У БДУ ўручылі дыпломы замежным выпускнікам

Ва ўрачыстай цырымоніі ўдзельнічалі 272 выпускнікі БДУ з 14 краін свету. З паспяховым заканчэннем вучобы іх павіншавалі рэктар універсітэта акадэмік Сяргей Абламейка, дэканы факультэтаў, выкладчыкі. Наваспечаных спецыялістаў віталі таксама прадстаўнікі пасольстваў іх дзяржаў, у тым ліку кіраўнікі дыпламатычных місій КНР, В’етнама, Туркменістана і Казахстана.

Увогуле сёлета ў БДУ дыпломы аб вышэйшай адукацыі атрымалі грамадзяне Кітая, Туркменістана, В’етнама, Казахстана, Турцыі, Нігерыі, Азербайджана, Грузіі, Егіпта, Ірака, Лівана, Узбекістана, Пакістана і Японіі. Найбольш замежных выпускнікоў — з Кітая (148 чалавек). На другім месцы — туркменскія выпускнікі (83 чалавекі), на трэцім — грамадзяне В’етнама (11 чалавек).

Больш за ўсё дыпломаў уручана выпускнікам эканамічнага факультэта — 101, па 47 дыпломаў выдалі замежнікам факультэты міжнародных адносін і філалагічны і 18 — факультэт журналістыкі.
За выдатную вучобу і актыўны ўдзел у грамадскім жыцці 37 замежных выпускнікоў узнагароджаны ганаровымі граматамі БДУ і памятнымі падарункамі ад рэктара. І, як паведамілі ва ўніверсітэце, колькасць замежнікаў, якія атрымліваюць дыпломы з адзнакай і ганаровыя граматы, з году ў год павялічваецца.
Дарэчы, цяпер у БДУ вучацца больш за 2600 студэнтаў з 44 краін свету.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.