У балансе паміж асобасным і грамадскім, індывідуальным і сацыяльным

- 16:45Людзі адукацыі, Рознае

Здавалася б, быць кандыдатам педагагічных навук і дырэктарам навучальнай установы — справа абсалютна заканамерная, але рэаліі жыцця дыктуюць зусім іншыя заканамернасці. І тое, што павінна быць нормай, з’яўляецца выключэннем з правіл, а выключэнні становяцца нормай. Разам з тым здараюцца і заканамерныя супадзенні, нават ідэальныя, калі дырэктар гімназіі абараняе кандыдацкую на абсалютна школьную тэму. Адбыўся сапраўдны прэцэдэнт. Як вядома, стаць кандыдатам у гуманітарнай сферы сёння даволі складана, а пра школьную і ўвогуле няма чаго гаварыць. Але Наталлі Уладзіміраўне Бушной, дырэктару гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны, гэта ўдалося. Яна змагла не проста пераадолець цярністы шлях падрыхтоўкі, збору матэрыялу, але і даказаць сваім апанентам, што сучаснае адукацыйнае асяроддзе натхняе на навуковыя даследаванні, хоць многія з іх напачатку вельмі скептычна паставіліся да даследавання гімназічнага дырэктара. Але Наталля Уладзіміраўна праявіла напорыстасць і абаранілася па тэме “Фарміраванне сацыяльнай культуры старшакласнікаў ва ўмовах выхаваўчай прасторы мегаполіса”.

— Наталля Уладзіміраўна, тэма вашага даследавання выкрышталізавалася з тых шматлікіх праектаў, якія не першы год рэалізуюцца ў вашай гімназіі. Як увогуле з’явілася ідэя выхаваўча-вучэбную дзейнасць зрабіць аб’ектам даследавання?
— Калі мне прапанавалі заняцца даследчай дзейнасцю, то гаворка ішла і пра даследаванне ў галіне методыкі выкладання матэматыкі (Наталля Уладзіміраўна — настаўніца матэматыкі), і пра выхаваўчы аспект. Перавага была аддадзена выхаванню, бо былі пэўныя напрацоўкі. Тая выхаваўчая прастора, якая існуе ў гімназіі, выбудавана даўно. Адна справа, што напачатку будавалася яна недзе на інтуітыўным узроўні. Разам з тым добрыя сувязі гімназіі з соцыумам існуюць ужо працяглы час. І яны не абмяжоўваюцца толькі сталіцай. У нас ёсць кантакты як на ўзроўні рэспублікі, так і на міжнародным. У прыватнасці, мы з’яўляемся асацыіраванай школай ЮНЕСКА. Вось гэты багаж і лёг у аснову майго даследавання.
Работа вялася на працягу дзесяці гадоў, і тэма шліфавалася паступова. Мы разам з маім кіраўніком (Уладзімірам Трафімавічам Кабушам, прафесарам кафедры педагогікі і менеджменту адукацыі АПА) і з тымі вучонымі, з якімі давялося супрацоўнічаць, убачылі, што сацыяльная культура фарміруе баланс патрэб паміж асобасным і грамадскім, індывідуальным і сацыяльным. І сёння гэта вельмі важна. З аднаго боку, мы гаворым пра значнасць калектывізму, што ў нашых традыцыях, а з другога — увесь Захад жыве з акцэнтам на індывідуальнасць. Але мы не можам схіляцца да нейкага аднаго кірунку. Насамрэч намнога прыемней аддаваць, дзяліцца чымсьці, чым проста браць. Але гэта, як правіла, разумееш з гадамі. Тым не менш тэма даследавання была акрэслена і прайшла шматлікія экспертызы.
Дарэчы, сістэма экспертыз навуковых даследаванняў вельмі складаная. Спачатку я думала, што хутка ўсё аформлю, тым больш напрацоўкі былі. На справе ўсё аказалася вельмі няпроста, што іншым разам раздражняла і, канечне, не спрыяла рабоце з натхненнем. Але ў выніку аказалася, што ўся крытыка і заўвагі пайшлі толькі на карысць. Я пастаянна сустракалася з навукоўцамі, філосафамі, сацыёлагамі, педагогамі-навукоўцамі. І канчатковы варыянт тэмы даследавання быў сфарміраванны напрыканцы маёй навукова-даследчай дзейнасці.

— Працоўны графік дырэктара гімназіі вельмі насычаны, ды і работа над кандыдацкай патрабуе шмат сіл і энергіі. Як усё паспявалі?
— Мой навуковы кіраўнік раіў хоць па паўгадзіны, але штодзень удзяляць рабоце над кандыдацкай. Штодзень, канечне, не ўдавалася, затое ўсе выхадныя і святочныя дні поўнасцю аддаваліся на работу над даследаваннем. Свой час даводзілася планаваць ледзь не пахвілінна. Разам з тым працаваць было вельмі цікава, бо работа не абмяжоўвалася выключна тэарэтычнымі выкладкамі, а базіравалася на працуючых у нашай гімназіі праектах, прычым не адзін год, таму было шмат прыкладаў. І гэта натхняла, чаго не скажаш пра работу над канчатковым варыянтам кандыдацкай дысертацыі. Усё неабходна было аформіць згодна з патрабаваннямі ВАКа, а гэта працэс зусім не творчы.

