“У Беларусі няма і ніколі не было механічнай раздачы дзяцей па сем’ях”

- 12:41Сацыяльны ракурс

11 лістапада ў Мінску ўпершыню пройдзе Рэспубліканскі форум замяшчальных сем’яў. Факт правядзення мерапрыемства на такім высокім узроўні сведчыць аб прызнанні велізарнай ролі замяшчальных бацькоў у грамадстве, аб назапашаным імі вопыце, аб гатоўнасці не толькі агучваць праблемы, але і знаходзіць шляхі іх вырашэння разам з калегамі і прадстаўнікамі ўлады. Напярэдадні форуму мы сустрэліся з дырэктарам Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення Наталляй ПАСПЕЛАВАЙ, каб даведацца пра сучасны стан і перспектывы розных форм сямейнага ўладкавання дзяцей з асаблівым лёсам.

— Наталля Станіславаўна, давайце ўдакладнім для чытачоў, якія сем’і лічацца замяшчальнымі. Мяркуючы па тым, што арганізаваны рэспубліканскі форум, такіх сем’яў у нашай краіне нямала.
— Замяшчальная сям’я — гэта форма сямейнага ўладкавання дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, што забяспечвае найбольш спрыяльныя ўмовы для іх паўнацэннага развіцця, выхавання і сацыялізацыі. Існуе некалькі тыпаў замяшчальных сем’яў: прыёмная сям’я, апякунская (папячыцельская) сям’я, дзіцячы дом сямейнага тыпу, дзіцячая вёска (гарадок). Сем’і ўсынавіцеляў таксама адносяцца да катэгорыі замяшчальных, паколькі замяшчаюць адсутных біялагічных бацькоў, аднак дзеці, якія растуць у такіх сем’ях, ужо не з’яўляюцца сіротамі, не носяць статус дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў. Па стане на 1 студзеня 2015 года ў краіне налічваецца 17 918 замяшчальных сем’яў (уключаючы ўсынавіцеляў), у якіх выхоўваюцца 24 535 дзяцей-сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў.

— Ці можна казаць, што колькасць беларускіх замяшчальных сем’яў будзе павялічвацца, паколькі адбываецца планамернае закрыццё інтэрнатных устаноў?
— Палітыка дэінстытуалізацыі, якая сёння праводзіцца ў краіне, — гэта працэс рознанакіраваны. Перш за ўсё гэта імкненне да таго, каб дзецям у родных сем’ях жылося добра. І толькі ў другую чаргу гэта сямейнае ўладкаванне тых дзяцей, у якіх жыць з роднай сям’ёй не атрымалася. Таму ўзмацненне дзяржаўнай падтрымкі, увагі розных ведамстваў да нядобранадзейнай сям’і нацэльваецца на тое, каб дзіця з сям’і не выводзілася, каб яно ў сям’і захоўвалася. А калі дзіця жыве ў роднай, захаванай, умацаванай, падтрыманай сям’і, то адкуль возьмецца павелічэнне колькасці замяшчальных сем’яў? Для нас самым спрыяльным на сёння прагнозам з’яўляецца скарачэнне колькасці дзяцей, якія маюць патрэбу ў такім відзе дзяржаўнай і грамадскай абароны, як замяшчальная сям’я. Будзе добра тады, калі паказчыкі пачнуць змяншацца. На сёння так і адбываецца: паказчыкі пайшлі ўніз. У прыватнасці, змяншаецца колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў прыёмных сем’ях. Змяншаецца колькасць дзяцей, якія выхоўваюцца ў дзіцячых вёсках і гарадках. Змяншаецца колькасць дзяцей, якія растуць у сем’ях усынавіцеляў: не так даўно ў нас былі даныя, што іх у краіне 7100, а ўжо сёння гэтая лічба складае 6793. Колькасць замяшчальных сем’яў павінна змяншацца (за кошт меншай колькасці дзяцей, якім патрэбны такі від дапамогі), і гэтае змяншэнне будзе рэальным доказам палітыкі дэінстытуалізацыі.

