У атмасферы творчасці і майстэрства

- 11:19Навіны рэгіёнаў

Школьная субота — асаблівы дзень у рабоце нашай установы адукацыі. Педагогі імкнуцца зрабіць яго па-сапраўднаму карысным і пазнавальным, творчым і цікавым для кожнага вучня. А зрабіць гэта бывае складана, бо школу наведваюць больш за 900 дзяцей.

Да суботніх мерапрыемстваў мы рыхтуемся загадзя. Дасканала плануем работу на кожную суботу, шукаем новыя ідэі з улікам эпідэмічнай сітуацыі. Кожны шосты дзень тэматычны і прысвечаны здароваму ладу жыцця, арганізацыі работы з бацькамі, прафарыентацыі, працоўнай дзейнасці, творчым справам і інш.

Па суботах для старшакласнікаў прахо­дзяць факультатыўныя, стымулюючыя і падтрымліваючыя заняткі, прадметныя кансультацыі, а для вучняў малодшага і сярэдняга звяна — майстар-класы, творчыя майстэрні, інтэлектуальныя турніры, рухавыя гульні, віктарыны, анлайн-сустрэчы і інш.

У шосты дзень працуюць 16 аб’яднанняў па інтарэсах, якія наведваюць больш за 200 вучняў. Асабліва папулярныя аб’яднанні турыстычнага, спартыўнага, вакальнага і харэаграфічнага кірунку. Добрыя ўмовы створаны для аматараў інфарматыкі і матэматыкі, фігурнага ваджэння веласіпеда.

Вялікая ўвага ўдзяляецца ўзаемадзеянню з бацькамі. Педагогі-псіхолагі і сацыяльныя педагогі праводзяць для іх кансультацыі і прафілактычныя мерапрыемствы, арганізоў­ваюць работу “Бацькоўскага ўніверсітэта”.

Цікавасць выклікае традыцыйная акцыя “Бацькі чытаюць дзецям”, якую ладзяць бібліятэкары.

Класныя кіраўнікі і педагогі-арганізатары праводзяць цікавыя сумесныя мерапрыемствы і святы.

Школьныя суботы праходзяць у атмасферы творчасці і майстэрства, што прыцягвае вучняў і натхняе педагогаў.

Наталля ЛІТВІНОВІЧ,
намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце сярэдняй школы № 3 Ганцавіч.