У балансе з педагогікай і навукай

- 11:22Якасць адукацыі

Мікіта Яўгеньевіч Бурдыка — неардынарны настаўнік. Ён паспяховы педагог і прагрэсіўны навуковец, лінгвіст, выкладчык англійскай і нямецкай моў, беларускай мовы і літаратуры. І кола інтарэсаў майго сённяшняга суразмоўцы ўвесь час пашыраецца, што робіць яго яшчэ больш прывабным у вачах вучняў. Мікіта Яўгеньевіч працуе ў беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава, якую, дарэчы, заканчваў некалі сам. Цяпер ён настаўнік англійскай мовы, які наладзіў шчырыя партнёрскія адносіны як са сваімі калегамі, так і з вучнямі, якія ходзяць за ім чарадой. Бачыла на ўласныя вочы.

Насамрэч, сцэнарый прафесійнага жыцця Мікіты Яўгеньевіча мог быць зусім іншым. Будучы гімназістам, Яўген захапляўся хіміяй. Прычым настолькі сур’ёзна, што заваяваў дыплом ІІІ ступені на рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі для школьнікаў, стаў стыпендыятам спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. Але ў 11 класе прыйшоў да высновы, што хоча стаць настаўнікам англійскай мовы, якая юнаку падабалася не менш, чым хімія. Па гэтай прычыне ў наступныя пяць гадоў свайго жыцця быў студэнтам Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, а ў школу прыйшоў, яшчэ калі быў студэнтам.

Як адзначыў Мікіта Яўгеньевіч, выбар педагагічнага шляху быў усвядомленым. Юнак ведаў, куды ідзе, што будзе там рабіць і чаго чакаць ад свайго выбару, таму ў школу ішоў з цікавасцю і не расчараваўся. Калі спытала, адкуль узялася такая ўпэўненасць, у адказ пачула: “Напэўна, мяне натхняла мая цётка Рыта Мікалаеўна Багдзевіч, настаўніца беларускай мовы і літаратуры, Навадворскага дзіцячага-сада сярэдняй школы, што ў Шчучынскім раёне Гродзенскай вобласці, бо ўсе астатнія ў маёй сям’і — спрэс тэхнары”.

Упэўненасць і цвёрдасць выбару дапамаглі хутка асвоіцца маладому настаўніку. Ён не баяўся няўдач, у яго ніколі не ўзнікала праблем з дысцыплінай і субардынацыяй. Пасля 2 курса ўніверсітэта Мікіта Яўгеньевіч усё лета працаваў у дзіцячым аздараўленчым цэнтры, што вельмі дапамагло яму зразумець сябе як выхавальніка і патрэбы дзяцей у самых розных сітуацыях. Пасля Мікіта Яўгеньевіч зразумеў, што трэба рабіць, каб дзеці ў ім бачылі найперш педагога. Ён прыйшоў да высновы: перш чым нешта сказаць, трэба падумаць, якія наступствы могуць мець твае словы. Няпроста, але прафесійны педагог заўсёды так робіць, бо ведае кошт кожнага слова настаўніка.

“Калі я пачаў працаваць, за мной быў замацаваны настаўнік-куратар, які дапамагаў і даваў парады. Маёй галоўнай праблемай быў час. Мне катастрафічна не хапала 45 хвілін урока, таму куратар гаварыў, што трэба скараціць, а дзе, наадварот, дабавіць. З цягам часу ўсё стала на свае месцы, бо я навучыўся балансаваць”, — працягваў Мікіта Яўгеньевіч.

Па меркаванні педагога, той урок будзе паспяховым, на якім настаўнік з вучнямі працуюць разам, калі яны супрацоўнічаюць. “Калі я і мае вучні знаходзімся ў адной і той жа камунікатыўнай сітуацыі, калі мы раўнапраўныя партнёры і, зыходзячы з прынцыпу камунікатыўнасці, пабудовы дыялогу (спрэчкі, дыскусіі), можам прыйсці да пэўнага кансэнсусу. Я будую свой урок так, каб максімальна наблізіць яго змест да жыццёвай сітуацыі, з якой вучань можа сустрэцца ў штодзённым жыцці. Мы можам быць у доктара, у магазіне, кінатэатры, тэатры, проста сустрэлі сябра ці суседа.

