У Беларусі створана і дзейнічае эфектыўная сістэма падтрымкі маладых талентаў

- 10:46Актуально, Апошнія запісы

29 мая ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбылася ўрачыстая сустрэча намесніка Прэм’ер-міністра Рэспублікі Беларусь Васіля Жарко з навучэнцамі і студэнтамі — пераможцамі міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатамі і стыпендыятамі спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў, студэнтаў і таленавітай моладзі.

Больш за 6 тысяч чалавек уключаны ў інтэграваны банк даных адоранай і таленавітай моладзі Беларусі. “У Беларусі створана і дзейнічае эфектыўная сі-стэма падтрымкі маладых талентаў. Гэта інтэлектуальная творчая эліта, таленты і працавітасць якой не перастаюць здзіўляць”, — адзначыў Васіль Жарко.

У холе на першым і другім паверхах Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі размяшчалася выстава інтэлектуальных і творчых дасягненняў лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў. У прыватнасці, Мікіта Хадаронак з сярэдняй школы № 3 Беразіна прадставіў ультрагукавое прыстасаванне для невідушчых, якое прызначана дапамагаць ім рухацца па горадзе. Прадстаўніцы Мінскага дзяржаўнага архітэктурна-будаўнічага каледжа Вікторыя Клімава і Яна Лазарчык дэманстравалі макеты жылых дамоў (індывідуальнага і сядзібнага тыпаў) з нестандартнымі аб’ёмна-планіровачнымі рашэннямі.

Вынікі сваёй навуковай дзейнасці прадстаўляла навукова-творчае студэнцкае бюро “Гарняк” факультэта горнай справы і інжынернай экалогіі БНТУ (навуковы кіраўнік Р.А.Басалай). Сярод асноўных напрамкаў яго дзейнасці — распрацоўка горных машын і абсталявання, экалагічнае забеспячэнне ў горнай прамысловасці. БДУ дэманстраваў дзейнасць студэнцкай навукова-даследчай лабараторыі “Структура і дынаміка біяразнастайнасці”, якая займаецца распрацоўкай вызначальнікаў жывёл для размяшчэння ў сеткавым доступе.

Не менш уражвалі і творчыя дасягненні нашай моладзі. Работы выхаванцаў Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, студэнтаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў здзіўлялі глыбінёй і разнастайнасцю вобразаў.

“Прэзідэнтам Беларусі, урадам праводзіцца мэтанакіраваная палітыка па абароне правоў і законных інтарэсаў дзяцей і моладзі, стварэнні неабходных умоў для развіцця творчага і інтэлектуальнага патэнцыялу, — сказаў віцэ-прэм’ер. — У краіне створана стабільная сістэма падтрымкі інстытутаў сям’і, мацярынства і дзяцінства, дзяцей і моладзі, якая прызнана адной з самых эфектыўных сярод краін СНД. Сведчанне таму — дзейнасць спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў і па падтрымцы таленавітай моладзі”.

Па даручэнні кіраўніка дзяржавы ў гэтым годзе распрацавана і зацверджана праграма дзеянняў, накіраваная на актывізацыю работы па пошуку і прасоўванні таленавітай моладзі.

Намеснік прэм’ер-міністра расказаў, што ў мінулым годзе са спецыяльнага фонду прэзідэнта па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў былі заахвочаны больш за 2 тысячы маладых людзей, звання лаўрэата ўдастоены 71, а ўзнагародамі спецыяльнага фонду прэзідэнта па падтрымцы таленавітай моладзі адзначаны больш за 100 чалавек і 17 творчых калектываў. Вышэйшую ўзнагароду — гран-пры са званнем лаўрэата — атрымалі 20 намінантаў.