— З усіх форм замяшчальнай сям’і ўсынаўленне самая прыярытэтная?
— У заканадаўстве ўсынаўленне тлумачыцца як прыярытэтная форма жыццеўладкавання дзіцяці. Але я разумею, што заканадаўца трактаваў прыярытэтнасць усынаўлення з пункту гледжання прававых яго наступстваў. Так, усынаўленне дае найбольш аптымальны для дзіцяці прававы статус. Яно атрымлівае статус сына (дачкі), яно атрымлівае статус, аналагічны родным (кроўным) дзецям у сям’і, яно носіць прозвішча сям’і, яго імя па бацьку становіцца вытворным ад імені бацькі-ўсынавіцеля — дзіця цалкам інтэгруецца ў сям’ю. Але я хачу сказаць, што бываюць сітуацыі, калі ўсынаўленне не самая лепшая форма для вырашэння пытання таго ці іншага дзіцяці.
Возьмем прыклад, калі ў сям’і асірацела адразу чацвёра дзяцей пагодкаў, напрыклад, 4, 7, 9 і 12 гадоў. Іх бацькоў пазбавілі бацькоўскіх правоў. Мы можам змясціць усю чацвёрку дзяцей у дзіцячы дом сямейнага тыпу. Гэта дазволіць дзецям не разлучацца, клапаціцца адно пра аднаго, адчуваць, што яны не адны ў гэтым свеце, не перажываць яшчэ адну траўму ад таго, што іх паміж сабой разлучылі. А прапанаваць усынавіць сёння мы можам толькі аднаго-двух дзяцей у сям’ю, таму што трэба разумець, што ўсынаўленне — працэс вельмі далікатны. На сённяшні дзень ні адзін спецыяліст па ўсынаўленні ў свеце не падыме руку і не скажа, што ў яго ёсць сям’я, гатовая да прыёму адначасова чатырох рознаўзроставых дзяцей, з рознанакіраванымі патрэбамі, таму ў гэтай сітуацыі спецыялісты будуць падбіраць найлепшую для дзяцей форму сямейнага ўладкавання, якая дазволіць застацца ім разам. Гэта вельмі важна, таму што ў Беларусі няма і ніколі не было механічнай раздачы дзяцей па сем’ях.
Прафесійным брэндам беларускіх спецыялістаў па сямейным уладкаванні заўсёды было грунтоўнае прадумванне маршруту жыццеўладкавання дзіцяці, узважванне ўсіх рызык і рэсурсаў. Мы не раздатчыкі дзяцей, мы ацэншчыкі. Мы ацэньваем магчымасці сям’і і патрэбы дзіцяці. І калі гэтыя дзве намінацыі сыходзяцца ці ў нас ёсць надзея на тое, што яны сыдуцца, то, зразумела, мы адабраем такое сямейнае ўладкаванне.
Спецыялістаў па сямейным уладкаванні часта называюць спецыялістамі па траўме, спецыялістамі па трагедыі і страце. Але разам з тым мы спецыялісты і па шчасці, таму што наша задача пасля чорнай паласы, якая была ў жыцці дзіцяці, звязанай са стратай яго роднай сям’і, — даць яму магчымасць жыць у сямейным дабрабыце, спакоі, камфорце, клопаце, доглядзе, сярод прыстойных людзей. Канечне, бываюць і памылкі, сітуацыі няўдалага змяшчэння дзяцей у сям’ю. Значыць, нешта не да канца ўсвядомілі ў аналізе, значыць, нешта не да канца выявілі, значыць, праігнаравалі значэнне нейкага траўміруючага фактару, пэўнага негатыўнага ўздзеяння, пралічыліся. Але тое, што маршрут жыццеўладкавання кожнага дзіцяці дэталёва пралічваецца і што ў Беларусі няма “сляпой” раздачы дзяцей па сем’ях, — гэта адназначна.

