У адзінстве з прыродай

10 красавіка супрацоўнікі Міністэрства адукацыі пад кіраўніцтвам міністра адукацыі Ігара Карпенкі паўдзельнічалі ў рэспубліканскай акцыі “Тыдзень лесу”. Да іх далучыліся прадстаўнікі студэнцкага актыву сталічных УВА, Беларускага камітэта маладзёжных арганізацый, Беларускай асацыяцыі студэнцкага спорту, Маладзёжнага парламента пры Нацыянальным сходзе, маладзёжныя паслы МУР і валанцёры. Дрэвы высаджвалі ў Негарэльскім вучэбна-доследным лясгасе.

Улічваючы, што гэты год у краіне аб’яўлены Годам народнага адзін­ства, супрацоўнікі лясгаса прапанавалі ўдзельнікам высадзіць дрэвамі слова “адзінства”. Само слова клёнам, контуры — ліпай, астатнюю плошчу — запоўніць сасной, як з адкрытай каранёвай сістэмай, так і з закрытай. “Нашы студэнцкія арганізацыі і УВА кожны год удзельнічаюць у гэтай акцыі. Высаджваючы дрэвы, мы закладваем аснову для будучых пакаленняў. Вырубка лесу ідзе, таму нам трэба аднаўляць гэтыя рэсурсы. Зусім хутка з вышыні птушынага палёту мы ўбачым надпіс, які зрабілі”, — адзначыў Ігар Васільевіч.

На тэрыторыі 2 га пасадзілі 15 тысяч саджанцаў. Для хуткасці і зручнасці ўдзельнікі атрымалі для работы адзін з трох інструментаў на выбар: рыдлёўку, меч Колесава ці спецыяльную трубу для пасадкі. Міністр паспеў выпраба­ваць два. “Я ў сваім жыцці пасадзіў шмат дрэў, таму рыдлёўка для мяне не дзіва, а вось трубой папрацаваў упершыню, цікавая тэхналогія”, — сказаў ён.

Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас — гэта вучэбная база для прахо­джання вучэбных, вытворчых і пераддыпломных практык студэнтаў БДТУ, а таксама для правядзення імі доследнай, навукова-даследчай і асветніцкай работы. Тэрыторыя лясгаса ў параўнанні з іншымі невялікая — 17,1 тысячы га, аднак гэта не перашкаджае выкарыстоўваць на ёй самыя новыя тэхналогіі.

“У многіх лясная гаспадарка асацыіруецца з пілой і сякерай, але гэта даўно не адзіныя інструменты для работы. Мы вучым студэнтаў, таму павінны ісці на апярэджанне тэхналогій. У нас ёсць вышыняметр, малаток для клеймавання дрэў, каб весці электронны ўлік, шчуп для даследавання глебы і іншае”, — расказвае дэкан лесагаспадарчага факультэта БДТУ Васіль Ярмаловіч.

Самыя цікавыя і відовішчныя інструменты — аградроны. Гэта вялікія квадракоптары з замацаванымі цыстэрнамі, у якіх знаходзіцца сродак для апрацоўкі раслін. Аградрон падымаецца ў паветра і распырсквае сродак па неабходнай тэрыторыі. Цуда-тэхналогія: хутка, экалагічна і незвычайна.

Пасля пасадкі лесу студэнтам правялі экскурсію па музеі прыроды і батанічным садзе. Апошні хоць і не знаходзіцца пакуль на піку прыгажосці, а ўсё ж змог здзівіць наведвальнікаў колькасцю і разнастайнасцю раслін.

Настасся ХРЫШЧАНОВІЧ.
Фота аўтара.