“У адзінстве наша мужнасць — быць…”

- 11:52Культура

Блізіцца да свайго апагея першы этап супрацоўніцтва факультэта псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка і Новага драматычнага тэатра. Нагадаем нашым чытачам, што праект быў ініцыіраваны клубам “Сябры НДТ” яшчэ мінулай вясной, калі будучым псіхолагам нашай краіны быў паказаны выбітны спектакль паводле п’есы вядомага ірландскага драматурга Марціна Мак-Донаха “Каралева прыгажосці”. Студэнты назіралі за псіхалагічнымі канфліктамі на сцэне, а потым пісалі свае эсэ: як яны зразумелі драму, як яны потым, магчыма, у рэальным жыцці, прымянялі б атрыманыя псіхалагічныя веды на практыцы…

Ужо вельмі хутка, напрыканцы кастрычніка, студэнтаў факультэта псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка чакае яшчэ адна важная сустрэча — з Вудзі Аленам. Дакладней, са спектаклем “Шанс, якога чакаеш усё жыццё” паводле п’есы гэтай амерыканскай зоркі. І студэнты зноў будуць пісаць свае рэцэнзіі, зноў будуць дзяліцца з намі сваімі рэфлексіямі і амбіцыямі. І журы зноў выбера 4 лепшыя работы. І мы будзем іх чытаць. А “краем вока” думаць, ці даверым мы ім наша піхалагічнае жыццё.
24_Каралева прыгажосціЯк адзначыў у гутарцы з нашым карэспандэнтам дэкан факультэта псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Дзмітрый Рыгоравіч Дзьякаў, праект супрацоўніцтва факультэта з Новым драматычным тэатрам — гэта найперш добрая магчымасць для студэнтаў акунуцца ў адну з рэальных сфер функцыянавання чалавечай псіхікі і прэзентацыі яе на тэатральнай сцэне. “Думаю, што рэфлексія гэтых пастановак дапаможа нашым студэнтам сфарміраваць рэфлексійныя адносіны да псіхалагічных феноменаў і ўвогуле развіваць сваё разуменне чалавека, аперыруючы артэфактамі культуры і мастацтва, — адзначыў Дзмітрый Рыгоравіч. — Мне здаецца, што мы паглядзелі спектакль вельмі высокага ўзроўню. Акцёры выдатна ўжываліся ў свае ролі, дэманстравалі высокі ўзровень псіхалагізму… Што тычыцца студэнтаў, то яны прадэманстравалі зацікаўленасць у такіх рэфлексійных інтэракцыях і жаданне актыўнай работы, скажам так, са сваёй крытычнай свядомасцю, з артэфактамі чалавечай псіхікі”, — сказаў Д.Р.Дзьякаў.
А спектакль “Каралева прыгажосці” насамрэч балючы. Ён пра маладую жанчыну, закладніцу амбіцый сваёй немаладой маці, якая літаральна не дазваляе ёй жыць так, як яна гэтага хоча. Ён пра немаладую маці, закладніцу сваіх немаладых гадоў. Ён пра маладога мужчыну, ірландца, закладніка і каханай, і яе маці, і вялікай блакітнай мары пад назвай “жыць і працаваць у ЗША”. Ён — пра сацыяльную ролю ахвяры, якую мы часта іграем у нашым жыцці, хоць яно і здаецца нам шчаслівым.
Ніжэй падаём урыўкі з лепшых эсэ студэнтаў псіхалагічнага факультэта Беларускага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка — іх рэфлексій адносна “Каралевы прыгажосці”. Да іх, заўтрашніх прафесійных псіхолагаў, мы будзем звяртацца заўтра, калі нам будзе блага. Ці калі проста захочам, каб нам было лепш.

