У агульным руху да пазнання

- 15:12Навіны рэгіёнаў, Рознае
Алімпіяда — гэта не толькі вынік работы кожнага настаўніка і ўсяго педагагічнага калектыву ўстановы адукацыі з адоранымі і таленавітымі дзецьмі на ўроках і ў пазаўрочны час праз факультатыўныя заняткі, гурткі, клубы. Гэта яшчэ і паказчык развіцця ў вучняў творчых адносін да прадмета па-за межамі адукацыйнай праграмы, магчымасць праявіць цікавасць да самастойнага пошуку інфармацыі. Алімпіяда — той від разумовай дзейнасці, дзе зацікаўленасць настаўніка і вучня цесна звязаны паміж сабой, іх агульны рух да пазнання нязведанага ідзе ў адным кірунку. Менавіта так імкнуцца на працягу ўжо некалькіх апошніх гадоў працаваць педагогі Маларытчыны (Брэсцкая вобласць).

На трэцім этапе рэспубліканскай прадметнай алімпіяды каманда Маларытчыны была прадстаўлена 36 навучэнцамі з 9 устаноў адукацыі па 15 прадметах. Выступленне юных інтэлектуалаў было ўдалым: дыпломаў рознай ступені сёлета заваявана на адзін больш, чым у мінулым годзе. Прызёрамі абласнога этапу сталі 12 вучняў, 5 з іх — вучні вясковых школ. На жаль, у скарбонцы каманды з Маларыцкага раёна па выніках выступлення на абласных алімпіядах 2014 года не аказалася ні аднаго дыплома І ступені.
Дыпломамі ІІ ступені ўзнагароджаны двое навучэнцаў: Віталь Дайнека (астраномія, 11 клас) і Ганна Кавальчук (беларуская мова і літаратура, 11 клас) з сярэдняй школы № 2 райцэнтра. Уладальнікамі дыпломаў ІІІ ступені сталі адразу 10 чалавек з 5 устаноў адукацыі Маларытчыны. З раённай гімназіі — Андрэй Струнец (тэхнічная праца, 9 клас), Дзіяна Чыкіта (біялогія, 9 клас), Сяргей Гарачкін (біялогія, 11 клас), Софія Шараварына (грамадазнаўства, 11 клас); з Дарапеевіцкага дзіцячага сада — сярэдняй школы — Арцём Пацяюк (хімія, 10 клас); з сярэдняй школы № 2 — Ілья Хапалюк (астраномія, 11 клас); з Ланской сярэдняй школы — Яўген Карпук (фізіка, 9 клас) і Надзея Казачук (абслуговая праца, 9 клас); з Олтушскай сярэдняй школы — Вікторыя Канашук (гісторыя, 10 клас) і Руслана Сымонік (грамадазнаўства, 10 клас).
— На Маларытчыне назіраецца стабільная сітуацыя па колькасці атрыманых дыпломаў на ІІІ этапе рэспубліканскай алімпіяды, — адзначае Таццяна Лаўрэенка, начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама. — На працягу апошніх 6 гадоў вучні ўстаноў адукацыі раёна за свае веды ўзнагароджваюцца 10 — 13 дыпломамі рознай ступені. Сёння неабходна скіроўваць увагу менавіта на павышэнне якасці адукацыі. Гэта — адзін з прыярытэтных кірункаў нашай работы. Павелічэнню колькасці дыпломаў на абласной алімпіядзе павінны паспрыяць і рэсурсныя цэнтры (кансультацыйныя пункты) па рабоце з адоранымі дзецьмі па беларускай мове і літаратуры, рускай мове і літаратуры, біялогіі, матэматыцы, гісторыі (на базе раённай гімназіі), а таксама фізіцы, абслуговай працы (на базе сярэдняй школы № 2), якія сталі дзейнічаць са снежня мінулага года. Заняткі з вучнямі 8 — 11 класаў па суботах праводзяць настаўнікі вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі, якія маюць багаты вопыт работы з высокаматываванымі вучнямі і падрыхтавалі дыпламантаў абласных і рэспубліканскай алімпіяды. На такіх занятках веды паглыбляюць не толькі вучні гарадскіх устаноў адукацыі, але і сельскіх.

Мікалай НАВУМЧЫК.
Фота аўтара.