У Чавускім раёне адбылося першае пасяджэнне міжрэгіянальнага метадычнага аб’яднання кіраўнікоў устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Чавускага і Слаўгарадскага раёнаў Магілёўскай вобласці.
Яго ўдзельнікамі сталі дырэктары школ, спецыялісты, метадысты вучэбна-метадычных кабінетаў на чале з начальнікамі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму двух раёнаў. Усяго 36 чалавек.
На адкрыцці мерапрыемства, якое праходзіла ў сценах сярэдняй школы № 2 Чавусаў, прысутных віталі начальнікі аддзелаў адукацыі, спорту і турызму Чавускага раёна Мікалай Уладзіміравіч Варанцоў і Слаўгарадскага раёна Аляксандр Леанідавіч Аўчыннікаў. Мікалай Уладзіміравіч адзначыў, што міжраённае метадычнае аб’яднанне створана з мэтай фарміравання адзінай міжраённай адукацыйнай прасторы, накіраванай на ўмацаванне адносін, абагульненне вопыту ў сферы кіраўніцтва і кіравання ўстановай адукацыі, і выказаў надзею, што супрацоўніцтва паміж раёнамі ў такім фармаце — яшчэ адзін крок да павышэння якасці адукацыі.
Першае пасяджэнне прысвячалася пытанню ўдасканалення дзейнасці ўстаноў адукацыі па арганізацыі работы з адоранымі і высокаматываванымі навучэнцамі. Эфектыўныя стратэгіі ў гэтым кірунку прадстаўлены на вопыце работы педагогаў Чавускага раёна.
Падчас прэзентацыі дзейнасці сярэдняй школы № 2 Чавусаў дырэктар установы Наталля Сцяпанаўна Кірпічова зрабіла акцэнт на тым, што прафесійны рост кожнага педагога, яго жаданне самаўдасканальвацца, ісці ў нагу з патрабаваннямі сучаснага грамадства ляжаць у аснове дасягнутых вынікаў. Школа на працягу шэрага гадоў дзейнічае ў інавацыйным рэжыме (2014/2015 навучальны год — рэспубліканская пляцоўка “Укараненне мадэлі арганізацыі навучання як вучэбнага даследавання (прадметы прыродазнаўчанавуковага цыкла)”). Ёсць адметныя дасягненні ў алімпіядным руху, і самы яскравы прыклад — навучэнец 11 класа Максім Шкрэдаў, які быў названы “Чалавекам года-2014” Чавускага раёна: хлопец станавіўся пераможцам другога, трэцяга і заключнага этапаў рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры.
Галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму Чавускага райвыканкама Святлана Міхайлаўна Ранцава прадставіла вопыт работы з адоранымі навучэнцамі ў сістэме адукацыі раёна. Мэта дзейнасці ў гэтым кірунку — стварэнне комплексу ўмоў і сродкаў, накіраваных на ўдасканаленне сістэмы выяўлення, падтрымкі і развіцця адораных дзяцей ва ўмовах рэгіянальнай сістэмы адукацыі. Асноўныя мерапрыемствы ў раёне, накіраваныя на стварэнне ўмоў па выяўленні і падтрымцы здольных навучэнцаў, — гэта рэспубліканскія прадметныя алімпіяды, вывучэнне прадметаў на павышаным узроўні, пашырэнне спектра дадатковых адукацыйных паслуг, удзел у міжнародных і рэспубліканскіх гульнях-конкурсах, дыстанцыйныя і інтэрнэт-алімпіяды, конкурсы даследчых работ, эколага-біялагічных работ, конкурс праектаў дашкольнікаў “Я — даследчык”, міжшкольных факультатываў, навучанне ў завочных школах, супрацоўніцтва з ВНУ, пашырэнне сеткі факультатыўных заняткаў. Усё гэта дае пэўныя вынікі. Так, у 2014/2015 навучальным годзе 89% навучэнцаў наведваюць факультатыўныя заняткі па 87 вучэбных праграмах, арганізавана 9 міжшкольных факультатыўных заняткаў, на працягу двух апошніх гадоў на заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па прадметах навучэнцы школ раёна ўдастойваліся дыпломаў (2012/2013 навучальны год — 2 дыпломы (І ступені — працоўнае навучанне, ІІ ступені — беларуская мова і літаратура); 2013/2014 навучальны год — пахвальны водзыў (працоўнае навучанне) і дыплом І ступені (беларуская мова і літаратура); 2014/2015 навучальны год — трое навучэнцаў будуць удзельнічаць у заключным этапе). Нядрэнныя вынікі ўдзелу вучняў у конкурсе даследчых работ на абласным узроўні: 2012 год — 3 дыпломы, 2013 — 4 дыпломы і пахвальны водзыў, 2014 год — 2 дыпломы і 3 пахвальныя водзывы.
Свой вопыт работы па развіцці здольнасцей навучэнцаў прэзентаваў кіраўнік Сласцёнаўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы, выдатнік адукацыі, педагог, чые навучэнцы з’яўляюцца штогадовымі пераможцамі трэцяга этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фізіцы, Васіль Васільевіч Маханенка.
Дзейнасць міжраённага метадычнага аб’яднання працягнулася ў Гарбавіцкім дзіцячым садзе — сярэдняй школе, дзе свой вопыт прадставілі настаўніца працоўнага навучання Аксана Анатольеўна Раманава і школьны псіхолаг Людміла Аляксандраўна Бондар.
Напрыканцы работы семінара былі выпрацаваны сумесныя рэкамендацыі па арганізацыі работы са здольнымі і высокаматываванымі навучэнцамі.
Наталля КАНДРАЦЕНКА,
загадчыца раённага вучэбна-метадычнага кабінета аддзела адукацыі,
спорту і турызму Чавускага райвыканкама Магілёўскай вобласці.