У аснове экалагічнага выхавання — прырода малой радзімы

Наша школа знаходзіцца ў сельскай мясцовасці сярод палёў, лугоў, лясоў, азёр і балот. Гэтыя прыродныя экасістэмы з’яўляюцца натуральнай лабараторыяй для экалагічнага выхавання вучняў.

Педагогі выкарыстоўваюць розныя формы работы па фарміраванні экалагічнай культуры школьнікаў: конкурсы тэматычных плакатаў, малюнкаў і фотаздымкаў, выпуск і распаўсюджванне буклетаў і лістовак, экалагічныя даследаванні, акцыі і дэсанты, выраб кармушак і шпакоўняў, ачыстку лесу ад смецця, пасадку дрэў і кустоў, нарыхтоўку насення лясных культур, збор другаснай сыравіны і інш. Асноўная задача гэтых мерапрыемстваў — вырашэнне экалагічных праблем малой радзімы.

Важную ролю ў экалагічным выхаванні дзяцей адыгрывае школьнае лясніцтва “Першацвет”, якое дзейнічае з 2004 года. Юныя лесаводы пад кіраўніцтвам настаўніцы геаграфіі С.І.Ходар і спецыялістаў Мядзведзіцкага лясніцтва Ляхавіцкага лясгаса назіраюць за прыродай, актыўна ўдзельнічаюць у экалагічных і прыродаахоўных мерапрыемствах, займаюцца навукова-даследчай дзейнасцю. Так, у рамках сёлетняй акцыі “Прылятайце ў Беларусь” вучні вырабілі і ўстанавілі 15 шпакоўняў на тэрыторыі школы і экалагічнай сцяжыне. У рамках мінулагодняй аперацыі “Кармушка” на школьнай тэрыторыі і ў вёсцы з’явіліся 17 кармушак для дзікіх птушак. Для дапамогі мясцоваму лясгасу ў захаванні мурашнікаў сёлета прайшла акцыя “У абарону мурашнікаў”, падчас якой вучні агарадзілі 5 мурашнікаў, выпусцілі і развесілі на прыпынках і побач з сельмагам лістоўкі. У рамках мінулагодняй акцыі “Чысты лес” школьнікі ачысцілі больш за 3 га лясной тэрыторыі пасля высечкі дрэў.

Штогод школьнікі ўдзельнічаюць у акцыях па пасадцы лесу. У мінулым навучальным годзе члены лясніцтва высадзілі маладыя бярозкі і хвоі на тэрыторыі 5 га ў Мядзведзіцкім лясніцтве непадалёк вёсак Тальмінавічы і Смаленікі. Акрамя таго, дзеці арганізавалі агульнашкольную аперацыю “Захаваем першацветы” і конкурс “Сталовая для крылатых сяброў”.

Юныя лесаводы займаюцца не толькі прыродаахоўнай, але і даследчай дзейнасцю, падчас якой назіраюць за прыродай, набываюць важныя навыкі, назапашваюць вопыт навуковых эксперыментаў, шукаюць адказы на розныя экалагічныя пытанні. Асаблівая ўвага акцэнтуецца на вывучэнні асаблівасцей роднага краю.

Школьнікі актыўна ўдзельнічаюць у навукова-практычных канферэнцыях і конкурсах, дзе часта займаюць прызавыя месцы. Так, даследчая работа шасцікласніцы Алёны Васілеўскай “Асаблівасці распаўсюджвання амялы белай у ваколіцах аграгарадка Тальмінавічы” была адзначана дыпломам ІІІ ступені на заключным этапе сёлетняга Рэспубліканскага юніёрскага ляснога конкурсу “Квітней, мой лес”.

На працягу кожнага года юныя лесаводы праводзяць агульнашкольную акцыю “Збяры макулатуру — захавай дрэва”. Летась намаганнямі школьнікаў было сабрана 1430 кг макулатуры, 800 кг металалому, 225 кг пластыку і 309 кг шкла. Сёлета вучні ўжо здалі 900 кг макулатуры і 700 кг металалому.

Для прыцягнення ўвагі дзяцей і дарослых да праблемы выкарыстання другаснай сыравіны былі падрыхтаваны лістоўкі “Што мы можам зрабіць для таго, каб абараніць прыроду”.

Удзел у прыродаахоўнай і даследчай дзейнасці развівае ў вучняў жаданне берагчы, абараняць і захоўваць прыродныя багацці малой радзімы.

Людміла БУЦЬКО,
намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце
Тальмінавіцкай сярэдняй школы Ляхавіцкага раёна.

Фота з архіва школы.