У авангардзе інавацый

Адкрываючы канферэнцыю і віншуючы юбіляраў, Аляксандр Кадлубай, намеснік міністра адукацыі Беларусі, падкрэсліў: “Цэнтр заўсёды знаходзіцца ў авангардзе ўсіх інавацыйных працэсаў у адукацыі і грамадскім жыцці краіны і дынамічна развіваецца, годна выконваючы місію вядучай установы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі рэспублікі ва ўмовах новых запытаў грамадства і дзяржавы. Прыемна адзначыць, што паміж педагагічнымі супольнасцямі ў сферы дадатковай адукацыі Беларусі, Расіі, іншых краін СНД і многіх краін далёкага замежжа нала­джаны дзейсны механізм узаема­дзеяння і супрацоўніцтва. Спадзяюся, што канферэнцыя стане трыбунай для шырокага абмену думкамі, ідэямі паміж навукоўцамі, практыкамі, кіраўнікамі ў сферы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі”.

На працягу двух дзён у рамках работы секцый былі разгледжаны актуальныя пытанні развіцця інавацыйных рэсурсаў сістэмы дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, выхавання асобы навучэнца ў сучаснай сацыякультурнай прасторы, развіцця прафесійных кампетэнцый педагагічных і кіраўніцкіх кадраў і інш.

Н.В.Васільчанка, дырэктар НЦМТДіМ, у сваім выступленні падрабязна расказала пра інавацыйны патэнцыял сваёй установы: пра распрацаваныя ў цэнтры нацыянальныя праграмы па ўсіх кірунках дзейнасці, пра сеткавае ўзема­дзеянне ўсіх устаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі краіны, якое спрыяе аб’яднанню рэсурсаў устаноў, стварэнню кластарных мадэлей метадычнага ўзаемадзеяння і, як вынік, шырокаму ўключэнню педагогаў у інавацыйную дзейнасць. У практыку ўкаранёны новыя формы павышэння прафесійных кампетэнцый педагогаў: Рэспубліканскі педагагічны форум, форум харэографаў, навукова-метадычныя секцыі і профільныя метадычныя аб’яднанні, пастаянна дзеючыя міжрэгіянальныя майстар-класы па выніках адукацыйных п­раектаў, лабараторыя народнай творчасці, стажорскія пляцоўкі, метадычныя майстэрні і інш.

Н.В.Васільчанка справядліва а­дзна­чыла, што педагогі, якія працуюць у сі­стэме дадатковай адукацыі, заўсёды займаліся пошукам новых шляхоў у навучанні, выхаванні і развіцці навучэнцаў. Але ў кожнай установе сваё разуменне арганізацыі адукацыйнай дзейнасці, якое адлюстроўвае спецыфіку работы ўстановы, яе праблемы і падыходы да іх вырашэння.

“Самае галоўнае — своечасова і дынамічна рэагаваць на зменлівыя патрэбы дзяцей, прапаноўваць дзіцяці канкрэтна для яго значны змест адукацыі, даваць не абстрактныя, а практычна арыентаваныя веды і ўменні, якія на справе дапамагаюць яму развівацца і адаптавацца ў навакольным жыцці”.

Сёння ў педагагічных калектывах актыўна ўкараняюцца адукацыйны маркетынг, коўчынгавыя і воблачныя тэхналогіі, лічбавізацыя дадатковай адукацыі і дыстанцыйныя формы навучання. Работнікі павышаюць сваю прафесійную кампетэнтнасць праз тэхналогію QR-кодаў і інтэрактыўныя формы метадычнай работы і інш. Педагогі краіны расказалі пра свае напрацоўкі ў гэтых і іншых кірунках.

Н.С.Тарасенка, педагог дадатковай адукацыі, кіраўнік узорнай вакальнай студыі “Кантабіле” ЦДАДіМ Бабруйска, расказала пра новыя падыходы да музычнага выхавання, у прыватнасці пра стварэнне мюзіклаў. “Мюзікл дазваляе пазнаёміць не толькі з новым музычным жанрам, але і з сусветнай літаратурай і драматургіяй. Жанр мюзікла цяпер вельмі запатрабаваны, бо мае на ўвазе комплекснае развіццё дзіцяці. Танцы, пластыка, музыка, сольныя і ансамблевыя спевы, акцёрскае майстэрства — усё гэта дапамагае цалкам раскрыць патэнцыял навучэнца”, — адзначыла Настасся Сяргееўна.

