Прыярытэтныя крытэрыі і паказчыкі якасці гімназічнай адукацыі сталі асноўнымі пунктамі для абмеркавання падчас пастаянна дзеючага абласнога семінара “Інавацыйныя падыходы да якасці адукацыі гімназістаў”, які на працягу двух дзён праходзіў на базе Верхнядзвінскай гімназіі Віцебскай вобласці.
Якасць адукацыі не тоесная якасці навучання
Да пытання якасці гімназічнай адукацыі педагагічная грамадскасць нашай краіны звяртаецца пастаянна. Сёння пры аналізе і падвядзенні вынікаў дзейнасці ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі рэкамендуецца кіравацца крытэрыямі і паказчыкамі, зацверджанымі загадам Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 12 чэрвеня 2014 года № 526. І на сёння афіцыйна выкарыстоўваецца 5 крытэрыяў дзейнасці ўстановы, а паказчыкаў — 14.
Часта разуменне эфектыўнасці работы ўстановы, у тым ліку і гімназіі, звязваюць толькі з якасцю ведаў навучэнцаў — з авалоданнем асновамі навук. У пацвярджэнне гэтага прыводзяць колькасныя паказчыкі якасці ведаў, уменняў і навыкаў, вынікі атэстацыі выпускнікоў. Пры гэтым найбольш важкім аргументам лічаць дыпломы і месцы на прадметных алімпіядах і балы цэнтралізаванага тэсціравання. Але, як адзначалася на семінары ў Верхнядзвінскай гімназіі, праводзіць ацэнку эфектыўнасці работы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, параўноўваючы толькі вынікі, атрыманыя іх вучнямі на прадметных алімпіядах або ЦТ, хоць і проста, але не зусім карэктна. Відавочна, што якасць адукацыі не тоесная якасці навучання.
Што маецца на ўвазе пад якасцю гімназічнай адукацыі? Гэтым пытаннем у сваім выступленні задалася Любоў Васільеўна Віленчык, метадыст аддзела кіруючых кадраў і інавацыйнай адукацыі Віцебскага абласнога інстытута развіцця адукацыі.
— Галоўнае адрозненне сучаснага ўяўлення аб гімназічнай адукацыі ў тым, што паняцце “адукаванасць” не раўназначнае навучанасці. Навучанне — толькі частка адукацыйнага працэсу, але не адзіная і не дамінуючая. Вынікі акадэмічных ведаў становяцца не самымі галоўнымі паказчыкамі якасці адукацыі, на змену ім прыходзяць такія важныя паказчыкі, як сфарміраванасць устойлівай матывацыі пазнання, надпрадметных спосабаў вучэбнай дзейнасці, ступень развітасці асобы. Адукацыя прызнаецца якаснай, калі дзіця вучыцца і выхоўваецца на максімуме, аб’ектыўна магчымага для яго (у зоне свайго найбліжэйшага развіцця), выраўноўваюцца сацыяльна значныя ацэнкі якасці адукацыі паміж дзецьмі, здольнымі да разумовай дзейнасці, і дзецьмі, якія схільны да іншых відаў дзейнасці.
Пры ацэнцы якасці адукацыі можна ўлічваць наступныя паказчыкі: сацыялізацыя асобы вучня (характарызуецца ступенню засваення і ўзнаўлення культурных каштоўнасцей, сацыяльных норм, самарэалізацыяй у грамадстве); развіццё асобы (уключае ў сябе грамадзянскую, духоўную развітасць і сталасць, сфарміраванасць надпрадметных уменняў, устойлівую матывацыю пазнання, здольнасць і жаданне займацца самаразвіццём, сфарміраванасць здаровага ладу жыцця); сфарміраванасць кампетэнцый (дасведчанасць чалавека ў розных неабходных сферах яго дзейнасці, якія вызначаюць яго сацыяльную мабільнасць: камунікатыўныя, творчыя, маральныя, даследчыя, пазнавальныя і г.д.); выніковасць. Каб вынікі ацэньвалі якасць, іх трэба параўноўваць з пазаасабістымі стандартамі. Напрыклад, удзел у прадметных конкурсах і алімпіядах, паступленне ў ВНУ па профілі на бюджэтнай аснове можна разглядаць як паказчыкі выніковасці.
