У адзінстве памкненняў

- 10:35Актуально, Апошнія запісы

На базе Мінскага радыётэхнічнага каледжа, філіяла БДУІР, прайшоў рэспубліканскі семінар “Перспектыўныя кірункі развіцця сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі”, у якім прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства адукацыі, кіраўнікі ўпраўленняў адукацыі, культуры, спорту, аховы здароўя рэгіёнаў і горада Мінска, рэктары УВА, дырэктары ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.З асноўным дакладам выступіў міністр адукацыі І.В.Карпенка.

У сваім выступленні І.В.Карпенка асаблівую ўвагу ўдзяліў пытанню дзяржаўнай значнасці — запатрабаванасці сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў эканоміцы нашай краіны, адпаведнасці кадраў запытам заказчыкаў кадраў і якасці прафесійнай падрыхтоўкі з улікам тых інавацыйных працэсаў і сучасных тэхналогій, якія сёння ўкараняюцца ў вытворчасць. Усё гэта патрабуе пастаяннай карэкціроўкі структуры, зместу навучання, абнаўлення вучэбна-матэрыяльнай базы, удасканалення ведаў педагагічнага складу ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.

У Канцэптуальных падыходах да развіцця сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2020 года і на перспектыву да 2030 года вызначаны асноўныя напрамкі развіцця сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія прадугледжваюць прывядзенне ў адпаведнасць сістэмы падрыхтоўкі кадраў і запытаў рынку працы, удасканаленне механізмаў узаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, павышэнне прывабнасці і якасці прафесійнай адукацыі, яе інфарматызацыю.

Структура прыёму ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай адукацыі, у якую ўваходзяць 155 спецыяльнасцей, знаходзіцца ў пастаянным абнаўленні з улікам патрэбнасцей работадаўцаў і сацыяльнага запыту нашых грамадзян. За апошнія 5 гадоў адкрыта падрыхтоўка спецыялістаў па 10 новых спецыяльнасцях. Значная частка моладзі атрымлівае ва ўстановах ССА тэхнічныя, тэхналагічныя, сельскагаспадарчыя, медыцынскія спецыяльнасці.

Апошнім часам павялічваецца патрэб­насць у рабочых кадрах з больш высокай кваліфікацыяй, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю. Да іх ліку адносяцца мехатронікі, аўтамеханікі і інш. Увогуле, у класіфікатары Міністэрства працы і сацыяльнай абароны налічваецца больш за 600 прафесій рабочых з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.

Ігар Васільевіч Карпенка адзначыў, што са з’яўленнем новых патрабаванняў да кадраў ва ўмовах пераўзбраення прадпрыемстваў і арганізацый, укаранення сучасных тэхналогій і лічбавізацыі эканомікі пытанне ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў стаіць найбольш актуальна. Узнікае неабходнасць у абнаўленні механізмаў супрацоўніцтва з сектарамі эканомікі, непасрэдна з прадпрыемствамі і арганізацыямі. Міністр паведаміў, што для ўдасканалення нацыянальнай сістэмы кваліфікацый пры ўрадзе створаны савет, які будзе каардынаваць работу органаў дзяржаўнага кіравання і арганізацый па стварэнні сектаральных саветаў кваліфікацый, распрацоўцы прафесійных стандартаў, фарміраванні сістэмы незалежнай ацэнкі і сертыфікацыі кваліфікацый. Па сутнасці, сектаральныя саветы разам з усімі зацікаўленымі павінны фарміра­ваць кваліфікацыйныя патрабаванні да падрыхтоўкі будучага спецыяліста. На падставе гэтага сістэма адукацыі будзе ствараць адукацыйныя стандарты і вучэбна-праграмную дакументацыю.

Цяпер пры міністэрствах і ведамствах створана 8 сектаральных саветаў, у склад якіх уваходзяць як заказчыкі кадраў, так і прадстаўнікі сістэмы адукацыі.

— Нам неабходна больш актыўна ўключацца ў распрацоўку прафесійных стандартаў, выву­чаць змены працоўных функцый на рабочых месцах, прымяняць актуальныя галіновыя тэхнічныя нарматыўныя прававыя акты пры распрацоўцы зместу падрыхтоўкі кадраў, — адзначыў міністр. — Менавіта прафесійныя стандарты павінны легчы ў аснову адукацыйных стандартаў новага пакалення. А гэта азначае змену падыходаў па распрацоўцы ўсяго зместу адукацыі.

Асаблівы клопат з боку Міністэрства адукацыі выклікае падрыхтоўка кадраў для педагагічнай галіны.

