У БДУІР з’явіцца новы партнёр

Падчас візіту ў Беларусь генеральны дырэктар Roots International Schools Валід Муштак разам з прадстаўніком Беларускай гандлёва-прамысловай палаты ў Пакістане Журабекам Кіргізбекавым наведалі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Госці азнаёміліся з адукацыйнымі магчымасцямі БДУІР і абмеркавалі з прадстаўнікамі ўніверсітэта перспектывы будучага супрацоўніцтва. Трэба заўважыць, што Roots International Schools — адна з вядучых прыватных устаноў Пакістана, якая забяспечвае адукацыю дзяцей і моладзі з ранніх гадоў да вышэйшай школы (каля 30 тысяч навучэнцаў). Таму гасцей цікавіла ва ўніверсітэце ўсё: адукацыйныя праграмы, кадравае забеспячэнне, вопыт падрыхтоўкі замежных грамадзян. Валід Муштак таксама пацікавіўся, ці ўваходзіць Беларусь у Балонскі працэс і ці патрабуе беларускі дыплом пацвярджэння за мяжой.

Удзельнікі сустрэчы абмеркавалі магчымасць арганізацыі дыстанцыйнага навучання ў БДУІР пакістанскіх студэнтаў. Акрамя таго, абмяркоўвалася пытанне павышэння кваліфікацыі выкладчыкаў з Пакістана (у БДУІР, дарэчы, ужо ёсць адпаведны вопыт: раней тут былі арганізаваны курсы для выкладчыкаў з ЗША).

Трэба заўважыць, сёння БДУІР можа ўжо весці перамовы аб падрыхтоўцы спецыялістаў з любой краінай. У свой час універсітэт прайшоў складаны шлях, прабіваючы дарогу на адукацыйным рынку ЗША. Зараз на базе Інстытута камп’ютарных сістэм Чыкага функцыянуе кафедра праектавання інфармацыйна-камп’ютарных сістэм БДУІР, дзе па дыстанцыйнай форме вучацца больш за 40 студэнтаў. Акрамя таго, сёлета ўніверсітэт прыняў на вучобу па дыстанцыйнай форме 17 студэнтаў з Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі. І гэты вопыт ён можа трансліраваць на любыя рэгіёны.

На пытанне Валіда Муштака, калі БДУІР можа пачаць работу, прарэктар універсітэта Сяргей Дзік заўважыў: “Хоць заўтра. Ва ўніверсітэце створана электронная адукацыйная платформа, на якой размешчаны англамоўныя вучэбныя матэрыялы для дыстанцыйнага навучання. Сёння цалкам распрацаваны 6 праграм першай ступені навучання (бакалаўрыята) і 4 магістарскія праграмы. Аднак калі будзе запыт з боку пакістанскіх партнёраў, то любыя праграмы, якія ёсць у БДУІР, могуць быць перакладзены на англійскую мову і прапанаваны для навучання”.

Па выніках сустрэчы быў падпісаны мемарандум аб узаемаразуменні паміж БДУІР і Roots International Schools.

“Мяне вельмі парадавалі зацікаўленасць і прафесіяналізм беларускага боку ў нашай агульнай справе, якую мы распачынаем, — адзначыў Валід Муштак. — У Пакістане шмат таленавітай моладзі, якая жадае атрымаць добрую адукацыю, у тым ліку ў галіне інфармацыйных тэхналогій, інжынерыі, электроннай камерцыі. Хацелася б выпрацаваць дарожную карту для ўрада, грамадства, моладзі і стварыць асяроддзе для пераймання вопыту і паспяховасці беларускіх партнёраў”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Ксеніі ГРЫГОР’ЕВАЙ.