У аўтарскай школе Інесы Зубрылінай

- 11:17Адукацыйная прастора

Напярэдадні новага навучальнага года ва ўпраўленні вучэбна-метадычнай работы Акадэміі паслядыпломнай адукацыі прайшоў тэматычны семінар для настаўнікаў замежных моў у форме летняй моўнай школы па тэме “Сучасны ўрок замежнай мовы: навучанне, вывучэнне, ацэнка” па аўтарскай методыцы Інесы Уладзіміраўны Зубрылінай, настаўніцы англійскай мовы квалiфiкацыйнай катэгорыi “настаўнік-­метадыст”, старшынi Асацыяцыi настаўнiкаў-­метадыстаў Рэспублікі Беларусь“Iмкненне”, начальніка Каардынацыйнага цэнтра “Адукацыя ў інтарэсах устойлівага развіцця” БДПУ.

Сустрэча прафесіяналаў і сяброў

— Дзявяты год у жніўні ў АПА Галіна Сільвестраўна Хадасевіч, метадыст вышэйшай катэгорыі ўпраўлення вучэбна-­метадычнай работы, арганізоўвае заняткі летняй моўнай школы для настаўнікаў замежных моў, дзе мы збіраемся сваёй цёплай сяброўскай педагагічнай кампаніяй. У рамках дзеючага семінара пасля перамогі ў Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Настаўнік года” я пачала праводзіць летнія моўныя школы, — гаворыць Інеса Уладзіміраўна. — Тэматыка сустрэч кожны раз розная. Яна звязана, з аднаго боку, з метадычнымі рэкамендацыямі, якія штогод выдаюцца Міністэрствам адукацыі для педагогаў. З другога боку, мне хочацца пазнаёміць педагогаў з новымі падыходамі ў выкладанні замежнай мовы, каб у далейшым яны змаглі рэалізаваць іх на практыцы і распаўсю­дзіць сярод калег. Звычайна нашы заняткі праходзяць у фармаце “роўны навучае роўнага”. Мы добра адно аднаго ведаем і разумеем, падтрымліваем сяброўскія і прафесійныя зносіны, сустракаемся на працягу навучальнага года на семінарах, канферэнцыях, калядных фестывалях. Паміж намі няма канкурэнцыі, мы гатовы пры неабходнасці падказаць, дапамагчы, аказаць падтрымку адно аднаму. За гэты час нам удалося сфарміраваць своеасаблівую прафесiйную суполь­насць, многія штогод прымаюць удзел у летняй школе.

Падчас нашых летніх сустрэч у розныя гады мы разглядалі шэраг актуальных пытанняў: сучасны ўрок і патрабаванні да яго, работа з адоранымі дзецьмі, асваенне інфармацыйных тэхналогiй, выхаваўчы аспект урока замежнай мовы. У мінулым годзе закраналі пытанні фарміравання індывідуальнага інфармацыйна-­адукацыйнага асяроддзя настаўнікаў. На гэты раз у цэнтры ўвагі — сучасныя тэндэнцыі ў развіцці моўнай адукацыі. Сёлета ў АПА сабраліся дваццаць тры настаўнікі англійскай мовы з розных устаноў адукацыі краіны, а таксама настаўнікі нямецкай і французскай моў, якіх, у першую чаргу, цікавяць метадычныя аспекты выкладання. Падчас летняй моўнай школы абмяркоўваліся найбольш эфектыўныя стратэгіі выкладання замежнай мовы i дзейсныя прыёмы iх рэалізацыі. Безумоўна, мы звярталі ўвагу на магчымыя рызыкі, напрыклад, рызыку адаптацыi еўрапейскіх падыходаў навучання замежнай мове ў кантэксце нашых вучэбных праграм і прадметнага зместу. Не маглi пакiнуць у баку i пытаннi арганiзацыi дыстанцыйнага навучання. Асаблівую ўвагу мы звярнулі на сродкі, якія дапамагаюць настаўніку зрабіць вучэбны працэс максімальна камфортным і выніковым, каб ён не адбіваўся на здароўі і псіхалагічным стане дзяцей. Асобнай тэмай абмеркавання сталі развiццё функцыянальнай пісьменнасці, падрыхтоўка дзяцей да іспыту PISA. У прыватнасці, практычную частку нашых заняткаў склалі распрацоўка кампетэнтнасных заданняў, якія настаўнікі змогуць выкарыстаць у хуткім часе на сваiх уроках, а таксама варыянты правядзення (у залежнасці ад узросту дзяцей) першага ўрока англійскай мовы ў новым навучальным годзе.

Палітра педагагічных магчымасцей

— Усё, чым я дзялюся з педагогамі на занятках летняй школы, мной асабіста апрабавана. Але выношу на абмеркаванне далёка не ўсё, што прымяняю на практыцы, а толькі тое, што даказвае сваю эфектыўнасць, што заўсёды спрацоўвае на ўроку — як з маімі вучнямі, так і з дзецьмі на ўроках у незнаёмых класах, якія мне даводзіцца праводзіць падчас семінараў клуба “Крыштальны журавель” або маіх асабістых аўтарскіх семінараў у розных рэгіёнах краіны, што даказвае выніковасць і ўніверсальнасць гэтых прыёмаў i сродкаў навучання, — падкрэслівае Інеса Уладзіміраўна. — У педагагічнай практыцы мне прыйшлося паспрабаваць многае. На працягу пяці гадоў работы на кафедры паслядыпломнай моўнай адукацыі Інстытута павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта кожны тыдзень я працавала з новай групай настаўнікаў, аналізавала розныя педагагічныя тэхналогіі і методыкі, што, безумоўна, не дазваляла мне спынiцца на дасягнутым.

Што тычыцца работы з дзецьмі, то тут усё вельмі індывідуальна. Калі я пачынала прафесійны шлях у гімназіі № 1 Дзятлава, мая дзейнасць была, перш за ўсё, накіравана на дзіцячую адоранасць, мультыпрофільнае навучанне, актыўны ўдзел вучняў у алімпіядах, даследчай дзейнасці. Апынуўшыся ў сталiцы, працуючы ў гімназіі № 24 Мінска, я апрабоўвала матэрыялы падручнікаў англійскай мовы для 10 і 11 класаў гімназіі, суаўтарам якiх з’яўляюся, і актыўна выкарыстоўвала ў адукацыйным працэсе iнтэрактыўную дошку, розныя мабільныя дадаткі, сэрвісы Web 2.0. Мэта, якую я ставіла перад сабой, — знахо­джанне інструментаў, якія дапамогуць мне інтэнсіфікаваць адукацыйны працэс, дасягнуць вынікаў і змадэляваць iндывiдуальную траекторыю развіцця для кожнага вучня. Педагагічны вопыт, які я абараняла на экзамене на атрыманне вышэйшай кваліфікацыйнай катэгорыі і катэгорыi “настаўнік-метадыст”, таксама быў звязаны з ІКТ. Атрымаўшы сертыфікат выкладчыка Google-­тэхналогій міжнароднага ўзроўню пасля навучання ў Акадэміі Google, я актыўна распаўсюдж­вала свой вопыт сярод калег, у тым лiку і на занятках летняй моўнай школы.

Зараз я нацэлена на максімальна кампетэнтнаснае развіццё сваiх вучняў усімі магчымымі спосабамі. Тут цяжка вылучыць адну вядучую ідэю. Дзеці розныя, і да кожнага неабходна падаб­раць свой ключык. Урок замежнай мовы — гэта не проста вывучэнне мовы, гэта фармiраванне каштоўнасцей, культуры і правіл паводзін у розных жыццёвых сітуацыях. Мы рыхтуем маладых людзей да выхаду ў вялікі свет, дзе адкрыты ўсе межы, а для гэтага мала актыўнай адпрацоўкі розных відаў маўленчай дзейнасці і моўных аспектаў. Урокі замежнай мовы вельмі дынамічныя, iнтэрактыўныя, прысвечаныя розным праблемным сітуацыям, i тут не можа быць аднаго, вядучага, найбольш эфектыўнага інструмента, прыёму цi метаду. Усё вельмі індывідуальна. Жыццё дыктуе свае правілы. А палітра нашых магчымасцей бязмежная. Доказам гэтага з’яўляецца прафесійны рост педагогаў, якія прыязджаюць на заняткі летняй школы з году ў год i дзеляцца сваiм вопытам і напрацоўкамi з калегамі, сярод іх ёсць і настаўнікі-­метадысты.

Развіваць надпрадметныя кампетэнцыі вучняў

Стараста летняй моўнай школы Кацярына Леанідаўна Драздова, настаўніца англійскай мовы сярэдняй школы № 28 Магілёва, у найбліжэйшы час плануе здаць кваліфікацыйны экзамен на прысваенне кваліфікацыйнай катэгорыі “настаўнік-­метадыст”.