— Апошнім часам задаю пытанне “Чым адрозніваецца педагог з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй ад педагога з вышэйшай?”,  — расказаў Ігар Васільевіч. — Мы не маем прапаноў па структуры і тэрмінах падрыхтоўкі педагагічных кадраў. Аналіз прафесійна-педагагічнай дзейнасці паказаў, што настаўнік з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй і настаўнік з вышэйшай выконваюць адны і тыя ж функцыянальныя абавязкі. Дык чаму існуе розніца ў тарыфікацыі іх працы?

У сувязі з гэтым у галіновым міністэрстве адкарэкціравалі тарыфную сетку і ўраўнавалі разрады педагогаў з вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Гэтая норма ўступіць у дзеянне з 1 студзеня 2020 года.

Міністр даручыў стварыць сектаральны савет пры Міністэрстве адукацыі, пры распрацоўцы сектаральнай рамкі кваліфікацый выбудаваць дакладную структуру ў падрыхтоўцы педагагічных кадраў.

Рэспубліканскаму інстытуту прафесійнай адукацыі было даручана арганізаваць навучанне педагагічных работнікаў методыцы распрацоўкі зместу адукацыйных праграм на аснове патрабаванняў прафесійных стандартаў.

Міністр вызначыў падыходы рацыянальнага і эфектыўнага размеркавання рэсурсаў на ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы за кошт стварэння і развіцця сеткі рэсурсных цэнтраў. З дзеючых 47 рэсурсных цэнтраў 34 знаходзяцца ў структуры ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі. На іх базе ўкараняюцца сучасныя адукацыйныя тэхналогіі, прымяняюцца найноўшыя сродкі навучання і абсталяванне.

— Але рэсурсныя цэнтры не павінны ператварацца ў музеі, — падкрэсліў Ігар Васільевіч. — Яны павінны быць аптымальна задзейнічаны па шэрагу кірункаў прафесійнага навучання, у тым ліку апера­джальнай падрыхтоўкі  квалі­фікаваных кадраў.

Для павышэння выніковасці дзейнасці рэсурсных цэнтраў завяршаецца распрацоўка нарматыўных прававых актаў, якія будуць рэгуля­ваць рэалізацыю адукацыйных праграм у сеткавай форме ўзаемадзеяння паміж ўстановамі адукацыі незалежна ад ведамаснай падпарадкаванасці. Гэта дазволіць больш эфектыўна выкарыстоўваць матэрыяльна-тэхнічную базу і кадры рэсурсных цэнтраў, павысіць якасць падрыхтоўкі рабочых і спецыялістаў усіх узроўняў адукацыі, уключаючы фарміраванне прыкладных кваліфікацый у студэнтаў УВА.

Як адзначыў І.В.Карпенка, неабходна забяспячыць установы ССА высакахуткасным інтэрнэтам, абнавіць парк камп’ютарнай тэхнікі, абсталяваць інтэрактыўнымі дошкамі і інш. РІПА трэба ўдасканаліць распрацоўку электронных адукацыйных рэсурсаў у дадатак да вучэбна-метадычных  комплексаў і арганізаваць навучанне педагогаў па іх выкарыстанні ў адукацыйным працэсе. Кіраўнікі навучальных устаноў павінны забяспечыць выкарыстанне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій у навучанні і для аператыўнага ўзаемадзеяння педагогаў, навучэнцаў, бацькоў, развіваць дыстанцыйнае навучанне і воблачныя тэхналогіі. Тым больш што гэтыя задачы знайшлі адлюстраванне ў Канцэпцыі лічбавай трансфармацыі працэсаў у сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь на 2019—2025 гады.

Міністр адукацыі ў сваім выступленні закрануў таксама пытанні фарміравання прафесійна-працоўнай культуры і сацыяльна-асобасных кампетэнцый моладзі, фарміравання ў маладых людзей грамадзянскай пазіцыі, лідарскіх і кіраўніцкіх навыкаў, папулярызацыі здаровага ладу жыцця, ролі БРСМ і іншых грамадскіх арганізацый, а таксама шэраг іншых злабадзённых пытанняў. Як адзначыў Ігар Васільевіч, асаблівае месца ў вырашэнні пастаўленых задач павінна быць адведзена Рэспубліканскаму савету дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Гэты савет павінен стаць экспертнай супольнасцю, здольнай аналізаваць асноўныя напрамкі дзейнасці ўстаноў адукацыі, ажыццяўляць цеснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў, праяўляць ініцыятыву і зацікаўленасць у развіцці сістэмы адукацыі. Было б мэтазгодным праводзіць сумесныя пасяджэнні Рэспубліканскага савета дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі з Рэспубліканскім саветам рэктараў. Настаў час, калі трэба перагледзець Палажэнне аб савеце дырэктараў і ўзмацніць яго ролю ў развіцці прафесійнай адукацыі, адзначыў міністр.