На якасць адукацыі ўплываюць і інтэнсіфікацыя дзейнасці настаўніка і вучня, якая можа выяўляцца ў памяншэнні колькасці часу, выдаткаванага на выкананне работы, або павелічэнні аб’ёму зробленай работы за той жа перыяд часу. Эфектыўнасць адукацыйнага працэсу — гэта адносіны выніку да выдаткаў (або мэты да выдаткаў, калі мэта і вынік супадаюць). Якасць адукацыі ацэньваецца з пазіцый, якой цаной дасягнуты тыя ці іншыя яго паказчыкі. Аптымальнымі прызнаюцца выдаткі, калі яны не перавышаюць запланаваныя,— адзначыла Любоў Васільеўна.
Гімназічны стандарт — кожнаму дзіцяці
Верхнядзвінская гімназія нездарма стала рабочай пляцоўкай семінара. Як заўважыла Любоў Васільеўна, кіраўнічы вопыт дырэктара навучальнай установы, яе адміністрацыйнай каманды і педагагічнага калектыву сёння дазваляе забяспечыць гімназічны стандарт якасці адукацыі кожнаму дзіцяці, які вучыцца ў гімназіі. Сёлета гімназія адзначыла сваё дзесяцігоддзе. Штогод гімназія займае першае месца ў рэйтынгу навучальных устаноў раёна, а ў 2014 годзе гэтая навучальная ўстанова занесена на раённую Дошку гонару. У гімназіі працуе стабільны высокапрафесійны калектыў (46 педагогаў), які забяспечвае якаснае выкладанне прадметаў, укараняе новы змест адукацыі і сучасныя тэхналогіі навучання і выхавання.
У гімназіі вучацца 454 навучэнцы, сярод якіх 66 — сельскія дзеці з 10 школ раёна (27 жыве ў інтэрнаце).
— Галоўны сэнс кіраўніцкай дзейнасці — зрабіць гімназію самаразвіццёвай сістэмай. Новыя павевы і падыходы да якасці адукацыі, загад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь ад 12.06.2014 № 526 “Аб устанаўленні крытэрыяў і паказчыкаў дзейнасці ўстаноў адукацыі ў 2014 годзе” дазволілі нам распрацаваць аўтарскую гімназічную сістэму ацэнкі якасці адукацыі. Яна ўключае ў сябе дзейнасць па 5 узаемазвязаных паміж сабой крытэрыях: “Кадры”, “Матэрыяльная база”, “Вынікі для грамадства”, “Ацэнка якасці адукацыі”, “Эканамічныя вынікі”, як і ў загадзе Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь № 526. Гэтых жа 5 крытэрыяў вылучаем і мы.
Мы разумеем, што колькасць розных фактараў, якія ўплываюць на эфектыўнасць адукацыі, настолькі вялікая, што часта ўзровень важнасці аднаго фактару ў адносінах да іншага складана вымераць. Таму мы дапоўнілі 14 афіцыйных паказчыкаў яшчэ
28-мю. Якаснае выкананне ўсіх гэтых паказчыкаў (у суме 42) забяспечыць адпаведны ўзровень якасці адукацыі гімназістаў.
Напрыклад, у крытэрый “Кадры” мы ўвялі паказчык “Працэнт педагагічных работнікаў, якія выкарыстоўваюць сучасныя педагагічныя методыкі і тэхналогіі”, бо разумеем, што эфектыўнае выкарыстанне сучасных адукацыйных тэхналогій дазваляе дасягнуць новай якасці адукацыі на ўсіх этапах навучання. І як вынік — 87% педагогаў атрымалі сертыфікаты карыстальнікаў інфармацыйнымі тэхналогіямі, 100% педагогаў валодаюць і выкарыстоўваюць сучасныя адукацыйныя методыкі і тэхналогіі.
Адным з дапоўненых паказчыкаў з’яўляецца “Узровень прафесійнай кампетэнтнасці педагогаў”, які ацэньваецца ў гімназіі наяўнасцю пераможцаў і лаўрэатаў прафесійных конкурсаў, наяўнасцю кіраўнікоў раённых метадычных аб’яднанняў, работай у творчых групах, вынікамі ўдзелу ў педагагічных конкурсах, майстар-класах, форумах і фестывалях, абагульненнем і распаўсюджваннем вопыту педагогаў на раённым і абласным узроўні, наяўнасцю публікацый у прафесійных часопісах.
