У аснове — комплекснае развіццё навучэнца

- 11:10Планёрка ў рэгіёне

У аснове сістэмы адукацыі Акцябрскага раёна Гомельскай вобласці — комплекснае асобаснае развіццё навучэнца . І сёння начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Акцябрскага райвыканкама Марына Самуілаўна БАЛЫНСКАЯ знаёміць нас з адметнасцямі сістэмы адукацыі свайго рэгіёна.

— Марына Самуілаўна, пачнём з вынікаў 2018/2019 навучальнага года.

— У 2018/2019 навучальным годзе навучанне на ўзроўні агульнай сярэдняй адукацыі завяршылі 87 вучняў 11 класаў. Залатым медалём узнагароджаны 3 выпускнікі, 23 атрымалі пахвальныя лісты “За асаблівыя поспехі ў вывучэнні асобных прадметаў”. Навучанне на ўзроўні агульнай базавай адукацыі завяршылі 139 навучэнцаў, 3 з іх — з адзнакай.

Па выніках трэцяга этапу рэспубліканскай алімпіяды школьнікі раёна сталі дыпламантамі I і III ступені па беларускай і нямецкай мовах. А навучэнка раённай гімназіі Аміна Назарава стала пераможцай заключнага этапу Рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і ўзнагароджана дыпломам III ступені (настаўнік Т.С.Крэч).

Добра нашы дзеці паказалі сябе на абласной алімпіядзе па вучэбных прадметах сярод вучняў 4—9 класаў. У мінулым навучальным годзе школьнікамі было заваявана 8 дыпломаў па беларускай, рускай і нямецкай мовах, гісторыі і матэматыцы (у 2018 годзе было 6 дыпломаў). Навучэнка Чырвонаслабодскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Марыя Струк стала пераможцай Абласной алімпіяды па асновах праваслаўнай культуры.

— Што цікавага прапануеце сваім дзецям на летніх канікулах?

— Штогод раён рыхтуецца да летняга адпачынку школьнікаў, у арганізацыі якога выкарыстоўваюцца ўсе рэсурсы, прапанаваныя ўстановамі адукацыі, культуры і спорту. Найбольш папулярны ў раёне летні адпачынак у прышкольных аздараўленчых лагерах. Гэтым летам арганізавана работа 22 лагераў, у якіх адпачнуць 420 навучэнцаў (кожны чацвёрты школьнік). Штогод мы стараемся разнастаіць іх віды і арганізуем работу не толькі лагераў з дзённым знаходжаннем школьнікаў, але і профільных з кругласутачным знаходжаннем. Літаральна сёння (у суботу) на базе СПЦ завяршае работу штогадовы 18-дзённы кругласутачны лагер для дзяцей-сірот і дзяцей, якія знаходзяцца на розны відах уліку.

Вельмі запатрабаваныя нашымі дзецьмі палатачныя кругласутачныя лагеры Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі, адзін з якіх ужо таксама завяршыў сваю работу. Ёсць лагеры працы і адпачынку, у якіх школьнікі маюць магчымасць зарабіць на кішэнныя расходы. Разам з упраўленнем па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне на базе ўстаноў адукацыі ўжо рэалізаваны 3 праекты па другаснай занятасці падлеткаў. Школьнікі выконвалі работы па рамонце школьнай мэблі, вырабе стэндаў і атрымалі за гэта заработную плату. Шэраг падлеткаў задзейнічаны ў студэнцкіх атрадах, работа якіх арганізавана БРСМ на прадпрыемствах і арганізацыях раёна.

Акрамя ўсяго пералічанага, кожная ўстанова адукацыі прапануе сваю праграму занятасці на кожны дзень. Ва ўсіх школах раёна дзейнічаюць валанцёрскія і цімураўскія атрады, праводзіцца спартыўна-аздараўленчая работа, дзейнічаюць адкрытыя гульнявыя і спартыўныя пляцоўкі, арганізавана працоўная практыка.

— Зараз ідзе актыўная падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года. Як ідзе работа ў вашым раёне?

