У атмасферы спаборніцтва, гонару і ліцэйскага братэрства

“Быццё вызначае свядомасць”, — сказаў некалі К.Маркс. У дачыненні да магілёўскага абласнога ліцэя № 3 хочацца перайначыць знакамітую фразу на “вучэбна-выхаваўчае асяроддзе вызначае свядомасць ліцэістаў”. Гэтая навучальная ўстанова мае свае традыцыі і адметнасці, якія дапамагаюць дасягаць поспеху кожнаму — і педагогу, і яго выхаванцу. Як заўважыла намеснік дырэктара Вольга Даніленка, у ліцэй прыходзяць ужо дарослыя дзеці, таму працуюць з імі па-даросламу.

А дарослае стаўленне да працы — гэта найперш адказнасць, уменне канцэнтравацца, слухаць і чуць. “Мы імкнёмся далучаць усіх да калектыву і развіваць у кожным цягу да спаборніцтва, гонар за абраны профіль, культывуем ліцэйскае братэрства.

У лік профільных напрамкаў, якія прапануюцца ліцэістам, уваходзяць фізіка-матэматычны, хіміка-біялагічны, хіміка-матэматычны, грамадазнаўчы, матэматыка-філалагічны. Сістэмнасць адукацыйнага працэсу забяспечваюць, зразумела, урокі, факультатывы, стымулюючыя заняткі, аб’яднанні па інтарэсах, навуковае таварыства навучэнцаў. Асноўнымі напрамкамі, па якіх вядзецца пазакласная і пазаўрочная работа, з’яўляюцца алімпіядны рух, арганізацыя навукова-даследчай работы з навучэнцамі”, — адзначыла Вольга Уладзіміраўна.

Ліцэй сёння — гэта 359 навучэнцаў 10—11 класаў (прыкладна палова — іншагароднія) і 53 настаўнікі. А яшчэ — шматлікія перамогі на ўсіх этапах рэспубліканскай алімпіяды, міжнародных алімпіядах, навукова-практычных конкурсах і канферэнцыях як рэспубліканскага, так і міжнароднага ўзроўню, 100-бальныя вынікі на цэнтралізаваным тэсціраванні. Толькі ў гэтым годзе на рэспубліканскай алімпіядзе па вучэбных прадметах ліцэісты заваявалі 9 дыпломаў і 1 пахвальны водзыў. У іх алімпіяднай скарбонцы дыпломы па хіміі, біялогіі, грамадазнаўстве, беларускай мове і літаратуры.

У ліцэі ёсць класы сумеснага навучання з суседняй сярэдняй школай № 21 (8—9 класы), у якіх дзеці вучацца па фізіка-матэматычным, хіміка-біялагічным і матэматыка-філалагічным напрамках. З дзевяці ўдзельнікаў 9-х класаў сумеснага навучання трое былі ўзнагароджаны дыпломамі рэспубліканскай алімпіяды, прычым адзін — І ступені (па фізіцы), два навучэнцы атрымалі пахвальныя водзывы.

За кожнай такой перамогай стаіць карпатлівая работа ліцэіста і педагога. Настаўнікі ў ліцэі — высокакваліфікаваныя. На вынік працуе і стабільнасць педагагічнага калектыву, і карпаратыўны дух. У прыватнасці, сярод педагогаў — 12 выдатнікаў адукацыі, 31 педагог ліцэя 65 разоў быў уганараваны прэміяй спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў! У 2016 годзе медалём “За працоўныя заслугі” ўзнагароджана намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Тамара Мікалаеўна Вінаградава, а ў 2017 годзе — настаўніца матэматыкі Ала Міхайлаўна Рашаль.

Ёсць у ліцэі педагогі, якія заклалі ў навучальнай установе адметныя метадычныя традыцыі. Гэта заслужаны настаўнік Рэспублікі Беларусь настаўніца біялогіі Зінаіда Мікалаеўна Шакава і настаўніца матэматыкі кандыдат навук Дзіна Канстанцінаўна Алейнікава. Цяпер у ліцэі праводзяцца алімпіяды імя гэтых настаўніц для вучняў, якія збіраюцца паступаць у ліцэй.

20 разоў навучэнцы ліцэя станавіліся пераможцамі міжнародных алімпіяд. Пачыналася ўсё з алімпіяд па біялогіі ў 1999 годзе. Ёсць пераможцы міжнародных алімпіяд па фізіцы, матэматыцы, геаграфіі, хіміі, алімпіяды Саюзнай дзяржавы. Ганна Лугавая — прыклад маладога навукоўца, гонар ліцэя, яна паспяхова скончыла МДУ імя М.Ламаносава, Кембрыджскі ўніверсітэт, цяпер працуе ў навуковым інстытуце ЗША. А пачала з перамогі на Міжнароднай алімпіядзе па хіміі.

За гады работы ліцэя навучэнцы дасягалі 100-бальных вынікаў на цэнтралізаваным тэсціраванні 39 разоў. У 2017 годзе ў ліцэістаў 100-бальных вынікаў было 4. Па трох прадметах (хімія, фізіка і англійская мова) выпускнікі ліцэя дэманструюць лепшыя вынікі ў вобласці.

