У Беларусі з’явяцца першыя інклюзіўныя школы

Напрыканцы ліпеня бягучага года міністр адукацыі зацвердзіў Канцэпцыю развіцця інклюзіўнай адукацыі асоб з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця ў Рэспубліцы Беларусь. Аб мэтах, задачах і прынцыпах развіцця такой адукацыі ў нашай краіне расказала начальнік аддзела спецыяльнай адукацыі Міністэрства адукацыі Антаніна Міхайлаўна ЗМУШКО.

Адукацыя для ўсіх

Першыя спробы стварэння Канцэпцыі развіцця інклюзіўнай адукацыі былі ў нашай краіне яшчэ ў 2010—2011 гадах. Але праект, нават ужо распрацаваны, не быў прыняты. У 2014 годзе з’явіўся новы яго варыянт. Яго надрукавалі ў СМІ, размясцілі на сайце asabliva.by і нарэшце прынялі. Канцэпцыя выклікала вялікую цікавасць з боку асоб, якія прадстаўляюць інтарэсы людзей з інваліднасцю. У склад рабочай групы па яе дапрацоўцы ўвайшлі прадстаўнікі грамадскіх аб’яднанняў.
“Канцэпцыя ўяўляе сабой сістэму поглядаў на тое, якой павінна быць інклюзіўная адукацыя, — адзначыла Антаніна Міхайлаўна. — Гэта не нарматыўны дакумент, але ў той жа час ён не адарваны ад рэчаіснасці, а інтэгруецца ў нашу адукацыйную сістэму, суадносіцца з Кодэксам аб адукацыі і іншымі нарматыўнымі прававымі дакументамі і можа быць рэалізаваны на практыцы”.Паняцце “інклюзіўная адукацыя” сёння ўнесена не толькі ў канцэпцыю, але і ў праект закона Рэспублікі Беларусь аб унясенні змяненняў і дапаўненняў у Кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адукацыі, які зараз абмяркоўваецца. Зараз распрацоўваецца праект дзяржаўнай праграмы развіцця адукацыі да 2020 года, дзе ёсць падпраграма па спецыяльнай адукацыі, у якой таксама вялікі блок прысвечаны інклюзіўнай адукацыі. Актуальнасць развіцця такой адукацыі абумоўлена і тым, што нядаўна наша краіна далучылася да Канвенцыі ААН аб правах інвалідаў.
Пры распрацоўцы канцэпцыі былі вывучаны адпаведныя дакументы краін блізкага замежжа. У 2010 годзе, напрыклад, прынята Канцэпцыя інклюзіўнай адукацыі ва Украіне. Аб тым, што ў школах могуць адкрывацца інклюзіўныя класы, упамінаецца і ў Законе Украіны аб агульнай сярэдняй адукацыі. У Расіі ў Законе аб адукацыі, які выйшаў у 2012 годзе, таксама з’явіўся тэрмін “інклюзіўная адукацыя”. Але канцэпцыі, падобнай да нашай, там няма. Хаця ёсць Закон Масквы аб адукацыі асоб з абмежаванымі магчымасцямі здароўя, дзе напісана, што яны маюць права на інклюзіўную адукацыю. Па сутнасці атрымліваецца, што ў гэтых краінах інтэграванае навучанне і выхаванне прыраўнавана да інклюзіўнай адукацыі. На погляд А.М.Змушко, гэта не зусім правільна.
У канцэпцыі нашай краіны сказана, што “пры інклюзіўнай адукацыі адукацыйны працэс арганізуецца такім чынам, што ўсе навучэнцы, незалежна ад сваіх асаблівасцей (псіхафізічных, культурных, сацыяльных, маўленчых і г.д.) і здольнасцей, уключаны ў агульную адукацыйную сістэму і навучаюцца ва ўстановах асноўнай і дадатковай адукацыі, якія ўлічваюць іх асаблівыя адукацыйныя патрэбы і аказваюць ім неабходную падтрымку”.
У канцэпцыі падкрэсліваецца, што інклюзія адрозніваецца ад інтэграцыі і спецыяльнай адукацыі. Так, ва ўмовах спецыяльнай адукацыі, а таксама інтэграванага навучання і выхавання асоб з АПФР, рэалізуюцца адукацыйныя праграмы спецыяльнай адукацыі, пры інклюзіўнай жа адукацыі — толькі адукацыйныя праграмы асноўнай адукацыі.