— Падрыхтоўка школ да новага навучальнага года — справа важная і адказная, якой займаюцца ўстановы адукацыі на працягу ўсіх летніх месяцаў. І ад таго, наколькі сур’ёзна падысці да гэтай работы, залежыць не толькі настрой і жаданне вучняў вучыцца, але і сама арганізацыя адукацыйнага працэсу.

Пры падрыхтоўцы ўстаноў адукацыі да новага 2019/2020 навучальнага года намі былі прааналізаваны заўвагі і прадпісанні наглядных органаў, скарэкціраваны планы мерапрыемстваў па іх выкананні. Галоўная ўвага была звернута на захаванне бяспекі жыццядзейнасці ўстаноў, стварэнне здароўезберагальных умоў пры арганізацыі адукацыйнага працэсу. Для гэтага былі прыцягнуты бюджэтныя, пазабюджэтныя сродкі, а таксама спонсарская дапамога.

Ва ўсіх установах адукацыі гаспадарчым спосабам зроблены бягучы рамонт групавых пакояў, вучэбных кабінетаў, майстэрань, калідораў, спартыўных залаў, вучнёўскай і школьнай мэблі. Праведзены работы па забеспячэнні гарачай вадой санітарных вузлоў для навучэнцаў. Разам з падрыхтоўкай да новага навучальнага года ажыццяўлялася падрыхтоўка цеплавой гаспадаркі ўстаноў да асенне-зімовага перыяду. З гэтай мэтай праведзены рамонтныя работы ў цеплавузле, ажыццёўлена рэвізія запорнай арматуры і многае іншае. Падрыхтоўка ўстаноў адукацыі да новага навучальнага года на стадыі завяршэння. Навучальныя ўстановы атрымліваюць пашпарты гатоўнасці.

— Актуальным застаецца пытанне арганізацыі профільнага навучання і дапрофільнай падрыхтоўкі. Ці ёсць у вас педкласы, агракласы? Як плануеце арганізоўваць дапрофільную падрыхтоўку школьнікаў у новым навучальным годзе?

— У мінулым навучальным годзе профільным навучаннем было ахоплена 56,4% навучэнцаў 10—11 класаў. На базе раённай гімназіі, сярэдняй школы № 1 і Чырвонаслабодскага дзіцячага сада — сярэдняй школы арганізавана работа груп педагагічнай накіраванасці, у якіх вучыліся 17 вучняў. У Парэцкім і Чырвонаслабодскім комплексах адкрыты групы аграрнай накіраванасці, у якіх факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” вывучаюць 8 навучэнцаў.

Для вучняў 10 класаў, якія выву­чаюць усе вучэбныя прадметы на базавым узроўні, у рамках вучэбнага прадмета “Працоўнае навучанне” па адукацыйнай праграме прафесійнай падрыхтоўкі арганізавана навучанне на базе Акцябрскага прафесійнага ліцэя па 2 спецыяльнасцях: “Слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання” і “Кухар”.

Дапрофільная падрыхтоўка навучэнцаў ажыццяўляецца з дапамогай арганізацыі работы факультатыўных заняткаў і стварэння груп з павышаным вывучэннем асобных прадметаў у 5—9 класах.

— А якія пытанні адукацыі і выхавання для вас у прыярытэце?

— Асабліва хвалююць пытанні, звязаныя з якасцю адукацыі, арганізацыяй занятасці навучэнцаў, павышэннем ролі сям’і ў пытаннях выхавання непаўналетніх, умацаваннем вучэбна-матэрыяльнай базы ўстаноў. Вырашэнне іх — гэта стварэнне сучаснага адукацыйнага асяроддзя для атрымання навучэнцамі якаснай адукацыі і выхавання з улікам іх патрэб і магчымасцей. Нягледзячы на тое, што большая частка лета прайшла, па-ранейшаму хвалююць пытанні бяспекі дзяцей. Хочацца, каб усе дзеці былі здаровыя, добра і з карысцю правялі летнія канікулы і з радасцю ў пачатку верасня селі за парты.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.