“Мая адукацыйная траекторыя накіравана на выкарыстанне сэрвісаў Web 2.0, якія я асвоіла дзякуючы 6 гадам прадукцыйнай працы ў летняй моўнай школе І.У.Зубрылінай, — гаворыць Кацярына Леанідаўна. — Рада свайму ўдзелу ў гэтай выдатнай, творчай метадычнай і педагагічнай сям’і, без якой ужо не ўяўляю свайго прафесійнага жыцця. Выкарыстанне сэрвісу Web 2.0 у маёй дзейнасці мае два напрамкі. Я актыўна транслюю свой вопыт на ўзроўні горада, вобласці і рэспублікі па выкарыстанні дадзеных сэрвісаў як сродку арганізацыі кантрольна-­ацэначнай дзейнасці навучэнцаў. Вельмі важна арганізаваць зваротную сувязь з вучнямі і вылучыць якасныя ІКТ, якія дадуць магчымасць арганіза­ваць вучэбны працэс на ўроку так, каб не толькі настаўнік ажыццяўляў кантроль і ацэнку, але і навучэнцы ўдзельнічалі ва ўзаемаацэнцы і самаацэнцы. Адпаведна, фарміруючае ацэньванне выходзіць на першы план. Настаўнікі замежнай мовы заўсёды вучаць дзяцей у фармаце дыялогу культур, г.зн. важным кампанентам іх дзейнасці з’яўляецца ўдасканаленне сацыякультурнай кампетэнцыі вучняў. Таму другі напрамак, у якім я працую, — выкарыстанне Web­-сэрвісаў як інструмента ўдасканалення, фарміравання сацыякультурнай кампетэнцыі. Сэрвісы Web 2.0 можна прымяняць пры арганізацыі навукова­даследчай дзейнасці вучняў, калі трэба стварыць творчы прадукт, надаць практычную накіраванасць даследчай рабоце. Назіраецца і перасячэнне з пазакласнай дзейнасцю. На тыднях замежнай мовы мы праводзім з вучнямі віктарыны і квесты, выконваем інтэрактыўныя практыкаванні, апытанні ў Google-­дакументах. Паралельна фарміруецца інфармацыйная і медыяпісьменнасць вучняў, а гэта ўжо надпрадметныя кампетэнцыі”.

Настаўнік­-метадыст, настаўніца замежнай мовы гімназіі Нясвіжа Наталля Уладзіміраўна Катчанка адзначыла: “Калі нашы выпускнікі паступаюць у вышэйшыя навучальныя ўстановы, ліцэі, яны дзякуюць нам, бо выдатныя адзнакі за экзамены па англійскай мове, як правіла, выкладчыкі выстаўляюць ім аўтаматычна. Гэта вынік штодзённай, карпатлівай сістэматычнай працы педагогаў гімназіі. Мая сістэма работы наступная: на прынцыпе актыўнай ацэнкі будуюцца ўрокі, а напаўненне ўрокаў звязана з фарміраваннем медыяпісьменнасці ў вучняў. Шэраг эфектыўных прыёмаў я запазычваю ў калег”.

Настаўнік-­метадыст, настаўніца англійскай мовы ў пачатковых класах сярэдняй школы № 46 Магілёва Алена Валер’еўна Ліпай адзначыла: “Мы, настаўнікі, не толькі павінны размаўляць на замежнай мове з вучнямі, але ў першую чаргу слухаць іх, даваць ім магчымасць разважаць, раіцца, пераконваць. Галоўнае, што яны могуць камуніка­ваць у канкрэтнай практычнай сітуацыі. На ўроках я выкарыстоўваю ІКТ, арганізоўваю работу ў парах і групах”.

Упершыню летнюю моўную школу сёлета наведала настаўніца англійскай мовы гімназіі № 22 Мінска, кіраўнік метадычнага аб’яднання настаўнікаў замежных моў Таццяна Юр’еўна Грыцук, якая адзначыла: “Ёсць міжнародная сістэма тэсціравання IELTS, якая прызначана для праверкі ўзроўню ведаў вучняў па англійскай мове. Нашы выпускнікі здаюць яго з добрымі вынікамі (7,0 і 7,5), прычым робяць гэта без наведвання моўных курсаў і рэпетытараў, а толькі дзякуючы якаснай падрыхтоўцы на ўроках, факультатывах і самастойным заняткам. ЦТ сёлета здавалі 8 нашых выпускнікоў і атрымалі ад 85 да 97 балаў. Аснова навучання гімназістаў англійскай мове — выкарыстанне ІКТ”.


“Трэба актыўна карыстацца вопытам калег. Пераасэнсоўваць яго, прыстасоўваць пад свае абставіны, дапрацоўваць пад сваіх вучняў і iх патрабаваннi, пад свае педагагічныя магчымасці, бачанне і разуменне сітуацыі. Пасля кожнага ўрока неабходна рэфлексаваць, аналiзаваць свае недахопы, ставiць новыя задачы i працягваць прафесiйна развiвацца, таму што настаўнiк, як нiхто іншы, разумее, што будучыня пачынаецца сёння”, — заўважае Інеса Ула­дзіміраўна Зубрыліна.

Матэрыялы летняй аўтарскай школы, пачынаючы з 2016 года, размешчаны ў свабодным доступе ў блогу http://zamezhniki1.blogspot.com/. На галоўнай старонцы сайта Акадэміі паслядыпломнай адукацыі знаходзяцца практычныя матэрыялы для замежных моў (англійскай, нямецкай, французскай, іспанскай, кітайскай) — “Метадычны рэсурс”, а таксама рубрыка “Педагогу і метадысту” (прадмет “Замежная мова”).

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.