Як толькі не называюць Мінскі абласны інстытут развіцця адукацыі! Часам супрацоўнікі інстытута, адказваючы на тэлефонны званок, чуюць: “Гэта акадэмія развіцця адукацыі?” ці “Інстытут удасканалення адукацыі?”. Часта чуюць і такое азначэнне: інстытут развіцця Мінскай вобласці. Хоць гэта ўсё і кур’ёзы, але калі задумацца, то ў апошнім, найбольш распаўсюджаным памылковым варыянце, ёсць зерне сэнсу. МАІРА аказвае значны ўплыў на педагогаў вобласці, вучыць іх працаваць эфектыўна і па-сучаснаму. Педагогі ўплываюць на сваіх вучняў, а тыя ў сваю чаргу — на развіццё вобласці. Вось такі лёсавызначальны ланцужок атрымліваецца. Сёлета МАІРА адзначае 75-годдзе. З гэтай нагоды мы гутарым з рэктарам інстытута Святланай Уладзіміраўнай Сітнікавай, каб больш падрабязна даведацца, што ўяўляе сабой установа сёння і якую ролю адыгрывае ў развіцці адукацыі вобласці.
— Паважаная Святлана Уладзіміраўна, перш за ўсё прыміце віншаванні з нагоды юбілею інстытута! За 75 гадоў існавання ўстанова прайшла вялікі шлях ад інстытута ўдасканалення настаўнікаў да інстытута развіцця адукацыі. На гэтым шляху не раз праводзіліся рэарганізацыі, аптымізацыі, перайменаванні… І ў свой юбілейны год інстытут таксама памяняў структуру. Раскажыце, якія змены адбыліся сёлета і што сабой уяўляе інстытут сёння?
— Дзякуй за віншаванні, якіх у гэтыя дні, што вельмі прыемна, было шмат. 75 гадоў існавання нашага інстытута — гэта дзесяцігоддзі напружанай працы на апярэджанне, бесперапынны пошук перспектыўных ідэй, прыняцце лёсавызначальных рашэнняў. Мы заўсёды стараемся крочыць у нагу з часам. І шырокая практычная, інавацыйная накіраванасць, сучасныя тэхналогіі, розныя праекты, якія рэалізуе інстытут, дазваляюць нам працаваць сучасна.Камп’ютарная і мультымедыйная тэхніка, бесправадны інтэрнэт, бібліятэка, актавая і канферэнц-залы, спартыўная і трэнажорная залы, сталовая і інтэрнат, прафілакторый — так выглядае інстытут у 2015 годзе. Мы цесна ўзаемадзейнічаем з упраўленнем адукацыі Мінаблвыканкама, раённымі аддзеламі адукацыі, спорту і турызму, калегамі з іншых рэгіёнаў, краін, устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі. Мы пастаянна працуем над фарміраваннем бесперапыннай сістэмы павышэння кваліфікацыі педагогаў, удасканаленнем адукацыйнага працэсу, узмацненнем яго практычнай значнасці.
З 1 верасня 2015 года да МАІРА далучаны абласны вучэбна-метадычны цэнтр. А гэта значыць, што інстытут цяпер каардынуе работу ўстаноў дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, арганізацыю работы па духоўна-маральным, патрыятычным выхаванні, дзейнасць дзіцячых і маладзёжных грамадскіх аб’яднанняў, а таксама турыстычна-краязнаўчую, экалагічную, фізкультурна-аздараўленчую і спартыўную работу ва ўстановах адукацыі вобласці. Работы, як бачыце, непачаты край!
— Інстытут даўно не абмяжоўваецца толькі павышэннем кваліфікацыі педагогаў. Установа шматпрофільная. Якія ж кірункі работы МАІРА сёння? Якія пытанні вырашае інстытут, над якімі задачамі працуе?
— Сапраўды, МАІРА — гэта паўнацэнны вучэбны, навуковы, метадычны, выхаваўчы цэнтр развіцця адукацыі Мінскай вобласці.
Інстытут па-ранейшаму займаецца дадатковай адукацыяй дарослых, штогод больш за 10 тысяч спецыялістаў павышаюць кваліфікацыю дзякуючы МАІРА. Навукова-метадычная дзейнасць — яшчэ адзін важны напрамак дзейнасці інстытута. Работа ў гэтым кірунку асабліва адказная для нас, таму што ў Мінскай вобласці няма ўстановы вышэйшай адукацыі. На базе інстытута праходзяць апрабацыю і ўкараняюцца вынікі навуковай дзейнасці, якая ажыццяўляецца ў рамках дыпломных і дысертацыйных даследаванняў. Пад кіраўніцтвам нашых спецыялістаў рэалізуюцца розныя эксперыментальныя і інавацыйныя праекты.
