У Беларусі робяць усё магчымае, каб дзеці жылі ў міры і ганарыліся сваёй краінай

- 10:43Актуально, Апошнія запісы

Учора ў Палацы Незалежнасці ўпершыню па ініцыятыве і пад патранатам Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі адбыўся навагодні баль-маскарад для самых паспяховых маладых дзяўчат і хлопцаў з усёй краіны. На свята былі запрошаны навучэнцы і студэнты, якія дасягнулі асаблівых поспехаў у вучобе, творчасці і спорце. У мерапрыемстве прыняў удзел кіраўнік дзяржавы.

“У Беларусі робяць усё магчымае, каб дзеці жылі ў міры і ганарыліся сваёй краінай. Я шчыра рады ў такой святочнай атмасферы вітаць вас — лепшых, разумных, тых, якія падаюць вялікія надзеі, зусім яшчэ маладых людзей, — звярнуўся да прысутных Аляксандр Лукашэнка. — Для нас вельмі важна сёння ўбачыць тут будучых зорак, будучых навукоўцаў. Для гэтага мы стваралі фонды па падтрымцы таленавітай, адоранай моладзі. І вельмі многія тут сёння прысутнічаюць”.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на навагодняе свята ў Палац Незалежнасці запрошаны лепшыя прадстаўнікі маладога пакалення. Гэта стане новай традыцыяй. “Любая краіна моцная традыцыямі. Хай гэта маленькая традыцыя, але яна застанецца, ад яе ўжо не адыдзе ні адзін прэзідэнт, які прыйдзе ў гэты будынак пасля мяне. І тая моладзь, якая пасля вас сюды прыйдзе, заўсёды будзе рада прысутнічаць у пераднавагоднія святы ў галоўным палацы нашай краіны”, — перакананы Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што хто-небудзь з прысутных у будучыні абавязкова апынецца ў цэнтры палітычнага жыцця. Можа, нехта ўжо цяпер мае намер стаць палітыкам. “Толькі ўлічыце: трэба вельмі шмат працаваць, а галоўнае — вучыцца. Я не хачу павучаць вас, гаварыць вам, што трэба добра вучыцца, на “дзясяткі” і “дзявяткі”, хадзіць на секцыі і іншае. Але скажу адно: у жыцці трэба рабіць усё своечасова, — падкрэсліў прэзідэнт. — Калі вы зараз павінны атрымаць адукацыю, вы яе павінны атрымаць менавіта цяпер, таму што заўтра ў вас будуць іншыя праблемы, адукацыю атрымліваць будзе позна. Будзеце рабіць усё своечасова — станеце паспяховымі”.

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што моладзь практычна ўсё ставіць пад сумненне. У той жа час ён прызнаўся, што і сам жыве па такім прынцыпе. “І не я яго прыдумаў. Гэта ідэя Карла Маркса, ён заўсёды завяшчаў: “Бяры ўсё пад сумненне”. Нельга ўспрымаць любую ідэю, навацыі ці прапановы злёту— бяры пад сумненне. Гэта не значыць, што ты адкінеш гэтую ідэю, думку. Гэта першы крок да таго, што ты будзеш асэнсоўваць гэтую ідэю. Ты яе асэнсуеш і потым прымеш рашэнне — быць ёй і табе ў гэтым працэсе, ці ты гэтую ідэю і гэты працэс для сябе адкінеш”, — растлумачыў прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяперашняе пакаленне нарадзілася і вырасла ў суверэннай, сучаснай, незалежнай Беларусі і не застала сапраўды цяжкі перыяд жыцця краіны. “Вы не ведаеце таго жыцця. Можа, нехта яго крылом неяк зачапіў, але не жылі ў той дзяржаве, у якой мы жылі. Добра тое, што вы грамадзяне сапраўды суверэннай, незалежнай краіны, якую вам сваімі рукамі ствараць”, — звярнуў увагу беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка заклікаў маладых людзей у будучыні працягваць той курс, па якім ідзе сённяшняе пакаленне. “Давайце будзем шчырыя: цяперашняе пакаленне стварыла гэтую краіну, гэтую дзяржаву, якую вам давядзецца ўдасканальваць і падладжваць, калі гэта будзе трэба, пад сябе. Толькі не ламайце”, — дадаў ён. Як адзначыў кіраўнік дзяржавы, сёння задача юных грамадзян — вучыцца, каб атрымаць добрую адукацыю. “Мы гаворым: IT-краіна, лічбавая эканоміка, майнінг, біткоіны і блокчэйн. Без найвышэйшай адукацыі ў гэтай сферы не абысціся, калі вы хочаце адбыцца ў гэтым жыцці”, — падкрэсліў прэзідэнт.

