У аснове навучання — працоўная і прафесійная падрыхтоўка

- 14:58Брэстчына

У Малоткавіцкай дапаможнай школе-інтэрнаце вучацца і пражываюць 185 дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю ва ўзросце ад 7 да 18 гадоў з розных рэгіёнаў Брэсцкай вобласці. Асноўны кантынгент выхаванцаў — выхадцы з нядобранадзейных сем’яў з нізкім матэрыяльным дастаткам. 72 дзіцяці маюць статус дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў і знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, 39 дзяцей маюць інваліднасць.

“Ва ўмовах развіцця інклюзіўных працэсаў у адукацыі, аптымізацыі сеткі ўстаноў спецыяльнай адукацыі перад калектывамі дапаможных школ-інтэрнатаў узнікаюць вельмі прынцыповыя пытанні, — гаворыць дырэктар Малоткавіцкай школы-інтэрната Вячаслаў Рыгоравіч Ізотаў. — Якая сёння роля такіх устаноў у сістэме спецыяльнай адукацыі краіны? Як ва ўмовах адносна абмежаванай прасторы школы-інтэрната развіць у дзяцей працоўныя навыкі і дапамагчы ў іх прафесійным станаўленні? Як павысіць эфектыўнасць адаптацыі і інтэграцыі ў грамадства дзяцей, якія маюць асаблівасці ў развіцці? Адзначу, што ў нашай дапаможнай школе-інтэрнаце назапашаны шматгадовы вопыт працоўнай і прафесійнай падрыхтоўкі дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю, установа ўкамплектавана кваліфікаванымі кадрамі, мае добрую матэрыяльна-тэхнічную базу. Дзесяцігадовы вопыт дзейнасці класаў паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі дазваляе ўпэўнена гаварыць пра сур’ёзны патэнцыял Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната. На базе ўстановы створаны рэсурсны цэнтр па аказанні метадычнай дапамогі і падтрымкі ў арганізацыі суправаджэння інтэграванага навучання дзяцей з АПФР, павышэння якасці спецыяльнай адукацыі і кваліфікацыі педагогаў, якія працуюць з асаблівымі дзецьмі”.

Асноўнай мэтай дзейнасці школы-інтэрната з’яўляецца навучанне, выхаванне і карэкцыя фізічных і псіхічных парушэнняў развіцця дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. Адукацыйны працэс ва ўстанове скіраваны на падрыхтоўку дзяцей да працоўнай дзейнасці і сямейнага жыцця, на сацыяльную адаптацыю і інтэграцыю ў грамадства. Прафарыентацыйная работа ў школе-інтэрнаце праводзіцца не толькі з яе выхаванцамі, але і з навучэнцамі класаў інтэграванага навучання і выхавання.

Класы паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі ў школе-інтэрнаце ўкамплектаваны ўсім неабходным абсталяваннем. Функцыянуюць дзве майстэрні тынкавальна-малярнай справы, прышкольна-доследны ўчастак, цяпліца, дзве швейныя майстэрні, набыта 15 пчаліных сем’яў, закладзены сад на 450 саджанцаў, створаны кабінеты пчалярства і мэблевай вытворчасці, набыты фарматна-раскройны і абза-абліцовачны станкі. У названых класах вядзецца падрыхтоўка маляроў-тынкоўшчыкаў, агароднікаў-садаводаў, швачак, пчаляроў, жывёлаводаў, рабочых па комплексным абслугоўванні збудаванняў. Навучэнцы асвойваюць прафесіі санітара, рабочага зялёнага будаўніцтва, прыбіральшчыка памяшканняў, прыбіральшчыка тэрыторый, рабочага па ўтрыманні домаўладанняў, абутніка, памочніка выхавальніка, што дазваляе падрыхтаваць дзяцей да працы не толькі ў гарадской, але і ў сельскай мясцовасці.

У класах паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі займаюцца не толькі навучэнцы школы-інтэрната, але і выпускнікі інтэграваных класаў Брэсцкай вобласці. Прычым пяць гадоў запар у рамках другаснай занятасці моладзі навучэнцы гэтых класаў атрымліваюць заробак. А школа, у сваю чаргу, бясплатна атрымлівае пашытыя старшакласнікамі камплекты пасцельнай бялізны, вырабленую корпусную мэблю. Так, ва ўстанове былі поўнасцю заменены ложкі, тумбачкі, крэслы, камп’ютарныя сталы, шафы. У вольны ад урокаў час, а таксама на практычных занятках старшакласнікі разам з педагогамі рамантуюць школьныя кабінеты, прыгожа аздабляюць столі і сцены, укладваюць падлогу ламінатам і нават вырабляюць эксклюзіўную мэблю з улікам пажаданняў кожнага настаўніка.

Дзякуючы спонсарскай дапамозе Пасольства Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь, у канцы 2016 года навучэнцам школы-інтэрната ўдалося пацвердзіць свой аўтарытэт у сістэме Дзяржстандарту краіны і атрымаць сертыфікаты адпаведнасці тэхнічным рэгламентам Мытнага саюза на мэблевыя і швейныя вырабы, якія паспяхова прайшлі ўсе неабходныя выпрабаванні ў спецыяльнай лабараторыі, што дало магчымасць школе на законных падставах рэалізоўваць мэблю і швейную прадукцыю як арганізацыям, так і насельніцтву.

* * *

На базе школы-інтэрната летам дзейнічае лагер працы і адпачынку “Вясёлка” з кругласутачным знаходжаннем для дзяцей з інтэлектуальнай недастатковасцю. У лагеры разам знаходзяцца дзеці з класаў інтэграванага навучання і выхавання агульнаадукацыйных школ Брэсцкай вобласці і выхаванцы Малоткавіцкай дапаможнай школы-інтэрната ва ўзросце 14—17 гадоў. Навучэнцам на выбар прапаноўваюцца тры віды працоўнай дзейнасці — добраўпарадкаванне тэрыторыі школы-інтэрната, пашыў пасцельнай бялізны і аконных фіранак, зборка корпуснай мэблі. Вырабы дзяцей застаюцца ў карыстанні школы-інтэрната, а маладыя людзі атрымліваюць працоўныя кніжкі, страхавыя карткі і, зразумела, заработную плату. Паміж юнакамі і дзяўчатамі і аддзелам па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Пінскага райвыканкама заключаюцца працоўныя дагавары. Два гады запар паралельна з лагерам працы і адпачынку ў школе-інтэрнаце функцыянаваў лагер для дзяцей 2-га аддзялення дапаможнай школы, прыярытэтам для якіх стала атрыманне элементарных працоўных навыкаў і элементарнай прафесійнай падрыхтоўкі, фарміраванне жыццёвага вопыту.

Пры рэалізацыі сумесных гуманітарных праектаў школы-інтэрната з Міністэрствам замежных спраў Рэспублікі Польшча асноўнай умовай з’яўлялася стварэнне ва ўстанове сучаснай матэрыяльна-тэхнічнай базы для працоўнай і прафесійнай падрыхтоўкі. Дзякуючы супрацоўніцтву з польскімі сябрамі, школа-інтэрнат узбагацілася выдатнымі кабінетамі, абсталяванымі згодна з сучаснымі патрабаваннямі. Дзякуючы польскай дапамозе і падтрымцы Пінскага райвыканкама, створана база для дадатковай адукацыі — керамічная і багетныя майстэрні. У 2016 годзе ў строй уведзена школьная кузня халоднага кавання металу, для навучэнцаў быў адкрыты адпаведны прафесійны профіль.

