У Беларусі створана касмічная галіна

- 9:58Інфармацыйная гадзіна

Гэта адзначыў старшыня Прэзідыума НАН Беларусі акадэмік Уладзімір Гусакоў.

“На сённяшні дзень можна з упэўненасцю гаварыць аб стварэнні ў Беларусі касмічнай галіны, у якой задзейнічана больш за 20 навуковых і вытворчых арганізацый, дзе атрымалі работу амаль 4 тысячы кваліфікаваных спецыялістаў, сфарміравана буйная стратэгічная сістэма даследаванняў космасу”, — адзначыў старшыня. Ён падкрэсліў, што беларускія вучоныя і вытворцы яшчэ з часоў Савецкага Саюза актыўна ўдзельнічаюць у стварэнні новых матэрыялаў, оптыкі, электронікі, інфармацыйных тэхналогій касмічнага прымянення. У Акадэміі навук створана і паспяхова функцыянуе Агенцтва па касмічных даследаваннях, сфарміравана моцная каманда спецыялістаў.

Акадэмік паведаміў, што асноўным партнёрам Беларусі ў рамках супрацоўніцтва ў касмічнай сферы з’яўляецца Расія. “З задавальненнем можна адзначыць высокі ўзровень беларуска-расійскага супрацоўніцтва ў галіне даследавання і выкарыстання касмічнай пра­сторы ў мірных мэтах. Падпісанае ў 2011 годзе паміж урадамі дзвюх краін пагадненне аб су­працоўніцтве па даследаванні і выкарыстанні касмічнай прасторы ў мірных мэтах стварыла прававую аснову такога супрацоўніцтва. Высока ацэньваюцца вынікі шматгадовай плённай сумеснай дзейнасці расійскіх і беларускіх вучоных і спецыялістаў па стварэнні і эксплуатацыі касмічнай тэхнікі, рэалізацыі навукова-тэхнічных праграм Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы. За шматгадовы перыяд супрацоўніцтва склалася ўстойлівая расій­ска-беларуская навукова-тэхнічная і вытворчая кааперацыя ў касмічнай сферы”, — адзначыў Уладзімір Гусакоў.

Старшыня Прэзідыума НАН таксама паведаміў, што паспяховая рэалізацыя пяці пра­грам Саюзнай дзяржавы па касмічнай тэматыцы, заказчыкам якіх ад Беларусі выступала Акадэмія навук, стала тэхналагічнай асновай Беларускай касмічнай сістэмы дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі.