У батанічным садзе расцвіла… навука

Ужо стала традыцыяй, што Цэнтральны батанічны сад НАН Беларусі запрашае мінчан і гасцей горада палюбавацца цвіценнем сваіх раскошных кветкавых калекцый — бэзу, рададэндранаў, півонь, цюльпанаў, руж… А ў мінулую суботу тут расцвіла… навука. Батанічны сад стаў велізарнай пляцоўкай для цікавых навуковых эксперыментаў, выстаў, майстар-класаў і інтэлектуальных забаў.

Напярэдадні 90-гадовага юбілею Нацыянальнай акадэміі навук супрацоўнікі акадэмічных інстытутаў зладзілі для мінчан сапраўднае інтэлектуальнае свята — фестываль навукі. Паводле інфармацыі арганізатараў, у гэты дзень батанічны сад наведала каля 5 тысяч чалавек, палова якіх — школьнікі і студэнты.

Трэба сказаць, што навуковых імпрэз для моладзі такога размаху, з такім крэатыўным напаўненнем у нас яшчэ не было. На тэрыторыі батанічнага саду працавалі больш за 20 пляцовак па розных навуковых напрамках, і кожная з іх нават паасобку магла б ста ць гарадской падзеяй. — На фестывалі мы хацелі паказаць нашым гасцям, што навука — гэта не сумна, а, наадварот, вельмі цікава, а вучоныя — гэта звычайныя людзі, толькі больш захопленыя сваёй справай, — гаворыць Андрэй Іванец, старшыня савета маладых вучоных НАН Беларусі. — Мы сабралі на пляцоўках батанічнага саду не толькі акадэмічныя распрацоўкі, але і запрасілі да ўдзелу ў фестывалі прадстаўнікоў розных навуковых і адукацыйных устаноў Беларусі. Сёння папулярызацыя навукі ператвараецца ў сапраўдную індустрыю, у згаданым напрамку працуюць многія камерцыйныя і некамерцыйныя арганізацыі. Гэта сведчыць пра тое, што наша грамадства гатова ўспрымаць навуку і інавацыі, гатова з самага ранняга ўзросту аддаваць сваіх дзяцей у розныя адукацыйныя гурткі і праекты. На фестывалі ў батанічным садзе мы пастараліся прадставіць усё самае лепшае.

Навуковыя доследы і эксперыменты нон-стоп

Для дзяцей усіх узростаў працавала вялікая забаўляльная зона, дзе былі арганізаваны разнастайныя майстар-класы і дэманстрацыі. Вядомыя навуковыя музеі Мінска “Элемента”, “Эксперыментус”, “Квантум” прывезлі ў батанічны сад свае незвычайныя экспанаты: рычаг Архімеда, мост да Вінчы, маятнік Ньютана, катушку Тэслы, электрафорную машыну і многія іншыя. Праект “Разумны Мінск” разгарнуў для юных гасцей фестывалю лабараторыі фізікі, хіміі, біялогіі.

Практычна ў рэжыме нон-стоп працавала вялікая сцэна фестывалю, дзе дэманстраваліся эфектныя навуковыя эксперыменты. Напрыклад, музей “Квантум” зладзіў для гасцей сапраўднае “Мегаазот-шоу”, а навуковае шоу Ximikids захапіла дзяцей і дарослых серыяй незвычайных доследаў з вуглякіслым газам. Актыўны ўдзел у фестывалі прымалі студэнты фізічнага факультэта БДУ. На вялікай сцэне яны паказвалі “небяспечныя” доследы, а яшчэ на адной пляцоўцы саду прапаноўвалі гасцям фэсту зрабіць фота ў інфрачырвоным выпраменьванні, што адлюстроўвае размеркаванне тэмпературы па паверхні цела. Усе, хто пакінуў свае каардынаты, у хуткім часе атрымаюць на электронную пошту свае незвычайныя выявы.

Дарэчы, гасцей уражвалі не толькі эфектныя дэманстрацыі доследаў — з пераўтварэннямі, палётамі і выбухамі. Выстава навуковых дасягненняў акадэмічных падраздзяленняў, якая разгарнулася на галоўных прысадах батанічнага саду, прыцягвала не менш увагі. Неверагодныя грушы, яблыкі, вінаград, бульба, інавацыйнае мяккае марожанае — гэта з таго, што можна было пакаштаваць і нават набыць. Дэманстраваліся таксама розныя ўзоры тэхнікі, прапаноўваўся нават тэст-драйв электратранспарту.

У зоне археалогіі наведвальнікаў чакала археалагічная пясочніца, дзе прапаноўвалася праводзіць раскопкі ў пошуках сапраўдных артэфактаў (напрыклад, я адкапала там гліняныя чарапкі і маленькі крамянёвы ножык). Супрацоўнікі Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук па ходзе тлумачылі каштоўнасць розных знаходак і расказвалі ўдзельнікам раскопак пра археалагічную навуку.

