У Бабруйску — новы дзіцячы сад

Своеасаблівым падарункам да навагодніх свят для жыхароў Бабруйска стала адкрыццё новага дзіцячага садка.

Новая сучасная дашкольная ўстанова адкрылася ў маладым гарадскім мікрараёне № 7, дзе зараз інтэнсіўна вядзецца жылая забудова. Дзіцячы сад тут даўно быў патрэбны, таму яго пабудавалі менш чым за год. На будаўніцтва з абласнога бюджэту было выдзелена каля 8 млн рублёў. Але гэтыя выдаткі цалкам апраўданы.

— У трохпавярховым будынку новага ясляў-сада ёсць усё неабходнае для паўнавартаснага развіцця дзяцей. Групавыя памяшканні абсталяваны якаснай мэбляй, мяккiм iнвентаром, развіццёвымі гульнямі і цацкамі, тэлевізарамі, стацыянарнымі і перасовачнымі дошкамі. Закуплены тры інтэрактыўныя дошкі. Ва ўстанове прадугледжаны рэсурсныя цэнтры для захоўвання метадычнай літаратуры, наглядных дапаможнікаў. Для арганізацыі адукацыйнага працэсу і нерэгламентаваных відаў дзейнасці ў садку ёсць музычная, спартыўная, гімнастычная залы, кабінет для заняткаў па бяспецы жыццядзейнасці, кабінет педагога-псіхолага, метадычны кабінет. Для навучання дзяцей плаванню пабудаваны басейн. На прылеглай тэрыторыі размясціліся гульнявыя і фізкультурная пляцоўкі, дарожка для язды на веласіпедах і самакатах, пляцоўка для вывучэння правілаў дарожнага руху, — паведаміла галоўны спецыяліст упраўлення дашкольнай, агульнай сярэдняй, прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі галоўнага ўпраўлення па адукацыі Магілёўскага аблвыканкама Л.А.Багноўская.

Па яе словах, у новым дзіцячым садзе будуць функцыянаваць 13 груп. З іх тры ясельныя, тры другія малодшыя групы, па тры сярэднія і старшыя групы, а таксама спецыяльная група для дзяцей з цяжкімі парушэннямі маўлення. Усяго наведвац­ь дашкольную ўстанову змогуць 240 хлопчыкаў і дзяўчынак.

Падчас урачыстага адкрыцця павіншаваць дзетак, бацькоў і су­працоўнікаў дзіцячага садка са знамянальнай падзеяй прыйшло нямала ганаровых гасцей. Сярод іх намеснік старшыні Магілёўскага аблвыканкама Сяргей Маслаў, старшыня Бабруйскага гарвыканкама Аляксандр Студнеў і інш. Адметна, што яны прыйшлі на наваселле не з пустымі рукамі, а з важкімі, патрэбнымі педагагічнаму калектыву і выхаванцам, падарункамі.

Для гасцей дзеці падрыхтавалі святочнае выступленне. Малышы спявалі, чыталі вершы. Было відац­ь, што насельнікі новага ясляў-сада ўжо адчуваюць сябе тут як дома.

Дарэчы, у наступным годзе ў гэтым мікрараёне Бабруйска плануецца адкрыць яшчэ адзін дзіцячы сад. Неўзабаве тут з’явіцца і новая агульнаадукацыйная школа.

Ганна СІНЬКЕВІЧ.
Фота Андрэя САЗОНАВА, “СБ”.