У аграрыі — са школьнай парты

- 11:16Навіны рэгіёнаў

Аграрны клас у Квасоўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна з’явіўся невыпадкова. Вытворчы кааператыў імя Героя Беларусі Віталя Ільіча Крамко, дзе працуюць бацькі вучняў, заўсёды падтрымліваў школу. І ўжо больш як дзесяць гадоў установа адукацыі цесна супрацоўнічае з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам.

—Яшчэ калі не было ідэі стварэння аграрных класаў, мы разумелі, што супрацоўніцтва з Гро­дзенскім аграрным універсітэтам дапаможа стымуляваць як мага больш школьнікаў паступаць на гэты профіль, — расказаў дырэктар Квасоўскай сярэдняй школы Алег Хрыптовіч. — Паступова стваралі базу. На сённяшні дзень добра ўкамплектаваны кабінеты хіміі і біялогіі. Гэтыя прадметы выкладаюць настаўнікі вышэйшай катэгорыі Тэрэза Генрыкаўна Сільвановіч і Марына Станіславаўна Созінава. Калі на дзяржаўным узроўні было прынята рашэнне аб адкрыцці такіх класаў, з 1 верасня 2018 года, найперш паразмаўляўшы з бацькамі, пераканаўшыся ў тым, што гаспадарцы патрэбны будуць свае мясцовыя кадры, мы выршылі адкрыць аграрны клас. Ідэю падтрымаў і старшыня гаспадаркі Сяргей Крамко.

У першым класе было 7 вучняў. На працягу двух гадоў яны вывучалі хімію і біялогію на павышаным узроўні. Таксама для іх былі арганізаваны факультатыўныя заняткі “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. А па суботах у рамках шостага школьнага дня вучні накіроўваліся на заняткі ў Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт. Спецыялісты ўпраўлення сельскай гаспадаркі Гродзенскага райвыканкама, агранамічнай службы вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко прыходзілі ў школу, размаўлялі з вучнямі і нават дапамагалі весці курс “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Пры падтрымцы ўніверсітэта і гаспадаркі школьнікі займаюцца даследчай работай. 

Як паведамілі ў галоўным упраўленні адукацыі Гродзенскага аблвыканкама, у гэтым навучальным годзе ў вобласці адкрыты 15 аграрных класаў, у якіх атрымліваюць веды 144 вучні. Таксама арганізавана работа 47 груп, дзе займаюцца 317 школьнікаў.

Безумоўна, надзея на тое, што ўсе выпускнікі звяжуць сваё жыццё з сельскай гаспадаркай, не заўсёды можа апраўдацца. Да таго ж, выкладанне на павышаным узроўні хіміі і біялогі спрыяе таму, што абітурыенты вырашаюць зрабіць крок у напрамку медыцынскіх спецыяльнасцей. Сярод выпускнікоў менавіта Квасоўскай школы нямала тых, хто пайшоў у медыцыну. А невялікая школа, што налічвае 175 вучняў, не можа сабе дазволіць арганізаваць некалькі профільных класаў у адной паралелі. У выніку з 7 навучэнцаў першага аграрнага класа двое паступілі на медыцынскія спецыяльнасці, адзін па накіраванні ўпраўлення сельскай гаспадаркі Гродзенскага райвыканкама, выкарыстаўшы льготы агракласаў, паступіў у Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, мінуючы цэнтралізаванае тэсціраванне. Дыпламаваным спецыялістам Дзмітрый Нямцэвіч вернецца ў гаспадарку.

Як лічыць дырэктар школы, паступаючы ва ўстановы вышэйшай адукацыі, выпускнікі не заўсёды разумеюць, што іх чакае пасля размеркавання, якія будуць умовы працы, заробак. А пасля заканчэння аграрнага класа школьнік добра ведае, што ўяўляе сабой работа ў гаспадарцы. Мэтай стварэння такіх класаў якраз і было паказаць вучням рэаліі сельскіх прафесій, наблізіць іх да практыкі, каб яны яшчэ ў школе маглі пераканацца ў правільнасці свайго намеру або своечасова адмовіцца ад яго.

