У атмасферы стартапа

Сучасныя кампаніі — нават карпарацыі-гіганты — імкнуцца існаваць па правілах стартапа: будаваць нефармальныя зносіны ў калектыве, пастаянна генерыраваць свежыя ідэі і хутка правяраць смелыя гіпотэзы. Для гэтага патрэбны крэатыўныя і адкрытыя для новага супрацоўнікі, якія ўмеюць ствараць у такіх умовах. Як расціць будучых інаватараў і стартапераў, крэатыўных дырэктараў і менеджараў прадукту?

Свой адказ на гэтыя пытанні нам прапанаваў аддзел тэхнічнай творчасці Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска, дзе ў верасні была створана лабараторыя высокіх тэхналогій.

Групы па інтарэсах і праекты пасля заняткаў

Яшчэ два гады назад у цэнтры не было нават аб’яднання па робататэхніцы. Як прызнаецца загадчыца аддзела па асноўнай дзейнасці Таццяна Аляксандраўна Кізатава, самае складанае ў адкрыцці гуртка — пошук педагога.

— З аднаго боку, патрэбна, каб гэты чалавек вельмі добра разбіраўся ў робататэхніцы, з другога — каб ён умеў проста і зразумела расказаць пра яе дзецям, — акрэслівае праблему Таццяна Аляксандраўна. — Знайсці такога спецыяліста няпроста, таму нам вельмі пашанцавала, што да калектыву далучыўся Яўген Андрэевіч Смірноў. Ён сам не так даўно скончыў універсітэт, а дзеці, вядома, цягнуцца да моладзі.

Я лічу, каб тэхнічная творчасць заставалася актуальнай, трэба больш давяраць маладым спецыялістам.

Так склалася, што і 3D-мадэляванне, і камп’ютарную графіку ў нас выкладаюць маладыя педагогі Віктар Васільевіч Каханаў і Ганна Мікалаеўна Ашурка.

Малады калектыў — дадатковая матывацыя да эксперыментаў. Маладыя педагогі больш ахвотна бяруцца за нестандартныя формы работы. Лабараторыя высокіх тэхналогій — менавіта такі эксперыментальны праект.

Лабараторыя аб’яднала выхаванцаў, якія займаюцца робататэхнікай, 3D-мадэляваннем і камп’ютарнай графікай. Дзеці, акрамя сваіх асноўных заняткаў, наведваюць іншыя, каб мець веды ў розных галінах камп’ютарных тэхналогій. Шырокі кругагляд дазваляе ім больш абгрунтавана разважаць падчас распрацоўкі ўласных праектаў — праграм, робатаў, гульняў. Такія праекты ўзнікаюць менавіта ў агульнай ін­тэлектуальнай прасторы, якую ўяўляе сабой лабараторыя.

— Нашы педагогі цалкам прытрымліваюцца свайго плана правя­дзення заняткаў, дзеці засвойваюць праграму, — тлумачыць свой падыход Таццяна Аляксандраўна. — Але сэнс у тым, каб і дзеці, і дарослыя выходзілі за межы свайго асноўнага прадмета, валодалі базавымі навыкамі з іншых сфер высокіх тэхналогій. У нас пастаянна адбываецца абмен думкамі паміж выхаванцамі з розных аб’яднанняў па інтарэсах.

На адкрыцці лабараторыі.

Навучэнцы застаюцца ў лабараторыі пасля заняткаў, з імі — адзін з педагогаў. Тут яны вольныя прапаноўваць праекты, збірацца ў каманды па інтарэсах і спраба­ваць рэаліза­ваць гэтыя задумы. Бацькі ўжо прывыклі давяраць педагогам: упэўнены, што дзеці пад наглядам.

— Мы ведаем ад баць­коў, што нашы выхаванцы, здараецца, так захапляюцца работай над праектамі, што забываюцца пра вучобу, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — Бывае, бацькі папярэджваюць педагога, што не пусцяць дзіця на некалькі заняткаў, бо яно не паспявае ў вучобе. Каб вярнуцца ў лабараторыю, хлопчыкі і дзяўчынкі вельмі хутка выпраўляюць любыя “хвасты”.