— Гэта праўда, што кожнае трэцяе ўсынаўленне ў Беларусі адбываецца з прыёмнай сям’і?
— Гэта праўда, і ў далейшым гэты працэс будзе павялічвацца. Таму што дзяцей у дзіцячых дамах і школах-інтэрнатах, якія падлягаюць усынаўленню, з кожным годам становіцца ўсё менш, а колькасць дзяцей, якія падлягаюць усынаўленню і пры гэтым знаходзяцца на садружных формах сямейнага ўладкавання, застаецца вялікай.
Лічу вялікім дасягненнем Міністэрства адукацыі, Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення, упраўленняў адукацыі фарміраванне прафесійнага дзетацэнтрысцкага стаўлення прыёмных бацькоў да гэтага пытання. Сучасныя прафесійныя прыёмныя бацькі, калі надыходзіць час перадаць прыёмнае дзіця ў сям’ю ўсынавіцеляў, кажуць: “Мы рады, што змаглі дапамагчы дзіцяці, калі яно мела ў гэтым вострую неабходнасць. Мы рады, што для яго знайшлася пастаянная сям’я, таму што мы былі яму сям’ёй толькі на тэрмін працоўнага дагавора”. Гэта людзі, якія жывуць у ладзе з сістэмай, з самімі сабой, і гэта сапраўдныя прыёмныя бацькі, якія да дзіцяці ставяцца як да самай вялікай каштоўнасці і цёплымі любячымі рукамі перадаюць сваё прыёмнае дзіця ў іншыя вельмі няўмелыя спачатку, але таксама любячыя рукі ўсынавіцеляў.
Усынавіцелі адчуваюць вялікую павагу да прыёмных бацькоў. Часта дзівяцца таму, як тыя літаральна сэрцам дакранаюцца да праблем прыёмнага дзіцяці, ствараюць для яго ўсе магчымыя ўмовы, аддаюць усё самае лепшае, каб потым, утойваючы слёзы, перадаць яго ў сям’ю ўсынавіцеляў. Я з вялікай гордасцю кажу пра тое, што сёння нашы ўсынавіцелі і прыёмныя бацькі часта падтрымліваюць цесныя сувязі, віншуюць адно аднаго з днём нараджэння, сябруюць дамамі. Лічу гэта нармальнымі чалавечымі зносінамі, вельмі гуманнай чалавечай практыкай, калі любячыя людзі робяць усё на карысць дзіцяці, якое мае ў гэтым патрэбу.

— Лагічна меркаваць, што асаблівыя патрабаванні прад’яўляюцца не толькі да ўсынавіцеляў, але і да прыёмных бацькоў, якія часова аказваюць прафесійны сямейны клопат?
— Прыёмныя бацькі — гэта людзі, якія наймаюцца на тэрміновы працоўны дагавор, працуюць з тым бюджэтным сацыяльным пакетам, які сёння дзяржава прадастаўляе любому работніку. Тым не менш гэта людзі, якія працуюць дома, у сябе дома, і якія павінны адпавядаць дастаткова высокім патрабаванням. Чаго б мы, спецыялісты сістэмы, хацелі ад прыёмных бацькоў? Перш за ўсё эмацыянальнай сталасці і стойкасці. Работа прыёмных бацькоў вельмі нялёгкая. На сёняшні дзень функцыі сям’і кардынальна змяніліся, але засталася такая шырока развітая, як цяпло, клопат, эмацыянальнае прыняцце. Каб у сям’і атрымліваць эмацыянальнае адабрэнне, падбадзёрванне, адчуваць цяпло, клопат, камфорт. Гэта тое, чым павінны забяспечваць дзіця прыёмныя бацькі. А прыёмнымі бацькамі амаль у 95% выпадкаў у нас з’яўляюцца жанчыны. І калі мама не жыве ў гармоніі з сабой, калі фіксуецца на негатыве, выгарае ад стомленасці, не атрымлівае станоўчых эмоцый, знаходзіцца ў маркоце, то пакутуюць усе члены сям’і, а ў першую чаргу дзеці.
Хтосьці з прыёмных бацькоў лічыць, што яму ўдзяляюць мала ўвагі, хтосьці думае, што яго правы недзе не зусім улічылі, не прыслухаліся да яго меркавання. Ад сябе асабіста хачу сказаць, што спецыялісты, якія працуюць з замяшчальнымі сем’ямі, адкрытыя да дыялогу. Яны заўсёды могуць выслухаць, яны заўсёды гатовы да канструктыўнага абмену думкамі, і форум — гэта пляцоўка для таго, каб паслухаць меркаванні людзей, якія жывуць ва ўмовах сямейнага замяшчальнага клопату. Так ці інакш у нашых супрацоўнікаў у асноўным нарматыўныя сем’і, звычайныя біялагічныя сем’і. А наша праца звязана з пошукам лепшых спосабаў работы з сем’ямі, якія замяшчаюць біялагічных бацькоў. Я магу прызнаць, што, магчыма, не ўсе працэсы мы да канца разумеем, паколькі не ўнутры гэтых працэсаў знаходзімся. Мы знаходзімся побач.
Форум нацэлены менавіта на тое, каб мы зразумелі, як лепш працаваць з прыёмнай сям’ёй, якія ў яе ёсць патрэбы, якім мы, магчыма, не надавалі асаблівага значэння. Мы перагледзім сваю работу. Мы хочам, каб замяшчальныя бацькі адкрылі нам усе карты, паведамілі нам пра тыя праблемы, аб існаванні якіх мы, магчыма, нават не здагадваліся. А да прыёмных і замяшчальных сем’яў патрабаванне адно — эмацыянальнае прыняцце, талерантнасць, павага да спецыялістаў ведамства. Таму што мы апрыёры з вялікай павагай ставімся да замяшчальных сем’яў, у першую чаргу таму, што самі з’яўляемся біялагічнымі. Нас здзіўляюць праяўленне сілы чалавечага духу, цэльнасць натур прыёмных мам, апекуноў, усынавіцеляў. Гэта людзі з вялікай літары! Нам вельмі хацелася б, каб прыёмныя бацькі былі разам з намі, былі з намі заадно.

