У адзінстве — моц

- 11:31Адукацыйная прастора, Калегіі, пасяджэнні

У Гродне падвялі вынікі работы сістэмы адукацыі вобласці ў 2021 годзе і абмеркавалі задачы на 2022 год.

Фота аўтара.

У рабоце калегіі галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама прынялі ўдзел памочнік Прэзідэнта — інспектар па Гродзенскай вобласці Юрый Караеў, намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк.

Перад пачаткам работы калегіі яе ўдзельнікі маглі азнаёміцца з выставай, прысвечанай Году гістарычнай памяці.

Высокую ацэнку рабоце сістэмы адукацыі рэгіёна даў Аляксандр Кадлубай:

— Гродзенская вобласць па многіх напрамках адукацыі і выхавання з’яўляецца флагманам, тут рэалізуюцца інавацыйныя, эксперыментальныя праекты, якія затым становяцца нормай на ўзроўні рэспублікі. Па паказчыках, якія ў прыярытэце адукацыйнай палітыкі Міністэрства адукацыі, Гродзенская вобласць, як правіла, займае лідзіручыя пазіцыі.

Намеснік міністра адукацыі таксама адзначыў вопыт арганізацыі павышэння кваліфікацыі кадраў на базе Гродзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі: “Тут наладжана сістэма работы. Галоўнае ўпраўленне адукацыі і ГрАІРА вельмі хутка арыентуюцца, якію нішу неабходна заняць. Напрыклад, толькі былі ўведзены штатныя адзінкі кіраўнікоў па ваенна-патрыятычным выхаванні, як адразу былі распрацаваны праграмы. Яны заўсёды гатовы, калі мы толькі плануем увядзенне той ці іншай пасады ці робім акцэнт на пэўным кірунку ў рабоце”.

Начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык падкрэсліў, што 2021 год быў знакавым для сістэмы адукацыі ўвогуле і для Гродзенскай вобласці ў прыватнасці.

— Асноўныя намаганні органаў кіравання былі накіраваны на забеспячэнне даступнасці і якасці адукацыі, максімальнай карыснай занятасці непаўналетніх, рэалізацыю мерапрыемстваў, прымеркаваных да Года народнага адзінства, аптымізацыю выдаткаў у галіне і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. Якасна, насычана прайшлі мерапрыемствы ў рамках праекта “Гродна — маладзёжная сталіца Рэспублікі Беларусь — 2021”. Прадоўжыў работу гродзенскі адукацыйны кластар, у рамках якога ўзаемадзейнічаюць галоўнае ўпраўленне адукацыі, ГрДУ імя Янкі Купалы, абласны інстытут развіцця адукацыі, установы адукацыі вобласці.

Р.Ю.Абрамчык адзначыў, што ў цэлым год быў паспяховым для адукацыі Гродзеншчыны: 1-е месца ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, максімальная за апошнія пяць гадоў колькасць стабальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, гран-пры Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Арт-вакацыі”, 1-е месца і 136 дыпломаў на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі. Было і шмат іншых перамог, якія сведчаць, што сістэма дынамічная, рэгіён спраўляецца з пастаўленымі задачамі. Забяспечана выкананне мэтавых паказчыкаў Дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка на 2021—2025 гады”. Праведзены вялікі аб’ём работы па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы, усталяваны новыя сродкі навучання ў кабінетах біялогіі, хіміі і фізікі, закуплена больш як 350 камп’ютараў для ўстаноў адукацыі. За сродкі бюджэту набыты школьныя аўтобусы ў кожны раён вобласці. Павышаецца дабрабыт педагогаў — узровень заробку педагагічных работнікаў самы высокі ў краіне і робяцца намаганні для яго павелічэння.

— Сучасныя змяненні ставяць перад сістэмай адукацыі новыя задачы, сярод якіх — здольнасць адказваць выклікам часу, павышэнне нацыянальнай канкурэнтаздольнасці, выхаванне грамадзяніна і патрыёта, адказнага за свой лёс і лёс краіны. Такія задачы пастаўлены кіраўніком дзяржавы на VI Усебеларускім народным сходзе і на Рэспубліканскім педагагічным савеце. Сістэма адукацыі Гродзенскай вобласці аператыўна рэагуе на патрабаванні, якія ставіць перад ёй краіна і грамадства. Фарміраванню ў нашай моладзі патрыятызму садзейнічаў актыўны ўдзел у рэалізацыі мерапрыемстваў Года народнага адзінства. Педагагічныя работнікі вобласці прымалі ўдзел у абмеркаванні новай рэдакцыі Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, уносілі прапановы адносна змяненняў Асноўнага закона краіны, — сказаў Руслан Абрамчык.