Падчас узаемадзеяння на ўроку часцей за ўсё звяртаюся да групавой формы работы і парнай. Мова — гэта найперш камунікацыя, дыялог, якія можна пабудаваць як мінімум у пары. Усе свае ўрокі імкнуся арганізоўваць, зыходзячы менавіта з гэтага. Канечне, дзеці бываюць розныя, не заўсёды запланаваная педагагічная дзейнасць можа мець эфект, таму ў маім арсенале, акрамя парнай і групавой, індывідуальная работа вучняў, франтальная”, — адзначыў настаўнік.

Мікіта Яўгеньевіч — мабільны настаўнік, які адразу адгукаецца на настрой сваіх вучняў, узровень іх падрыхтаванасці, жаданне працаваць. А гэта ў сваю чаргу патрабуе ад яго развіцця прафесійнай гнуткасці. Ён стараецца быць у трэндзе новых адукацыйных методык і тэхналогій. “Дзецям падабаюцца камп’ютарныя і інтэрнэт-тэхналогіі, медыйныя сродкі навучання, што трэба ўлічваць пры арганізацыі вучэбнага працэсу. Вельмі актыўна на сваіх уроках выкарыстоўваю падкасты і вэб-квесты.

Падкаст — гэта практычна тое самае аўдзіраванне (успрыманне мовы на слых), але мы не проста слухаем аўдыятэкст, а выкарыстоўваем пэўныя сайты, інтэрнэт-спасылкі, якія ўтрымліваюць тэматычныя і, што немалаважна, аўтэнтычныя аўдыяматэрыялы. Гэтая тэхналогія сапраўды дапамагае дзецям вучыцца замежнай мове. Вучні за пэўны перыяд часу прывыкаюць да манеры маўлення настаўніка, якая для іх становіцца ўзорнай, а калі школьнікам надараецца пагутарыць з носьбітам англійскай мовы, то яны пачынаюць губляцца.

Вельмі важна навучыць розным варыянтам замежнай мовы. Напрыклад, у немцаў — свая англійская, якая адрозніваецца ад той, якой карыстаюцца ў Англіі. У сваю чаргу англійская мова брытанцаў гучыць не так, як у Злучаных Штатах Амерыкі. А дзеці павінны чуць і разумець свайго суразмоўцу, нягледзячы на яго нацыянальную прыналежнасць. У сувязі з гэтым выкарыстанне падкастаў становіцца вельмі актуальным.

Акрамя таго, карысна слухаць песні, глядзець фільмы, прычым з субцітрамі, якія дапамагаюць не толькі зразумець, пра што гавораць, але і супаставіць карцінку з пачутым. А гэта ўжо ўсвядомленае ўспрыманне англійскай мовы”, — лічыць Мікіта Яўгеньевіч.

У вывучэнні замежнай мовы вялікае значэнне мае практыка, якой, па меркаванні настаўніка, нашым вучням не хапае. Гаворка ідзе пра свабоднае маўленне, без псіхалагічнага дыскамфорту. У нас часта здараецца, што і база ёсць, і лексічны запас, але загаварыць не атрымліваецца. А бар’ераў быць не павінна. Замежная мова іх не церпіць. Каб зразумець усе гэтыя працэсы глыбей, можна звярнуцца да псіхалінгвістыкі, якая вывучае ўзаемаадносіны мовы, мыслення і свядомасці. Як адзначыў Мікіта Яўгеньевіч, вельмі цікавая дысцыпліна.

  
Другі блок нашай размовы быў прысвечаны іншай іпастасі Мікіты Яўгеньевіча — яго навуковай дзейнасці. Гэтая сфера прыцягвае яго са школьных гадоў. І калі хімію замянілі мовы, то жаданне даследаваць засталося. На гэты момант Мікіта Яўгеньевіч — магістр педагагічных навук, аспірант кафедры педагогікі Мінскага дзяржаўнага лінгві-стычнага ўніверсітэта.