— Як шмат педагогаў сярод замяшчальных бацькоў?
— Педагогаў нямнога, але яны ёсць. І трэба сказаць, што педагогі на пасадах прыёмных бацькоў — гэта, напэўна, самыя вялікія і надзейныя памочнікі спецыялістаў. На сённяшні дзень сістэма работы з прыёмнымі замяшчальнымі сем’ямі дасягнула такіх вышынь, што многія прыёмныя бацькі могуць быць супервізарамі для пачынаючых спецыялістаў. Гэта дзіўная сітуацыя. Паколькі ў прыёмных бацькоў укладзена вельмі шмат сацыяльна-педагагічнай і псіхалагічнай увагі, яны прайшлі лепшыя трэнінгі, што праводзіліся ў сістэме адукацыі Рэспублікі Беларусь, яны пабывалі на лепшых курсах, што арганізоўваліся, напрыклад, Акадэміяй паслядыпломнай адукацыі, інстытутамі развіцця адукацыі, яны слухалі лепшых лектараў, яны маюць магчымасць удзельнічаць у інтэрнэт-дыскусіях, іх вопыт пастаянна аналізуецца — яны проста скарбніца вопыту. І наша задача сёння не разглядаць прыёмных бацькоў як вечных вучняў, якія вучацца выхоўваць дзяцей з асаблівым лёсам. Усе мы вучымся адно ў аднаго. Многае ведаюць спецыялісты, але ўнутраныя працэсы, якія адбываюцца ў сям’і, ніхто не ведае лепш, чым самі замяшчальныя бацькі, асабліва мама, той чуллівы датчык, які ўлоўлівае самыя мінімальныя змяненні ў сваёй сям’і і імкнецца на іх адрэагаваць.
Трэба сказаць, што такі метад настаўніцтва мы ўжо даўно выкарыстоўваем. Нізкі паклон такім прафесіянальным замяшчальным бацькам, у прыватнасці Ніне Эдуардаўне Домніч. Гэта гаспадыня аднаго з мінскіх дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, вельмі вопытны спецыяліст. Яна выхавала вялікую колькасць дзяцей, а цяпер яе дачка са сваім мужам працуюць бацькамі-выхавальнікамі ДДСТ — гэта ўжо дынастыя замяшчальных бацькоў! На базе сям’і Ніны Домніч праходзяць стажыроўку будучыя ўсынавіцелі. У нас ёсць сямейныя пары, якія з-за ўзросту (больш за пяцьдзясят гадоў) і нюансаў заканадаўства не могуць усынавіць маленькіх дзяцей. Больш лагічна было б у такую сям’ю уладкаваць дзіця сярэдняга школьнага ўзросту. Мы разумеем, што гэтае дзіця з памяццю, сваімі асобаснымі асаблівасцямі, са сваім успрыманнем жыцця. І ўзроставыя сем’і вельмі баяцца, вельмі трывожацца з-за гэтага. Гэта зусім іншае, чым узяць малыша і аб’явіць яму, што цяпер мы будзем жыць разам, і малыш пагодзіцца. Тут трэба выбудоўваць адносіны з 10—12-гадовым падлеткам. Мы разумеем, что людзі дзеляцца з намі самым патаемным і хочуць у адказ атрымаць кампетэнтную дапамогу і падтрымку. І мы ім кажам: “А давайце паспрабуем усынавіць больш дарослае дзіця!” У адказ: “Мы баімся: гэта ж так нялёгка — бунтары, не слухаюцца”. Тады мы кажам: “А давайце сходзім у сям’ю, дзе выхоўваюцца якраз такія дзеці — ад 8—10 гадоў і старэйшыя. Вы пабудзеце там і пагледзіце, як з імі там спраўляюцца дарослыя, як яны ўладкоўваюць іх быт, нават як праводзяць з імі вольны час”. Вялікі дзякуй Ніне Домніч, якая заўсёды адкрыта і прапаноўвае для наведвання сваю сям’ю, з вялікім жаданнем дзеліцца вопытам. Сем’і, якія прайшлі ў яе стажыроўку, бязмерна ёй удзячны, бо ўбачылі, што абсалютна спакойна можна рэагаваць на пратэстны настрой падлеткаў, цалкам шчасліва з імі жыць, адчуваць радасць бацькоўства, дзіцяча-бацькоўскіх зносін і жыць у ладзе з самімі сабой.

