Сусветны банк выдзеліў Міністэрству адукацыі грант на развіццё розных напрамкаў айчыннай сістэмы адукацыі. Сярод сённяшніх прыярытэтных напрамкаў супрацоўніцтва — вывучэнне і ўкараненне розных мадэлей фінансавання школы, матэрыяльна-тэхнічнае аснашчэнне ўстаноў адукацыі, правядзенне незалежнай ацэнкі якасці адукацыі. Пра гэта на брыфінгу ў Міністэрстве адукацыі паведамілі намеснікі міністра адукацыі Сяргей Руды і Раіса Сідарэнка.
Як расказалі ў Міністэрстве адукацыі, грант выдзелены па тэме “Умацаванне сістэмы доказна-абгрунтаванага фарміравання палітыкі для рэфармавання сектара адукацыі ў Рэспубліцы Беларусь”. У цяперашні час прынята і рэалізуецца стратэгія партнёрства Сусветнага банка для Рэспублікі Беларусь на 2014—2017 гады, якая ў ліку іншага прадугледжвае аказанне садзейнічання для развіцця сектара адукацыі. Мэта гранта заключаецца ў прадастаўленні тэхнічнай дапамогі і фінансаванні кансультацыйных мерапрыемстваў па азнаямленні беларускіх спецыялістаў з перадавым сусветным вопытам у розных сферах.
— Міністэрствам адукацыі сумесна з Сусветным банкам распачата і працягваецца зараз работа па ўдасканаленні асобных механізмаў нацыянальнай сістэмы адукацыі, — адзначыў Сяргей Руды. — Сусветны банк аказвае пэўную дапамогу, мы выпрацоўваем сумесна са спецыялістамі, якіх прыцягваем за кошт сродкаў Сусветнага банка, стратэгію развіцця асобных напрамкаў развіцця сістэмы адукацыі. У прыватнасці — у сферы вывучэння розных варыянтаў фінансавання сістэмы адукацыі, прымянення іх Рэспублікай Беларусь, прымянення розных варыянтаў ацэнкі якасці ў сістэме адукацыі, збору статыстычных даных па сістэме адукацыі і іншыя пытанні, якія мы лічым неабходным развіваць з улікам міжнароднага вопыту. Першым вынікам работы з’явілася падпісанне ў снежні 2014 года гранта, які прадаставіў Сусветны банк для першачарговых работ па названых напрамках. Так, частка сродкаў гранта, да работы па якім мы прыступілі з 1 студзеня, прадугледжана для вывучэння вопыту, правядзення кансультацый і аказання дапамогі па ўкараненні нарматыўнага фінансавання. З 1 студзеня ва ўсіх школах Баранавіч, а таксама асобных школах у абласцях распачаты эксперымент па ўкараненні нарматыўнага фінансавання.
Акрамя таго, грант з’яўляецца першым крокам па далейшым развіцці інвестыцыйных праектаў у адукацыі Рэспублікі Беларусь і Сусветнага банка. На сённяшні дзень першы такі праект распрацоўваецца. Галоўнай задачай гэтага праекта мы бачым удасканаленне матэрыяльна-тэхнічнай базы шэрага школ. На сённяшні дзень вызначаны пералік са 150 такіх школ у малых гарадах і сельскай мясцовасці краіны. Гэта тыя школы, дзе, як мяркуецца, адбудзецца павелічэнне колькасці навучэнцаў. Плануецца, што Сусветны банк будзе прадастаўляць адпаведныя сродкі, каб мы праводзілі капітальны рамонт і аснашчалі гэтыя школы сучасным абсталяваннем. Плануецца, што з 1 студзеня 2016 года першыя 22 школы, якія ўжо распрацавалі праектную дакументацыю, змогуць пачаць рамонтныя работы, — дадаў намеснік міністра.
Сёння прапрацоўваюцца парадак атрымання гэтай дапамогі і канкрэтны пералік устаноў, якія могуць атрымаць гэтую дапамогу. У цэлым у рамках першага інвестыцыйнага праекта гаворка ідзе аб атрыманні дапамогі ў памеры 50 млн долараў.
Як расказала далей Раіса Сідарэнка, яшчэ адзін з напрамкаў дзейнасці з Сусветным банкам — гэта маніторынг якасці адукацыі.
— У нашай краіне маніторынг якасці адукацыі ажыццяўляецца штогод Нацыянальным інстытутам адукацыі, — адзначыла Раіса Станіславаўна. — Але мы, напэўна, адзіная краіна сярод суседніх, якая не прымае ўдзелу ні ў адной з незалежных сістэм ацэнкі якасці. Таму прынята рашэнне, што ў найбліжэйшы час Беларусь будзе рыхтавацца да ўдзелу ў незалежнай ацэнцы якасці адукацыі. Плануецца, што ацэнка якасці сістэмы адукацыі будзе праводзіцца па сістэме PISA. Галоўная праблема нашай школы ў тым, што навуковыя веды, якія атрымліваюць навучэнцы падчас вучобы, яны не могуць прымяніць на практыцы. PISA скіравана якраз на тое, каб вызначыць, наколькі падрыхтаваны вучань да жыцця і прымянення ў жыцці атрыманых ведаў. Мяркуецца, што ў 2018 годзе мы зможам прыняць удзел у гэтым даследаванні. Гаворка ідзе аб далучэнні нашай краіны ў 2018 годзе да Міжнароднай праграмы па ацэнцы адукацыйных дасягненняў навучэнцаў 15-гадовага ўзросту. Гэта дапаможа нам убачыць сябе на фоне іншых краін. З дапамогай Сусветнага банка мы можам прыцягнуць спецыялістаў для кансультацый, якія ўжо сёння працуюць у сістэме PISA. Дарэчы, і апошні маніторынг якасці адукацыі, які праводзіў Нацыянальны інстытут адукацыі, праходзіў па новай мадэлі з улікам практыка-арыентаванасці тых ведаў, якія атрымліваюць нашы навучэнцы.
Удзел у такім праекце дасць магчымасць усёй краіне — спецыялістам, бацькам, дзецям — ацаніць сістэму адукацыі на фоне іншых краін свету.
Алена МАРКЕВІЧ.