У бацькоўскі тэатр трапіць лёгка, а пакінуць яго немагчыма

- 20:35Дашкольная адукацыя

Устанавіць партнёрскія адносіны з сям’ёй кожнага выхаванца, аб’яднаць намаганні для іх развіцця, стварыць мікраклімат, у аснове якога будуць даверлівыя і сяброўскія адносіны паміж педагогамі, дзецьмі і бацькамі — такія задачы ставіць перад сабой калектыў дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Віцебска. Толькі ў атмасферы творчасці дзеці адчуюць, што бацькі заўсёды побач і жывуць з імі адным жыццём, гуляюць у адны гульні.

Формы работы з бацькамі ва ўстанове разнастайныя: тэматычныя вечары, сумесныя святы з дзецьмі, тэатралізаваныя пастаноўкі, у якіх бацькі выступаюць у ролі галоўных натхняльнікаў і памочнікаў, а не пасіўных назіральнікаў. Тры гады назад у дашкольным цэнтры ўзнік бацькоўскі тэатр “Чароўны свет дзяцінства”, якім кіруе музычны кіраўнік Вікторыя Уладзіславаўна Сняткова. Удзел бацькоў у тэатральна-гульнявой дзейнасці выклікае ў дзяцей шмат эмоцый і гордасць за сваіх мам і татаў.

Вікторыя Сняткова скончыла музычную школу, каледж мастацтваў і Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава па спецыяльнасці “Музыка і спевы” з прысваеннем кваліфікацыі “настаўнік музыкі і спеваў”. Першым месцам работы стаў дзіцячы сад. З выхаванцамі яна працуе ўжо больш чым 20 гадоў, з іх 5 — у дашкольным цэнтры.

“Спачатку я вяла ў дзяцей тэатральны гурток і харэаграфію. На сваіх занятках пачала рабіць інсцэніроўкі песень з дапамогай цацак, якія апранаюцца на руку, выкарыстоў­ваць казкі-рытмадэкламацыі. За новым вопытам адправілася ў Мінск на музычныя аўтарскія семінары да сваёй калегі Алены Серады. Паступова захапленне перарасло ў нешта большае — узнікла ідэя стварыць у дашкольным цэнтры тэатр для дзяцей, а затым і для дарослых, — гаворыць Вікторыя Уладзіславаўна. — Дзіцячая тэатралізацыя — гэта вельмі працаёмкі працэс, таму што патрабуе шмат сіл, як фізічных, так і эмацыянальных. Не так проста бывае атрымаць зваротную сувязь ад дзяцей. Але ні з чым не параўнаць шчасце, якое ты адчуваеш, калі прыкла­дзеныя намаганні, нарэшце, да­юць вынік — прыгожую тэатральную пастаноўку, калі бачыш, як гараць вочы ў тваіх маленькіх артыстаў, у якім захапленні іх бацькі, якія не могуць паверыць, што іх дзеці здольны на такое пераўвасабленне”.

Дашкольны ўзрост з’яўляецца сензітыўным перыядам для ўспрымання і засваення агульначалавечых каштоўнасцей, якія ў далейшым вызначаюць патрэбу дзяцей у прыгажосці, дабрыні, любові, сяброўстве, справядлівасці, фарміруюць іх светапогляд. У гэты перыяд дзеці засвойваюць асноўныя маральныя нормы, прынятыя ў грамадстве. Па меры асваення сацыяльных, культурных, маральных правіл паводзін і заканамернасцей грамадскага жыцця адбываецца развіццё сацыяльнай кампетэнтнасці — здольнасці ацэньваць уласныя ўчынкі, узаемадзейні­чаць з тымі, хто побач, выходзіць са складаных жыццёвых сітуацый.

Дашкольны цэнтр развіцця дзіцяці № 2 Віцебска працуе ў межах інавацыйнага праекта па тэме “Фарміраванне сацыяльнай кампетэнтнасці дашкольнікаў праз стварэнне адзінай адукацыйнай прасторы ўстановы адукацыі, сям’і і соцыума”, што падразумявае цеснае супрацоўніцтва з бацькамі.

Не сакрэт, што сучасныя бацькі часцей цікавяцца ў выхавальнікаў не пра тое, як развіваецца іх дзіця, а пра тое, ці паела яно ў дзіцячым садзе, ці не запэцкалася, ці не пакрыўдзіў яго хтосьці. Вікторыі Уладзіславаўне заўсёды хацелася данесці да бацькоў перш за ўсё інфармацыю пра тое, якія існуюць інтэлектуальныя, эмацыянальныя і эстэтычныя патрэбы ў дашкольніка ў пэўным узросце, раіцца з бацькамі, якія падыходы да дзіцяці трэба выпрацаваць, каб выхаваць асобу, развіць творчыя здольнасці. Тэатральная дзейнасць найбольш спрыяе развіццю дзяцей, фарміраванню сацыяльна-маральных і асобасных якасцей.

