У адзінай звязцы

- 8:00Суботняя планёрка, Суразмоўца, Суразмоўца

За некалькі гадоў больш чым у тры разы вырасла колькасць выпускнікоў наваполацкіх школ, якія аддаюць перавагу не сталічным УВА, а Полацкаму дзяржаўнаму ўніверсітэту. Што паспрыяла гэтаму?

Растлумачыць, як атрымалася прывабіць перспектыўную моладзь, мы папрасілі начальніка аддзела па адукацыі Наваполацкага гарадскога выканаўчага камітэта Пятра Адамавіча Апановіча.

— Няўжо буйныя гарады сталі менш прыцягальнымі для абітурыентаў? З’яўляюцца новыя прыярытэты?

— Так, вы маеце рацыю. Але не апошнюю ролю адыгрывае тое, якія ўмовы для жыцця і самарэалізацыі ствараюць мясцовыя ўлады. Мы ўвесь час расказваем нашым навучэнцам, як можна тут, побач з домам, развівацца, рабіць кар’еру, ствараць сем’і. Прычым гэта не проста словы. На працягу пяці апошніх гадоў мы вядзём мэтанакіраваную работу, каб нашы лепшыя дзеці заставаліся ў горадзе. Вопыт Наваполацка цікавы перш-наперш кластарным падыходам да работы з таленавітай моладдзю. 

— У чым перавага гэтай сістэмы?

— Мы аб’ядналі рэсурсы школ, каледжа, універсітэта, заказчыкаў кадраў. Па-першае, на базе сярэдніх школ № 12 і № 2 былі арганізаваны класы нафтахімічнага профілю, у якіх школьнікі вывучаюць матэматыку, хімію на павышаным узроўні. Па-другое, мы заключылі дагаворы з Наваполацкім дзяржаўным політэхнічным каледжам і Полацкім дзяржаўным універсітэтам, іх выкладчыкі супрацоўнічаюць з навучэнцамі. Таксама на базе гэтых дзвюх устаноў дзеці маюць магчымасць замацоўваць практычныя навыкі на сучасным абсталяванні падчас выканання лабараторных работ. Трэба адзначыць, вучням вельмі пашанцавала: такая трывалая матэрыяльна-тэхнічная база існуе нават не на ўсіх прадпрыемствах. Школьнікі сутыкаюцца з тым, што іх будзе чакаць на вытворчых пляцоўках, знаёмяцца бліжэй з прафесіяй. Іншымі словамі, створаны ўсе ўмовы, каб якасць адукацыі ўзрастала ўвесь час. Дзякуючы ўсебаковай падрыхтоўцы, нашы вучні традыцыйна дэманструюць добрыя вынікі на Рэспубліканскай алімпіядзе па хіміі. 

Трэці складнік поспеху — партнёрскія ўзаемаадносіны з “Нафтанам” і іншымі нафтахімічнымі прадпрыемствамі, у тым ліку прыватнай уласнасці. Яны дапамагаюць набываць установам адукацыі неабходнае абсталяванне, бо разумеюць: выгадаваць прафесіянала без грунтоўнай базы немагчыма. Важны і такі момант: арганізацыі, якія зацікаўлены ў кадрах, падбіраюць сабе перспектыўных маладых спецыялістаў яшчэ са студэнцкай лаўкі. А некаторых, найбольш таленавітых, падтрымліваюць і падчас вучобы. Так, некалькі чалавек атрымліваюць спецыяльную стыпендыю ад “Нафтана”. Пагадзіцеся, гэта добрая практыка. 

Найбольш таленавітых студэнтаў арганізацыі, якія зацікаўлены ў кадрах, падтрымліваюць падчас вучобы. Некалькі чалавек атрымліваюць спецыяльную стыпендыю ад “Нафтана”.

Як вынік, мы маем сёння наглядныя лічбы: 35 працэнтаў выпускнікоў нашых школ выбіраюць Полацкі ўніверсітэт, адпаведна пасля яго заканчэння застаюцца працаваць у родным горадзе. Некалькі гадоў назад мы не пераадольвалі планку ў 10 працэнтаў. Прычым сярод першакурснікаў ПДУ ёсць і пераможцы інтэлектуальных спаборніцтваў. І такая тэндэнцыя не можа не натхняць.  

— Плануеце паказчык павялічыць?

— Думаю, для гэтага ёсць адпаведныя рэсурсы. Дарэчы, ускладаем пэўныя надзеі на мэтавую падрыхтоўку, на якую мы можам разлічваць дзякуючы новаму Кодэксу аб адукацыі. Раней падобнай магчымасці ў нас не было. Спадзяюся, такім чынам вырашым праблему з настаўнікамі фізікі і матэматыкі ў школах. Падрыхтавалі спіс і па іншых спецыялістах, патрэбу ў якіх адчуваем больш за ўсё. 

Да таго ж плануем далей развіваць кластарны напрамак. У гэтым навучальным годзе сярэдняя школа № 1, трэст № 16 і будаўнічы факультэт ПДУ падпісалі трохбаковы дагавор аб стварэнні інжынернага класа. Зноў-такі пасля яго заканчэння частка маладых людзей працягне навучанне ў родным універсітэце. І гэта відавочны плюс. Аналагічныя дамоўленасці дасягнуты таксама ў гімназіі № 1 (эканамічны профіль) і Палаца дзяцей і моладзі Наваполацка (IT-тэхналогіі ў машынабудаванні). 

Ідэй шмат, і вельмі добра, што ўсе структуры, якія задзейнічаны ў падрыхтоўцы кадраў, разумеюць прынцыповую рэч: толькі агульнымі намаганнямі мы атрымаем той эфект, на які разлічваем.

Святлана ЛОЦМАНАВА.