Новым паказчыкам з’яўляецца “Працэнт педагагічных работнікаў, якія ўдзельнічаюць у інавацыйнай і даследчай дзейнасці”. Створаны ўмовы для ажыццяўлення інавацыйных працэсаў, далучэння педагогаў да пошукавай, даследчай, інавацыйнай дзейнасці, — адзначыла дырэктар гімназіі Галіна Мікалаеўна Васёха.
З 2008/2009 навучальнага года ў гімназіі рэалізоўваўся абласны даследчы праект “Стварэнне мадэлі прадметна-групавога навучання ў адукацыйным працэсе на аснове факультатыўных груп ва ўмовах сельскага раёна”. З 2009/2010 навучальнага года ва ўстанове адукацыі рэалізоўваўся абласны даследчы праект “Вывучэнне інфармацыйных тэхналогій з выкарыстаннем Міжнароднай праграмы Cisco праз факультатыўныя заняткі”. За тры гады 17 гімназістаў атрымалі міжнародныя сертыфікаты. Акрамя таго, на працягу 5 гадоў педагагічны калектыў навучальнай установы прымаў актыўны ўдзел у шырокамаштабным міжрэгіянальным даследаванні “Менеджмент выхавання” па распрацоўцы падыходаў, прынцыпаў, форм і спосабаў эфектыўнага кіравання працэсам выхавання дзяцей у адукацыйнай установе.
Дзейнасць гімназіі па рэалізацыі абласных даследчых праектаў і міжнароднае супрацоўніцтва дазволіла ёй з гэтага навучальнага года стаць рэспубліканскай пляцоўкай інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі “Прадпрымальная школа” ў дзейнасць устаноў агульнай сярэдняй адукацыі”.
— Яшчэ ў крытэрый “Ацэнка якасці адукацыі” мы дадалі паказчык “Сфарміраванасць надпрадметных кампетэнцый”. Мы вызначылі 5 надпрадметных кампетэнцый: уменне вучыцца, асобасная, камунікатыўная, інфармацыйная, сацыяльная, якія будуць сфарміраваны ў вучняў. Педагогі ў працэсе навучання дапамогуць навучэнцам авалодаць гэтымі ключавымі кампетэнцыямі, што дазволіць ім стаць паспяховымі ў сучасным грамадстве. Адным з дапоўненых паказчыкаў з’яўляецца “Ступень уцягнутасці педагагічнага калектыву і бацькоў у выхаваўчы працэс”. Бацькі сталі актыўнымі ўдзельнікамі гімназічных спраў. Разам з намі яны ходзяць у паходы, ездзяць на экскурсіі, удзельнічаюць у творчых конкурсах і спартыўных спаборніцтвах. У крытэрыі “Ацэнка якасці адукацыі” ёсць паказчык “Ступень задаволенасці бацькоў якасцю адукацыі навучэнцаў”, але мы яго пашырылі задаволенасцю на ўзроўнях соцыуму, аддзела адукацыі, упраўлення адукацыі, Міністэрства адукацыі.
Сістэма ацэнкі якасці адукацыі складаецца са знешняй і ўнутранай ацэнкі. Самай галоўнай унутранай ацэнкай з’яўляецца самакантроль, а знешняй — акрэдытацыя.
Самакантроль — працэдура, якую не так лёгка арганізаваць і правесці, але для павышэння эфектыўнасці адукацыі сваёй установы адукацыі на новы ўзровень развіцця гэта рабіць неабходна. Акрэдытацыя на сённяшні дзень з’яўляецца, па сутнасці, асноўным інструментам гарантыі якасці, паколькі падчас правядзення гэтай адміністрацыйнай працэдуры старанна вывучаюцца разнастайныя аспекты забеспячэння, ажыццяўлення і выніковасці адукацыйнага працэсу ў адпаведнасці з наяўнымі крытэрыямі, — працягвала дырэктар гімназіі.