“Аднойчы падчас агульнасадаўскага сходу апякунскага савета, які праходзіў у нашай музычнай зале, на мультымедыйным экране мы запусцілі відэа з урыўкамі нашых пастановак з дзецьмі. Пра тэатр не гаварылі, — прыгадвае Вікторыя Уладзілаваўна. — Але пасля сходу да мяне падышлі некалькі бацькоў, якія зацікавіліся менавіта нашай тэатральнай дзейнасцю, прапанавалі сваю дапамогу, выказалі жаданне стаць удзельнікамі творчага калектыву. Найбольш актыўныя бацькі пасля захапілі гэтай ідэяй іншых бацькоў.

Усіх зацікаўленых у стварэнні ў дашкольным цэнтры тэатра мы запрасілі на бацькоўскі сход. З педагогам-псіхолагам цэнтра Аленай Мікалаеўнай Яскевіч распрацавалі анкеты. У іх адно з пытанняў да бацькоў гучала так: чаму яны жадаюць удзельнічаць у тэатральнай дзейнасці? Хтосьці выбраў пункт “самім апынуцца ў дзяцінстве”, іншыя — “быць бліжэй да свайго дзіцяці”. Калі я размаўляла з бацькамі аб іх далучэнні да нашага творчага калектыву, заўсёды гаварыла пра тэрапеўтычную ролю тэатра як віду мастацтва. Усе мы дарослыя і выхаваныя лю­дзі, таму часта стрымліваем свае эмоцыі, і нават калі нас пакрыў­дзілі, не можам адказаць груба. А вы прыйдзіце ў наш тэатр, на­дзеньце касцюм мядзведзя і парыкайце, патупайце нагамі, пабудзьце злой Бабай Ягой і ўбачыце, што на душы вам стане лягчэй. Дарэчы, менавіта ціхоні па жыцці выбіра­юць сабе ролі, дзе можна напоўную праявіць свае эмоцыі і пачуцці.

Звычайна на першыя тэатральныя рэпетыцыі ўсе бацькі прыходзяць нясмела, паводзяць сябе стрымана, саромеюцца. Але з часам разнявольваюцца, пачына­юць часцей усміхацца, завязваецца сяброўства. І тыя, хто спачатку сумняваўся ў тым, што тэатр з удзелам бацькоў патрэбны, у далейшым не стрымліваюць пазітыўных эмоцый, якія іх перапаўняюць, пішуць у нашай тэатральнай Вайбер-групе пра тое, што ў баць­коўскі тэатр трапіць лёгка, а пакінуць яго немагчыма. Было і такое меркаванне: “Калі з намі, бацькамі, педагогі столькі займаюцца, я ўяўляю, колькі з нашымі дзецьмі яны займаюцца!”. Заняткі ў тэатры прахо­дзяць па групах (10 чалавек у кожнай) адзін раз на тыдзень, працягласць — 1,5—2 гадзіны. Развучваем аднолькавую для ўсіх казку і выступаем для выхаванцаў розных груп. Калектыў складаецца дзесьці на 60 працэнтаў з мам і на 40 працэнтаў з татаў”.

Спачатку распрацоўку сцэнарыяў брала на сябе Вікторыя Уладзіславаўна Сняткова, перарабляла вядомыя казкі, якія дзеці вывучаюць па праграме, з улікам магчымасцей свайго тэатра, карысталася сцэнарыямі з інтэрнэту. Паступова да творчага працэсу падключыліся калегі і, зразумела, бацькі. Пачалі з таго, што толькі бацькі выступалі перад дзецьмі, што станавілася для іх поўнай нечаканасцю. Калі сакрэт раптам раскрываўся, рэакцыя дзяцей была шчырай і непаўторнай.

Затым пачалі рыхтаваць спектаклі разам. Над кожнай вялікай пастаноўкай работа вядзецца каля паўгода. Першым стаў спектакль-мікс  “Чароўная кніга”, які складаўся з урыўкаў вядомых дзецям казак, злучаных у адно цэлае. У ім дзеці траплялі ў розныя цікавыя гісторыі разам з галоўнай гераіняй дзяўчынкай Таняй. Выхаванцы падарожнічалі па розных добра знаёмых ім казках. Так, у казцы “Кот, ліса і певень” дзеці суперажывалі пеўнічку, які трапіў у лапы хітрай лісы, захапляліся адважным катом, вызвалялі пеўніка і памірылі ўсіх герояў гэтай казкі. У казцы “Чырвоная Шапачка” дзеці радаваліся ўчынку ваўка, які падарыў букет кветак галоўнай гераіні. Весела апладзіравалі аркестру ў выкананні мядзведзяў з аднайменнай казкі “Тры мядзведзі”. Захапляліся мудрай і справядлівай феяй, якая заўсёды прыхо­дзіла на дапамогу галоўнай гераіні спектакля. Даравалі Бабе Язе і лесуну, якія раскаяліся, і потым разам смяяліся з іх свавольстваў. У канцы спектакля ўсе выхаванцы з бацькамі весела танцавалі, вадзілі карагоды — атрымаўся сапраўдны флэшмоб.

