У асяроддзі полікультурнага ўзаемадзеяння

- 11:37Віцебшчына

Дырэктар сярэдняй школы № 16 Оршы Галіна Якаўлеўна Кабешава сустрэла нас у парку экалагічнай культуры, створаным на тэрыторыі ўстановы рукамі педагогаў, дзяцей і іх бацькоў. Мы прагуляліся па садзе філосафа і па алеі з духмяным бэзам, адпачылі каля кветкавага фантана, спраектаванага ў традыцыях заходняй культуры. Прыпыніліся каля саду камянёў — тут адчуваецца подых усходняй культуры і філасофіі, якія цудоўна спалучаюцца з заходнімі матывамі.

Кожны куточак парку экалагічнай культуры мае сваё прызначэнне. Прадугледжана альтанка для правядзення ўрокаў малявання, школьнікі праводзяць даследаванні — слухаюць спевы птушак, вывучаюць біяразнастайнасць, лекавыя расліны, якія тут высаджваюцца. На тэрыторыі парку размешчаны дзве цяпліцы. Стратэгія развіцця сярэдняй школы № 16 Оршы грунтуецца на адукацыйнай канцэпцыі ў інтарэсах устойлівага развіцця. Установа ўваходзіць у партнёрскую сетку школ устойлівага развіцця краіны і асацыяцыю “Адукацыя для ўстойлівага развіцця”. Тут укаранёна сістэма экалагічнага менеджменту. Школай рэалізаваны наступныя рэспубліканскія інавацыйныя праекты: “Укараненне мадэлі арганізацыі дзейнасці рэгіянальнага рэсурснага цэнтра комплекснай падтрымкі адукацыі ў інтарэсах устойлівага развіцця ў практыку ўстаноў адукацыі” (2011—2014 гады), па выніках якога школа з’яўляецца рэсурсным цэнтрам забеспячэння сацыякультурных змяненняў рэгіёна, і “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі” (2014—2017 гады), у ходзе якога школа рэалізоўвала некаторыя ініцыятывы. Ва ўстанове былі створаны бізнес-кампанія па вырабе з другаснай сыравіны вопраткі і розных аксесуараў, практыка-развіццёвы комплекс “Парк экалагічнай культуры”. Акрамя таго, укаранёна сістэма экалагічнага менеджменту, арганізаваны фестываль “Мост пакаленняў” і інш. Яшчэ адзін інавацыйны праект — “Укараненне мадэлі арганізацыі адукацыйных практык у інтарэсах устойлівага развіцця ў мэтах фарміравання творчага патэнцыялу навучэнцаў” (2017—2020 гады). Яго ажыццяўленне забяспечваецца праз пашырэнне полікультурнага ўзаемадзеяння.

З 2014 года школа наладзіла супрацоўніцтва з Кітайскай Народнай Рэспублікай і адразу пачала выкладацца факультатыўна кітайская мова. У 2015 годзе на базе школы арганізавана навучанне кітайскай мове групы педагогаў Оршы, у асноўным настаўнікаў замежных моў. Так, выкладчыца англійскай мовы 16-й школы Хрысціна Уладзіміраўна Астапенка вывучае мову і самастойна, і пры дапамозе валанцёра — носьбіта мовы Гаа Ваньжоу, якая працуе ў школе ў рамках праграмы дзяржаўнай канцылярыі па міжнародным распаўсюджванні кітайскай мовы (штаб-кватэры інстытутаў Канфуцыя (Ханьбан). Хрысціна Уладзіміраўна і Гаа Ваньчжоу часта праводзяць сумесныя ўрокі кітайскай мовы. Яны старанна і беражліва нясуць кітайскую культуру навучэнцам.

З 2016 года па пагадненні з Рэспубліканскім інстытутам кітаязнаўства імя Канфуцыя БДУ ва ўстанове створаны цэнтр вывучэння кітайскай мовы і культуры. У найбліжэйшай перспектыве на базе школы плануецца адкрыццё кабінета Канфуцыя. Штогод навучэнцы школы прымаюць удзел у кітайскім свяце ліхтароў, конкурсе дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, конкурсе-алімпіядзе “Мост кітайскай мовы”. Вучань 6 класа Ілья Рубанькоў стаў уладальнікам спецыяльнай стыпендыі пасла Кітая ў Рэспубліцы Беларусь. Сталі традыцыйнымі фестываль, прысвечаны сустрэчы кітайскага Новага года “Вясна з вясною сустрэліся”, тыдзень кітайскай мовы і культуры.

1 красавіка 2017 года ў сярэдняй школе № 16 Оршы адбылося ўрачыстае адкрыццё лінгафоннага кабінета, перададзенага ў дар школе Надзвычайным і Паўнамоцным Паслом Кітая ў Рэспубліцы Беларусь спадаром Цуй Цімінам. У кабінеце ўсталяваны камп’ютары і 2 мультымедыйныя ўстаноўкі, мультыборд, інтэрактыўная дошка. Адкрыццё лінгафоннага кабінета — гэта новы этап у развіцці школы, які дае магчымасць для пашырэння полікультурнага ўзаемадзеяння праз выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій. У бібліятэцы школы ёсць уся неабходная літаратура для настаўнікаў і вучняў, у тым ліку аўдыя- і відэадапаможнікі для вывучэння кітайскай мовы як на пачатковым узроўні, так і на паглыбленым.

“Адзін з прынцыпаў пагружэння ў культуру вялікага кітайскага народа — у тым, што яна разглядаецца ў параўнанні з нашай, беларускай, культурай, не менш вялікай і любімай, — адзначыла дырэктар школы Галіна Якаўлеўна Кабешава. — Мы праводзім нітку дыялогу, знаходзім пункты судакранання. Побач з традыцыйнай кітайскай выразкай з паперы знаходзіцца беларуская выцінанка, а побач з традыцыйным кітайскім вузлом, неад’емным элементам кітайскай культуры і мастацтва, — наша макрамэ, вырабы з саломкі і г.д. Часам здзіўляемся: дзе Кітай, а дзе Беларусь, а слова “мама” гучыць аднолькава (па-кітайску — “мамо”)”.

Наступная ініцыятыва, якую рэалізуе школа, накіравана на развіццё творчых здольнасцей навучэнцаў праз полікультурнае ўзаемадзеянне з мэтай дапамагчы школьнікам мець зносіны з дзецьмі з розных краін. Так, новыя рэсурсы іЕАRN-праектаў дазволілі пашырыць геаграфію супрацоўніцтва з дзецьмі розных дзяржаў. Школьнікі ўдзельнічаюць у міжнародных праектах па абмене каляднымі паштоўкамі, праекце “Плюшавы мядзведзь”, па абмене нацыянальнымі шкатулкамі, падзяліся ўсмешкай са светам, а таксама ў анлайн-сустрэчах з вучнямі Кітая.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.