У аснове — практыка і рэальная эфектыўнасць

- 12:57Навіны рэгіёнаў

У Віцебску падвялі вынікі першага года рэалізацыі праекта па падтрымцы таленавітай моладзі Беларусі і ўзнагародзілі лаўрэатаў прэміі “Таленавіта”.

Праграма з прыгожай і запамінальнай назвай “Таленавіта” стартавала на Віцебшчыне па прапанове аднаго з лідараў айчыннай фармацэўтычнай прамысловасці СТАА “Націвіта” і першага ў краіне медыка-фармацэўтычнага кластара “Саюз медыцынскіх, фармацэўтычных і навукова-адукацыйных арганізацый “Медыцына і фармацэўтыка”. Ініцыятыву падтрымалі аблвыканкам, Дзяржаўны камітэт па навуцы і тэхналогіях Рэспублікі Беларусь, Міністэрства спорту і турызму Рэспублікі Беларусь. За некалькі месяцаў сумесны сацыяльны праект бізнесу, вышэйшай школы і спорту пашырыў межы і статус з абласнога да рэспубліканскага. Удзельнікамі навукова-адукацыйных мерапрыемстваў “Таленавіты” сталі сотні юнакоў і дзяўчат з усіх рэгіёнаў рэспублікі. Пры гэтым з самага пачатку арганізатары праекта імкнуцца да мінімуму знешняй эфектнасці, галоўнае — рэальная эфектыўнасць: пошук маладых талентаў у сферы навукі, спорту і мастацтва, іх рознабаковая падтрымка, матывацыя на атрыманне ведаў, развіццё і нараджэнне крэатыўных ідэй. Як падкрэсліў старшыня савета дырэктараў СТАА “Націвіта” Аляксей Сычоў, каб не апынуцца за бортам прагрэсу, неабходна не толькі падтрымліваць, але і гадаваць таленавітую моладзь. Гэта значыць, трэба знаходзіць нестандартныя адукацыйныя падыходы, прыцягваць да дапрафесійнай і прафесійнай падрыхтоўкі, настаўніцтва яркіх спецыялістаў-практыкаў. Для будучых наймальнікаў важна “не прапусціць ніводную таленавітую галаву ў краіне, у якой бы глыбінцы яна ні знаходзілася”, таму мэта праграмы — не проста заахвоціць лепшых, а стварыць юнакам і дзяўчатам спрыяльныя ўмовы для росту, далучыць да рэальных даследаванняў і праектаў, што ў перспектыве могуць стаць асновай іх прафесійнай дзейнасці.

Выніковае пасяджэнне “Таленавіты” ў фармаце элітарнага клуба маладых талентаў TalenClub у Віцебскім дзяржаўным медыцынскім універсітэце аб’яднала знакамітых вучоных, бізнесменаў, палітыкаў, спартсменаў і больш за 500 маладых людзей — лаўрэатаў рэспубліканскай праграмы па падтрымцы таленавітых навучэнцаў і студэнтаў. Для моладзі была падрыхтавана цікавая і насычаная падзеямі праграма, што ўключала сустрэчы з прадстаўнікамі органаў дзяржаўнай улады, інтэлектуальную гульню, круглы стол з удзелам аўтарытэтных у сваіх сферах прафесійнай дзейнасці экспертаў, наведванне знакавых спартыўных аб’ектаў разам з легендамі спорту Вадзімам Дзевятоўскім, Вадзімам Стральцовым і Артурам Таймазавым. Кульмінацыяй урачыстасці стала ўзнагароджанне лаўрэатаў у некалькіх намінацыях. Сярод тых, хто атрымаў грашовыя прэміі і прызы, — пераможцы і прызёры міжнародных алімпіяд па дакладных і прыродазнаўчых навуках сярод школьнікаў, міжнародных спартыўных спаборніцтваў сярод юніёраў, летняй студэнцкай навуковай змены “Рак пад кантролем: ідэі і метады сучаснай анкалогіі”, навукова-практычнай канферэнцыі “Эўрыка” (конкурсу работ даследчага характару навучэнцаў устаноў адукацыі Віцебскай вобласці), рэспубліканскага конкурсу навукова-даследчых работ студэнтаў і маладых вучоных “Фармакаэканоміка сацыяльна значных захворванняў: стратэгіі ўстойлівага развіцця”. Дыпломамі за значны асабісты ўклад у фарміраванне і развіццё маладзёжнага навуковага руху адзначаны лепшыя педагогі.

— Прыемна зноў удзельнічаць у “Таленавіце” і пераканацца ў тым, што падтрыманы кіраўніцтвам вобласці праект паслядоўна, на сістэмнай аснове развіваецца, — на цырымоніі ўручэння ўзнагарод адзначыў першы намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Алег Мацкевіч. — Спадзяюся, што сумеснымі з яго ініцыятарамі намаганнямі мы зможам у тым ліку вырашыць кадравую праблему, актуальнасць якой для эканомікі пастаянна расце.

Намеснік старшыні Віцебскага аблвыканкама Уладзімір Пенін пажадаў таленавітай моладзі новых перамог, каб поспех спадарожнічаў усім пачынанням і ініцыятывам. Памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь — інспектар па Віцебскай вобласці Віталь Воўк адзначыў, што такія праграмы, як “Таленавіта”, дапамагаюць іх удзельнікам вырастаць у кампетэнтных спецыялістаў, запатрабаваных ва ўсіх сферах дзейнасці, і выказаў упэўненасць, што ўсе прысутныя юнакі і дзяўчаты ў будучыні стануць сапраўднымі прафесіяналамі. Для многіх старшакласнікаў і студэнтаў паспяховы ўдзел у праграме — моцны стымул і значны крок у сур’ёзную навуковую дзейнасць. Лепшыя з іх атрымліваюць запрашэнні на міжнародныя канферэнцыі і трапляюць “на карандаш” да кіраўнікоў вядучых навуковых цэнтраў і бізнес-кампаній як падрастаючыя перспектыўныя кадры. Напрыклад, два ўдзельнікі праекта ўжо атрымалі запрашэнне на работу ў Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр анкалогіі і медыцынскай радыялогіі імя М.Аляксандрава.

— Займацца навукай трэба пачынаць са школы і студэнцтва. Менавіта студэнты здольны на генерыраванне прарыўных ідэй, — перакананы дырэктар РНПЦ Алег Суконка. — Задача старэйшага пакалення — убачыць у гэтым рацыянальнае зерне, арганізаваць моладзь і стварыць умовы для развіцця талентаў.

Сістэма работы ў рамках “Таленавіты” пастаянна ўдасканальваецца, узбагачаецца новымі ідэямі і мерапрыемствамі. Арганізатары плануюць працягнуць супрацоўніцтва з вядучымі ўстановамі вышэйшай адукацыі і навуковымі цэнтрамі, школамі, гімназіямі і каледжамі. Акрамя таго, для самых матываваных разглядаюцца стажыроўкі на еўрапейскіх навуковых пляцоўках, магчымасць рэалізацыі лепшых ініцыятыў, працяг работы і новыя даследаванні ў лабараторыях СТАА “Націвіта” і кампаніях кластара. Праект адкрыты для бізнес-партнёраў і арганізацый, якія падзяляюць пазіцыю заснавальнікаў: “Менавіта маладыя таленты здольны генерыраваць ідэі, якія штурхаюць наперад эканоміку, навуку, мастацтва, а значыць, і грамадства ў цэлым”.


Таццяна БОНДАРАВА
Фота аўтара.