Ю.А.Іваноў, метадыст аддзела навукова-метадычнага і псіхолага-педагагічнага суправаджэння дадатковай адукацыі НЦМТДіМ, паразважаў пра ролю эксклюзіўных праектаў для развіцця дзіцячай творчасці. Ён адзначыў, што, акрамя жывапісу, графікі, скульптурнай пластыкі, у нашы дні актыўна выкарыстоўваюцца новыя спосабы мастацкага выказвання: відэа­інсталяцыя, перфарматыўныя тэхнікі, лічбавая фатаграфія, камп’ютарная графіка і анімацыя, 3D-друк, а таксама іх мэтавае ўзаемадзеянне. І адна з задач педагога — дапамагчы дзіцяці, падлетку асвоіць гэтыя новыя інструменты і матэрыялы, а таксама зрабіць, зыходзячы з пастаўленых мэт, выбар у адпаведнасці з яго ўзростам, індывідуальнымі асаблівасцямі і эстэтычнымі перавагамі.

У Аршанскім РЦТДіМ ажыццёўлены праект “Праф-стАРТ”, які дазволіў апрабаваць новыя формы і змест праф­арыентацыйнай работы. У Рагачоўскім раёне ў 2020 годзе была рэалізавана ідэя стварэння дзіцячай тэлестудыі “ПоZитив TV” для трансляцыі насычанага жыцця цэнтра творчасці, горада, раёна. Юныя тэлевізіёншчыкі ў сваіх відэа­рэпартажах маюць магчымасць паказаць Рагачоўскі край вачыма дзяцей, прадставіць свой погляд на ўсе падзеі.

Лічбавая трансфармацыя адукацыі выходзіць на больш высокі якасны ў­зровень. Востра стаіць пытанне пошуку інтэрактыўных, сучасных форм работы з навучэнцамі ў арганізацыі карыснага вольнага часу, у прыватнасці, на канікулах. Так, летняя школа “Крок у будучыню” — канцэптуальна новы адукацыйны праект Мінскага дзяржаўнага палаца дзяцей і мола­дзі, які рэалізуецца аддзелам тэхнічнай творчасці і спорту ў атрадзе юных тэхнікаў летняга аздараўленчага лагера з дзённым знаходжаннем дзяцей “Чабарок”. Знаёмства з канструяваннем робатаў, асновамі відэамантажу, камп’ютарнай графікі, набыццё ўмення кіравання квадракоптарам, работа на 3D-прынтары, вывучэнне асноў праграмавання з дапамогай камп’ютарнай гульні Minecraft і асяроддзя праграмавання Scratch — вось змест заняткаў у гэтай летняй школе.

Вэб-платформы, мабільныя дадаткі, сацыяльныя сеткі і гаджэты прапануюць для навучання шырокі спектр новых магчымасцей і інструментаў, але не абыходзіцца без праблем. Як зрабіць тое, што перашкаджае працэсу навучання, неабходным і перспектыўным інструментам-памочнікам, здольным пашырыць інфармацыйную прастору сучаснага чалавека? Н.В.Разрэзава, метадыст ЦТДіМ Цэнтральнага раёна Гомеля, прапанавала разгледзець перадавую тэхналогію мабільнага навучання, метады і прыёмы выкарыстання тэхналогіі QR-кадзіравання для пашырэння магчымасцей дадатковай адукацыі.

Панэльная дыскусія была прысвечана развіццю прафесійных кампетэнцый педагагічных і кіраўніцкіх кадраў. Адным з цэнтральных было выступленне І.В.Галоднікавай, дырэктара Цэнтра творчасці “Эверэст” Магілёва. Яна расказала пра ўкараненне адукацыйнага маркетынгу, коўчынгу і воблачных тэхналогій у работу па метадычным су­праваджэнні павышэння прафесійнага ўзроўню педагогаў. Яна пераканана, што без выкарыстання новых інструментаў і адкрытай інфармацыйна-адукацыйнай прасторы сёння не абысціся. І пошук такіх інструментаў прывёў да распрацоўкі ва ўстанове праектаў “Укараненне коўчынгавых тэхналогій у адукацыйны працэс” (2019—2021 гг.), накіраванага на асобаснае развіццё і сама­рэалізацыю педагогаў у прафесіі, і “Воблачныя тэхналогіі ў метадычным суправаджэнні педагога дадатковай адукацыі” (2018—2022 гг.), мэта якога — стварэнне віртуальнай мадэлі адукацыйнага асяроддзя ўстановы, пляцоўкай для якой стала воблачнае сховішча Google.

Падводзячы вынікі, Н.В.Васільчанка слушна зазначыла: “Мы як ніколі ўсведамляем, што перад намі стаяць новыя задачы, якія неабходна вырашаць сродкамі дадатковай адукацыі сумесна з баць­камі, інстытутамі дзяцін­ства, грамадскасцю. І самае галоўнае — своечасова і дынамічна рэагаваць на зменлівыя патрэбы сучасных хлопчыкаў і дзяўчынак, прапаноўвац­ь дзіцяці змест адукацыі, значны канкрэтна для яго, даваць не абстрактныя, а практычна арыен­таваныя веды і ўменні, якія на справе дапамагаюць яму развівацца і адаптавацца ў жыцці”.

Святлана НІКІФАРАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.