Выступленне І.В.Карпенкі стала своеасаблівым пасылам для павышэння эфектыўнасці сістэмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі. У сваю чаргу ўдзельнікі сустрэчы выказалі свае меркаванні па развіцці ССА ў адпаведнасці з патрэбнасцямі рэгіёнаў, па дыверсіфікацыі траекторый жыццеўладкавання выпускнікоў устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі, абнаўленні структуры і зместу адукацыйных праграм ССА ва ўзаемадзеянні з арганізацыямі — заказчыкамі кадраў, узмацненні сувязей ССА з вышэйшай школай, ролі ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў сацыяльна-эканамічным развіцці краіны.

Начальнік галоўнага ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама Д.Л.Хома адзна­чыў рост патрэбнасці ў кадрах з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй на прадпрыемствах і ў арганізацыях вобласці. Для задавальнення патрэбнасці эканомікі перад усёй вертыкаллю ўлады, перад кіраўнікамі навучальных устаноў і сферы эканомікі была пастаўлена задача стварыць  эфектыўную рэгіянальную сістэму падрыхтоўкі высокакваліфікаваных кадраў па запатрабаваных спецыяльнасцях.

— Прафесійная адукацыя павінна праца­ваць на эканоміку рэгіёнаў, — адзначыў Дзмітрый Леа­нідавіч. — І толькі пры дакладным комплексным  падыходзе можна вырашаць пастаўленую задачу.

У вобласці актыўна вядзецца папулярызацыя рабочых прафесій і спецыяльнасцей сярэдняй спецыяльнай адукацыі ў маладзёжным асяроддзі для стварэння станоўчага імі­джу ўстаноў прафесійнай адукацыі, арганізавана цеснае ўзаемадзеянне са школамі. Завершана распрацоўка праграмы для 7—9 класаў па ранняй прафесійнай арыентацыі, дзе дзеці і бацькі будуць знаёміцца з сістэмай прафесійнай адукацыі, работай прадпрыемстваў, арганізацый вобласці, і з 1 верасня бягучага года яна будзе запушчана ў поўным аб’ёме. У вобласці вядзецца абнаўленне матэрыяльнай базы навучальных устаноў, закупляецца новае абсталяванне. Працягваецца выкананне рэгіянальнай праграмы па аптымізацыі сеткі навучальных устаноў, абнаўленні структуры падрыхтоўкі кадраў. У гэтым годзе на ўзроўні ССА будзе адкрыта падрыхтоўка па 6 новых кваліфікацыях.

Дырэктар філіяла РІПА “Каледж сучасных тэхналогій у машынабудаванні і аўтасэрвісе” А.Я.Рыбак адзначыў, што ва ўмовах укаранення новых тэхналогій, сучаснага абсталявання, лічбавізацыі вытворчасці ўсё больш актуалізуецца пытанне фарміравання новай сістэмы адносін паміж установамі адукацыі і работадаўцамі, якія становяцца не проста спажыўцамі адукацыйных паслуг, але і зацікаўленымі партнёрамі ў пошуку аптымальных шляхоў для забеспячэння якасці падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў.

— Цеснае ўзаемадзеянне з заказчыкамі кадраў для нас дае ўнікальную магчымасць своечасова рэагаваць на змяненні патрабаванняў наймальнікаў, забяспечваць тым самым неабходны ўзровень падрыхтоўкі навучэнцаў і іх працаўладкаванне, — падкрэсліў Арцём Яўгенавіч.

Дырэктар установы расказаў, што каледжам структураваны і апрабаваны новыя механізмы ўзаемадзеяння з заказчыкамі кадраў, накіраваныя на змяненні зместу адукацыйных праграм.

— Адукацыйную праграму мы разглядаем як комплексны праект, які складаецца са зместу адукацыі і ўмоў яго рэалізацыі, — адзначыў А.Я.Рыбак. — Змест — гэта вучэбна-праграмная дакументацыя, а ўмовы — гэта кампетэнтнасць педагогаў і майстроў вытворчага навучання, адпаведнае вучэбнае і вытворчае абсталяванне, навукова-метадычнае суправаджэнне.