Залатыя медалі на маладзёжных Дэльфійскіх гульнях заваявалі Валерыя Шапялевіч і Лія Ганчарук, гран-пры Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2017” удастоена Марыя Магільная, уладальнікам гран-пры Міжнароднага музычнага конкурсу ў Францыі стаў фартэпіянны дуэт Настассі і Дар’і Лукашэнка, першую прэмію Міжнароднага конкурсу юных скрыпачоў у Бельгіі атрымала Аляксандра Арбузава. “І такіх прыкладаў, калі беларуская моладзь атрымлівае высокія ўзнагароды на прэстыжных міжнародных алімпіядах і конкурсах, мноства”, — заўважыў Васіль Жарко.

Асаблівыя словы ўдзячнасці віцэ-прэм’ер выказаў педагогам і бацькам, якія ўкладваюць душу і прафесіяналізм у сваіх выхаванцаў, разам радуюцца поспехам і дапамагаюць пераадольваць цяжкасці. “Упэўнены, што ацэнка дзяржавай вашых заслуг стане важным стымулам для кожнага з вас і трывалым фундаментам для далейшага ўдасканальвання, а вашы веды, дасягненні і перамогі — дастойны ўклад у развіццё краіны”, — сказаў моладзі на заканчэнне Васіль Іванавіч Жарко.

Затым намеснік прэм’ер-міністра ўручыў навучэнцам і студэнтам — пераможцам міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэатам і стыпендыятам спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь нагрудныя знакі і пасведчанні лаўрэатаў спецыяльных фондаў Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, таленавітай моладзі.

Грашовыя прэміі і нагрудныя знакі “Лаўрэат спецыяльнага фонду Прэзiдэнта Рэспублiкi Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў i студэнтаў” атрымалі:

Ягор Дубовік, выпускнік гімназіі № 51 Гомеля, уладальнік залатога медаля XIII Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы (Казахстан, 2017), уладальнік залатога медаля 58-й Міжнароднай матэматычнай алімпіяды (Бразілія, 2017);

Фёдар Карабейнікаў, вучань 11 класа гімназіі № 51 Гомеля, уладальнік залатога медаля ХІІІ Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы (Казахстан, 2017);

Паліна Касцяневіч, выпускніца сярэдняй школы № 16 Мінска, уладальніца залатога медаля VII Міжнароднай алімпіяды экалагічных праектаў Golden Climate (Кенія, 2017);

Аляксей Харлап, вучань 11 класа гімназіі № 2 Бабруйска, уладальнік залатога медаля 51-й Міжнароднай Мендзялееўскай алімпіяды па хіміі (Казахстан, 2017);

Ян Чаравака, студэнт 5 курса Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта, уладальнік залатога медаля Міжнароднага форуму-конкурсу маладых вучоных “Праблемы нетракарыстання” (Расія, 2017);

Андрэй Шведаў, вучань 11 класа гімназіі № 41 Мінска імя В.Х.Сярэбранага, уладальнік залатога медаля XXIV Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных (Германія, 2017).

Гранд-прэміі і званне лаўрэата спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі былі ўручаны:

Аляксандры Арбузавай, вучаніцы Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэату першай прэміі ІХ Міжнароднага конкурсу юных скрыпачоў А.Грум’ё (Бельгія, 2016);

Ліі Ганчарук, вучаніцы Мінскага дзяржаўнага мастацкага каледжа імя А.К.Глебава, уладальніцы залатога медаля ХІІ маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД (Расія, 2017);

Дар’і Лукашэнка, вучаніцы дзіцячай музычнай школы мастацтваў № 10 імя Я.Глебава Мінска, уладальніцы 1-га месца і гран-пры Французскага музыкальнага конкурсу (Францыя, 2017);

Марыі Магільнай, вучаніцы магілёўскай гарадской гімназіі № 1, уладальніцы гран-пры XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2017” у рамках XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” (Беларусь, 2017);

Івану Маісені, вучню Рэспубліканскай гімназіі-каледжа пры Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, уладальніку гран-пры IX Міжнароднага конкурсу трубачоў (Балгарыя, 2017);

Валерыі Шапялевіч, вучаніцы Мінскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў, уладальніцы залатога медаля ХІІ маладзёжных Дэльфійскіх гульняў дзяржаў — удзельніц СНД (Расія, 2017);

Веры Шпакоўскай, выхаванцы прыватнага ўнітарнага прадпрыемства па аказанні паслуг “Балетная школа Вежнавец”, пераможцы Усерасійскага конкурсу юных талентаў “Сіняя птушка” (Расія, 2017).

