У адукацыі павінен быць парадак

Чарговая сустрэча міністра адукацыі з кіраўнікамі ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі сталіцы прайшла на базе сярэдняй школы № 224 Мінска. Гэтым разам Ігар Карпенка сустрэўся з прадстаўнікамі Ленінскага раёна сталіцы. У цэнтры ўвагі былі пытанні якасці адукацыі і перспектывы развіцця адукацыйнай галіны.

Міністр падкрэсліў, што размова не ідзе пра нейкія рэвалюцыйныя змены. “У адукацыі павінен быць парадак”, — падкрэсліў кіраўнік ведамства.

Потым абмяркоўваліся некаторыя аспекты новай рэдакцыі Кодэкса аб адукацыі. Першае, на што звярнуў увагу міністр адукацыі, — плануецца пашырыць мэтавы набор пры паступленні ва ўніверсітэты. Кіраўнік ведамства перакананы, што гэта дасць магчымасць больш эфектыўна вырашаць кадравыя праблемы. Разам з тым, Ігар Карпенка адзначыў, што на мэтавы набор таксама павінен быць конкурс. Гэта павысіць адказнасць мясцовых органаў улады і дзяржкіравання, якія выдаюць мэтавыя накіраванні.

Падчас сустрэчы Ігар Карпенка выказаўся і па пытанні выніковай атэстацыі выпускнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі і правілах прыёму ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Ён яшчэ раз падкрэсліў, што ўсе зацікаўленыя будуць праінфармаваны на гэты конт загадзя.

 У стадыі разгляду знаходзіцца пытанне пашырэння залічэння ўдзельнікаў алімпіяд ва ўніверсітэты. Разглядаюцца прэферэнцыі не толькі для пераможцаў рэспубліканскай алімпіяды.

Міністр спыніўся і на дзяржаўным школьным стандарце. Ён прапанаваў настаўнікам разам абмеркаваць гэтую важную тэму на дыялогавых пляцоўках. У нас ёсць адукацыйныя праграмы, вучэбныя планы, падручнікі — патрэбны практычныя прапановы ад педработнікаў.

Таксама былі абмеркаваны пытанні бяспечнага адукацыйнага працэсу ў школах, узаемадзеяння з праваахоўнымі органамі, ролі кіраўніка па ваенна-патрыятычным выхаванні, наведвання цэнтра дапрызыўнай падрыхтоўкі.

Міністр яшчэ раз падкрэсліў, што ў школах ключавой фігурай у выхаваўчай рабоце з’яўляецца класны кіраўнік. “Менавіта ад якасці яго працы шмат у чым залежыць фарміраванне ўнутранага свету дзіцяці і ў цэлым стан выхаваўчай работы ў школе. Таму важна, каб на гэтую пасаду прыходзілі не выпадковыя людзі, а сапраўдныя прафесіяналы сваёй справы”, — канстатаваў Ігар Карпенка.

Кіраўнік ведамства звярнуў увагу на важнасць арганізацыі спрыяльнага клімату ў педагагічным калектыве. Ён павінен быць добразычлівым, а кіраўнік — справядлівым. “Настаўнік павінен усміхацца і быць у добрым настроі, каб несці яго сваім вучням”, — адзначыў міністр.

Асобна ён спыніўся на рабоце псіхолагаў у школах, якія павінны больш цесна працаваць з падлеткамі, выяўляць і вырашаць праблему суіцыдаў, займацца праблемамі складаных дэвіяцый. Акрамя таго, псіхолагі павінны працаваць на апярэджванне.

У сістэму агульнай сярэдняй адукацыі вернецца акрэдытацыя і ліцэнзаванне, што, па меркаванні кіраўніка ведамства, бу­дзе спрыяць дысцыплінаванасці і паставіць у роўныя ўмовы навучальныя ўстановы розных форм уласнасці. Міністр нагадаў, што распрацаваны адзіныя падыходы да фарміравання профільных класаў, узмоцнены патрабаванні да залічэння ў іх. Прапрацоўваецца пытанне стварэння ў кожным раёне краіны STEM-цэнтра.

Адказваючы на пытанні кіраўнікоў устаноў адукацыі, міністр запэўніў, што хутка пачнецца рэалізацыя праграмы па аснашчэнні кабінетаў працоўнага навучання. Прак­тыка абсталявання кабінетаў фізікі, біялогіі, хіміі “пад ключ” мае толькі станоўчыя водгукі.

Падчас размовы абмяркоўвалася і шмат іншых нюансаў дзейнасці навучальных устаноў і работы педагогаў. У прыватнасці, ішла гаворка пра арганізацыю факультатываў, аплату працы педработнікаў, матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне, школьнае харчаванне. Асобна спыніліся на ўзаемадзеянні школы і сям’і. Міністр параіў пашыраць дзейнасць праекта “Бацькоўскі ўніверсітэт”.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.