Забеспячэнне бесперапыннасці ў адукацыі дзіцяці з улікам яго індывідуальных асаблівасцей, патрэб сям’і і грамадства стала асноўнай тэмай нашай гутаркі з дырэктарам Дукорскага дзіцячага сада — сярэдняй школы Пухавіцкага раёна Мінскай вобласці Мікалаем Уладзіміравічам Панюшэнкам. Нядаўна гэтая навучальная ўстанова была пляцоўкай семінара для кіраўнікоў устаноў адукацыі рэгіёна “Суправаджэнне педагагічных работнікаў устаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі ў забеспячэнні пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”. А сёння Мікалай Уладзіміравіч дзеліцца назапашаным вопытам на старонках нашай газеты.
— Мікалай Уладзіміравіч, здаецца, пра неабходнасць пераемнасці ўсё сказана, але пытанні ўсё роўна ўзнікаюць, прычым як з боку бацькоў, так і настаўнікаў.
— Калі кажуць аб пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі, на першы план выходзіць праблема гатоўнасці дзяцей да навучання ў школе, якая ўзнікла ў сувязі з эксперыментамі па навучанні шасцігодак. Звыклыя метады работы пацярпелі фіяска. Больш за тое, не заўсёды спраўджваюцца прагнозы школьнай паспяховасці дзяцей і аказваюцца правільнымі тлумачэнні іх няўдач. Вось прыходзіць сімпатычнае выхаванае дзіця з інтэлігентнай сям’і. Бацькі ўдзяляюць яму шмат увагі, развіваюць як могуць, таму яно і чытае, і лічыць. Здавалася б, чаго яшчэ хацець ад будучага першакласніка? Толькі вучы яго — і атрымаецца выдатнік. А не атрымліваецца.
Узнікала праблема нават на ўзроўні асваення праграмы. Здавалася, што яе вырашыць можна: раз дзеці дрэнна вучацца, значыць, дрэнна гатовыя. А раз дрэнна, трэба рыхтаваць лепш. Напрыклад, з пяці гадоў. І пад гэтым “лепш” разумелася “чытаць, лічыць” і г.д. І зноў нічога не атрымлівалася, таму што нельга нічога зрабіць з дзіцем з дапамогай механічнага зніжэння планкі навучання, ігнаруючы законы яго псіхалагічнага развіцця.
— У чым жа, на ваш погляд, сутнасць гатоўнасці?
— У шырокім плане пад гатоўнасцю да школы разумеюць такі ўзровень псіхічнага развіцця дзяцей, які дазваляе ім досыць лёгка адаптавацца да новых умоў жыцця і дзейнасці, авалодваць ведамі, уменнямі, нормамі і правіламі паводзін, выяўляючы пры гэтым неабходны ўзровень актыўнасці.
Кожная новая ступень жыцця патрабуе ад дзіцяці пэўнай гатоўнасці — уключацца ў ролевыя гульні, адправіцца без бацькоў у лагер. Калі дзіця з-за праблем свайго развіцця не можа гуляць з іншымі дзецьмі, яно не зможа ўдзельнічаць у ролевай гульні. Калі яно не гатова ехаць у лагер без бацькоў, аздараўленчы адпачынак стане для яго катаваннем.
Але наіўна меркаваць, што можна прадухіліць нейкія складанасці ў яго жыцці, апярэджваючы падзеі. Існуе логіка асобаснага развіцця: чалавек не можа ў сваім развіцці перайсці на новы этап, калі ён не перажыў, не пражыў паўнавартасна этап папярэдні. Каб дзіця з дашкольніка ператварылася ў школьніка, яно павінна якасна змяніцца. У яго павінны развіцца новыя фізічныя і псіхічныя функцыі.
— І чым адрозніваецца дзіця, гатовае да школы?
— Па-першае, такое дзіця павінна ўмець бачыць вучэбную задачу, прымаць яе. Д.Б.Эльконін так і гаварыў пра гэта: першы паказчык гатоўнасці да школы — “прыём вучэбнай задачы”. Калі настаўнік спрабуе растлумачыць вучням сэнс множання на прыкладзе абкладзенай пліткай кухні, а яны пачынаюць задаваць пытанні пра колер пліткі, краму, у якой яе купілі, пра тое, якая машына столькі пліткі прывезла, то гэта значыць, што яны не могуць прыняць вучэбную задачу, не бачаць яе. Чаму? Таму што не гатовыя да школьнага навучання.