— Як да вашага школьнага даследавання паставілася навуковая грамадскасць у цэлым і апаненты ў прыватнасці?
— Ні ў апанентаў, ні ў экспертаў тэма майго даследавання не выклікала абурэння ці непрыняцця. Іншым разам мне гаварылі, што я замахнулася на нешта вельмі агульнае і глабальнае, маўляў, трэба было даследаваць больш вузкую праблему. Але мне хацелася прадставіць агульныя падыходы і даць метадычнае абгрунтаванне асноўным падыходам фарміравання культуры школьнікаў, старшакласнікаў ва ўмовах прасторы мегаполіса. На абароне завязалася дыскусія: ці спрацуе прапранаваная сістэма ў іншым горадзе, не мегаполісе? Безумоўна, яна падыдзе для розных гарадоў, проста даследаванне праводзілася ў сталіцы, і мы, натуральна, абапіраліся на магчымасці сталіцы.

— Наталля Уладзіміраўна, агучце, калі ласка, асноўныя аспекты вашай сістэмы фарміравання сацыяльнай культуры гімназіста?
— Яна заснавана на партнёрскіх адносінах з самымі рознымі суб’ектамі. Як правіла, у навучальных установах яны носяць аднабаковы характар, калі школа просіць наведаць іх навучальную ўстанову, каб паўдзельнічаць у нейкіх мерапрыемствах. А неабходна, каб гэта быў узаемавыгадны працэс, бо ў сацыяльных партнёраў таксама ёсць патрэба ў кантактах са школай.
Наша сістэма наладжвання партнёрскіх кантактаў пабудавана на агульных інтарэсах. Напрыклад, універсітэты вельмі актыўныя ў адносінах да ўсіх школьных ініцыятыў, бо зацікаўлены ў добра падрыхтаваных абітурыентах, а затым і студэнтах.
Увогуле кантакты школы з партнёрамі могуць быць пастаяннымі, адзінкавымі, могуць будавацца па прынцыпе садружнасці або сацыяльнага партнёрства. Самае галоўнае — школе неабходна паказаць сваю зацікаўленасць і спрагназаваць зацікаўленасць свайго будучага партнёра. Не сакрэт, што ў першую чаргу школы абапіраюцца на рэсурсы бацькоў. Тут важна не страціць магчымасць рэалізацыі больш працяглых праектаў, бо здараецца, правялі нейкую сустрэчу — і забылі. І яшчэ адзін важны момант: калі гэтым будзе займацца толькі дырэктар і адміністрацыя, то нічога не атрымаецца. Каб сістэма запрацавала, ініцыятыву трэба аддаваць у рукі настаўнікаў. І ім не патрэбна дробязнае апякунства. Трэба ўмець дэлегаваць паўнамоцтвы. Неабходна, каб круціўся ўвесь калектыў. У нашай гімназіі менавіта такі калектыў.
Мне прыемна бачыць, калі ў педагога гараць вочы. Зусім нядаўна настаўніца замежнай мовы вярнулася з канферэнцыі і сказала: “Я акрылена. У мяне ёсць ідэі”. І ўжо ў наступным годзе мы адкрыем міжшкольны ці рэгіянальны факультатыў не проста па англійскай мове, а звяжам яго, напрыклад, з культурай свету. Адміністратару важна зразумець, што настаўніцкая прафесія, нягледзячы на яе кансерватызм, натхняе на развіццё і рух наперад. А як настаўніку можна развівацца і рухацца наперад, калі штодзень з году ў год ён заняты правядзеннем урокаў і выкладаннем аднаго і таго ж матэрыялу? Хочацца нечага новага.
Безумоўна, гэтае новае можа з’яўляцца як на ўроку, так і за яго межамі, у пазаўрочны час, бо дзеці з задавальненнем працягваюць займацца і пасля ўрокаў.