Для ўсіх і кожнага
Праектуючы мадэль выпускніка сваёй гімназіі, педагогі зыходзілі не з фарміравання адзінай якасці адукацыі для ўсіх, а з якасці для кожнага, з яго рэальнымі патрэбамі. Па меркаванні гімназічных настаўнікаў, не можа быць адзіных жорсткіх патрабаванняў да кожнага выпускніка, бо нельга аспрэчваць унікальную індывідуальнасць кожнага чалавека. У сувязі з гэтым надзённай становіцца арганізацыя адпаведнага адукацыйнага працэсу, а менавіта на аснове асобаснай самарэалізацыі і на сацыяльным поспеху гімназіста.
Зразумела, у гімназіі Верхнядзвінска адукацыйны працэс адпавядае ўсім запытам. З яго асаблівасцямі пазнаёміла намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце Таццяна Станіславаўна Маладзечкіна:
— Працаёмкасць большасці вучэбных працэдур часта з’яўляецца вынікам няўмення школьнікаў вырашаць рознамаштабныя вучэбныя задачы. Мэтанакіраванае навучанне школьнікаў такім уменням і навыкам, як аперыраванне метадамі і прыёмамі асваення новага, арыентацыя ў шырокім інфармацыйным полі, аналіз уласных вучэбных цяжкасцей, выкарыстанне рэсурсаў для іх пераадолення і прафілактыкі, з’яўляецца адным з найважнейшых кампанентаў гімназічнай адукацыі.
Асноўным напрамкам развіцця на старшай ступені адукацыі з’яўляецца стварэнне такіх педагагічных умоў, пры якіх у кожнага навучэнца фарміруецца ўстаноўка на выбар віду дзейнасці пасля заканчэння гімназіі. Ідэя ўсвядомленага і кампетэнтнага выбару навучэнцам варыянта профільнага навучання з’яўляецца для нас надзвычай значнай.
Класы і групы па напрамках камплектуюцца зыходзячы з запытаў навучэнцаў. Філалагічны кірунак забяспечвае павышаны ўзровень вывучэння рускай мовы і англійскай мовы, хіміка-біялагічны — павышаны ўзровень вывучэння хіміі, біялогіі; фізіка-матэматычны дае магчымасць на павышаным узроўні вывучаць матэматыку, фізіку. Але галоўным для нас становяцца пытанні не колькасці напрамкаў і не іх фармальнага тэматычнага напаўнення, а тое, як той ці іншы кірунак забяспечвае дасягненне навучэнцам неабходнага ўзроўню базавай кампетэнтнасці і спрыяе ажыццяўленню паспяховага выбару далейшага адукацыйнага і прафесійнага шляху.
Сумесны вопыт работы адміністрацыі гімназіі, настаўнікаў, бацькоўскай грамадскасці дазволіў стварыць у гімназіі сваю сістэму арганізацыі факультатыўных заняткаў. Мадэль арганізацыі факультатыўных заняткаў дынамічная, адпавядае патрэбам гімназістаў у развіцці індывідуальных здольнасцей і накіравана на іх падрыхтоўку да далейшага навучання. Факультатывы на ўсіх ступенях навучання наведваюць практычна 100 працэнтаў дзяцей.
Для захавання якасці адукацыі на трэцяй ступені ў гімназіі ажыццяўляецца пераход да дыяды “ўрок — факультатыўныя заняткі”, якая забяспечвае далучэнне вучняў да даследчай дзейнасці, падрыхтоўку адораных школьнікаў да алімпіяд, фарміраванне прафарыентацыйнай кампетэнтнасці навучэнцаў, агульнакультурнае развіццё навучэнцаў, падрыхтоўку старшакласнікаў да ЦТ і інш.
Сістэма “ўрок — факультатыўныя заняткі” дазваляе кожнаму вучню ажыццяўляць індывідуальны выбар з улікам інтарэсаў, схільнасцей, стану здароўя, жыццёвых планаў. Мадэль “урок — факультатыўныя заняткі” заснавана на пошуку балансу паміж якасцю адукацыі і гарантыяй роўнасці, гэта значыць, прадастаўлення навучэнцам роўных магчымасцей і рэсурсаў для атрымання адукацыі ў адпаведнасці з іх індывідуальнымі асаблівасцямі і інтарэсамі.
Вольга ДУБОЎСКАЯ