Па-другое, дзіця, гатовае да школьнага навучання, умее вылучаць агульны спосаб дзеяння. Яно здольнае ахапіць сітуацыю цалкам, яе сэнсавы складнік. Дзіця дашкольнага ўзросту на яго месцы будзе дзейнічаць фармальна. Напрыклад, на адных занятках у дзіцячым садзе выхавальніца напісала на дошцы прыклад: “5-1”. Дзеці павінны былі прыдумаць задачу па гэтым запісе. І адзін хлопчык задачу прыдумаў: “У мамы было пяцёра нажніц. Адны яна ўзяла і з’ела. Колькі нажніц засталося?” Апускаем характарыстыку хлопчыка. Цікава, што адказалі іншыя дзеці. Яны адказалі: “Засталося чацвёра нажніц”. На поўным сур’ёзе. Ніхто не засмяяўся. Ну, і сапраўды. Пяць — гэта адзін і чатыры. Адны нажніцы прыбралі, чацвёра засталося. Умеюць лічыць гэтыя малыя? Умеюць. Гатовыя яны да школы? Не гатовыя.
Трэці складнік гатоўнасці да школы — з’яўленне спецыфічнай самаацэнкі. Праводзілася даследаванне самаацэнкі ў дзяцей дашкольнага ўзросту і малодшых школьнікаў. Для гэтага выкарыстоўваўся шэраг сюжэтных малюнкаў. Напрыклад, на малюнку адлюстроўвалася горка. Па ёй на лыжах з’язджае хлопчык. А на наступным малюнку ён ляжыць у гурбе, лыжы ў розныя бакі тырчаць. Або: дзяўчынка падымае вядро з вадой. А на другім малюнку вядро ўпала, вада разлілася. Дзецям задавалася пытанне: “Чаму так атрымалася? У чым прычына няўдач?”
Што адказваюць дашкольнікі? Горка крутая, вядро цяжкае. А школьнікі? Хлопчык не вельмі добра ўмее катацца на лыжах. Дзяўчынка недастаткова моцная, каб падняць вядро. Але хлопчык, дадавалі яны, патрэніруецца і навучыцца з’язджаць. Дзяўчынка таксама падрасце і абавязкова з вядром будзе спраўляцца. Пра што гэта сведчыць? Аб розным падыходзе да жыцця. Дашкольнікі яшчэ не вылучаюць сябе з навакольнай рэчаіснасці ў якасці суб’ектаў дзейнасці. Займеннік “я” для іх татальны: не “я” ў канкрэтнай дзейнасці, а “я” наогул, у цэлым. Пры такім поглядзе на жыццё яго не тое што першая “двойка” або “тройка”, яго “васьмёрка” вельмі засмуціць. Бо калі “я” намаляваў не вельмі добра, значыць — “я” дрэнны. Гэта значыць — мяне любіць не будуць.
І, нарэшце, чацвёрты складнік: дзіця дашкольнага ўзросту жыве ў гульнявой прасторы. Яго цікавіць сюжэт, але зусім не цікавіць працэсуальны бок дзейнасці. Здавалася б, гэта парадокс, бо дашкольнік і думае толькі ў час дзеяння, але ён не рэфлексуе спосабы сваёй дзейнасці. Калі задача ў яго не атрымліваецца, ён скажа: “А я як быццам зрабіў!”
— Але паказчыкам гатоўнасці да школьнага жыцця і вучэбнай дзейнасці з’яўляецца сукупнасць узроставых норм псіхічнага, фізічнага і адукацыйнага ўзроўняў менавіта шасцігадовых дзяцей?
— Вывучэнне кампанентаў гатоўнасці да школы дае магчымасць скласці цэласнае ўяўленне пра асобу дзіцяці, вызначыць ступень яго гатоўнасці да школы, а таксама тыя галіны, дзе той ці іншы паказчык гатоўнасці недастаткова выяўлены. Прагназаванне развіцця асобы — адна з найважнейшых умоў ажыццяўлення пераемнасці ў рабоце ўстаноў дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі.
Пры ажыццяўленні пераемнасці ў рабоце педагогаў узнікае шэраг праблем.
Фармалізацыя працэсу пераемнасці заключаецца ў рознапалярным выкарыстанні метадаў і форм арганізацыі адукацыйнага працэсу. Калі педагогі ўстаноў дашкольнай адукацыі спалучаюць падгрупавое, індывідуальнае ўзаемадзеянне з дзецьмі, то настаўнікі пачатковых класаў практыкуюць парныя, індывідуальныя (з перавагай франтальных) формы ўзаемадзеяння з навучэнцамі.
