіраванасці. Згодна з кодэксам, гэтая дзейнасць падпадае пад адукацыйную праграму дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Але ўстановы дашкольнай адукацыі не былі надзелены правам арганізоўваць гэтую адукацыйную праграму. Таму, натуральна, што ў сферы дашкольнай адукацыі ўзнікла праблема не толькі работы гурткоў у дзіцячых садках, але і вызначэння тых, хто павінен у іх працаваць. Напрыклад, у штатным раскладзе значыўся кіраўнік гуртка, а цяпер назва гэтай пасады змянілася і ўжо гучыць як педагог дадатковай адукацыі. У сувязі з тым, што дашкольная адукацыя дагэтуль не магла рэалізоўваць гэтую праграму, нельга было залічваць на работу і педагогаў дадатковай адукацыі. Таму было прапанавана надзяліць установы дашкольнай адукацыі правам рэалізацыі адукацыйнай праграмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і ўнесці гэтую прапанову ў кодэкс.

Як адзначалася, было б мэтазгодным адлюстраваць некаторыя моманты ў кодэксе, якія тычацца сферы дзейнасці выканаўчых і распарадчых органаў. У першую чаргу гэта тычыцца ахопу дзяцей дашкольнай адукацыяй. Цяпер, на жаль, у некаторых раёнах, асабліва ў мікрараёнах-новабудоўлях існуе праблема ўладкавання дзяцей дашкольнага ўзросту ў дзіцячыя ўстановы. Сёння 4 рэгіёны нашай краіны маюць дэфіцыт свабодных месцаў у дашкольных установах. Пры гэтым, калі вывучалася сітуацыя, як дзеці наведваюць дзіцячы сад, аказалася, што многія з іх толькі лічацца ў спісе, але ў сад не ходзяць. Каб неяк паўплываць на гэта, была ўнесена норма ў Палажэнне аб дашкольнай адукацыі аб тым, што ў выпадку пропуску 30 вучэбных дзён без аб’ектыўных прычын дзіця можа быць адлічана з установы дашкольнай адукацыі. І гэтая норма, хоць і не папулярная сярод бацькоў, ужо стала рэальна выкарыстоўвацца. Яшчэ плануецца ўнесці змяненні ў тыя нормы, па якіх дзіця могуць адлічыць з дашкольнай установы. Напрыклад, як паказаў маніторынг, вельмі многа выпадкаў, калі бацькі доўгі час не аплачваюць харчаванне. Такое злоўжыванне стала падставай для ўнясення ў артыкул 79 нормы, якая дазваляе адлічваць дзяцей з дашкольных устаноў па прычыне неўнясення бацькамі ва ўстаноўленыя заканадаўствам тэрміны платы за харчаванне.
мкарэвич— Сёння ў дзіцячых садках некаторых мікрараёнаў Мінска перавышана норма напаўняльнасці груп, — заўважыла Алена Мікалаеўна Макарэвіч, галоўны спецыяліст аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй і спецыяльнай адукацыі камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама. — Такую сітуацыю можна патлумачыць тым, што нашы мясцовыя органы кіравання спрабуюць прадаставіць месцы менавіта ў тых дзіцячых садках, якія размешчаны побач з пражываннем бацькоў. Таму мэтазгодным з’яўляецца дапаўненне ў кодэкс, якое прадугледжвае надзяленне паўнамоцтвамі мясцовыя органы па змяненні норм напаўняльнасці груп ва ўстановах дашкольнай адукацыі. Важна пры гэтым мець вельмі дакладнае абгрунтаванне толькі крайняй неабходнасці гэтага. Згодна з даручэннем урада, былі прыняты меры па ўніфікацыі колькасці відаў устаноў дашкольнай адукацыі, і, згодна з патрабаваннямі, застануцца толькі два віды — дзіцячы сад і санаторны дзіцячы сад. Гэтую норму таксама плануецца ўнесці ў заканадаўства. Што тычыцца ўніфікацыі з законам Расійскай Федэрацыі, то перш-наперш, згодна з нормамі расійскага закона, будзе ўнесена норма, якой у нашым заканадаўстве не было. Гэта норма арганізацыі догляду дзіцяці ў дашкольнай установе і ўстанаўленне за гэта асобнай платы. Такая норма дазволіць раздзяліць непасрэдна адукацыйную дзейнасць работнікаў дашкольных устаноў і іншыя функцыі, звязаныя з доглядам дзяцей.
верас— Гэта будзе актуальным асабліва пры стварэнні вячэрніх груп, груп выхаднога дня, дзе звычайна адукацыйны працэс не праходзіць, а адбываецца догляд выхаванцаў, — падкрэсліла Альбіна Леанідаўна. — Напрыклад, у летні перыяд многія дзіцячыя садкі па аналогіі з іншымі краінамі звычайна не праводзяць адукацыйную дзейнасць, а ажыццяўляюць выключна догляд дзяцей. Таму ў кодэкс плануецца ўнесці дапаўненне аб тым, што могуць арганізоўвацца групы толькі па доглядзе дашкольнікаў.

Валянціна Ігнатаўна Верас, член Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу па адукацыі, культуры і навуцы, пацвердзіла значнасць стварэння адпаведнага заканадаўчага поля для паспяховага функцыянавання айчыннай адукацыі, у тым ліку і дашкольнай.
— Пры стварэнні Кодэкса аб адукацыі дэпутацкі корпус працаваў у цесным кантакце з Міністэрствам адукацыі, іншымі ведамствамі, кіраўніцкімі структурамі, навучальнымі ўстановамі і ў цэлым з усёй нашай грамадскасцю, — заявіла Валянціна Ігнатаўна. — Не менш актыўна вядзецца сумесная работа і над праектам закона “Аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі”, што з’яўляецца, па сутнасці, карэкціроўкай, удакладненнем асноўнага заканадаўчага дакумента адукацыйнай галіны. І ўсё гэта з адной мэтай — стварыць найбольш спрыяльныя ўмовы для развіцця адукацыйнай галіны і задавальнення ўсіх запытаў нашых грамадзян.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.