Студэнтка 22 групы Настасся Парманчук:
“На сцэне з’яўляецца пажылая жанчына. Узнікае думка: напэўна, будзе спектакль, прысвечаны маладосці галоўнай гераіні, аналізу падзей яе жыццёвага шляху. Як высветлілася, усё зусім не так. На сцэне з’яўляецца яшчэ адна гераіня — жанчына сярэдніх гадоў, якая вельмі доўга без поспеху спрабавала знайсці сваё жаночае шчасце. Робіцца зразумела: у цэнтры ўвагі спектакля — канфлікт пакаленняў, які ўключае ў сябе і дэспатызм, і эгаізм, і адзіноту. Прычым гэтыя характарыстыкі, паводле задумы рэжысёра, прадстаўлены ў абедзвюх гераінь. Узнікае пытанне: што паўплывала на такія адносіны да жыцця і да блізкіх людзей? НЕСАПРАЎДНАСЦЬ ЖЫЦЦЯ. Гераіні як быццам страцілі сапраўднасць успрымання сябе і свету, у іх паводзінах і рэакцыях на тое, што адбываецца, праяўляецца феномен “падваення асобы”: іх унутраныя перажыванні не дапасоўваюцца адно да аднаго, а часам жорстка супярэчаць адно аднаму. Чаму так адбываецца? Таму, што каханне, сям’я — гэта агромністая праца. Выбудоўванне адносін — сур’ёзная, карпатлівая работа. І чым бліжэйшыя, чым больш каштоўныя гэтыя адносіны, тым больш складаная і працяглая, тым больш напружаная і адказная гэтая работа. Няўжо гераіні не ўмеюць працаваць? Умеюць. У кожнай з іх ёсць свая сфера, свае захапленні. Як высвятляецца, і ў поглядах іх шмат агульнага. Нават паводзіны гераіні пасля смерці маці, якія цалкам паўтараюць паводзіны пажылой жанчыны, з’яўляюцца таму пацвярджэннем. Навошта рэжысёр паказаў нам гэтае падабенства? Напэўна, каб звярнуць нашу ўвагу на тое, што нашы адносіны і наша жыццё залежаць толькі ад нас саміх. Калі мы звяртаем увагу на нашы адрозненні адно ад аднаго — мы аддаляемся, мы робімся адзінокімі. Калі на першы план мы выносім наша падабенства — мы робімся адным цэлым. У адзінстве наша сіла. У адзінстве наша мужнасць — быць”.

Студэнтка 32 групы Настасся Рубан:
“Нягледзячы на тое, што ўсе дзеянні ў спектаклі адбываліся ў другой палове ХХ стагоддзя, праблема, якая там разглядаецца, актуальная і сёння. Маці і дачка вымушаны жыць пад адным дахам. З-за нямогласці старой маткі саракагадовая Морын адмовілася ад усяго ў сваім жыцці, але яе маці Мэг — хітрая старая, якая вырашыла ўсімі сіламі сапсаваць жыццё дачцэ і зрабіць яго невыносным. Кожны дзень у іх доме адбываецца бура здрадніцтва, расчаравання, капрызаў, помсты і жорсткасці. Але раптам на парозе іх дома з’яўляецца мужчына — Пата, які даўно ўжо ведае Морын, і для яго яна назаўсёды адзіная каралева прыгажосці. Пасля яго з’яўлення Морын зноў ажыла, загарэлася, ды кожны раз, калі яе шчасце было так блізка, абрыдлая старая ўлазіла ў яе жыццё і ўсё псавала. У выніку з-за нянавісці адна да адной яны абедзве атрымліваюць жыццёвую паразу. Сам спектакль вельмі эмацыянальны. Усе акцёры ігралі выдатна. Здавалася, усё насамрэч адбывалася тут і зараз. Тэма, пастаўленая перад намі, вельмі актуальная. Існуе мноства праблем у розных сем’ях. Спектакль выклікаў ува мне розныя эмоцыі: спагаду, суперажыванне, радасць, сімпатыю, цікаўнасць, здзіўленне, трывогу… Я лічу, што ў тэатр трэба хадзіць часцей, каб часцей перажываць такія эмоцыі, таму што, толькі наблізіўшыся да чужых страхаў і праблем, чужых мар і мэт, мы можам адчуць чужы боль, і тады неяк інакш зірнуць на свет”.