У кола навуковых захапленняў маладога навукоўца ўваходзяць як лінгвістычныя аспекты, так і педагагічныя. Мікіта Яўгеньевіч займаўся і займаецца вывучэннем асаблівасцей перакладу. У полі яго даследчага зроку — асаблівасці перакладу брытанскіх рэалій культуры на беларускую мову, параметры перакладу слоў з нацыянальна-культурным кампанентам (напрыклад, як патлумачыць англамоўным, што дранікі — гэта не бліны), праблема перакладу назваў вучоных і акадэмічных ступеней і званняў, эмацыянальна-экспрэсіўныя часціцы ў беларускай і англійскай мовах: кампаратыўны аспект. Яго цікавіць фемінізацыя беларускай мовы.

Разам з тым Мікіта Яўгеньевіч даследуе і педагагічныя аспекты. “Пры актыўным удзеле вучняў падчас і напрыканцы заняткаў я арганізую рэфлексіўную дзейнасць вучняў і самарэфлексію. Рэфлексіўная дзейнасць цесна звязана з маёй навукова-даследчай дзейнасцю — ёй я прысвяціў магістарскую дысертацыю і зараз працягваю яе даследаваць на ўзроўні кандыдацкай. Таксама рэфлексіўнай дзейнасці і не толькі (асабліва ў перакладазнаўстве) прысвечана больш за дзясятак маіх навуковых артыкулаў, дакладаў на канферэнцыях, тэзісаў у зборніках разнастайных канферэнцый.

Я вучу дзяцей вучыцца ацэньваць свой эмацыянальны стан, сваю дзейнасць і дзейнасць аднагрупнікаў, настаўніка, вучыцца аналізаваць узаемаадносіны падчас вучэбных заняткаў. Метады рэфлексіі дазваляюць кожнаму ўдзельніку ўзаемадзеяння стаць актыўным, іх выкарыстанне спрыяе дасягненню мэты навучання. У большасці традыцыйных вучэбных сітуацый (урокаў) адсутнічае ўсведамленне іх закончанасці.

Навучэнцы заўсёды прыходзяць да вызначанага заключэння па выніках урока, але пры выкарыстанні метадаў рэфлексіі гэтае заключэнне з’яўляецца ўсвядомленым і пераходзіць у плоскасць асобасна значных ведаў. Важным аспектам выкарыстання метадаў рэфлексіі становіцца і тое, што вынікі выкарыстання таго ці іншага метаду даволі непрадказальныя. Тое, што для настаўніка бачыцца яўным (выраз — “яны (навучэнцы) усё павінны былі зразумець”), у выніку выкарыстання метаду рэфлексіі і атрыманых адказаў навучэнцаў з’яўляецца толькі жаданым.

Вынікі прымянення метадаў рэфлексіі ніколі не інтэрпрэтуюцца як слушныя ці няправільныя. Кожны ўдзельнік узаемадзеяння самастойна выбірае ацэнку сваёй дзейнасці, дзейнасці іншых удзельнікаў узаемадзеяння, вызначае ступень шчырасці сваіх выказванняў і г.д. (пры выкарыстанні вербальных метадаў рэфлексіі). Выкарыстанне невербальных метадаў дазваляе захаваць ананімнасць выказванняў удзельнікаў узаемадзеяння, а разумнае іх сумяшчэнне з вербальнымі метадамі спрыяе фарміраванню адэкватнай самаацэнкі навучэнца.

Трэба адзначыць, што вучні маюць вялікае жаданне ацэньваць свой эмацыянальны стан у ходзе вучэбных заняткаў. Яны схільны да аналізу педагагічнага ўзаемадзеяння, пераасэнсавання і інтэрпрэтацыі вынікаў вучэбна-пазнавальнай дзейнасці, дыялогу з педагогам. Навучэнцы адзначаюць важнасць і патрэбнасць ажыццяўлення рэфлексіўнай дзейнасці на англійскай мове ў рамках вучэбных заняткаў, што спрыяе ўдасканаленню навыкаў і развіццю ўменняў іншамоўнага маўлення. Менавіта рэфлексіўная дзейнасць дазваляе мне прааналізаваць свой вопыт работы з дзецьмі: што робіцца добра, а што хацелася б змяніць. Гэта і ёсць ацэнка маіх дзеянняў як чалавека, як педагога”, — падзяліўся сваім досведам Мікіта Яўгеньевіч.