Ідэйным натхняльнікам калектыву і яго рухавіком ужо шмат гадоў з’яўляецца Канстанцін Міхайлавіч Грыгаровіч. У 2013 годзе распараджэннем кіраўніка дзяржавы дырэктару ліцэя была аб’яўлена падзяка за шматгадовую плённую працу ў сістэме адукацыі. У 2016 годзе Канстанціну Міхайлавічу было прысвоена ганаровае званне “заслужаны работнік адукацыі Рэспублікі Беларусь”.

17 разоў калектыў ліцэя прызнаваўся пераможцам спаборніцтва на лепшую арганізацыю работы па ажыццяўленні адукацыйнай дзейнасці сярод устаноў агульнай сярэдняй адукацыі Магілёўскай вобласці (ліцэі). У 2017 годзе Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ліцэй прызнаны пераможцам спаборніцтва сярод арганізацый адукацыі і занесены на Рэспубліканскую дошку гонару.

Асобнае месца ў вучэбна-выхаваўчым працэсе ліцэя займае даследчая дзейнасць навучэнцаў. Ліцэйскае навуковае таварыства існуе 20 гадоў. За апошнія 7 гадоў у конкурсах даследчых работ і канферэнцыях абласнога ўзроўню ліцэісты заваявалі 28 дыпломаў, на ўзроўні рэспублікі — 6, міжнародных конкурсах — 6. На апошнім рэспубліканскім конкурсе даследчых работ прадстаўнік ліцэя заваяваў дыплом І ступені. Работа практыка-арыентаваная, звязаная з геаінфармацыйнымі сістэмамі і тэхналогіямі.

З некаторымі пераможнымі вынікамі (рэспубліканскага і міжнароднага ўзроўню) даследаванняў ліцэістаў пазнаёміў намеснік дырэктара Сяргей Шыбека. Напрыклад, “Кармушка — і не толькі” — прыстасаванне для кармлення хатніх жывёл, якое дапамагае вырашыць адну з надзённых праблем гараджан. “Сонечны дом” — мадэль дома, архітэктурныя рашэнні якога ўлічваюць найбольш эфектыўнае выкарыстанне сонечнай энергіі (мадэль на платформе, якая паварочваецца за сонцам з дапамогай фотадатчыкаў).

“А вось гэта “гіраскоп”. Калі з разборнай пластмасавай пірамідкі зрабіць караблік, то ён з-за сваёй формы ўвесь час у вадзе будзе пераварочвацца і тануць. Але ж калі раскруціць пірамідку, яна весела закруціцца, перастане пераварочвацца і тануць. Тады прыйшла ідэя: ці можна гэтую з’яву выкарыстоўваць для канструявання новых устойлівых плывучых сродкаў, напрыклад, караблёў, у якіх ёсць масіўныя часткі, якія круцяцца і даюць караблю дадатковую ўстойлівасць. Але ў нашым выпадку гаворка ідзе не пра вялікія караблі, а хутчэй беспілотныя на радыёкіраванні.

А цяпер звярніце ўвагу на “выгадную лесвіцу”. У паўсядзённым жыцці мы можам быць не толькі спажыўцамі энергіі, але і яе вытворцамі. Мы распрацавалі схему пераўтварэння механічнай энергіі ў электрычную. Выкарыстанне “механічнай прыступкі” або “гідраўлічнай”, а таксама “энергазберагальных дзвярэй” будзе спрыяць зніжэнню фінансавых затрат і эканоміі энергарэсурсаў”, — расказаў разам са сваімі вучнямі Сяргей Вячаслававіч.

Як адзначыў намеснік дырэктара па вучэбнай дзейнасці Ігар Лашкевіч, работа па пошуку і адборы адораных навучэнцаў уключае некалькі этапаў, у прыватнасці, навучанне школьнікаў Магілёва ў групах заняткаў па інтарэсах звыш праграм агульнай базавай адукацыі на курсах “Юнага ліцэіста” (на курсах вучыцца 500 дзяцей, работа з імі вядзецца практычна з 5 класа); арганізацыю работы класаў (8—9) сумеснага навучання з сярэдняй школай № 21 Магілёва на аснове дагавора аб сумеснай дзейнасці ў галіне адукацыі; індывідуальную работу з пераможцамі алімпіяд і іх бацькамі, рассылку імянных запрашэнняў на дні адкрытых дзвярэй. А таксама выязныя мерапрыемствы ў раёны вобласці з мэтай правядзення алімпіяд і заняткаў з навучэнцамі, правядзенне імянных прадметных алімпіяд, асвятленне дзейнасці ліцэя з выкарыстаннем інфармацыйных тэхналогій на сайце навучальнай установы.

Ліцэй — гэта яшчэ і святы, арганізацыя самых розных мерапрыемстваў (спартыўных, забаўляльных, інтэлектуальных), вандровак, якія працуюць на аб’яднанне ліцэістаў, падтрымку асаблівага ліцэйскага духу, які гаспадарыць тут ужо 25 гадоў і прыцягвае новых навучэнцаў.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Ігара ГРЭЧКІ.