Пасля неаднаразовага прайгравання казак педагог з удзельнікамі спектакля аналізавалі дзеянні персанажаў, ролю якіх выконвалі дзеці і бацькі. Сумеснае абмеркаванне збліжала ўсіх удзельнікаў творчага працэсу. Ад выступлення да выступлення ў іх развівалася ўменне дамаўляцца, размяркоўваць паміж сабой матэрыял, узгадняць свае дзеянні.

З задавальненнем выхаванцы разам з баць­камі ўдзельнічаюць у фальклорных святах і забавах на роднай мове. Падрыхтавалі “Рэпку” на новы лад — у вершах на беларускай мове. Правялі беларускае народнае свята “Камаедзіца”, прысвечанае сустрэчы вясны. У мерапрыемстве пад назвай “Запрашаем на Калядкі” дзеці разам з галоўнымі героямі гуляюць у беларускія народныя гульні, выконваюць нацыянальныя танцы, песні. Бацькі выступаюць у ролі гаспадароў хаты, Казы, мядзведзя, коней і вясёлых цыган, а дзеці выконваюць ролю калядоўшчыкаў. Радасная святочная атмасфера спрыяе таму, што выхаванцы атрымліваюць шмат незабыўных уражанняў, а таксама рэалізуюць свае здольнасці. Таксама арганізоўваюцца мерапрыемствы да Дня маці, святы-падарожжы па матывах любімых рускіх ці беларускіх народных казак. Паколькі ў дашкольнай установе вялікая ўвага ўдзяляецца здароваму ладу жыцця, было вырашана сумесна з бацькамі выхаванцаў скласці ўласную казку на беларускай мове “Зайкаў агарод”, у якой расказваецца пра карысць агародніны і садавіны. Прэм’ера казкі была прымеркавана да Міжнароднага дня сям’і. Скончылася свята спартыўным дэфіле, на якім бацькі з дзецьмі прадэманстравалі пад музыку свой любімы спартыўны снарад і ўменне практыкавацца з ім. Атмасфера свята зачароўвала!

Тэатральны калектыў “Чароўны свет дзяцінства” праводзіць дабрачынныя выступленні. Усе жадаючыя могуць прыйсці на платны спектакль, а грошы, якія атрымліваюць за білеты, адпраўляюцца на спецыяльны рахунак у банку для дзіцяці, якое хварэе.

Для таго каб лепш данесці да гледача змест спектакля, неабходны дэкарацыі, рэквізіт, атрыбуты, касцюмы, музычнае афармленне. Усе героі спектакляў павінны выглядаць эстэтычна. У асобе бацькоў Вікторыя Уладзіславаўна знайшла актыўных памочнікаў для папаўнення матэрыяльнай базы тэатра. Яны заўсёды рады садзейнічаць развіццю творчых здольнасцей сваіх дзяцей. Дапамагаюць з касцюмамі і калегі з іншых дзіцячых садоў. У якасці відэааператараў падчас спектакляў звычайна працуюць таты выхаванцаў.

Вікторыя Уладзіславаўна Сняткова абагульніла педагагічны вопыт па фарміраванні сацыяльнай кампетэнтнасці ў дзяцей дашкольнага ўзросту з дапамогай сумеснай тэатральна-гульнявой дзейнасці з бацькамі. Педагог упэўнена, што тэатральна-гульнявая дзейнасць з’яўляецца адным з эфектыўных сродкаў сацыялізацыі дашкольніка, сродкам самавыяўлення і самарэалізацыі дзіцяці. У працэсе тэатральнай гульні малыш авалодвае новымі сацыяльна значнымі ўменнямі і навыкамі, вучыцца не толькі ацэньваць свае ўчынкі, але ў яго фарміруецца і ўменне разумець і прымаць іншых. Тэатральна-гульнявая дзей­насць станоўча ўздзейнічае на эмоцыі дзяцей, з’яўляецца крыніцай развіцця пачуццяў і перажыванняў, дапамагае пераадолець нясмеласць і сарамлівасць. У малыша развіваецца эмпатыя, уменне і жаданне дапамагчы, суцешыць іншых. Спачатку гэта адбываецца ў адносінах да герояў мастацкіх твораў. У далейшым гэтыя навыкі пераносяцца ў штодзённае жыццё, на адносіны са сваякамі, сябрамі і блізкімі. Дзякуючы агульнаму з бацькамі захапленню, дзеці пачынаюць больш свабодна ўзаема­дзейнічаць з дарослымі і адно з адным.

Сумесная тэатральная дзейнасць значна павышае рэйтынг дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці № 2 Віцебска. Калектыў установы ўпэўнены, што наперадзе ў тэатральнага калектыву “Чароўны свет дзяцінства” яшчэ шмат творчых дасягненняў. І часовае зацішша, якое зараз назіраецца ў сувязі з эпідэміялагічнай сітуацыяй, пойдзе толькі на карысць творчым планам: будуць абмеркаваны новыя праекты, напісаны сцэнарыі, пашыты касцюмы.     

Надзея ЦЕРАХАВА.