Узнагароды лаўрэатам спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, уладальнікам сярэбраных і бронзавых медалёў міжнародных прадметных алімпіяд і конкурсаў уручыў старшыня савета спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, намеснік галоўнага ўрача па хірургічнай рабоце (кіраўнік Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра трансплантацыі органаў і тканак) 9-й гарадской клінічнай бальніцы Мінска, член-карэспандэнт, доктар медыцынскіх навук, прафесар, заслужаны ўрач Рэспублікі Беларусь Алег Алегавіч Румо.

Педагогі, якія выхавалі не адно пакаленне лаўрэатаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па сацыяльнай падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, атрымалі ганаровыя граматы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь. Іх з фармулёўкай “за добрасумленную плённую працу, высокае педагагічнае майстэрства, значны ўклад у развіццё здольнасцей адораных навучэнцаў і студэнтаў” уручыў міністр адукацыі Ігар Васільевіч Карпенка. Ганаровыя граматы атрымалі:

Таццяна Паўлаўна Амялькова, настаўніца геаграфіі гімназіі № 3 Магілёва;

Рыгор Антонавіч Басалай, старшы выкладчык кафедры “Горныя машыны” Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўніверсітэта;

Уладзімір Аляксандравіч Крыжэвіч, выкладчык Аршанскага дзяржаўнага механіка-тэхналагічнага каледжа;

Святлана Рыгораўна Піліпчык, настаўніца біялогіі сярэдняй школы № 5 Смаргоні;

Іван Анатольевіч Рускіх, кіраўнік навуковага аб’яднання навучэнцаў Рэспубліканскага цэнтра экалогіі і краязнаўства;

Таццяна Віктараўна Свірыдава, дацэнт кафедры неарганічнай хіміі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта;

Аляксандр Мікалаевіч Струк, настаўнік матэматыкі гімназіі № 51 Гомеля.

У сваім звароце да прысутных Аляксандр Мікалаевіч адзначыў, што працаваць з адоранымі навучэнцамі цікава і натхняльна. Талент педагога, яго зацікаўленасць заўсёды перадаюцца вучню. А.М.Струк вельмі любіць свой прадмет і сваіх вучняў. “Няма ўніверсальных тэхналогій і прыёмаў навучання. Ёсць карпатлівая, штодзённая і сістэмная сумесная праца настаўніка і вучня. Для навучэнца настаўнік заўсёды прыклад. Гэта трэба памятаць і мець на ўвазе кожны дзень”, — сказаў настаўнік матэматыкі гімназіі № 51 Гомеля.

Аляксандр Мікалаевіч падзякаваў за ўвагу і ўзнагароду, адзначыўшы пры гэтым немалаважную ролю ў станаўленні педагога адміністрацыі навучальнай установы, дзе ён працуе. “Калі адміністрацыя верыць і падтрымлівае вас, то вы зможаце рэалізаваць любую педагагічную ідэю. Мне ў гэтым плане пашчасціла. А меркай майго педагагічнага поспеху з’яўляюцца поспехі маіх вучняў. І вялікі дзякуй спецфонду прэзідэнта за падтрымку нашай таленавітай моладзі, дзякуючы яму колькасць здольных дзяцей толькі расце”, — заўважыў настаўнік.

Навучэнец 11 класа Канстанцін ШЫНКАРОЎ з сярэдняй школы № 30 Гомеля ў мінулым годзе стаў уладальнікам бронзавага медаля ХІV Міжнароднай канферэнцыі юных вучоных (Германія).