На сённяшні дзень у 11-м аграрным класе 15 вучняў, прычым 14 з іх — дзяўчаты. Ёсць сярод іх тыя, хто мэтанакіравана плануе паступаць у аграрны ўніверсітэт. Да слова, не было года, калі б выпускнікі Квасоўскай школы не выбіралі сельскагаспадарчыя спецыяльнасці, прычым не толькі ва УВА. Гаспадаркі сёння маюць патрэбу ў кваліфікаваных электрыках, механізатарах, слесарах і іншых спецыялістах з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй. Даверыць сучасную тэхніку ў гаспадарцы могуць моладзі з добрай адукацыяй і практыкай. Штогод школьнікі ідуць вучыцца ў Жыровіцкі дзяржаўны аграрна-тэхнічны каледж, Скідзельскі дзяржаўны сельскагаспадарчы прафесійны ліцэй, а затым вяртаюцца на працу на сваю малую радзіму.

Вытворчы кааператыў імя В.І.Крамко заўсёды ідзе насустрач выпускнікам Квасоўскай школы, гарантуючы ім працаўладкаванне, жыллё і добры заробак.

— Каб не падтрымка старшыні гаспадаркі Сяргея Крамко ў 2018 годзе, ідэя стварэння агракласа не мела б сэнсу, — лічыць дырэктар школы. — Ён замацаваў адказных за гэты напрамак: намесніка старшыні па ідэалагічнай рабоце Івана Швайбовіча і старшыню прафсаюзнага камітэта Святлану Буш. Таксама мы актыўна запрашаем на ўрокі агранамічную службу, не раз выступаў перед вучнямі аграном Дзяніс Крамко.

Школа склала і ўзгадніла з гаспадаркай план вытворчых экскурсій. На працягу года вучні маюць магчымасць назіраць за вытворчымі працэсамі ў сельскай гаспадарцы — ад сяўбы да збору ўраджаю. Старшакласнікі бачаць сучасную тэхніку і могуць нават паспраба­ваць зрабіць штосьці самі.

У такіх узаемаадносінах зацікаўлены як школа, так і гаспадарка.

— Навучэнцаў аграрнага класа мы знаёмім з усімі тэхналагічнымі працэсамі ў гаспадарцы, — расказала старшыня пярвічнай прафсаюзнай арганізацыі ВК імя В.І.Крамко Святлана Буш. — Школьнікі бываюць на палях, фермах, у механічных майстэрнях, на перапрацоўцы. У канцы навучальнага года кіраўніцтва вы­творчага кааператыва ўручае прэміі лепшым вучням, на пастаяннай аснове аказвае дапамогу школе. Так, у мінулым го­дзе набывалася тэхніка для класаў. Падтрымліваем школьнікаў у спорце. Дзеці добра ведаюць, што калі яны вернуцца ў гаспадарку дыпламаванымі спецыялістамі, то атрымаюць тут жыллё.

Традыцыйна летам вучні аграрнага класа накіроўваюцца ў лагер працы і адпачынку. На працягу 21 дня яны працуюць на базе гаспадаркі, у асноўным займаюцца зборам ягад або праполкай. Гэта добрая магчымасць не толькі паспрабаваць свае сілы ў розных відах працы, але і зарабіць уласныя грошы.

Вучні Квасоўскай школы не толькі прымаюць удзел у рэспубліканскіх мерапрыемствах (у межах аднаго з іх нават дзяліліся вопытам выкладання прадметаў у аграрных класах з калегамі з усёй Беларусі). Таксама яны былі актыўнымі ўдзельнікамі лагера “Прафстарт”, арганізаванага Гродзенскім абласным інстытутам адукацыі.

Безумоўна, прыемна, калі дзеці разам са сваімі бацькамі працуюць у адной гаспадарцы. Настаўнікі ганарацца, калі на Дошцы гонару гаспадаркі побач з бацькамі знаходзяцца партрэты іх былых вучняў.

Ветурач гаспадаркі, былы выпускнік Квасоўскай школы Аляксандр Калбыка — на Дошцы гонару вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко. А яго бацька Мікалай Пятровіч — адзін з двух механізатараў кааператыва, якія ў гэтым годзе дасягнулі на жніве лепшых паказчыкаў у Рэспубліцы Беларусь.