Дырэктар заўважыў, што для забеспячэння адпаведнага заказу прафесійнай падрыхтоўкі трэба дакладна вывучаць функцыі персаналу, кваліфікацыйныя характарыстыкі, службовыя інструкцыі, у якіх, па сутнасці, і вызначаны патрабаванні наймальніка да кампетэнцыі спецыяліста, які яму патрэбен. Работу па абнаўленні зместу вучэбна-праграмнай дакументацыі каледж вядзе з тымі прадпрыемствамі, куды будуць накіраваны выпускнікі і дзе ўкараняецца сучаснае абсталяванне і новыя тэхналогіі. Як паведаміў Арцём Яўгенавіч, у перспектыве механізмамі ўзаемадзеяння паміж установай адукацыі і заказчыкамі кадраў могуць стаць не толькі сумесныя распрацоўкі зместу вучэбных планаў і праграм, але і незалежная знешняя ацэнка прафесійнай падрыхтоўкі, дзе заказчыкі кадраў могуць выступаць у якасці экспертаў. На абнаўленне зместу навучання, на ўзняцце іміджу прафесійнай адукацыі ўплывае рух WorldSkills, які імкліва набірае тэмп у нашай краіне.

Дырэктар філіяла БНТУ “Барысаўскі дзяржаўны політэхнічны каледж” У.Ю.Шмакаў расказаў, што 5 гадоў назад каледж стаў філіялам універсітэта.

— Інтэграцыя вышэйшай адукацыі з сярэдняй спецыяльнай дазваляе павысіць якасць навучання, — адзначыў дырэктар. — Мы лічым удалым зліццё дзвюх тэхнічных навучальных устаноў. Спецыяльнасці роднасныя, і нашы выпускнікі маюць магчы­масць працягнуць навучанне ў БНТУ.

Уладзімір Юр’евіч паведаміў, што практыкаарыентаванасць навучання з’яў­ляецца асновай прафесійнай падрыхтоўкі. Таму каледж разам з універсітэтам распрацоўвае ўмовы стварэння сумесных лабараторый, што дазволіць удасканаліць практычную падрыхтоўку кадраў. Частка вытворчай практыкі будзе прахо­дзіць на базе ўстановы ССА, а частка — ва ўніверсітэце. Згодна з маніторынгам, выпускнікі каледжа выбіраюць розныя траекторыі ўладкавання ў жыцці, рэалізуючы сябе на вытворчасці, у адукацыі, навуцы, у сферы бізнесу. Большасць выпускнікоў дасягае істотных вяршынь у прафесійным росце.

Сваё выступленне дырэктар Мірскага дзяржаўнага мастацкага прафесійна-тэхнічнага каледжа Н.Л.Кадлубай прысвяціла сацыяльнай значнасці каледжаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі малых населеных пунктаў, іх ролі ў развіцці рэгіёна, а таксама перспектыўным асаблівасцям падрыхтоўкі кадраў па інтэграваных праграмах атрымання ССА на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі. На ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі пасту­паюць прафесійна арыентаваныя абітурыенты, што значна павышае якасць адукацыі. Каля 80 навучэнцаў маюць адначасова дзве і больш кваліфікацый. Гэта забяспечвае мабільнасць і абароненасць выпускніка, робіць яго больш канкурэнтаздольным на рынку працы.

У размове прынялі ўдзел прадстаўнікі кампаніі WEICHAI-RUSTRADEINVEST у Рэспубліцы Беларусь, ЗАТ “РРБ-Банк”, рэктары ўніверсітэтаў, дырэктары ўстаноў ССА. Перад пленарным пасяджэннем рэспубліканскага семінара яго ўдзель­нікі наведалі рэсурсны цэнтр Мінскага дзяржаўнага аўтамеханічнага кале­джа імя акадэміка М.С.Высоцкага (філіял РІПА) па кірунках “тэхнічная эксплуатацыя аўтамабіляў і аўтасэрвіс” і цэнтр вытворчых тэхналогій MAZ- WEICHAI, а таксама рэсурсны цэнтр Мінскага радыётэхнічнага каледжа “Электроніка і прыборабудаванне”.

Па выніках праведзенага семінара выпрацаваны далейшыя дзеянні па ўдасканаленні сістэмы ССА, як і ў цэлым нацыянальнай сістэмы адукацыі.

— Эфектыўнасць нашай сістэмы адукацыі вызначаецца адзінствам усіх яе ўзроўняў, адзінст­вам памкненняў усіх нас, таму аб’яднаем намаганні для паспяховай рэалізацыі пастаўленых задач,  — рэзюмаваў міністр адукацыі.

Ала КЛЮЙКО.
Фота Максіма МАКСАКА.