У аснове цяперашніх адносін — фундамент, закладзены яшчэ ў савецкі перыяд

Эканамічнае супрацоўніцтва Беларусі і В’етнама трэба падцягваць да ўзроўню палітычных адносін. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў на сустрэчы з паслом В’етнама Ле Анем, які завяршае дыпламатычную місію ў Беларусі.

“Палітычныя адносіны, наша дыпламатыя значна апярэджваюць гандлёва-эканамічныя адносіны. І, зразумела, трэба падцягваць гандаль, эканоміку да ўзроўню нашых палітычных адносін. Мы да гэтага гатовы. Вельмі важна, што ўсё, што мы вырабляем у Беларусі, сёння запатрабавана ў В’етнаме. У сваю чаргу В’етнам вырабляе вельмі шмат тавараў, якія мы закупляем на знешніх рынках. Нам трэба актывізавацца”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

“Для нас В’етнам — адзін з сур’ёзнейшых знешнепалітычных прыярытэтаў. Вы нам людзі не чужыя. Вы родныя для нас людзі, — адзначыў беларускі лідар. — Мы разам з вамі змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць В’етнама, і ў тым росквіце, які намеціўся ў В’етнаме, у тых поспехах, якія вы сёння маеце, мусіць, ёсць пэўная заслуга і савецкага чалавека”. У аснове цяперашніх адносін — фундамент, закладзены яшчэ ў савецкі перыяд.

“Хачу вас запэўніць, і перадайце гэта кіраўніцтву В’етнама, што найбліжэйшых сяброў у свеце вы не знойдзеце, іх проста няма. Мы вельмі цэнім, што В’етнам адпаведным чынам ставіцца да нас, асабліва кіраўніцтва В’етнама. Цэнячы гэтую дружбу, мы адпаведным чынам будзем дзейнічаць. Вы заўсёды будзеце бачыць у нас не проста надзейных партнёраў — гэта не абмяркоўваецца, але і блізкіх сяброў, якія гатовы прыйсці вам на дапамогу ў любую хвіліну, каб шматпакутны народ В’етнама жыў і працвітаў”, — падкрэсліў прэзідэнт.

У сваю чаргу пасол В’етнама адзначыў, што цяперашняе кіраўніцтва яго краіны і беларускае — з аднаго пакалення. Таму знайсці агульную мову і зразумець адно аднаго ім проста.

Паміж Беларуссю і В’етнамам створана трывалая дагаворна-прававая база двухбаковых адносін. Заключана больш за 85 міждзяржаўных, міжурадавых і міжведамасных пагадненняў.

У кастрычніку 2016 года ўступіла ў сілу пагадненне аб зоне свабоднага гандлю паміж дзяржавамі — членамі Еўразійскага эканамічнага саюза і В’етнамам, а таксама Беларуска-в’етнамскі міжурадавы пратакол аб падтрымцы вытворчасці маторных транспартных сродкаў на тэрыторыі В’етнама.