— Дарэчы, размовы пра перагрузку школьнікаў працягваюцца. Ці можна збалансаваць урочную і пазаўрочную дзейнасць?
— У размовах з бацькамі даводзіцца чуць, што вольны час дзіцяці распісаны па гадзінах: яны ходзяць на музыку, танцы, вывучаюць другую замежную мову і шмат чаго яшчэ. Але не ва ўсіх бацькоў ёсць магчымасць так распланаваць свабодны час сваіх дзяцей. Усе працуюць, і многія хочуць ад школы атрымліваць поўны пакет паслуг. На жаль, мы не належым да тых навучальных устаноў, дзе на высокім узроўні прадстаўлена харэаграфія ці музыка. Так, гурткі ў нас ёсць, але гэта не самы моцны бок.
Мы сваім навучэнцам прапануем праекты, якія дапамагаюць ім рэалізоўваць не толькі свой гімназічны патэнцыял, але і асобасны. Выдатна, што работа нашых дзяцей была адзначана ў конкурсе, які ладзіў Парк высокіх тэхналогій. Работа яшчэ аднаго гімназіста стала запрашэннем на ўсерасійскія чытанні Вярнадскага. У гімназічных праектах заняты самыя розныя дзеці. Галоўнае — прапанаваць ім паўдзельнічаць і прадэманстраваць, што для настаўнікаў гімназіі вялікае значэнне маюць і вынікі вучэбнай дзейнасці. Вельмі рэдка бывае так, што вучань — выдатнік і нідзе не ўдзельнічаў. Хто думае хутка, таму прапаноўваем алімпіяду, для аналітыкаў — даследчая дзейнасць, праекты. А на сцэне хоча пабываць кожнае дзіця.
У выніку з дапамогай і алімпіяд, і навукова-практычных канферэнцый, і праектаў (як унутрыгімназічных, так і гарадскіх, рэспубліканскіх, міжнародных) мы вучым гімназістаў прадстаўляць сябе, што, безумоўна, дапаможа ім далей рухацца па жыцці.
Вельмі важна, каб дзіця пастаянна адчувала, што тое, чым яно займаецца, важна і для іншых, у тым ліку для дарослых. Сучасныя дзеці вельмі ранімыя і залежныя ад знешніх ацэнак, таму калі яны будуць ісці па жыцці з упэўненасцю і падтрымкай аднакласнікаў, сяброў, родных, то дэманстраваць высокія вынікі будуць і ў сваёй прафесійнай дзейнасці. З гэтай прычыны ў нас рэалізуецца так многа розных праектаў.
Канечне, не ўсё атрымліваецца, здараюцца непаразуменні, канфлікты, але зноў-такі дзеці павінны вучыцца вырашаць канфлікты. Мы жывём у шматкультурным, шматсацыяльным свеце, таму вельмі важна, каб дзіця навучылася быць сацыяльна аўтаномным і сацыяльна актыўным адначасова. Акрамя таго, яно павінна ўмець да ўсіх падзей ставіцца канструктыўна. Гэтаму мы вучым у нашым дыскусійным клубе, дзе абмяркоўваем самыя вострыя пытанні.

— Атрымліваецца, што ў вас перагружаны настаўнікі, якія, акрамя ўрокаў, шмат часу аддаюць на пазаўрочныя праекты.
— Сапраўды, такі графік дзейнасці нашай гімназіі вядзе да перагрузкі педагогаў, але з другога боку, я бачу, як яны не спяшаюцца дадому. Калі ў педагога вочы гараць, а дзеці за ім ходзяць хвастом, то і дырэктар натхняецца. Кожны настаўнік гімназіі з’яўляецца ўдзельнікам нейкага праекта.

— Наталля Уладзіміраўна, у сувязі з гэтым хочацца запытацца і пра значнасць настаўніка. Кожны з вашых педагогаў працуе на карыць вучняў і ўсёй навучальнай установы, кожны — значны і важны супрацоўнік калектыву. Ці існуе канкурэнцыя і як захаваць такую значную эмацыянальную стабільнасць у педагагічным калектыве?
— Апошнія дзесяцігоддзі мы гаворым пра асабасна арыентаваны падыход у адносінах да школьнікаў, але яго поўнасцю можна прымяніць і да настаўнікаў. Адміністрацыя павінна асобасна падыходзіць да кожнага работніка ўстановы адукацыі. Дырэктар павінен быць добрым псіхолагам і бачыць патэнцыял кожнага настаўніка.
Абавязкова паказваю значнасць таго, што ўдалося настаўніку, усяму калектыву. Усе павінны ўбачыць, што прадстаўленыя вынікі маюць вялікае значэнне для ўсёй гімназіі. Вельмі важна заахвочваць педагогаў. Канечне, у нас ёсць прэміяльны фонд, але не менш важнай з’яўляецца маральная падтрымка. Я вельмі ганаруся, што ў гімназіі 15 педагогаў з’яўляюцца выдатнікамі адукацыі Рэспублікі Беларусь. І штораз прадстаўленне, якое неабходна пры афармленні дакументаў для атрымання гэтага звання, пішу з вялікім задавальненнем, бо не трэба нічога прыдумваць. Яшчэ каля 15 настаўнікаў з’яўляюцца лаўрэатамі прэміі спецыяльнага фонду прэзідэнта.
Ёсць настаўнікі, якія рэцэнзуюць вучэбныя дапаможнікі, друкуюцца ў перыядычных выданнях. Гэта дадатковая, але цікавая работа, якая дапамагае расці і развівацца. А калі ў педагога дзіця выйграла алімпіяду ці які-небудзь конкурс, то сказаць пра гэта трэба не раз: і калегам, і бацькам, і гімназістам, аформіць віншаванне на сайце. Насамрэч маральнае стымуляванне мае вялікую сілу. Яно павышае самаацэнку і натхняе на далейшае развіццё.

— Вялікі дзякуй за размову і віншуем з абаронай.

 

Гутарыла Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота аўтара.