У Бабровіцкай школе ў пытаннях добраўпарадкавання робяць стаўку на захаванне аўтэнтычнасці тэрыторыі

- 10:18На пользу дела, Новости

Бабровіцкая сярэдняя школа Іўеўскага раёна літаральна патанае ў зеляніне дрэў. Астраўкі з дэкаратыўных кустоў і шматгадовых кветак гарманічна ўпісваюцца ў ландшафт. Упершыню яны ўпрыгожылі школьную тэрыторыю 9 гадоў назад з прыходам новага кіраўніка Ніны Тулько. Падрабязнасці — у матэрыяле карэспандэнта “Настаўніцкай газеты”.

— Ужо шмат гадоў дарога да цэнтральнага ўвахода ідзе праз пышную алею галінастых клёнаў і каштанаў. Заклалі яе яшчэ ў пачатку гісторыі школы, і сёння гэтая зялёная сцежка робіць нашу тэрыторыю адметнай. Прычым яна прыцягвае ўвагу не толькі людзей. Некалькі гадоў назад школьны парк стаў домам для вавёрак і савы, за якімі дзеці з цікавасцю назіраюць, — адзначае Ніна Іосіфаўна.

Захоўваючы ўнікальнасць школьнай тэрыторыі, тут аддаюць перавагу дэкаратыўным кустам і лясным елачкам, якія пры належным доглядзе пышна разрастаюцца.

— Але сёлета ў нас з’явіліся і яркія акцэнты. На тэрыторыі для дашкольнікаў цвіце клумба ў форме чырвонай зоркі, а ля галоўнага ўвахода — лічба 80 з аксамітак, — працягвае кіраўнік.

Гэтая лічба падкрэслівае не толькі значнасць юбілею Вялікай Перамогі. Надыходзячы навучальны год стане для ўстановы 80-м у яе гісторыі, і да святочнай даты ўсе актыўна рыхтуюцца.

— Больш за паўстагоддзя назад каля школы з’явіўся валун. Тэрыторыю вакол яго мы абыгралі зялёнымі насаджэннямі, і сёлета на ім з’явіцца металічная таблічка з гравіроўкай асноўных этапаў гісторыі школы, — гаво­рыць Ніна Тулько.

За школьнай тэрыторыяй у некалькі гектараў сочыць лабарант Алена Каспяровіч, і ў яе заўсёды дастаткова памочнікаў. Гэта не толькі школьнікі, якія летам прыхо­дзяць на практыку або займаюцца грамадска карыснай працай падчас навучальнага года. Працяглы час у рамках супрацоўніцтва з упраўленнем па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Іўеўскага райвыканкама на базе школы арганізавана другасная заня­тасць навучэнцаў.

— Гэтай вясной старшакласнікі ўдзельнічалі ў высадцы святочных клумб. У цэлым жа работы на зямлі ў нас заўсёды шмат — той, што прыносіць не толькі эстэтычнае задавальненне, але і практычную ка­рысць. На сваім вучэбна-доследным участку кожны год вырошчваем агародніну, якую выкарыстоўваем, каб істотна знізіць кошт харчавання, — далучаецца да размовы Алена Каспяровіч.

Не дзіўна, што такая атмасфера натхняе вучняў на працу і творчыя здзяйсненні. Увогуле, прыгажосць, створаная вакол, не можа не ўплываць на развіццё і светаадчуванне дзяцей.

— Нездарма кажуць: чалавека фарміруе асяроддзе. Творчыя падыходы ў афармленні школьнай тэрыторыі ў пэўнай ступені стымулююць вучняў да адпаведнага развіцця. Прывядзём лічбы: толькі за 2024 год нашы школьнікі заваявалі 28 грамат і дыпломаў у конкурсах творчай накіраванасці абласнога і рэспубліканскага ўзроўняў, — адзна­чае Ніна Тулько.

Мінулы навучальны год у Баб­ровіцкай сярэдняй школе скончыўся для 76 вучняў. Пяцёра сталі выпускнікамі і ў дзень развітання са школай унеслі свой уклад у добраўпарадкаванне яе тэрыторыі — пасадзілі дзявятую тую на алеі выпускнікоў.

— Сёння 28 нашых педагогаў імкнуцца не толькі даць дзецям веды, але і прывіць любоў да адукацыі. У мінулым навучальным годзе ў нас былі дзве групы педагагічнай накіраванасці. А дырэктарамі школ і іх намеснікамі працуюць 14 выпускнікоў нашай установы адукацыі, — падкрэслі­вае Ніна Іосіфаўна.

Кацярына МАЦЕВІЧ
Фота аўтара