Таксама МАІРА праводзіць шматлікія метадычныя мерапрыемствы, якія спрыяюць удасканаленню прафесійных кампетэнцый педагогаў. Гэта фестывалі, форумы, вэбінары, конкурсы, майстар-класы і іншыя формы работы. Нядаўна з’явіўся яшчэ адзін напрамак дзейнасці інстытута — метадычнае суправаджэнне спецыялістаў сістэмы прафесійнай адукацыі. Сёння на дзяржаўным узроўні пастаўлены сур’ёзныя задачы па падрыхтоўцы рабочых кадраў, таму гэты кірунак надзвычай актуальны.Наш дэвіз “Якасная адукацыя — паспяховая будучыня!” знаходзіць рэалізацыю і ў сістэмнай рабоце з адоранымі дзецьмі. Штогод інстытут праводзіць дыстанцыйныя і інтэрнэт-алімпіяды па вучэбных прадметах, інтэлектуальныя конкурсы і турніры. Мы арганізоўваем вучэбныя курсы для высокаматываваных дзяцей з прыцягненнем выкладчыкаў УВА рэспублікі, а таксама профільныя змены ў летніх аздараўленчых лагерах. І такая работа дае плён. Мы ганарымся поспехамі вучняў, якія сталі пераможцамі і прызёрамі міжнародных інтэлектуальных спаборніцтваў.
Акрамя работы з педагогамі і навучэнцамі, МАІРА вядзе актыўную прапагандысцкую і асветніцкую работу. Інстытут мае ліцэнзію на ажыццяўленне выдавецкай дзейнасці. Гэта дазваляе публікаваць навукова-метадычныя і вучэбна-метадычныя распрацоўкі як супрацоўнікаў інстытута, так і педагогаў Мінскай вобласці. З 2005 года мы выдаём інфармацыйна-метадычны часопіс “Адукацыя Міншчыны”.
— Дзейнічаць паспяхова адразу ў столькіх кірунках складана…
— …але магчыма! Для гэтага МАІРА пастаянна развіваецца, мы стараемся выбіраць найбольш эфектыўныя і сучасныя формы работы. Шырока выкарыстоўваем правядзенне інтэрнэт-канферэнцый і вэбінараў, шмат увагі ўдзяляецца арганізацыі сеткавых супольнасцей, укараненню воблачных тэхналогій. У 2014 годзе апрабавалі павышэнне кваліфікацыі ў дыстанцыйнай форме. У 2016 годзе плануем укараніць вячэрнюю форму павышэння кваліфікацыі. На наш погляд, гэта зручна для жыхароў сельскай мясцовасці. Нашы выкладчыкі будуць выязджаць у раён адзін раз на тыдзень, таму педагогам не давядзецца на цэлы тыдзень ехаць у інстытут. Мы актыўна прымяняем новую для нас форму работы праз абласныя рэсурсныя цэнтры інфармацыйных тэхналогій, якія былі створаны ў мінулым годзе. Аб’яднанне раёнаў у 6 такіх цэнтраў дазваляе аптымізаваць сетку метадычнай, кансультацыйнай і тэхнічнай падтрымкі ўстаноў адукацыі Міншчыны.
— Юбілей — гэта заўсёды нагода для падвядзення вынікаў. Чым ганарыцца МАІРА сёння? Раскажыце аб найбольш значных дасягненнях інстытута.
— Сёння мы з гордасцю можам гаварыць пра дасягненні інстытута па ўсіх напрамках дзейнасці. Прывяду некалькі прыкладаў. У сістэме планавання павышэння кваліфікацыі створаны банк даных “Кадры Мінскай вобласці”, які змяшчае інфармацыю аб усіх установах адукацыі і педагогах. Ён знаходзіцца ў інтэрнэце, пастаянна абнаўляецца, а даныя даступны ўсім зацікаўленым. Мы можам аналізаваць яго з розных пазіцый, а значыць, планаваць працэс эфектыўна, адрасна, выкарыстоўваючы інфармацыйныя тэхналогіі.Мы ганарымся тым, што многія нашы ініцыятывы ведаюць далёка за межамі вобласці, пра іх не раз пісала і “Настаўніцкая газета”. Напрыклад, з 2010 года мы праводзім фестываль дашкольнікаў і малодшых школьнікаў “Я — даследчык”. З 2012 года сумесна з Паркам высокіх тэхналогій праводзім навукова-інжынерны конкурс навучэнцаў Belarus Science and Engineering Fair, пераможцы якога прымаюць удзел у Міжнародным конкурсе Intel ISEF. Вялікі інтарэс выклікае стварэнне на Міншчыне навучэнскіх бізнес-кампаній.
На жаль, пералічыць усе дасягненні немагчыма, бо для гэтага спатрэбіцца не адна газетная старонка.
— Супрацоўнікі інстытута да святкавання юбілею падышлі з фантазіяй і крэатывам: падрыхтавалі цікавы і вясёлы капуснік, святочна ўпрыгожылі ўстанову. Відавочна, вашы калегі — не толькі прафесіяналы сваёй справы, але і творчыя, вельмі цікавыя асобы.