Ён нагадаў, што ў бягучым годзе быў прыняты шэраг рашэнняў па ўдасканаленні бізнес-заканадаўства. “Мы прынялі шмат рашэнняў, і выконваць іх будуць маладыя людзі, толькі вы, — заявіў Аляксандр Лукашэнка. — Можна было іх не прымаць і не ажыццяўляць гэтыя ідэі, але тады ўсё жыццё, увесь свет пройдзе міма нас, мы застанемся на ўзбочыне. Таму вельмі важна ў гэтым цяжкім, складаным жыцці прыстасавацца. Не, не стаць прыліпалай да чаго-небудзь і маўкліва ісці. Не. Прыстасавацца да гэтых працэсаў, асядлаць іх, падпарадкаваць сабе і рухацца наперад”.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што моладзь будзе любіць і шанаваць сваю краіну. “Толькі тут вы можаце адбыцца ў поўным аб’ёме як людзі, таму што карані вашы закапаны тут. Не спяшайцеся, паспрабуйце знайсці сябе. А калі хтосьці, з’ехаўшы, атрымае веды там, памятайце, дзе вы нарадзіліся. Вам трэба вярнуцца, аддаць доўг гэтай зямлі і зрабіць усё для таго, каб яна была больш прыгожай. Там нас ніхто не чакае. Там мы будзем памагатымі, і з мільёна адзін чалавек, наш беларус, можа там адбыцца як самастойная асоба, — даваў наказ маладым людзям прэзідэнт. — Таму шануйце свой край, любіце сваю зямлю і памятайце, што на ёй жыць не толькі вашым дзецям і ўнукам, але і ўсім вам”.

Аляксандр Лукашэнка павіншаваў маладых людзей з надыходзячым Новым годам і пажадаў ім заставацца заўсёды такімі ж таленавітымі і разумнымі, якімі яны з’яўляюцца цяпер.

У навагодняй сустрэчы з кіраўніком дзяржавы прынялі ўдзел 250 маладых людзей, з якіх 190 — студэнты вышэйшых навучальных устаноў, у тым ліку з рэгіёнаў, 60 — навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай, прафесійна-тэхнічнай і агульнай сярэдняй адукацыі. У іх ліку пераможцы міжнародных і рэспубліканскіх алімпіяд, конкурсаў і спаборніцтваў, творчых фестываляў, лідары маладзёжных парламентаў, актывісты БРСМ, валанцёры, лаўрэаты спецыяльных фондаў прэзідэнта. Сярод іх навучэнец 11 класа гімназіі № 2 Магілёва Аляксандр Кернажыцкі, які стаў пераможцам Міжнароднай алімпіяды па інфарматыцы, што сёлета праходзіла ў Іране, а таксама навучэнец 10 класа сярэдняй школы № 18 Магілёва Данііл Шаройкін, які стаў пераможцам рэспубліканскага этапу конкурсу навуковых эколага-біялагічных работ. Абодва юнакі адзначылі, што ім вельмі прыемна трапіць на такое мерапрыемства. З аднаго боку, гэта прэстыжна, з другога — натхняе на новыя дасягненні, атрыманне ведаў і прафесійны рост у будучыні.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота БелТА.