У БДУІР створаны самыя ашчадныя ўмовы для абітурыентаў

26 сакавіка дзень адкрытых дзвярэй пройдзе ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. І хоць абітурыенты гэтай установы адукацыі людзі сучасныя, з камп’ютарам — на “ты” і ўжо даўно праз інтэрнэт азнаёміліся з умовамі паступлення, усё ж ёсць сэнс наведаць універсітэт асабіста. У дзень адкрытых дзвярэй ёсць магчымасць разабраццаў нюансах кожнай спецыяльнасці, якую можна атрымаць у БДУІР, даведацца пра асаблівасці навучання ва ўніверсітэце, магчымасці будучага працаўлакавання і г.д. Таксама адбудзецца сустрэча будучых абітурыентаў з рэктарам БДУІР прафесарам Міхаілам Паўлавічам Батурам.

У рамках мерапрыемства пройдзе фестываль факультэтаў “Глядзіце, зайздросьце — я вучуся ў БДУІР!”. Акрамя гэтага, будуць падведзены вынікі інтэрнэт-конкурсу эсэ “Мая мара — БДУІР”. Свае работы на конкурс даслалі больш як 300 навучэнцаў агульнаадукацыйных школ і ўстаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі ва ўзросце ад чатырнаццаці да васямнаццаці гадоў. Пераможца праекта атрымае электронную кнігу і права зняцца ў рэкламным роліку пра ўніверсітэт.Пасля агульнаўніверсітэцкага сходу дні адкрытых дзвярэй пройдуць на факультэтах, дзе маладым людзям падрабязна раскажуць пра ўсе спецыяльнасці, параяць, як прайсці апошнія этапы конкурсу. Такім чынам, факультэты чакаюць абітурыентаў.

Факультэт камп’ютарнага праектавання — 26 сакавіка.
Ваенны факультэт — 27 сакавіка.
Факультэт тэлекамунікацый — 27 сакавіка.
Факультэт радыётэхнікі і электронікі — 28 сакавіка.
Факультэт інфармацыйных тэхналогій і кіравання — 28 сакавіка.
Інжынерна-эканамічны факультэт — 29 сакавіка.
Факультэт камп’ютарных сістэм і сетак — 29 сакавіка.
Факультэт завочнага навучання — 30 сакавіка.
Факультэт бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання — 30 сакавіка.

На дні адкрытых дзвярэй абітурыенты даведаюцца пра тое, што ў БДУІР дзейнічае 10 факультэтаў, а таксама Інстытут інфармацыйных тэхналогій, інфармацыйна-адукацыйны вэб-партал, 32 сумесныя вучэбна-навукова-вытворчыя лабараторыі і 6 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній. Тут створана самая сучасная матэрыяльна-тэхнічная і эксперыментальна-вытворчая база.
Трэба адзначыць, што працэс навучання ў БДУІР пастаянна ўдасканальваецца. Сёння БДУІР — адзіная ўстанова ў краіне, якая цалкам перайшла на новую мадэль падрыхтоўкі спецыялістаў па схеме “4 + 2” (чатыры гады на першай ступені і два — у магістратуры). Такі пераход быў абгрунтаваны дакладнымі разлікамі і стаў вынікам аптымізацыі колькасці гадзін, якія выдзяляюцца для вывучэння цыкла сацыяльна-гуманітарных, агульнапрафесійных і прыродазнаўчых дысцыплін. Усё гэта дае магчымасць падрыхтаваць на першай ступені спецыялістаў з такой жа кваліфікацыяй, што і пры пяцігадовым навучанні, усяго за 4 гады.
Пераходу на новую схему навучання (“4 + 2”) таксама паспрыяла шырокае выкарыстанне інфармацыйных тэхналогій у вучэбным працэсе БДУІР. Па ўсіх вучэбных дысцыплінах створаны і размешчаны ў электроннай бібліятэцы ўніверсітэта электронныя вучэбна-метадычныя комплексы дысцыплін: канспекты лекцый, метадычныя рэкамендацыі па выкананні лабараторных і практычных работ, курсавых праектаў, а таксама набор тэстаў для ацэнкі ведаў па кожнай дысцыпліне. Гэтыя матэрыялы шырока выкарыстоўваюцца студэнтамі ўсіх курсаў.
Дарэчы, у БДУІР дзейнічае адна з самых вялікіх у краіне карпаратыўных вылічальных сетак, якая ўключае ў сябе больш за чатыры тысячы камп’ютараў. Пабудавана і ўведзена ў эксплуатацыю ва ўсіх вучэбных карпусах сетка бесправаднога доступу WI-FI. Для забеспячэння падрыхтоўкі студэнтаў па канкрэтных спецыяльнасцях задзейнічаны 15 камп’ютарных класаў агульнаўніверсітэцкага выкарыстання і 50 камп’ютарных класаў на кафедрах. Усе лекцыйныя аўдыторыі БДУІР аснашчаны мультымедыйнай тэхнікай.

