У аснове партнёрства — эканоміка і гандаль

- 10:45Інфармацыйная гадзіна

Беларусь мае намер больш сур’ёзна развіваць эканамічныя адносіны з Латвіяй. Аб гэтым заявіў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 26 ліпеня на сустрэчы з міністрам замежных спраў Латвіі Эдгарсам Рынкевічсам.

У ліку пытанняў, якія абмяркоўваліся на перагаворах, былі эканоміка і гандаль, у нарошчванні якога ёсць узаемная зацікаўленасць. Існуючы цяпер паказчык беларуска-латвійскіх адносін у памеры амаль $600 млн — недастатковы з улікам магчымасцей, перакананы Аляксандр Лукашэнка.

“Не хацеў бы, каб палітыка стаяла над эканомікай. Але калі нейкія краіны нас не разумеюць і не ўспрымаюць у гэтым плане, і гэта ўплывае на эканоміку Беларусі, вядома, мы будзем шукаць лепшыя варыянты. І я вельмі рады, што ў нас з вамі, з вашай краінай, з кіраўніцтвам і народам гэтай добрай балтыйскай краіны няма асаблівых праблем, — сказаў кіраўнік дзяржавы. — Так, над вамі стаіць ЕС, я разумею, што там за сітуацыя, 28 краін, ды і многія не ў захапленні ад тых працэдур, якія сёння прапісаны ў вашых адносінах. Але, тым не менш, вы знаходзіце магчымасць выбудоўваць роўныя і прыстойныя адносіны са сваім суседам — Беларуссю. Я гэта разумею і вельмі цаню”.

Прэзідэнт запэўніў, што Беларусь будзе развіваць з Латвіяй адносіны, перш за ўсё гандлёва-эканамічныя, паколькі гэта база, на якой грунтуюцца догмы палітычных і дыпламатычных адносін. “Мы будзем разві­ваць гандлёва-эканамічныя адносіны, калі вы да гэтага гатовы, і больш сур’ёзна развіваць, на карысць нашых дзяржаў”, — сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў ходзе размовы таксама адзначыў, што Беларусь ніколі і ні за якія грошы не стане рваць адносіны з брацкай Расіяй.

“Мы хочам добрых адносін з Заходняй Еўропай, з Еўропай наогул, Еўрасаюзам, ЗША. Я як чалавек, які ў палітыцы нямала гадоў, разумею гэта і разумею, што значыць ЕС і Амерыка, але мы ніколі і ні за якія грошы не станем ірваць нашы адносіны з брацкай Расіяй”, — адзначыў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт прадоўжыў: “Гэта наша Расія, гэта нашы людзі, якія нас паважаюць, і дзе рэйтынг Прэзідэнта Беларусі ў шматнацыянальнай Расіі — за 60 працэнтаў. Чаму мы павінны скоса глядзець на гэтую краіну, якая ў цяжкую хвіліну заўсёды нам падстаўляла плячо, але гэта не значыць, што мы можам адступацца ад сваіх прынцыповых інтарэсаў адносна Захаду, Усходу, Кітайскай Народнай Рэспублікі, з якімі ў нас добрыя адносіны і агульныя інтарэсы. Гэтага ніколі не будзе, ды вы гэта і бачыце. Я вам гавару гэта публічна і шчыра. Хачу, каб вы разумелі нашу палітыку”.

“Хачу, каб вы засвоілі і не слухалі розныя разважанні, што мы, туды-сюды, ад некага залежныя. Свет узаемазалежны: вы ад некага залежыце, мы ад некага залежым, ад нас нехта залежыць, так магу ска­заць пра Латвію, Літву, Эстонію. Мы невялікія дзяржавы, хоць маленькіх дзяржаў не бывае, таму што ўсе народы роўныя: і нешматлікія, і шматлікія. Мы з таго таксама зыходзім. Не можа дзяржава мець перавагу па плошчы або насельніцтве над кімсьці, я гэтага наогул не ўспрымаю”. Ён падкрэсліў, што ў гэтым сутнасць незалежнасці Беларусі. “За гэта выступаюць заўсёды і балтыйскія дзяржавы, у тым ліку Латвія. Можаце быць упэўнены, што вы маеце адносіны з суверэннай незалежнай дзяржавай. Так, думаю, будзе заўсёды, прынамсі, пакуль я прэзідэнт, гэта дакладна”, — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка сказаў, што ўдзяч­ны за запрашэнне наведаць Латвію і абавязкова наведае гэтую краіну. Галоўнае, каб быў добры вынік ад такой паездкі, і для гэтага патрэбна добрая прапрацоўка пытанняў двухбаковага парадку дня. Ён перадаў самыя добрыя пажаданні кіраўніцтву і народу Латвіі. Таксама прэзідэнт сказаў, што ў Беларусі заўсёды рады бачыць прадстаўнікоў Латвіі.

Дыпламатычныя адносіны паміж Беларуссю і Латвіяй устаноўлены 7 красавіка 1992 года. У абедзвюх краінах дзейнічаюць пасольствы, а ў Віцебску і Даўгаўпілсе працуюць консульствы дзвюх дзяржаў. Цяпер дынамічна развіваюцца беларуска-латвійскія кантакты на міжведамасным і міжрэгіянальным узроўнях. Колькасць пар гарадоў і рэгіёнаў, якія маюць дагаворы аб пабрацімстве і супрацоўніцтве, дасягнула 60. Актывізаваліся ў тым ліку кантакты паміж сталіцамі. Латвія зацікаўлена ў нармалізацыі адносін Беларусі і Еўрапейскага саюза, займае прагматычную і ўзважаную пазіцыю па ўсіх важных для нас пытаннях.

У 2018 годзе двухбаковы тавараабарот склаў $582,7 млн (звыш 132 працэнтаў да ўзроўню папярэдняга года), пры гэтым беларускі экспарт дасягнуў $485,6 млн. Па выніках мінулага года Латвія заняла 14-е месца па тавараабароце і 10-е месца па экспарце сярод краін, з якімі Беларусь ажыццяўляе знешнегандлёвыя аперацыі.