— У кожнай сям’і, дзе расце прыёмнае дзіця, непазбежныя пытанні, звязаныя з яго сацыялізацыяй. Ці можна вылучыць топ самых актуальных такіх пытанняў?
— Памыляюцца тыя, хто думае, што ўсынавілі дзіця і забыліся пра ўсе свае беды і праблемы. Гэта не так. Растуць дзеці — і павялічваюцца ці мяняюцца праблемы, таму што бацькоўства — гэта такі інстытут, які беспраблемным ніколі не быў. А замяшчальнае бацькоўства вельмі сур’ёзная жыццёвая практыка, якая патрабуе ад дарослых вялікіх кампетэнцый, вельмі шырокіх ведаў і навыкаў, ведання, як сябе паводзіць з дзіцем, як размаўляць з ім на вельмі складаныя тэмы, якіх у гутарках звычайных сем’яў не сустрэнеш. Мысленне дзяцей эгацэнтрычнае. Яны лічаць, што крыніцамі ўсіх праблем па жыцці з’яўляюцца яны самі. На самай справе гэта вялікая дзіцячая памылка. Віны дзіцяці ў тым, што яно засталося без апекі бацькоў, няма. Як зрабіць так, каб дзіця не крыўдзілася на сваё мінулае? Таму што крыўда — гэта віна, а віна — гэта агрэсія. Гэты ланцужок — крыўда, віна, агрэсія — мы наогул хацелі б выключыць з жыцця людзей, асабліва з дзіцяча-бацькоўскіх зносін. Мы хацелі б, каб замяшчальных бацькоў таксама не адольвалі пакутлівыя перажыванні наконт таго, што мінулае дзіцяці, на жаль, змяніць нельга. Мы можам змяніць сучаснае і будучыню, а мінулае мы павінны прымаць — спакойна, вытрымана і паважліва.
Першае пытанне, якое хвалюе прыёмных бацькоў, — гэта тое, як пойдзе ў постсямейны этап іх дзіця, з чым яно на яго выйдзе, ці справіцца з новымі ўмовамі жыцця, ці будзе яно настолькі ж паслухмяным і ўважлівым або ў першы ж дзень свайго жыцця ў інтэрнаце каледжа ці тэхнікума пагубляе ўсе рэчы, “прафукае” ўсе грошы і забудзецца патэлефанаваць прыёмным бацькам, каб паведаміць пра свае справы. А раптам яму не спадабаецца прафесія ці яно звяжацца з нядобранадзейнай кампаніяй?
Кожная замяшчальная сям’я хоча прывіць свайму дзіцяці імунітэт для ўстойлівасці, для таго, каб дзіця не паддавалася спакусам, якія цалкам могуць з’явіцца ў яго жыцці. Тое, што трывожыць сёння прыёмных бацькоў, — што будзе з іх дзецьмі на наступнай ступені адукацыі, што будзе з імі, калі пасля 9 ці 11 класа яны пакінуць сям’ю. Прыёмная сям’я, нават перастаўшы выконваць працоўныя абавязкі, сваю аплачваемую работу, працягвае настаўніцтва, падтрымку гэтага дзіцяці на працягу многіх гадоў жыцця. Мне надта спадабалася фраза вельмі вопытнай маці-выхавальніцы Рыты Уладзіміраўны Кундзікавай з Клічаўскага раёна: “Дзіця не кузурка. Проста так з рукава не страсеш”. Гэта вельмі важны прынцып работы. Мы не разрываем адносіны з дзецьмі пасля заканчэння працоўнага кантракта. Практыка не пацвярджае, што, як толькі скончыліся працоўныя гадзіны, сувязі з дзіцем перапыняюцца. Замяшчальныя бацькі і дзеці застаюцца вельмі блізкімі людзьмі. І вяселлі робяць, і дзяцей дапамагаюць гадаваць, і ў вырашэнні розных праблемных момантаў удзельнічаюць. Усведамленне таго, што ў іх ёсць на гэтым свеце блізкія людзі ў выглядзе былых замяшчальных бацькоў, вельмі дапамагае прыёмным дзецям у далейшым жыцці.