Студэнтка 55 групы завочнага аддзялення факультэта псіхалогіі БДПУ імя Максіма Танка Кацярына Котава:
“У маім жыцці здарылася так, што я ўжо сутыкнулася з падобнымі паводзінамі сваёй бабулі. Таму, улічваючы перажытае самой і тое, што перажываю ў дадзены момант, аддаю цалкам свае сімпатыі Морын. І хоць многія яе зганяць, я не з іх ліку. Тое маральнае высільванне, той адчай, а галоўнае, тая безвыходнасць, якую яна перажывала дзень пры дні, не зламалі яе, не пазбавілі магчымасці марыць і імкнуцца да лепшага. З кожным днём яна падвяргалася яшчэ большым нападкам і нават гадасцям з боку няўдзячнай старой маці. Я нават не ведаю, што надавала ёй сіл уставаць кожную раніцу ў гэтай ірландскай дзірцы, клапаціцца пра сваю старую, выслухоўваючы бясконцыя прэтэнзіі і папрокі. І тут трэба сказаць, што Морын не была адзінай дачкой. Было яшчэ дзве сястры, якія маглі б пароўну несці адказнасць за догляд сваёй маці. Ці хаця б прыязджаць раз-пораз, наведваць… Але не! Усе крыкі і абразы сыпаліся на галаву толькі адной Морын. У канцы спектакля гледачы задавалі пытанні акцёрам. Я так зразумела, што ў вачах большасці гледачоў Морын — гэта адмоўны персанаж, а старая наадварот, бедная, няшчасная, зацкаваная бабуля. І каб ёй больш увагі ды ласкі, яна стала б мякчэйшай і дабрэйшай. Хачу запэўніць: ніхто б не стаў так думаць, калі б сутыкнуўся з падобнай сітуацыяй. Старая не толькі зжывала са свету Морын усе апошнія гады свайго жыцця, калі хварэла і з гэтай прычыны капрызнічала. Яна зламала ёй усё жыццё ўжо тады, калі паслала яе працаваць з псіхічнахворымі… Морын за ўвесь час дзеяння драмы не раз і не два жадала памерці — толькі б не знаходзіцца ў адным доме са старой. Калі б не з’явіўся ў яе жыцці Пата, яе каханы мужчына, я думаю, рана ці позна яна налажыла б на сябе рукі”.

Студэнтка 32 групы Вікторыя Кетрыс:
“Кранальна. Пранікнёна. Глыбока. Жыццёва. Менавіта такія словы ўсплываюць у маёй памяці, калі я прыгадваю спектакль “Каралева прыгажосці”. Вельмі моцная энергетыка ў пастаноўкі… Буду шчырай: застаецца вельмі цяжкі асадак, але ж гэта рэальнае жыццё. У гэтым спектаклі кожны зразумее роўна столькі, колькі зможа зразумець. А я яго зразумела так. За шчасце тут ваююць дзве жанчыны — старая бездапаможная маці і адзінокая няшчасная дачка. Іх убогае існаванне пад адным дахам невыноснае. Учынкі Морын і Мэг часам здаюцца бессэнсоўнымі, невытлумачальнымі. Пастаянныя спрэчкі, скандалы, дробязныя прыдзіркі, абліванні брудам — ажно да лютай нянавісці. А ўсё гэта з-за чаго? З-за адсутнасці любові. Для незамужняй дачкі, якую ў маладосці называлі каралевай прыгажосці, час быццам спыніўся. Яна па прыродзе сваёй адчайная жанчына, вымушана даглядаць сваю хворую матку ўжо на працягу 20 гадоў і забыцца пра асабістае шчасце… Адзінае, што ёй застаецца, — марыць пра новае жыццё. Але яно, новае жыццё, толькі недзе там, за каламутным шклом… Такое далёкае і неажыццявімае… Гэты спектакль пра тое, як два родныя чалавекі не могуць дасягнуць шчасця, гармоніі, узаемаразумення з-за нежадання пачуць адзін аднаго, з-за нежадання зразумець і дараваць адзін аднаму. Гэтая драма нагадвае нам пра тое, што мы ўсе народжаны для таго, каб быць шчаслівымі, але часта мы забываем пра гэта, перастаём імкнуцца да гэтага. Пасля прагляду спектакля “Каралева прыгажосці” робішся нейкім іншым чалавекам, быццам сам перажыў штосьці вельмі цяжкае, тое, што адбывалася на сцэне… Спектакль нагадаў нам, што трэба нешта мяняць у нашых узаемаадносінах адно з адным, бо сітуацыі, у якіх апынаюцца яго героі, акружаюць нас кожны дзень. Якімі ж халоднымі мы бываем да родных людзей! Як жа не хапае нам іншы раз цёплага слова ў дачыненні да іх! І як балюча мы іх іншы раз ранім!.. А самы ж вялікі боль нам прычыняюць якраз самыя блізкія нам людзі. Мы заўсёды зрываемся на іх — на нашых блізкіх. Апраўдваемся фразай: “Родны чалавек усё сцярпіць, усё даруе. На тое ж ён і родны”. Але так не павінна быць. Родных трэба любіць. Іх трэба берагчы. Хто, калі не яны, прыйдуць вам на дапамогу, калі вам стане нясцерпна цяжка?..”

Мікола ЧЭМЕР.
Фота з сайта Новага
драматычнага тэатра.

P.S. Гэтым дзяўчатам, якіх я тут цытаваў, сённяшнім студэнткам факультэта псіхалогіі Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, у іх будучай іпастасі прафесійных псіхолагаў я не пабаяўся б раскрыць таямніцы ці раны сваёй душы.