Нягледзячы на тое, што педагогі дашкольнай і пачатковай адукацыі паспяхова выкарыстоўваюць адукацыйныя праграмы і методыкі, якія маглі быць “скразнымі” для абедзвюх структур, дыдактычнай пераемнасці няма.
Не менш значнай праблемай практычнай пераемнасці з’яўляецца каардынацыя дзейнасці ўстаноў дашкольнай і першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі ў супрацоўніцтве з сям’ёй па падрыхтоўцы дзяцей да школы. Розны культурна-адукацыйны ўзровень бацькоў стварае цяжкасці ва ўзгадненні агульнай праграмы супрацоўніцтва. З іншага боку, бацькі цяпер вельмі зацікаўлены ў якаснай падрыхтоўцы дзяцей да навучання ў школе.
— Тым не менш кожная ўстанова адукацыі працуе над праблемай захавання, узбагачэння і развіцця таго патэнцыялу, які закладваецца ў дашкольнай установе. Зразумела, не выключэнне і ваш вучэбна-педагагічны комплекс. Але ж вам, напэўна, працаваць у гэтым рэчышчы прасцей?
— Сапраўды, забеспячэнню пераемнасці спрыяе тое, што наша ўстанова адукацыі — гэта вучэбна-педагагічны комплекс. Разам з тым пытанні па пераемнасці ўключаны ў гадавы план работы нашай школы. І ў плане прадугледжана работа па пераемнасці па чатырох напрамках: метадычная работа, работа з бацькамі, з дзецьмі, медыка-псіхалагічная работа. Ужо сам будынак, рэжым дня, ціхая і спакойная абстаноўка пераход дзіцяці да школьнага жыцця робяць камфортным. Настаўнікі пачатковых класаў і выхавальнікі цесна ўзаемадзейнічаюць паміж сабой, каб адаптацыя да новых умоў прайшла хутка.
Такое ўзаемадзеянне ажыццяўляецца праз правядзенне пасяджэнняў метадычнага аб’яднання, педсаветаў, у прыватнасці, у гэтым годзе мы правялі педагагічны савет “Арганізацыя супрацоўніцтва педагогаў, навучэнцаў і бацькоў у адукацыйным працэсе. Праблемы пераемнасці дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі”. І формы педагагічнага ўзаемадзеяння на дашкольным узроўні і ўзроўні першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі разнастайныя: адкрытыя заняткі і ўрокі, гутаркі, выставы педагагічнай літаратуры і інш.
Выхавальнікі і настаўнікі пачатковых класаў, настаўнік-дэфектолаг, музычны работнік наведваюць пазакласныя мерапрыемствы, знаёмяцца з распарадкам дня дашкольнай групы, прыходзяць на заняткі ў садзе і ў 1 класе. У нашым вучэбна-педагагічным комплексе адкрыты пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі, дзе выхаванцы з парушэннямі маўлення могуць атрымаць дапамогу настаўніка-дэфектолага і пры неабходнасці працягнуць заняткі на першай ступені агульнай сярэдняй адукацыі.
Выхавальнік дашкольнай адукацыі, настаўнік-дэфектолаг і псіхолаг характарызуюць дзіця, яго гатоўнасць да вучэбнай дзейнасці, асаблівасці сацыяльна-асобаснага развіцця. У канцы года на кожнае дзіця складаецца псіхолага-педагагічная характарыстыка, праводзіцца медыцынскі агляд.
Не толькі педагогі, але і дзеці цесна ўзаемадзейнічаюць адно з адным. Былыя выхаванцы дзіцячага садка кожны дзень на перапынках імкнуцца пабываць у дзіцячым садзе. Яны расказваюць пра свае поспехі ў вучобе, цікавяцца сваімі малодшымі таварышамі (група рознаўзроставая), хочуць пазнаёміцца з новенькімі. А малодшыя таварышы з цікавасцю слухаюць іх, спрабуюць пераймаць, каб таксама хутчэй пайсці ў школу. У іх складваецца добрая матывацыя да вучэбнай дзейнасці. Школьнікі (былыя выпускнікі сада) з задавальненнем удзельнічаюць у ранішніках, акцыях дзіцячага сада.