— Для сямей з прыёмнымі дзецьмі адукацыя часта становіцца вельмі сур’ёзным выпрабаваннем на трываласць. Чаму?
— Я баюся быць неаб’ектыўнай у гэтым пытанні. Я не стаю з крэйдай каля дошкі. Я не настаўніца, у класе якой ёсць дзеці з прыёмных сямей. Каб адказаць на гэтае пытанне, трэба размаўляць з настаўнікамі, якія працуюць з такімі дзецьмі штодзённа і штогадзінна. Па тых сведчаннях, якія мы атрымліваем, па вопыце прыёмных бацькоў, па публікацыях, якія ёсць у інтэрнэце, — так, ёсць вялікія праблемы. Беларуская школа — высоканарматыўны інстытут. Гэта інстытут разумнай патрабавальнасці, дасканалай работы з дзецьмі. Настаўнікі вельмі патрабавальныя, паколькі разумеюць: жыццёвы маршрут дзіцяці будуецца пачынаючы са школы і нават дзіцячага садка. Калі ў школу ці дзіцячы садок прыходзіць дзіця з парушаным вектарам узаемадзеяння з навакольным светам, таму што яно вырасла ў сям’і, дзе не ўмелі спраўляцца з жыццём, дзіця адчувае складанасці ў першую чаргу ў канцэнтрацыі ўвагі, таму што яму па вечарах не чыталі кніжкі, разам з бацькамі яно не расфарбоўвала малюнкі, не вучылася, як правільна сябе паводзіць у грамадстве. Нізкая канцэнтрацыя ўвагі — гэта нізкая ўседлівасць, а гэта, у сваю чаргу, невялікі аб’ём памяці. А маўленчае развіццё? Яно ж фарміруецца менавіта тады, калі маці з дзіцем размаўляе з першых дзён яго жыцця. А хто размаўляў, развіваў “адказніка” ў раддоме? Ніхто яму не дэманстраваў, што ён прыйшоў у гэты свет на радасць усім. Адсюль і велізарныя праблемы ў вучэбнай дзейнасці, паводзінах.
Дзеці з замяшчальных сем’яў увесь час правяраюць межы дазволенага, быццам спецыяльна выводзячы з сябе дарослых і такім чынам тэсціруючы, як яны будуць сябе паводзіць у стаўленні да яго, калі яно становіцца зусім невыносным. Такім чынам гэтыя дзеці хочуць упэўніцца ў тым, што, нягледзячы на іх паводзіны, дарослыя ўсё роўна будуць побач, не кінуць іх. Прыёмным бацькам вельмі няпроста. Ім даводзіцца ўвесь час даказваць і пераконваць такіх дзяцей у тым, што яны добрыя, надзейныя і ім можна давяраць.

