У Акадэміі адукацыі плануюць стварыць метадычную скарбонку лепшых практык па выкарыстанні штучнага інтэлекту

- 11:02Актуально

«Практычнае прымяненне тэхналогій штучнага інтэлекту ў адукацыйным працэсе» — тэма семінара, які прайшоў у ПВТ для настаўнікаў інфарматыкі, паведамляе карэспандэнт  «Настаўніцкай газеты».

Міністр адукацыі Андрэй Іванец і ўдзельнікі рабочай групы па разглядзе пытанняў аб прымяненні штучнага інтэлекту ў адукацыі з БДПУ і Акадэміі адукацыі таксама апрабавалі адпаведныя інструменты для падрыхтоўкі вучэбных матэрыялаў.

— Дзе сёння мы можам выкарыстоўваць штучны інтэлект у адукацыі? Перш за ўсё пры падрыхтоўцы матэрыялу для правядзення ўрокаў, — адзначыў А. Іванец. — Далей — з мэтай аналізу выніковасці ўрока, паспяховасці вучняў, работы над памылкамі. Напрыклад, па выніках кантрольных работ навучэнцаў класа можна высветліць, якія тэмы патрабуюць большай прапрацоўкі. Важны імідж настаўніка, калі ён ведае, як правесці цікавы ўрок, выкарыстоўвае новыя тэхналогіі, умее быць сучасным, здзіўляць вучняў.

Штучны інтэлект не можа замяніць педагога, ён толькі дапаможа зрабіць працэс навучання больш цікавым, выніковым і эфектыўным. У інструктыўна-метадычных пісьмах да пачатку новага навучальнага года будзе прапісана рэгламентацыя выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі. Такім чынам, настаўнік атрымае дадатковы інструмент у сваёй рабоце.

У Акадэміі адукацыі будзе створана метадычная скарбонка лепшых практык па выкарыстанні штучнага інтэлекту ў выкладанні розных прадметаў і анлайн-платформа для самаадукацыі педагогаў. Плануецца таксама, што з 1 верасня ў БДПУ пры падрыхтоўцы будучых педагогаў будзе пачаты курс па асновах выкарыстання тэхналогій штучнага інтэлекту для кожнай спецыяльнасці. Акрамя таго, ва ўніверсітэце падрыхтавана праграма павышэння кваліфікацыі настаўнікаў па гэтай тэме. Першы набор слухачоў пройдзе ўжо на вясенніх канікулах.

Намеснік начальніка сакратарыята Назіральнага савета ПВТ Аляксандр Марцінкевіч расказаў удзельнікам семінара пра інструменты штучнага інтэлекту для падрыхтоўкі вучэбных матэрыялаў, прадставіў магчымасці аднаго з такіх памочнікаў для работы з зададзенымі крыніцамі даных. Педагогі паспрабавалі некаторыя функцыі гэтай сістэмы, выканалі практычныя заданні.

Спецыялісты ПВТ таксама прадставілі агляд вялікіх моўных мадэлей, нейрасеткі для работы з праграмным кодам, расказалі пра практычнае выкарыстанне нейрасетак і прымяненне адкрытых рэсурсаў мадэлей нейрасетак лакальна.

Надзея ЦЕРАХАВА
Фота аўтара