У анімацыйнай студыі “Мульты-Lend”

З верасня мінулага года ў яслях-садзе № 239 Мінска дзейнічае анімацыйная студыя “Мульты-Lend”, маленькія наведвальнікі якой пад кіраўніцтвам педагога Надзеі Леанідаўны Шэўчык ствараюць мультфільмы.

Як адзначыла загадчык установы Таццяна Аляксандраўна Кузьміч, дзеці, якія займаюцца ў студыі, рознабакова развіваюцца, а педагогі, якія далучыліся да работы, маюць унікальную магчымасць арганізаваць прадукцыйную дзейнасць выхаванцаў на аснове сінтэзу мастацкай і тэхнічнай творчасці. З дапамогай яркіх малюнкаў, якія ажываюць на экране, у дзяцей фарміруюцца ўяўленні аб навакольным асяроддзі, маральныя нормы і правілы, навыкі камунікацыі, пазнавальная цікавасць.

Ідэя арганізацыі мультстудыі ўзнікла ў Таццяны Аляксандраўны пасля паездкі ў Маскву на міжнародны форум педагагічных работнікаў, дзе яна пазнаёмілася з аналагічным вопытам работы калег з Расіі. Калектыў падтрымаў задуму. Кіраўнік студыі “Мульты-Lend” Надзея Леанідаўна Шэўчык прайшла навучанне ў МГІРА ў спецыялістаў з Масквы па адукацыйнай праграме “Ад аўтарскага дзіцячага мультфільма да інжынернага мыслення і даследчай кампетэнтнасці” і сёння літаральна жыве гэтай справай. Перш чым адкрыць анімацыйную студыю, педагогі правялі падрыхтоўчую работу: сістэматызавалі і падабралі дзіцячую мастацкую літаратуру і ілюстрацыі ў адпаведнасці з вучэбнай праграмай дашкольнай адукацыі, якія можна выкарыстоўваць пры распрацоўцы сюжэтаў анімацыйных фільмаў, знайшлі патрэбны дыдактычны матэрыял, а таксама матэрыялы для вырабу персанажаў і дэкарацый (пластылін, каляровую паперу, кардон, нажніцы, каляровыя і простыя алоўкі, васковую крэйду, вату, манныя крупы, пясок і інш.), устанавілі праграмнае забеспячэнне HUE Animation.

Праграма заняткаў у студыі разбіта на 7 блокаў: “Усе сакрэты анімацыі”, “Пластылінавая анімацыя”, “Lego-анімацыя”, “Лялечная анімацыя”, “Пясочная анімацыя”, “Плоскасная анімацыя”, “Фільм. Фільм. Фільм!”. У працэсе стварэння мультфільмаў выхаванцы знаёмяцца з асновамі інфармацыйных, лічбавых і медыйных тэхналогій. У перспектыве — работа з рознымі тэхнікамі анімацыі.

“Пачалі мы з “Пластылінавай анімацыі”, з усім знаёмай казкі “Калабок”, — гаворыць кіраўнік студыі Надзея Шэўчык. — Прадумалі магчымыя ідэі для сюжэтаў фільмаў на аснове мастацкіх твораў, асабістага вопыту дзяцей, а таксама па выніках іх даследчай дзейнасці. Сёння ў скарбонцы студыі ёсць мультфільм, у аснову сцэнарыя якога пакладзены вынікі даследчай дзейнасці выхаванца старшай групы Дзяніса Уэльскага “Зімовыя прыгода рукавіцы”:

Ёсць у нас вопыт работы па стварэнні мультфільма ў тэхніцы “Lego-анімацыя” (“Наш сябар — святлафор”). Напісаны сцэнарый і распачаты здымкі мультфільма “Адкуль з’яўляецца матылёк” у змешанай тэхніцы: пера­кладка і лепка”.

Работа над стварэннем мультфільма — паэтапны працэс. Спачатку трэба прыдумаць сюжэт. Дзеці самастойна выбіраюць тэхніку здымак, размяркоўваюць ролі, выбудоўваюць паслядоўнасць падзей і неабходных дзеянняў. Працэс раскадроўкі развівае лагічнае мысленне, уменне вылучаць асноўнае з фону. Выхаванцы могуць бачыць сюжэт цалкам, планаваць свае дзеянні пры здымках, выбіраць найбольш эфектыўны спосаб падачы матэрыялу. У далейшым неабходна зрабіць персанажаў, фон і дэкарацыі для будучага мультфільма. У залежнасці ад тэхнікі здымак з гэтай мэтай выкарыстоўваюцца малюнак, жывапіс, лепка, дызайн, дэкаратыўна-прыкладная творчасць. У працэсе прадукцыйнай дзейнасці дзеці фантазіруюць, эксперыментуюць, прадумваюць яркія вобразы і характары герояў, іх знешняе асяроддзе.

Адзін з самых любімых дзецьмі, але карпатлівых этапаў работы — здымкі мультфільма. Выхаванец, які выконвае ролю аператара, ажыццяўляе кантроль якасці знятых кадраў. Дзеці-аніматары ажыццяўляюць дзеянні ў кадры, перастаўляючы герояў і дэкарацыі ў адпаведнасці з сюжэтам. Гэта не так проста. Выхаванцам неабходна пастаянна кантраляваць свае дзеянні: перастаўляць фігуркі персанажаў, прыбіраць рукі з кадра, рабіць мноства кадраў, не перамяшчаючы камеру з устаноўленай кропкі.

Наступны крок — мантаж або злучэнне педагогам кадраў у фільм пры дапамозе камп’ютарнай праграмы. Тут важна паказаць дзецям, што плаўнасці рухаў герояў мультфільма можна дабіцца толькі тады, калі на сцэне герой вельмі мала рухаецца. Выхаванцы любяц­ь этап агучкі. Па чарзе яны запісваюць галасавое суправаджэнне, прамаўляючы рэплікі на падыхо­дзячым кадры (пры неабходнасці запісваюць тэкст невялікімі кавалачкамі). На гэтым этапе ў індывідуальнай рабоце з дзецьмі адпрацоўваецца выразнасць маўлення, тэмп і тэмбр голасу. Выхаванцы вучацца акцёрскім навыкам, перадаваць голасам характар і настрой герояў, ствараць шумавыя эфекты (шум, завыванне ветру і г.д.). Таксама сумесна з дзецьмі педагог падбірае музычнае суправаджэнне мульціка. І, нарэшце, доўгачаканы момант — прагляд гатовага творчага прадукту, абмеркаванне вынікаў агульнай працы.

З верасня 2020 года ў садзе плануецца аказанне адукацыйнай паслугі на платнай аснове “Творчая майстэрня “Мульты-Land” для дзяцей старэйшага дашкольнага ўзросту.

Надзея ЦЕРАХАВА.