Школа-інтэрнат арандавала ў Пінску ў цэнтры горада невялікае памяшканне і адкрыла пункт, дзе выхаванцамі ўстановы аказваюцца паслугі насельніцтву па раздрукоўцы тэкстаў, фатаграфій, афармленні іх у рамкі, па брашураванні і ламініраванні. Школа дае рэкламу і прымае заяўкі на выраб вышэйпералічанай прадукцыі. У пункце ўстаноўлены касавы апарат і разліковы тэрмінал, усе віды падаткаў на атрыманы даход аплачваюцца. Гэтыя віды работ і паслуг не складаныя, усе працоўныя аперацыі даволі простыя і пры належным кіраўніцтве даступны людзям з разумовымі адхіленнямі і з інваліднасцю. Да асваення новых працоўных месцаў школа плануе далучаць дзяцей з інтэграваных класаў, у тым ліку ў перыяд іх знаходжання ў школьным лагеры працы і адпачынку. Галоўнае ў дадзенай дзейнасці — не столькі атрыманне прыбытку, колькі максімальная сацыялізацыя маладых людзей з АПФР, іх удзел у рэальных працоўных адносінах.

У 2016 годзе школа рэалізавала яшчэ адзін праект з Пасольствам Рэспублікі Польшча, дзякуючы якому ва ўстанове ўдалося адкрыць уласны цэх па вырабе тратуарнай пліткі, бардзюраў, падмуркавых і колатых блокаў. На вытворчасці гэтай прадукцыі ў рамках пазабюджэтнай дзейнасці працуюць педагогі, а старшакласнікі проста знаёмяцца з самой вытворчасцю, а таксама дапамагаюць укладваць плітку на школьным двары. У планах школы-інтэрната адкрыццё ў новым навучальным годзе профілю “Мастаўшчык” на базе класа паглыбленай сацыяльнай і прафесійнай падрыхтоўкі. Да работы ў цэху і па ўкладцы тратуарнай пліткі плануецца далучаць дарослых выпускнікоў інтэрната, што дазволіць установе аказваць дзейсную дапамогу сваім выпускнікам у рамках патранатнага суправаджэння.

У маі 2017 года Саюз сельскіх гмін Падляскага ваяводства прафінансаваў выраб праектна-каштарыснай дакументацыі і будаўніцтва сучаснага цэха па вытворчасці мэблі, а ў студзені 2018 года прафінансавана закупка і ўстаноўка тэхналагічнага абсталявання па вытворчасці корпуснай мэблі. Выдаткі па ўкладцы асфальту, рамонце пад’язных шляхоў і добраўпарадкаванні тэрыторыі ўзяў на сябе Пінскі райвыканкам. Выпуск прадукцыі пачнецца ў снежні 2018 года. Праектам прадугледжана адкрыццё 8 працоўных месцаў, 4 з якіх будуць прадастаўлены выпускнікам школы-інтэрната.

Прайшлі таксама перагаворы Пінскага райвыканкама і Саюза сельскіх абшчын Падляскага ваяводства Рэспублікі Польшча аб будаўніцтве на тэрыторыі школы-інтэрната сучаснага швейнага цэха, дзе будуць праходзіць вытворчую практыку і атрымліваць прафесію навучэнкі старшых класаў. Будзе адкрыта не менш за 10 працоўных месцаў, 5 з якіх будуць займаць выпускніцы школы-інтэрната. У цэху плануецца ўстанавіць самае сучаснае абсталяванне.

На дадзены момант на базе рэсурснага цэнтра школы-інтэрната ствараецца банк даных аб працоўных месцах у розных рэгіёнах Брэсцкай вобласці, на якія змогуць уладкоўвацца выпускнікі школы-інтэрната і класаў інтэграванага навучання і выхавання. Фарміруюцца пакеты дакументаў па працаўладкаванні непаўналетніх і механізм прыёму на работу 14—17-гадовых падлеткаў з інтэлектуальнай недастатковасцю. Адпрацоўваецца сістэма ўзаемадзеяння не толькі дапаможнай і агульнаадукацыйных школ, настаўнікаў і вучняў, але і органаў па працы, занятасці і сацыяльнай абароне, арганізацый аховы здароўя, устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі, сям’і, СМІ, грамадскіх аб’яднанняў і арганізацый.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.