На міжнароднай канферэнцыі Канстанцін прадстаўляў работу ў секцыі па матэматыцы. Гэта той прадмет, які адразу спадабаўся школьніку, а яго настаўніца Таццяна Сцяпанаўна Даўжанок заўсёды была гатова дапамагчы. “Мяне вельмі падтрымлівала Таццяна Сцяпанаўна. Мы паўдзельнічалі ў абласным турніры юных матэматыкаў, дзе была адна задача, якую мы абагульнілі, а затым рашылі больш складаную. Вялікі ёй дзякуй, бо без яе дапамогі і падтрымкі я не справіўся б і не атрымаў бронзавага медаля”, — адзначыў Канстанцін. Цяпер юнак нацэлены на паступленне, і, зразумела, яго будучая прафесійная дзейнасць будзе звязана з матэматыкай, якой ён прысвячае амаль увесь вольны час.

Марыя МАГІЛЬНАЯ, вучаніца магілёўскай гарадской гімназіі № 1, уладальніца гран-пры XV Міжнароднага дзіцячага музычнага конкурсу “Віцебск-2017” у рамках XXVI Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску”.

Тыя, хто хоць раз чуў, як спявае Марыя, застанецца ў палоне яе голасу на доўгі час. Марыя вельмі творчая і працавітая дзяўчына, якая ўпэўнена ідзе за сваёй марай. І дапамагаюць ёй у гэтым найперш бацькі і, безумоўна, педагогі. Марыя вучыцца ў гімназіі, дзе пануе атмасфера творчасці з раніцы да вечара. Гэтая навучальная ўстанова славіцца высокімі дасягненнямі. Гімназісты пастаянна становяцца пераможцамі і прызёрамі шматлікіх творчых рэспубліканскіх і міжнародных конкурсаў. У навучальнай установе працуюць выдатныя педагогі па вакале, танцах, ігры на розных музычных інструментах. Прынамсі, такую ж вядомасць, як і Марыя, ужо мае і яе настаўніца па вакале Таццяна Мікалаеўна Галіноўская.

2017 год стаў для Марыі адметным і дзякуючы гран-пры на Міжнародным фестывалі Costa del Sol (Іспанія). Яна стала лаўрэатам І ступені на Міжнародным арт-фестывалі “Язерскі бісер” (Македонія) і ўладальніцай гран-пры Міжнароднага конкурсу дзіцячай творчасці “Базтаргай” (Казахстан). А хто сочыць за расійскім тэлепраектам “Голас. Дзеці”, той мог бачыць і чуць Марыю і там.

Данііл МЕЛЬНІЧЭНКА цяпер студэнт 1 курса ФПМІ БДУ, а ў мінулым годзе, калі быў навучэнцам Ліцэя БДУ, стаў уладальнікам бронзавага медаля ХІІІ Міжнароднай Жаўтыкаўскай алімпіяды па матэматыцы, фізіцы і інфарматыцы (Казахстан).

На алімпіядзе Данііл выйграў “бронзу” па інфарматыцы. “Інфарматыка для мяне набыла новы сэнс тры гады назад, хоць пачаў сур’ёзна займацца гадоў пяць назад”, — заў-важыў юнак. Трэба адзначыць, што Данііл пастаянна ўдзельнічаў у Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы з 9 па 11 клас, дзе ўсе разы выйграваў дыпломы. Каб дасягнуць такіх поспехаў, трэба, безумоўна, прыкладваць шмат намаганняў. Рыхтуючыся да алімпіяд, Данііл Мельнічэнка рашаў кантэсты па інфарматыцы па 5 гадзін. І гэта акрамя асноўнай вучобы.

Старт высокім поспехам хлопца быў дадзены ў гімназіі № 1 Мінска імя Францыска Скарыны, дзе ён вучыўся да 10 класа. Гэтая навучальная ўстанова таксама славіцца моцным педагагічным калектывам і шматлікімі дасягненнямі сваіх вучняў. Па словах Данііла, яго цікавасць да алімпіяд не знікла. Цяпер ён будзе ўдзельнічаць у студэнцкіх. Акрамя таго, ён асвойвае і новую для сябе ролю трэнера школьнай каманды Мінска для ўдзелу ў Рэспубліканскай алімпіядзе па інфарматыцы.

Вольга ДУБОЎСКАЯ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.