Конкурсы — стымул працаваць па-даросламу

Для лабараторыі значную ролю адыгрываюць конкурсы па праграмаванні і робататэхніцы, якіх сёння вельмі шмат праходзіць у краіне. Акрэсленыя дэдлайны, канкурэнцыя з іншымі праектамі падтрымліваюць матывацыю школьнікаў і набліжаюць вучобу ў цэнтры творчасці да работы ў ІТ-кампаніі.

Падчас падрыхтоўкі конкурснай работы (як і ўвогуле на сустрэчах лабараторыі) вельмі важна, каб педагог правільна разумеў сваю ролю, умеў накіроўваць, але не кіраваць работай. Адыходзіць ад ролі настаўніка трэба, каб прывучыць дзяцей да самастойнасці. Важна, каб яны ўмелі самі абараняць свае ідэі, асэнсоўваць крытыку “калег” і на яе аснове паляпшаць праект.

— Мне часта даводзіцца назіраць за групамі, якія аб’ядналіся для ўдзелу ў тым ці іншым конкурсе, — дзеліцца ўражаннямі Таццяна Аляксандраўна. — Яны горача спрачаюцца, па-даросламу даказваюць адно аднаму сваю думку.

Даставіць на спаборніцтвы роставых лялек дапамаглі неабыякавыя арганізацыі горада.

Да ідэй школьнікаў у аддзеле ставяцца з увагай, але не без здаровай крытыкі. Напрыклад, адзін з выхаванцаў хоча зрабіць робат-пыласос. Хутчэй за ўсё, сканструіра­ваць нешта лепшае за дасягненні прафесійных інжынераў ён не зможа. Але калі атрымаецца сабраць такога памочніка з тых сродкаў і інструментаў, якія ёсць пад рукой, гэта будзе добрым практыкаваннем.

— Яшчэ адзін праект, які паказаў патэнцыял лабараторыі, — гульня пра Бабруйскую крэпасць, якая была адзначана дыпломам ІІ ступені на Рэспубліканскім конкурсе “Патрыёт. by”, — працягвае пералік Таццяна Аляксандраўна. — Дзеці самі прапанавалі такую тэму гульні, прыдумалі альтэрнатыўную гісторыю абароны крэпасці, у якой усё залежыць ад дзеянняў гульца.

Падчас падрыхтоўкі праекта каманда не адзін дзень прасядзела ў бібліятэцы, каб дабіцца большай дакладнасці і праўдападобнасці.

Вельмі прыемна бачыць, як выхаванцы ахвотна збіраюцца вакол кніжак, горача спрачаюцца на гістарычныя тэмы, якімі не так проста зацікавіць падлеткаў.

Ужо зараз відаць, што змяшэнне юных тэхнікаў з розных аб’яднанняў дае ім канкурэнтную перавагу. Напрыклад, на конкурс “Ратавальнікі вачыма дзяцей” яны зрабілі трэнажор, па якім іншыя дзеці могуць вывучаць правілы бяспечных паводзін, а таксама падключылі навыкі робататэхнікі — сканструявалі руку-маніпулятар, якая ту­шыць пажар. Такое спалучэнне было заўважана і ўжо прынесла перамогу на гарадскім этапе конкурсу. Зразумела, што без агульнай прасторы, створанай у лабараторыі высокіх тэхналогій, аб’яднаць у адным праекце розныя віды тэхнічнай творчасці было б складаней.

Каб пашыраць кола зносін сваіх выхаванцаў, педагогі арганізавалі адкрытыя спаборніцтвы па мабільнай робататэхніцы, да якіх далучыліся вучні агульнаадукацыйных школ і прыватнага адукацыйнага цэнтра. Цікава, што турнір прайшоў не ва ўстанове адукацыі, а ў гандлёвым цэнтры. Дзякуючы такому фармату, з аднаго боку, удзельнікі змаглі пахваліцца сваімі навыкамі перад сем’ямі, з другога — цэнтр творчасці паказаў бацькам іншых дзетак свае магчымасці, зрабіў своеасаблівую рэкламу лабараторыі.

