У аснове ўсяго павінна ляжаць справядлівасць

- 10:15Інфармацыйная гадзіна

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць справядлівага стаўлення да людзей, асабліва з боку супрацоўнікаў праваахоўных органаў. Аб гэтым ён заявіў, назначаючы Юрыя Караева на пасаду кіраўніка МУС.

Кіраўнік дзяржавы параіў міністру быць бліжэй да людзей і непасрэдна разбірацца ў праблемах, што ўзнікаюць. “Не трэба, як вось здарылася з цыганамі, — Наталля Іванаўна (Качанава) ездзіла, разбіралася па маім даручэнні. Пакрыўдзілі людзей ні за што. Дык трэба папрасіць прабачэння”, — сказаў прэзідэнт.

Ён адзначыў, што калі зафіксавана нейкае правапарушэнне або злачынства, то ў першую чаргу адпрацоўваюцца асобы, якія раней учынялі падобнае. “Калі вы недзе парушалі, ёсць спіс. У кожнага аддзела міліцыі ёсць спіс”, — растлумачыў Аляксандр Лукашэн­ка. Больш за тое, у выпадку са смерцю супрацоўніка праваахоўных органаў у Магілёве падазрэнне першапачаткова па яго ж наводцы прыпала на канкрэтную групу грамадзян.

“Перабралі. Убачылі, што яны не вінаваты. Дык пайдзіце і проста папрасіце прабачэння ў іх, — сказаў Аляксандр Лукашэнка. — І людзі зразумеюць. Не трэба плугам або бульдозерам перці на ўсё, што перад табой. Недзе трэба і паакуратней, недзе трэба аб’ехаць. А не атрымалася — папрасі прабачэння”.

“Трэба разумна. Не трэба людзей лі­чыць сваімі ворагамі: ах, там вось гэтыя цыганы, яны такія-сякія… Нармальныя яны лю­дзі. Што, сярод беларусаў, рускіх, яўрэяў або палякаў у нас тут няма злачынстваў? Ды хапае! Справядлівасць павінна ляжаць у аснове ўсяго, асабліва ў тых, хто носіць пагоны, таму што да людзей у пагонах бягуць за абаронай. Народ бяжыць, каб яго абаранілі. А калі ты яго адпіхваеш і крыўдзіш, гэта вельмі балюча для чалавека”, — рэзюмаваў беларускі лідар.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што лічыць неабходным звярнуць увагу на пытанні дысцыпліны ў органах унутраных спраў.

“Шчыра кажучы, міліцыю трэба крыху ўзварухнуць у плане дысцыпліны. Ну, а для гэтага які патрэбен чалавек? Ваенны. Хоць вы адносна ваенны чалавек, вы і міліцыю добра ведаеце. Вы там былі ўнутры, вы бачылі гэтыя праблемы. А ўвогуле, таму, чаго не ведаеце, навучыцеся”, — сказаў кіраўнік дзяржавы.

Даючы наказ Юрыю Караеву, кіраўнік дзяржавы выказаў пажаданне, каб ён быў цвёрдым, рашучым, у меру жорсткім і разам з тым паважаў людзей. “Той, хто заслугоўвае, каб яго падтрымалі і нават п’янага дадому адвезлі, — так трэба і зрабіць. Той, хто заслугоўвае па галаве або па мордзе, — павінен атрымаць. Усё павінна быць сумленна і справядліва, — сказаў прэзідэнт. — Гэта ваш прынцып работы. І дысцыпліна. Адзінае, я вас проста прашу: не заседжвайцеся на месцы тут, у Мінску. Больш бывайце ў падраздзяленнях. Абавязкова трэба па­быць ва ўсіх абласных упраўленнях унутраных спраў. Ну, і ў гарадах — вялікіх, раённых”.

Гаворачы аб назначэнні Юрыя Караева на пасаду міністра, кіраўнік дзяржавы адзначыў, што прыняў гэтае рашэнне напярэдадні, прычым на безальтэрнатыўнай аснове. “Я вызначыўся яшчэ раней: калі пра вас ішла размова, калі я ў вас быў. Я не проста так да вас прыехаў тады. І я зразумеў, што вы можаце ў перспектыве быць міністрам або займаць больш высокую пасаду. Гэта калі вяртацца да тых часоў, калі я наведваў ваша падраздзяленне”, — расказаў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што такія кадравыя перастаноўкі не бываюць раптоўнымі. “Зразумела, што я як прэзідэнт бачыў пэўныя тэндэнцыі ў кадравых змяненнях у сілавых структурах. І тады я вызначыўся, што Юрый Хаджымуратавіч можа нам спатрэбіцца на канкрэтнай рабоце”, — дадаў ён.

Кіраўнік дзяржавы пры гэтым падкрэсліў, што хоць Юрый Караеў і ваенны чалавек у структуры органаў унутраных спраў, гэта міліцыі цяпер якраз і трэба. Гэта ў тым ліку звязана з тым, што функцыя следства раней была перададзена са сферы адказнасці міліцыі. “Ёсць Следчы камітэт. Што ў міліцыі засталося — фактычна кожны дзень баявая работа — што грамадскі парадак, што барацьба з бандытамі — крымінальная міліцыя, што АМАП і ваенны складнік”, — сказаў прэзідэнт.