Для дашкольнікаў арганізоўваюцца экскурсіі ў школу, яны ўдзельнічаюць у лінейках, выставах, фізкультурных забаўках, таму яны добра знаёмы з класамі, кабінетамі, бібліятэкай, сталовай, спартзалай, музеем, а галоўнае — добра ведаюць сваю першую настаўніцу і аднакласнікаў. Старэйшыя школьнікі ахвотна прымаюць іх у свае шэрагі.
— Яшчэ адной важнай характарыстыкай школьніка-пачаткоўца з’яўляецца яго гатоўнасць адсядзець 45 хвілін урока. У садку ж заняткі амаль у два разы карацейшыя.
— Так, важным звяном у ажыццяўленні пераемнасці ў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці з’яўляецца ўрок. Урок у пачатковым звяне — гэта працяг заняткаў, якія праводзіліся ў дзіцячым садзе, дзе асноўным відам дзейнасці дзіцяці была гульня. Педагогі на сваіх уроках умела і арганічна спалучаюць гульнявыя моманты з мэтамі і зместам урока. Гульня становіцца як бы своеасаблівым “эмацыянальным правадніком”, які забяспечвае камфортную абстаноўку на ўроку і з’яўляецца сродкам рэалізацыі творчага патэнцыялу дзіцяці. Настаўнікі-прадметнікі будуюць сваю дзейнасць так, каб спачатку выкарыстоўваць на ўроках знаёмыя дзецям формы работы, а затым паступова ўводзяць новыя. Педагогі шырока практыкуюць работу ў парах і групах, ужываюць ролевыя гульні, камп’ютарныя праграмы, дадатковы матэрыял, заахвочваюць самастойны пошук.
— Мікалай Уладзіміравіч, асобна хочацца спытаць пра бацькоў, якіх, зрэшты, таксама трэба рыхтаваць да таго, што іх дзіця пойдзе ў школу. Якую работу праводзіце з татамі і мамамі, каб яны станавіліся партнёрамі, якіх аб’ядноўваюць ідэі школы?
— Сёння яшчэ існуе неабходнасць у фарміраванні бацькоўскай актыўнай пазіцыі раўнапраўнага ўдзельніка адукацыйнага працэсу. У сувязі з гэтым у нас практыкуюцца такія формы супрацоўніцтва з бацькамі, як дні адкрытых дзвярэй, сумесныя святы і спартыўныя мерапрыемствы, выставы творчасці і г.д. Арганізоўваем дзелавыя сустрэчы з бацькамі і настаўнікамі пачатковых класаў, настаўнікам-дэфектолагам, педагогам-псіхолагам, дзе ў форме дыскусіі ўдакладняем, якая пазіцыя бацькоў па пытаннях падрыхтоўкі дзяцей. Дапамагаем бацькам годна прайсці пачатковы перыяд навучання іх дзіцяці ў школе. Прапануем ім заданні, гульнявыя практыкаванні, выставу літаратуры, анкетаванне “Падрыхтоўка дзяцей да школы”, тэсты “Ці гатовыя вы аддаць дзіця ў школу?”.
У лістападзе праводзілі арганізацыйны сход бацькоў, якія жадаюць аддаць сваіх дзяцей у школу. Таты і мамы атрымалі агульнае ўяўленне аб сістэме работы з дзецьмі ў школе, аб патрабаваннях, якія прад’яўляюцца да дзяцей настаўнікам 1 класа. У маі ўвазе бацькоў прапануем адкрытыя заняткі ў садзе і 1 класе. Шырока выкарыстоўваем інфармацыйны стэнд “Праблемы перадшкольнай падрыхтоўкі”, дзе бацькі могуць даведацца пра характарыстыкі адаптацыі да школы, формы навучання дзяцей у дамашніх умовах, пра павышэнне матывацыі, такую псіхалагічную з’яву, як крызіс сямі гадоў.
Размясцілі інфармацыю для бацькоў і на сайце школы. Прапануем ім перасоўку “Гатоўнасць дзіцяці да школы”, дзе бацькі самі спакойна могуць ацаніць неабходнасць падрыхтоўкі дзяцей да школьнага навучання. У цэлым умовы вучэбна-педагагічнага комплексу дазваляюць пераадолець усе праблемы і, галоўнае, стварыць сістэму работы па пераемнасці, якая дае магчымасць выхаванцам лёгка адаптавацца да школьнага асяроддзя і мець высокі ўзровень вучэбнай матывацыі.
— Вялікі дзякуй за змястоўную размову.
Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.