Галоўнае — мець мэту

Пакуль дзеці на конкурсе знаёміліся і абмяркоўвалі робатаў, дарослыя займаліся нэт­воркінгам — наладжваннем дзелавых сувязей. Ужо дамовіліся разам арганізоўваць такія спаборніцтвы рэгулярна — збіраць вучняў раз у сезон. І, як упэўнены педагогі, гэта толькі пачатак.

— Мы вельмі ўважліва сочым, што цікава дзецям і бацькам, — расказвае Таццяна Аляксандраўна. — Самы просты і зручны спосаб трымаць руку на пульсе — выходзіць у горад, туды, дзе звычайна шмат людзей. Мы, напрыклад, у жніўні раздаём флаеры ў парку, каля гандлёвых цэнтраў і ўнівермагаў. І не проста даём паперку, а задаём мамам і татам пытанні пра дзяцей і іх захапленні, пра цікавыя напрамкі дадатковай адукацыі. Калі не саромецца пытацца і ўважліва слухаць адказы, фарміруецца добрае ўяўленне пра запыт.

Аквагрым, забаўляльная праграма, конкурсы і прызы сабралі вялікую аўдыторыю.

Калі зваротная сувязь патрэбна ад дзяцей, педагогі цэнтра раяць не выкарыстоўваць сумнае анкетаванне, а гутарыць сам-насам ці, што яшчэ лепш, арганізоўваць гульню, у якой можна атрымаць шчырыя адказы.

— Сёння педагогу вельмі важна ісці ў нагу з часам, бо дзеці добра адчуваюць, калі іх настаўнікі “выпадаюць”, і проста перастаюць хадзіць на заняткі, — падкрэслівае Таццяна Аляксандраўна. —

Дзяцей лёгка зацікавіць гуртком, а вось утрымаць іх цікавасць складана.

Адукацыйнае асяроддзе патрабуе ад педагога пастаяннай самаадукацыі.

Яшчэ адна цяжкасць, з якой могуць сутыкнуцца педагогі тэхнічнай творчасці, — неабходнасць пастаянна абнаўляць матэрыяльную базу.

— Зараз большасць аб’яднанняў па робататэхніцы працуе з канструктарамі Lego. Гэта вельмі зручныя наборы, але ў іх закладзены пэўныя магчымасці, выйсці за іх межы вучань не можа, — выказвае сваё меркаванне Таццяна Аляксандраўна. — Таму мы карыстаемся больш універсальнымі, на наш погляд, наборамі Arduino, якія даюць больш творчай свабоды.

Як паказвае вопыт аддзела тэхнічнай творчасці, у любых арганізацыйных і матэрыяльных пытаннях на дапамогу могуць прыйсці не толькі іншыя супрацоўнікі і адміністрацыя цэнтра, але і самыя нечаканыя людзі і арганізацыі.

— Галоўнае — мець мэту і жаданне нешта зрабіць, не баяцца расказаць пра іх іншым. Тады ўсе дзверы адчыняцца, — падагульняе Таццяна Аляксандраўна. — Напрыклад, калі мы вырашылі арганізаваць спаборніцтвы па мабільнай робататэхніцы, для нас бясплатна здымалі фатограф і відэограф, розныя кампаніі пагадзіліся прадаставіць падарункі для пераможцаў, мясцовая служба таксі дапамагла прывезці з Мінска роставых лялек-робатаў, якія весялілі малодшых дзяцей.

Вакол вельмі многа людзей, якія разумеюць, што дзеці — гэта будучыня, таму ахвотна ідуць насустрач.

Мар’я ЯНКОВІЧ.
Фота з архіва Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Бабруйска.