— Нацыянальны цэнтр усынаўлення амаль два гады стварае газету для замяшчальных бацькоў і спецыялістаў па сямейным уладкаванні “Домой!”. Ці стала газета той пляцоўкай, тым рэсурсам вопыту, якой першапачаткова яна задумвалася?
— Так, стала. Больш за тое, мы кожны раз знаходзім новыя ракурсы, новыя рубрыкі, дыскусіі. Гэтыя дыскусіі працягваюцца і на старонках газеты, і ў інтэрнэт-прасторы, на форумах. Асабіста для мяне гэтая газета з’яўляецца жамчужынай. Я адчуваю велізарнае задавальненне, калі яна выходзіць, мне вельмі падабаецца чытаць яе нумары, рабіць яе разам з калегамі. Над ёй працуе ўвесь калектыў. І я бачу, што газета стала сродкам данясення сваёй пазіцыі да вялікай колькасці людзей. Гэта цудоўна! Я бачу, як органы кіравання адукацыяй імкнуцца са сваімі матэрыяламі трапіць у нашу газету. Перадача вопыту з вуснаў у вусны традыцыйнымі метадамі, напаўненне папак метадкабінета — учарашні дзень, мінулае стагоддзе. Быць у трэндзе апошніх падзей, быць кампетэнтным, ведаць, што робіцца ў суседзяў, параўноўваць свой вопыт з надрукаваным, — тое, што сёння можа рабіць кожны спецыяліст. Карыстаючыся выпадкам, я прашу ўсіх кіраўнікоў, у навучальных установах якіх вучацца дзеці з замяшчальных сем’яў: калі ў вас ёсць мэта дапамагчы ім упісацца ў грамадства — чытайце газету “Дамой!”. У газеты вялікі патэнцыял. Асабіста для мяне гэтая газета — самы значны, самы магутны праект за гады работы ў Нацыянальным цэнтры ўсынаўлення. Ні ў адной краіне, з якой мы ўзаемадзейнічаем, такіх газет няма. Мы вывучалі англійскі вопыт. Там служба па сямейным уладкаванні Вялікабрытаніі раз у квартал выпускае бясплатны бюлетэнь фармату А4, які атрымае і прачытае толькі той, хто дойдзе да гэтага бюро. У Расіі, Украіне, Казахстане і Малдове падобнай газеты няма! Усе нашы замежныя калегі дзівяцца, што ў Беларусі ёсць такое высокапрафесійнае выданне. Газета — гэта наш голас, гэта наша практыка, рэальнае пацвярджэнне прафесіяналізму людзей, якія задзейнічаны ў яе стварэнні, а гэта і замяшчальныя сем’і, і спецыялісты.

— Сёлета ўпершыню прайшоў фестываль сем’яў усынавіцеляў. Ці можна сёння казаць пра тое, што ён стане традыцыйным? Якія зроблены вывады, ці будуць яны ўлічаны пры правядзенні наступнага фестывалю?
— Фестываль у наступным годзе будзе, але будзе праведзены ў крыху іншым фармаце. Кажучы шчыра, мы здзівіліся патэнцыялу гэтага фестывалю. І мы вырашылі выйсці за рамкі Нацыянальнага цэнтра ўсынаўлення. Упэўніўшыся, што ў нас атрымліваецца і што ўсынавіцелі адгукаюцца паўдзельнічаць у ім, мы шукалі і знаходзілі спецыялістаў, моцных псіхолагаў, вельмі цікавых спецыялістаў па арганізацыі вольнага часу. Вынікі і водгукі ўдзельнікаў былі ўнікальнымі, але мы пойдзем далей. У якасці вядучых мы будзем запрашаць ужо не спецыялістаў, а тых усынавіцеляў, якія назапасілі такі вопыт, што могуць ім падзяліцца з іншымі. Мы будзем запрашаць у якасці трэнераў прыёмных і замяшчальных бацькоў. Мы будзем запрашаць на фестываль прадстаўнікоў сістэмы і пакажам, як нестандартна, творча, інавацыйна можна працаваць з замяшчальнымі сем’ямі.

Марына ПЫРКОВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.