Падводзячы вынікі работы сферы адукацыі вобласці, начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама адзначыў, што ў сістэме дашкольнай адукацыі захавана шматфункцыянальная сетка, якая дазваляе забяспечыць варыятыўнасць адукацыйнага працэсу і яго якасць. Нарматыў забяспечанасці дзяцей месцамі ў дзіцячых садах выконваецца ва ўсіх раёнах і складае ў сярэднім па вобласці 96 працэнтаў. Арганізацыя работы груп кароткачасовага знаходжання дазволіла дадаткова ахапіць дашкольнай адукацыяй больш за 8,2 тысячы дзяцей ва ўзросце ад 1 да 6 гадоў. У 193 дзіцячых садах ёсць 1847 свабодных месцаў. У мэтах вырашэння праблемы крокавай даступнасці, у першую чаргу ў мікрараёнах-новабудоўлях, працягваецца будаўніцтва дзіцячага сада ў Гродне на 230 месцаў і ў Скідзелі на 190 месцаў. У снежні 2021 года пачата будаўніцтва двух дзіцячых садоў у Слоніме і Лідзе. Да канца 2025 года плануецца пабудаваць яшчэ 5 дзіцячых садоў: у Гродне, Скідзелі, Ашмянах, Ваўкавыску і Астраўцы.

Фота аўтара.

На пасяджэнні калегіі былі адзначаны поспехі ў сістэме агульнай сярэдняй адукацыі. Больш за 70 працэнтаў навучэнцаў III ступені вывучаюць асобныя вучэбныя прадметы на павышаным узроўні. Амаль 800 старшакласнікаў працягнулі навучанне ў педагагічных класах і каля 600 — у аграрных. 677 выпускнікоў 11 класаў атрымалі атэстаты асаблівага ўзору з узнагароджаннем залатым ці сярэбраным медалём. Працэнт выпускнікоў 9 класаў, якія атрымалі пасведчанні аб базавай адукацыі з адзнакай, павялічыўся да 8,2 працэнта. Выпускнікі вобласці атрымалі 40 стабальных вынікаў на ЦТ, большасць з іх — з Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў Гродна, Лідскага раёна. На міжнародных прадметных алімпіядах навучэнцамі школ заваявана 5 медалёў. На заключным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах каманда вобласці заняла 4-е месца ў рэспубліканскім рэйтынгу, атрымаўшы 93 дыпломы. Па выніках заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па фінансавай дасведчанасці навучэнец 11 класа гімназіі № 1 Ваўкавыска Мікіта Галавешка стаў абсалютным пераможцам і ўладальнікам дыплома I ступені, набраўшы максімальна магчымыя 100 балаў упершыню за ўсю гісторыю правядзення алімпіяды. Педагогі вобласці распрацавалі для адзінай адукацыйнай платформы па 26 вучэбных курсах 980 вучэбных модуляў, былі задзейнічаны 120 творчых груп, больш за 500 педагогаў.

2021 год быў паспяховым для адукацыі Гродзеншчыны: 1-е месца ў рэспубліканскай спартакіядзе школьнікаў, максімальная за апошнія пяць гадоў колькасць стабальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні, гран-пры Рэспубліканскага фестывалю-конкурсу “Арт-вакацыі”, 1-е месца і 136 дыпломаў на рэспубліканскай выставе навукова-метадычнай літаратуры, педагагічнага вопыту і творчасці навучэнскай моладзі.

У сістэме прафесійнай адукацыі падрыхтавана больш за 8 тысяч выпускнікоў, усе забяспечаны першым працоўным месцам. Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай адукацыі адкрыты прыём па 1 новай спецыяльнасці, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай адукацыі — па 2 новых кваліфікацыях. Вынікова выступілі навучэнцы ўстаноў прафесійнай адукацыі на конкурсах рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўняў. Працуе 6 рэсурсных цэнтраў, у 2020/2021 навучальным годзе на іх базе прайшлі навучанне больш як 2 тысячы навучэнцаў.

Як падкрэсліў Р.Ю.Абрамчык, асаблівая ўвага ўдзялялася ідэалагічнаму, грамадзянскаму і патрыятычнаму выхаванню навучэнцаў, выхаванню інфармацыйнай культуры, арганізацыі і правядзенню мерапрыемстваў у рамках Года народнага адзінства, павышэнню прафесійных кампетэнцый педагогаў, якія выконваюць выхаваўчыя функцыі.

Фота аўтара.

Сярод задач на бягучы год былі адзначаны такія, як далейшае ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы, працяг работы па прафілактыцы правапарушэнняў, забеспячэнне правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх.

Начальнік упраўлення адукацыі Лідскага райвыканкама Вольга Тарасюк падзялілася вопытам работы раёна па прафарыентацыі школьнікаў, рэалізацыі запыту дзяржавы на падрыхтоўку кваліфікаваных кадраў для рэальнага сектара эканомікі.

Кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні сярэдняй школы № 3 імя В.М.Усава Гродна Алена Ермашкевіч расказала, як ва ўстанове адукацыі вядзецца грамадзянскае і патрыятычнае выхаванне навучэнцаў.

Пра меры, якія прымаюцца для зніжэння дзіцячага траўматызму ва ўстановах адукацыі Кастрычніцкага раёна Гродна, расказала Алена Адамовіч, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Гродна.

Ірына АНІКЕВІЧ.