У сваёй педагагічнай дзейнасці настаўнік-навуковец прытрымліваецца пранцыпу “ўрок — сістэма з адпаведнымі кампанентамі”. Вучні на працягу ўрока павінны не толькі атрымліваць вучэбны матэрыял, яны павінны яго перапрацаваць, пераасэнсаваць і ў выніку зразумець, як атрыманы матэрыял будуць выкарыстоўваць і як з яго дапамогай выбудаваць далейшую траекторыю свайго развіцця. А рэфлексія — гэта і ёсць развіццё асобы ў разнастайных аспектах. На ўроках Мікіты Яўгеньевіча адбываецца развіццё ўменняў і набыццё навыкаў замежнай мовы. У сваіх даследаваннях педагог ахоплівае і рэфлексіўную дзейнасць студэнтаў.

***

Зразумела, што свае даследчыя навыкі Мікіта Яўгеньевіч імкнецца рэалізоўваць і ў сваіх вучнях на ўроках. Ён пераканаўся, што даследчы прынцып у навучанні дае добрыя вынікі. “Як адзначыў В.А.Сухамлінскі, “перш чым даваць веды, трэба навучыць думаць, успрымаць, назіраць”.

На падставе майго яшчэ зусім невялікага вопыту магу зрабіць наступныя высновы:

1. Усе вучні здольны займацца даследчай дзейнасцю на ўроку.

2. У далучэнні вучняў да даследчай дзейнасці неабходна нацэльвацца не на вынік, а на працэс. Галоўнае — зацікавіць, уключыць у атмасферу дзейнасці, тады вынік будзе заканамерны.

3. Правільна арганізаваная даследчая дзейнасць арыентуе вучняў на авалоданне пэўнымі кампетэнцыямі (уменне працаваць з літаратурай па тэме, рабіць назіранні і вывады), актывізуе даследчыя ўменні і навыкі, спрыяе развіццю творчых здольнасцей дзіцяці.

Выкарыстанне такіх метадаў, форм і прыёмаў дазваляе мне як настаўніку ствараць умовы, у якіх вучань, абапіраючыся на ўсе сумесныя напрацоўкі, вядзе самастойны пошук, выяўляе і канкрэтызуе спосабы дзеяння, прымяняе іх для вырашэння вучэбных задач, абгрунтоўвае свае дзеянні; спрыяць набыццю вопыту вучнямі пры вырашэнні рэальных праблем у будучым самастойным жыцці; пашыраць свой творчы патэнцыял; атрымліваць задавальненне ад сваёй прафесійнай дзейнасці.

“Калі вы хочаце, каб педагагічная праца прыносіла настаўніку радасць, вядзіце кожнага настаўніка на шчаслівую сцежку даследавання”, — зноў-такі словы В.А.Сухамлінскага. Можа, таму мая праца настаўнікам і робіць мяне шчаслівым чалавекам?” — шчыра адказаў на маё пытанне, якое круцілася ў галаве ад пачатку нашай гаворкі, Мікіта Яўгеньевіч.

За той невялікі час, які ён працуе ў беларускамоўнай гімназіі № 2 Барысава, вучні разам з Мікітам Яўгеньевічам робяць першыя крокі ў вывучэнні англійскай мовы і мовы ў цэлым. У 2015/2016 навучальным годзе вучань 8 класа Ягор Хіжняк прыняў удзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі і атрымаў пахвальны водзыў, а ў 2016/2017 навучальным годзе вучні ўжо 9 класа Ягор Хіжняк і Уладзіслаў Крыкун прымалі ўдзел у раённай навукова-практычнай канферэнцыі і атрымалі дыплом ІІІ ступені (секцыя “Беларуская мова і літаратура”). Упэўнена, што гэта толькі першыя поспехі вучняў Мікіты Яўгеньевіча Бурдыкі. Важна, што ён мэтанакіравана развіваецца разам са сваімі вучнямі, якія бачаць, што іх настаўнік яшчэ і даследчык.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.