— Калектыў інстытута заўсёды вызначала імкненне да сумеснай дзейнасці ў развіцці не толькі прафесійных кампетэнцый, але і разнастайных талентаў і здольнасцей супрацоўнікаў. У нас працуюць вучоныя і педагогі-практыкі, медыкі і праграмісты, журналісты і эканамісты. Гэта творчыя людзі рознага ўзросту і вопыту, што дазваляе раскрыць патэнцыял кожнага і зрабіць жыццё інстытута насычаным. Сярод найбольш цікавых падзей, ініцыятарамі і актыўнымі ўдзельнікамі якіх з’яўляюцца супрацоўнікі, можна адзначыць цікавыя экскурсійныя падарожжы, выставы творчых работ супрацоўнікаў, акцыю “Мы ў памяці захоўваем герояў імёны”, прысвечаную памяці нашых родных і 70-годдзю Вялікай Перамогі, стварэнне музейнай экспазіцыі “Адукацыя Мінскай вобласці: старонкі гісторыі”, культурна-адукацыйныя абмены з замежнымі калегамі. Традыцыйнымі для нас з’яўляюцца пасяджэнні Савета ветэранаў інстытута, музычна-літаратурныя гасцёўні, спартыўныя мерапрыемствы…
Супрацоўнікі інстытута прымаюць уд зел у шматлікіх ініцыятывах і грамадскіх аб’яднаннях: Беларускі прафесійны саюз работнікаў адукацыі і навукі, Беларускі саюз жанчын, “Педагагічнае таварыства”, “Белая Русь”. Усё гэта дазваляе, з аднаго боку, падтрымліваць традыцыі інстытута, з другога — разнастайваць яго жыццё, забяспечваць развіццё асабістых якасцей, садзейнічаць фарміраванню каманды і іміджу інстытута, якім мы па-сапраўднаму ганарымся.
— Прыняць удзел у святкаванні юбілею і прысвечанай гэтай падзеі навукова-практычнай канферэнцыі прыехала мноства сяброў інстытута. Немагчыма не заўважыць, што нямала сярод іх і замежных гасцей. З якімі ўстановамі МАІРА звязваюць міжнародныя сувязі?
— Сапраўды, юбілей інстытута стаў падзеяй не толькі рэспубліканскага, але і міжнароднага ўзроўню. Нашы сувязі — гэта каля 30 дагавораў аб супрацоўніцтве з установамі адукацыі Расіі, Літвы, Латвіі, Украіны, Казахстана, Азербайджана, Польшчы. З задавальненнем адзначу, што супрацоўніцтва з замежнымі партнёрамі ажыццяўляецца не на паперы. Гэта рэальнае ўзаемадзеянне. Напрыклад, мы праводзім вэбінары з калегамі з Данецка, Разані, Масквы, Санкт-Пецярбурга. З педагогамі Літвы і Латвіі супрацоўнічаем у рамках абласнога конкурсу даследчых работ навучэнцаў, фестывалю “Я — даследчык”. Дзеці і педагогі гімназіі імя Ф.Скарыны Вільнюса, школ Марупскага краю Латвіі прадстаўляюць свае работы ў секцыях, а іх настаўнікі ўдзельнічаюць у рабоце журы. Метадысты і выкладчыкі інстытута павышаюць свой прафесійны ўзровень на канферэнцыях і семінарах як на нашай базе, так і за мяжой. Такім чынам, міжнароднае супрацоўніцтва мы разглядаем як перспектыўны і доўгачасовы рэсурс развіцця адукацыйнай практыкі на Міншчыне.
— Гэты год знакавы не толькі для ўстановы, але і для вас, Святлана Уладзіміраўна. 25 гадоў вы працуеце ў інстытуце. Больш як 8 гадоў пад вашым кіраўніцтвам установа ідзе наперад. Што, на ваш погляд, неабходна, каб гэты шлях быў паспяховым?
— Дзякуй за такую ўвагу да біяграфіі інстытута і маёй асабістай. Я сапраўды працую ў інстытуце з 1990 года, пачынала з пасады інжынера і метадыста, працавала начальнікам аддзела, загадчыкам кафедры, намеснікам дырэктара, прарэктарам па вучэбнай рабоце. І вось ужо восем гадоў з’яўляюся рэктарам інстытута. Я пераканана, што залог паспяховай дзейнасці — гэта ўменне працаваць у камандзе, імкненне знаходзіцца ў авангардзе педагагічнай навукі, жаданне зрабіць максімум магчымага для развіцця сістэмы адукацыі Мінскай вобласці.
Хачу выказаць словы падзякі калегам і сябрам, якія ўвесь гэты час былі і застаюцца побач, падтрымліваюць і дапамагаюць, абапіраюцца на наш вопыт, радуюцца поспехам, натхняюць сваімі дасягненнямі. Жадаю ўсім супрацоўнікам і ветэранам інстытута шчасця, здароўя і дабрабыту!
Гутарыла Дар’я РЭВА.
Фота аўтара.