У айцішнікаў ёсць мільярд!

Упершыню ў гісторыі ПВТ экспарт Парка высокіх тэхналогій перасягнуў $1 млрд, паведамілі ў Парку высокіх тэхналогій.

У 2017 годзе экспарт ПВТ склаў $1 млрд 25 млн, рост у параўнанні з 2016 годам на 25 працэнтаў. Агульны аб’ём вытворчасці Парка высокіх тэхналогій склаў Br2 млрд 153 млн (больш як $1,08 млрд), рост у параўнанні з 2016 годам 20%.

Дырэктар Парка высокіх тэхналогій Усевалад Янчэўскі адзначыў: “Узята псіхалагічная планка. У 2016 годзе экспарт парка склаў $820 млн. А ў мінулым, 2017 годзе ён вырас на 25 працэнтаў і ўпершыню ў гісторыі перасягнуў $1 млрд. Адначасова і агульны аб’ём вытворчасці таксама ўпершыню перасягнуў $1 млрд пры росце 20%. Ключавы фактар поспеху адзін. Яшчэ ў пачатку мінулага года быў вельмі выразны сігнал ад прэзідэнта ІТ-супольнасці: “Працуйце свабодна і спакойна, зарабляйце для сябе і для краіны. Дзяржава нідзе не будзе перашкаджаць вам, а ўсюды, дзе можа, дапаможа”. За словам пайшла справа. Прэзідэнт даручыў распрацаваць новы дэкрэт. У яго ўвайшло ўсё, што прапаноўвала ІТ-супольнасць. Дэкрэт быў падпісаны. ІТ-індустрыя вельмі тонка адчула гэтыя добрыя і сапраўды шчырыя адносіны дзяржавы. І вось вынік: упершыню ў гісторыі ПВТ экспарт парка перасягнуў $1 млрд. Гэта поспех не толькі для ПВТ, гэта поспех для ўсёй краіны, таму што гэты $1 млрд прыйшоў у Беларусь, у нашу эканоміку. Сёння новы дэкрэт адкрывае новыя магчымасці, а значыць, бог дасць, будуць і новыя поспехі”.

У 2017 годзе ў ПВТ створана 5160 новых рабочых месцаў, што ў 1,6 разу больш, чым у 2016 годзе. На канец 2017 года ў кампаніях ПВТ працавалі 32,6 тысячы чалавек. Таксама за мінулы год рэзідэнтамі ПВТ распрацавана і ўкаранёна сучасных ІТ-рашэнняў для айчынных прадпрыемстваў і арганізацый на суму Br172,6 млн. Гэта на 104% больш, чым у 2016 годзе.