Спецыяльным госцем мінскага фэсту стаў Усерасійскі фестываль навукі NAUKA 0+, які прывёз купальны кінатэатр з праграмай фільмаў пра космас, а таксама экспазіцыю Сунгір, прысвечаную адной са старажытных стаянак чалавека, з дэманстрацыяй фільмаў у віртуальнай рэальнасці і рэканструкцыяй старажытнага жытла.

Робасад

На адной з маляўнічых тэрыторый батанічнага саду была створана робазона. Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі Нацыянальнай акадэміі навук, адукацыйны цэнтр Парка высокіх тэхналогій, “Школа лічбавых тэхналогій” і школа робататэхнікі “Стэмлаб” прадставілі свае экспанаты і правялі майстар-класы па зборцы робатаў. Арганізатары VI Мінскага адкрытага робатурніру зладзілі спаборніцтвы па міні-сумо і гонках па лініі сярод робатаў.

Лекцыі open air

У лекцыйнай зоне фестывалю адразу на некалькіх сцэнах папулярныя ў Мінску лекторыі — “Навука не ў сабе”, “Масаракш”, “15х4”, TEDxYOUTH — прадставілі ўласныя блокі навукова-папулярных лекцый. “Лінгвістыка як дакладная навука”, “Квантавая механіка? Я ў гэтым не Капенгаген”, “Страх як асноўны абмежавальнік развіцця” — усяго каля паўтара дзясятка цікавых тэм, мноства пытанняў да спікераў, абмеркаванні, спрэчкі… Адметна, што сярод слухачоў было вельмі шмат моладзі, а гэта значыць, класічная лекцыя па-ранейшаму жывая і не збіраецца здаваць пазіцый.

Адчуць сябе касмічным падарожнікам

У касмічнай зоне таксама ў рэжыме нон-стоп праходзілі выступленні навукоўцаў-астраномаў і блогераў. “Ёсць жыццё на Марсе ці няма жыцця на Марсе…” — для людзей, якія часта і з цікаўнасцю глядзяць у неба, кожнае новае адкрыццё спараджае шэраг новых пытанняў, а таму аматарам астраноміі заўсёды ёсць пра што пагаварыць. Касмічная тэма неабсяжная, як само неба.

У гэтай жа зоне, акрамя лекцый, былі арганізаваны майстар-класы ад Мінскага планетарыя, фотавыстава і дэманстрацыя стартапа “Айкумена”, які дазваляе адчуць сябе касмічным падарожнікам. А яшчэ госці фестываля маглі прадэгуставаць стравы, якія падаюцца касманаўтам на абед. У батанічным садзе ўсіх жадаючых частавалі супам, бульбай з мясам, тварагом з цюбікаў. Расійскія партнёры даставілі ў Мінск некалькі скрынак сапраўднай касмічнай ежы і спецыяльныя пакеты для яе падагрэву.

Зрэшты, самай чаканай і самай яркай падзеяй фестывальнага дня стала сустрэча з сапраўднымі касманаўтамі. На навуковае свята ў батанічны сад завіталі расійскі касманаўт Юрый Батурын і венгерскі — Берталан Фаркаш. Яны расказалі пра свой унікальны вопыт палётаў, жыццё ў бязважкасці і ўражанні ад касмічных краявідаў. Госці ахвотна адказвалі на пытанні аўдыторыі. А закончылася сустрэча вялікай аўтограф-сесіяй і фатаграфаваннем на памяць.

У цудоўных дэкарацыях батанічнага саду

Падкрэслю, што фестываль навукі праходзіў у цудоўных дэкарацыях батанічнага саду. Пакуль дзеці захапляліся навуковымі цікавосткамі, бацькі мелі магчымасць пагуляць па цяністых прысадах, палюбавацца яркімі восеньскімі кветкамі ці проста ўтульна пасядзець на газоне пад ласкавым вераснёвым сонцам. Быць у цэнтры вялікага свята ў вялікім горадзе і адначасова на прыродзе — гэта непараўнальнае задавальненне.

Сёння Цэнтральны батанічны сад Нацыянальнай акадэміі навук ператварыўся ў ад зін з найцікавейшых аб’ектаў Мінска. Тут не толькі вядзецца сур’ёзная навуковая работа, але і ладзіцца шмат разнастайных мерапрыемстваў для гараджан: лекцыі па вырошчванні раслін, майстар-класы па садовым дызайне, святы з нагоды розных падзей. Летам тут прайшоў грандыёзны музычны фэст Stereo Weekend, і вось зараз — вельмі яркі і мнагалюдны фестываль навукі. Батанічны сад адкрыты для новых ідэй — і гэта цудоўна.

Дарэчы, заўтра ў рамках ХХХІ Сусветнага кангрэса ўдзельнікаў касмічных палётаў у Цэнтральным батанічным садзе будзе закладзена алея Касманаўтаў. На памяць пра сустрэчу ў Мінску кожны касманаўт пасадзіць дрэўца ядлоўца скальнага — яшчэ больш прыгажосці для батанічнага саду і сталіцы!

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.

Пакінуць каментарый

Ваш электронны адрас не будзе апублікаваны. Абавязковыя палі пазначаны *