Калі пачыналі, не было ніякіх распрацовак, падручнікаў. Факультатыў “Уводзіны ў агарныя прафесіі” рабіўся, як гаворыцца, з нуля. Але дзякуючы педагогам Гродзенскага інстытута развіцця адукацыі, аграрнага ўніверсітэта з’явіліся распрацоўкі па многіх пытаннях. Сёння дастаткова рознай мультымедыйнай тэхнікі. А што тычыцца вытворчай базы, то яна школе і не патрэбна — паблізу гаспадарка. Напрыклад, калі школьнікі вывучаюць трактар ці камбайн, тут жа адпраўляюцца ў майстэрню, дзе на свае вочы могуць усё ўбачыць.

— Пры адкрыцці аграрных класаў супалі запыты школы, гаспадаркі, дзяцей, аграрнага ўніверсі­тэта, — лічыць Алег Хрыптовіч. — У далейшым класы тасама будуць адкрывацца, калі школьнікі ў гэтым зацікаўлены. Да слова, у сённяшніх дзевяцікласнікаў на будучы год ужо ёсць намер пайсці ў аграрны клас.

Кампетэнтна

Таццяна АКСАМІТ, начальнік упраўлення адукацыі Гродзенскага райвыканкама:

— Мы мэтанакіравана працуем з вучнямі аграрных класаў. Гэта дазваляе яшчэ на ўзроўні школы арганізаваць для іх сістэмнае ўваходжанне ў прафесію. У мінулым годзе ў Гродзенскім раёне ў аграрных класах займалася 66 чалавек, сёлета — каля 50. Прычым у мінулым годзе 26 нашых выпускнікоў паступілі ва ўстановы вышэйшай адукацыі сельскагаспадарчага профілю. Работа з вучнямі не абмяжоўваецца выкладаннем такіх прадметаў, як біялогія і хімія, факультатыўным курсам. На сістэмнай аснове арганізавана работа з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі. Мы працуем па профілі з тымі, хто хоча ­стаць аграномамі, эканамістамі ці бухгалтарамі. Будучыя заатэхнікі наведваюць фермы. Апошнія два гады профільнага навучання школьнікі шмат часу праводзяць на сельскагаспадарчых прадпрыемствах. І нас гэта радуе, бо яны маюць зносіны з лепшымі гаспадаркамі. У Гродзенскім раёне вельмі шмат дастойных сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і спецыялістаў, якія ахвотна перадаюць свой вопыт школьнікам. А выпускнікоў нашых школ з задавальненнем бяруць на навучанне сельскагаспадарчыя ўніверсітэты рэспублікі.

Вельмі паказальнае супрацоўніцтва не толькі Квасоўскай сярэдняй школы і вытворчага кааператыва імя В.І.Крамко, але і Луцкаўлянскай сярэдняй школы і СВК імя Дзеншчыкова. Старшыня цікавіцца ў работнікаў, як вучацца іх дзеці, заўсёды прысутнічае на лінейках і іншых школьных мерапрыемствах.

Дзякуючы пазіцыі старшыні Гродзенскага райвыканкама Яна Васілеўскага, аказваецца вялікая дапамога па ўмацаванні матэрыяльна-тэхнічнай базы ўстаноў адукацыі. Толькі ў гэтым годзе СВК “Абухава” і імя Дзеншчыкова набылі два аўтобусы для падвозу дзяцей у школы.

Палова з тых, хто працуе ў сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах, — выпускнікі нашых школ, і яны застаюцца ў раёне. Сёння Гро­дзенскі раён мае добрыя напрацоўкі і высокія паказчыкі ў арганізацыі выхаваўчай сістэмы, летняга аздараўлення, работы з маладымі спецыялістамі, умацавання матэрыяльна-тэхнічнай базы. Школы нашага раёна — гэта сапраўды адукацыйныя цэнтры, якія каардынуюць работу ўсіх арганізацый на сяле.

Ірына АНІКЕВІЧ.
Фота прадастаўлена Квасоўскай сярэдняй школай.