Вельмі важна, што ў студэнтаў БДУІР ёсць магчымасць гнутка планаваць сваю адукацыйную траекторыю. Так, пасля заканчэння першага і другога курсаў кожны мае права перайсці на іншую спецыяльнасць універсітэта (пры наяўнасці вакантных месцаў) з мінімальнай “даздачай” акадэмічнай розніцы па прадметах. Вучэбныя планы і праграмы падрыхтоўкі спецыялістаў па ўсіх спецыяльнасцях на першых двух курсах БДУІР максімальна ўніфікаваны.
Пасля 3 курса навучання студэнты ўніверсітэта могуць прайсці практыку, якая аплачваецца. Жадаючыя залічваюцца ў штат арганізацый і прадпрыемстваў рэальнага сектара эканомікі на першасныя пасады і вырашаюць канкрэтныя вытворчыя задачы ў адпаведнасці з кваліфікацыйнай характарыстыкай выпускніка адпаведнай спецыяльнасці. Напрыклад, у мінулым навучальным годзе на ўмовах аплаты пераддыпломную практыку праходзілі 22% студэнтаў універсітэта, і колькасць арганізацый, якія прымаюць студэнтаў на такіх умовах, пастаянна расце. Таму сёння можна ўпэўнена гаварыць не толькі аб якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у БДУІР, але і аб рэальнай запатрабаванасці іх на рынку працы.

Новая схема падрыхтоўкі спецыялістаў (“4 + 2”) мае на ўвазе, што выпускнікі ўніверсітэта будуць яшчэ больш вольнымі ў выбары стратэгіі далейшага прафесійнага росту. Яны могуць паспяхова працаваць па спецыяльнасці, атрыманай на першай ступені вышэйшай адукацыі (і, дарэчы, пачнуць працоўную дзейнасць на год раней, чым многія равеснікі), або могуць прадоўжыць адукацыю ў двухгадовай магістратуры. Паступленне ў магістратуру праходзіць без уступных іспытаў з улікам сярэдняга бала за ўвесь перыяд навучання на першай ступені вышэйшай адукацыі.
Але гэта перспектыва. А пакуль абітурыентам трэба выбраць найбольш цікавую для сябе спецыяльнасць і рыхтавацца да паступлення.
На сёння ў БДУІР створаны самыя ашчадныя ўмовы для абітурыентаў. Прыёмная кампанія тут праводзіцца з выкарыстаннем аўтаматызаванай сістэмы падачы заяў і залічэння, якая дазваляе абітурыентам удзельнічаць у конкурсе на некалькі спецыяльнасцей адначасова. Гэта значыць, у заяве можна ўказаць адразу пяць спецыяльнасцей тэхніка-тэхналагічнага профілю і дзве — эканамічнага профілю ў парадку прыярытэту. Такім чынам, калі прахадны бал аказаўся ніжэйшы і абітурыент не прайшоў па конкурсе на першую названую ім спецыяльнасць, ён мае права ўдзельнічаць у конкурсе на наступную, указаную ім раней, з прыярытэтнага спіса спецыяльнасцей. Тыя ж, хто па выніках конкурсу не прайшоў ні на адну з пералічаных спецыяльнасцей, але мае дастатковы бал, каб стаць студэнтам БДУІР, па рашэнні прыёмнай камісіі залічваюцца на вакантныя месцы па іншых спецыяльнасцях адпаведнай групы. У выніку абітурыенты з дастатковым узроўнем падрыхтоўкі не застануцца за бортам, а стануць студэнтамі аднаго з самых прэстыжных універсітэтаў краіны.

Галіна СІДАРОВІЧ.

sidarovich@ng-press.by


© Сайт арыгіналу Абітурыент, 2013.
Тэгі: , , , , ,

Feed enhanced by Better Feed from Ozh