У атмасферы супрацоўніцтва і творчай актыўнасці

- 12:24Навіны рэгіёнаў, Рознае

— Ва ўстановах адукацыі павінны быць створаны належныя ўмовы для цікавага, разнастайнага і карыснага адпачынку дзяцей, — лічыць намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Кляпацкай сярэдняй школы Пружанскага раёна Ж.А.Такарчук. — Найбольш эфектыўнай формай работы ў гэтым напрамку з’яўляецца дзейнасць занальных цэнтраў вольнага часу, паколькі яны дазваляюць ахапіць максімальную колькасць удзельнікаў адукацыйнага працэсу. Функцыянаванне такіх цэнтраў у шосты школьны дзень стварае адзіную выхаваўчую прастору. Вучні могуць штомесяц удзельнічаць у масавых міжшкольных мерапрыемствах.

Адна з субот занальнага цэнтра сабрала вучняў 9—11 класаў і іх педагогаў на базе Мокраўскага дзіцячага сада — сярэдняй школы для ўдзелу ў майстар-класе “Арт-фармат”. Дзеці разам з настаўнікамі ператварылі клас у творчую майстэрню. Работа дружнага калектыву кіпела. Вучні разам радаваліся поспехам, разам вырашалі праблемы. Падчас майстар-класа школьнікі асвойвалі асновы пляцення з газет, вучыліся рабіць ляльку-абярэг Зернявушку, асвойвалі тэхніку выканання кветак з гафрыраванай паперы, плялі коскі арыгінальным спосабам і г.д.

— Сумесная творчасць — цікавы від дзейнасці, які дорыць шмат станоўчых эмоцый і стварае цёплую атмасферу. Непасрэдныя зносіны дарослых і дзяцей дазваляюць вучыцца адно ў аднаго, абменьвацца вопытам, удасканальвацца. Незвычайная і цікавая субота ажывіла школьнае жыццё, прайшла ў атмасферы супрацоўніцтва і творчай актыўнасці. І такіх субот будзе яшчэ шмат, — падагульняе Ж.А.Такарчук.

— Пытанні маральнага выхавання і ўдасканалення чалавека хвалявалі грамадства ва ўсе часы, — гаворыць педагог-арганізатар Маларыцкага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя сельскагаспадарчай вытворчасці Н.М.Дзем’янюк. — Сёння гэтыя пытанні з’яўляюцца надзвычай актуальнымі. Асаблівая роля ў іх вырашэнні належыць педагогам, якія павінны выхоўваць духоўна і маральна развітую асобу, адказную за лёс сваёй краіны. Важнае месца ў рэалізацыі гэтай задачы займае мэтанакіраванае і плённае супрацоўніцтва ўстаноў адукацыі і Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.