У Аршанскім раёне трэба сфарміраваць каманду, гатовую да выканання даручэнняў прэзідэнта

- 11:02Інфармацыйная гадзіна

Такое меркаванне выказала 15 жніўня журналістам у Оршы кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта Наталля Качанава перад прадстаўленнем новага старшыні Аршанскага райвыканкама Ігара Ісачанкі актыву раёна.

“Цяпер тут трэба сфарміраваць каманду, гатовую да выканання даручэнняў кіраўніка дзяржавы па комплексным развіцці Аршанскага раёна, які павінен стаць прыкладам развіцця сярэдніх гарадоў нашай краіны”, — сказала Наталля Качанава. Яна адзначыла, што ўсе задачы дакладныя і зразумелыя, яны даведзены па ўсіх напрамках: гэта і сацыяльная сфера, і прамысловасць, і сельская гаспадарка. Пры гэтым кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта асабліва падкрэсліла, што ўсе задачы, якія ставіць кіраўнік дзяржавы, павінны ў поўнай меры выконвацца кіраўніком любога раёна або горада.

Звяртаючыся да дэпутатаў, Наталля Качанава падкрэсліла, што папярэдні кіраўнік быў вызвалены ад займаемай пасады за невыкананне даручэнняў кіраўніка дзяржавы па развіцці Аршанскага раёна ва ўстаноўленыя тэрміны. “На ваш разгляд уносіцца кандыдатура Ігара Уладзіміравіча Ісачанкі. Прэзідэнт даў згоду на назначэнне яго старшынёй Аршанскага райвыканкама. З яго прафесіяналізмам і стойкасцю ў прыняцці рашэнняў ён зможа дастойна вырашыць усе задачы, якія стаяць перад усім калектывам Аршанскага райвыканкама”, — упэўнена кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Наталля Качанава таксама звярнула ўвагу актыву раёна на той факт, што рашэнне зрабіць Оршу прыкладам развіцця малых гарадоў прадыктавана тым, што ў такіх гарадах назбіраліся праблемы, якія перш за ўсё звязаны з работай прадпрыемстваў. “Праязджаючы па Оршы, бачыш, што некалі быў наведзены парадак, зроблена добраўпарадкаванне, прыцягнуты сур’ёзныя рэсурсы. Але гэта трэба было падтрымліваць у адпаведным стане, каб захаваць на працягу наступных гадоў”, — канстатавала яна. У сувязі з гэтым, на яе думку, перш за ўсё неабходна навесці элементарны парадак на прадпрыемствах, прычым у найкарацейшыя тэрміны — на гэта даецца некалькі дзён.

“Што тычыцца стратэгіі развіцця, рашэнняў, якія трэба прымаць на тым або іншым прадпрыемстве, а вы чулі якія задачы былі пастаўлены, трэба выкарыстоўваць усе вытворчыя магутнасці, наладзіць выпуск канкурэнтаздольнай прадукцыі, якая будзе запатрабавана на знешніх рынках”, — лічыць кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Наталля Качанава таксама акцэнтавала ўвагу мясцовых органаў улады на рабоце з насельніцтвам. “Вы павінны заваяваць аўтарытэт у жыхароў Оршы. Гэта вельмі важна. Учора я прыводзіла ўжо лічбы: адсюль паступае вялікая колькасць зваротаў у вышэйшыя інстанцыі. І 50 працэнтаў зваротаў звязаны з нараканнямі на работу мясцовых органаў улады. Я проста патрабую ад вас усіх навесці парадак у гэтай рабоце, — сказала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта. — Тады людзі будуць разумець, што прадстаўнікі ўлады думаюць пра сваіх рабочых, і вам не будзе сорамна”.

Паводле слоў Наталлі Качанавай, работнікам выканкама, дэпутацкаму корпусу і кіраўнікам прадпрыемстваў Аршанскага раёна неабходна зрабіць вывады і адказна падысці да справы, якая ім даверана. Ацэнка будзе дадзена сур’ёзная, таму важна працаваць зладжанай камандай.

“Зрабіце ўсё, каб гэты раён і горад сапраўды сталі прыкладам для іншых рэгіёнаў у плане сацыяльна-эканамічнага развіцця, добраўпарадкавання і камфортнага пражывання людзей”, — дадала кіраўнік Адміністрацыі прэзідэнта.