“Для нас важна паказаць пераемнасць паміж спецыяльнай адукацыяй, інтэграваным навучаннем і выхаваннем і інклюзіяй, адлюстраваць магчымасць паралельнага суіснавання гэтых форм арганізацыі адукацыйнага працэсу, — працягвае Антаніна Міхайлаўна. — Мы не выключаем магчымасці, што ў будучыні ўсе школы будуць інклюзіўнымі. Але адбудзецца гэта ў выніку эвалюцыйных пераўтварэнняў, ніводная спецыяльная школа ў прымусовым парадку не зачыніцца. Такое можа здарыцца толькі тады, калі ў ёй рэзка зменшыцца колькасць дзяцей, калі іх стане менш, чым настаўнікаў”.
У канцэпцыю ўключаны паняцці “клас інклюзіўнай адукацыі”, “група інклюзіўнай адукацыі” на ўзроўні дашкольнай і агульнай сярэдняй адукацыі. Ёсць і паняцце “група псіхолага-педагагічнага суправаджэння”. Яно ўжо добра вядома спецыялістам у сувязі з інтэграваным навучаннем і выхаваннем. Такое суправаджэнне не з’яўляецца абавязковым для інтэграцыі, а толькі рэкамендуецца. Але такое суправаджэнне неабходна ва ўмовах інклюзіі. У канцэпцыі ўзгадваецца паняцце “спецыяльныя ўмовы”. Падкрэсліваецца, што яны з’яўляюцца абавязковымі для выканання. Кіраўнік установы адукацыі не мае права адкрываць інклюзіўны клас, калі ў ім не створаны належныя ўмовы для ўсіх дзяцей. На жаль, спецыяльныя ўмовы не заўсёды забяспечваюцца для дзяцей з АПФР пры інтэграваным навучанні і выхаванні. Інтэграваныя класы, здараецца, адкрываюцца ў школах проста па просьбе бацькоў, нягледзячы на тое, што ў ёй, скажам, няма настаўнікаў-дэфектолагаў.
У канцэпцыі таксама прадугледжаны асобны раздзел “Роля грамадскіх аб’яднанняў”, у якім прапісаны іх пажаданні.
“Заўважу, што меркаванне прадстаўнікоў грамадскіх аб’яднанняў не заўсёды супадае з меркаваннямі спецыялістаў, — адзначае Антаніна Міхайлаўна. — Часта яны процілеглыя. Не супадаюць, напрыклад, погляды на права бацькоў удзельнічаць у адукацыйным працэсе. Дакладней кажучы, на ступень такога ўдзелу. Часта бацькі інклюзіўную адукацыю разумеюць такім чынам: усё, што я лічу патрэбным для майго дзіцяці, павінна быць створана для яго. Не жадаючы таго, бацькі іншы раз парушаюць правы сваіх дзяцей, патрабуючы для іх такіх умоў навучання, якія не адпавядаюць магчымасцям дзяцей. У сувязі з гэтым выказваюцца прапановы выключыць з артыкула ў Кодэксе аб адукацыі пункт аб згодзе бацькоў на адукацыйную праграму для свайго дзіцяці.
Інклюзіўная адукацыя — гэта не ўсёдазволенасць, а адукацыя для ўсіх дзяцей, у тым ліку і звычайных. Для іх таксама павінны быць створаны ўсе ўмовы, іх правы таксама нельга парушаць.
Навошта дзіця з АПФР ідзе ў агульнаадукацыйную ўстанову? Не для таго, каб бацькі гаварылі знаёмым, што маё дзіця вучыцца ў звычайнай школе. Навучанне ў ёй можа і не прынесці яму карысці. Агульнаадукацыйная школа, як паказвае практыка, не будзе ў сваіх прыярытэтах арыентавацца толькі на дзяцей з асаблівасцямі. У школы ёсць паказчыкі, па якіх яе, перш за ўсё, ацэньваюць: колькасць медалістаў, алімпіяднікаў, тых, хто паступіў у ВНУ, і г.д. З гэтай рэальнасцю варта лічыцца.
І чаму спецыяльная школа, па меркаванні многіх бацькоў, адназначна дрэнна? Прайшлі тыя часы, калі спецшколы былі закрытымі ўстановамі, калі грамадскасць пра іх нічога не ведала, цяпер яны ўключаны ва ўсе рэйтынгі, удзельнічаюць ва ўсіх конкурсах і мерапрыемствах нароўні з астатнімі ўстановамі.
У канцэпцыі мы пішам, што мяняюцца функцыі ўстаноў спецыяльнай адукацыі, што яны пашыраюцца, пачынаюць каардынаваць работу ў рэгіёне па фарміраванні талерантных адносін да дзяцей з асаблівасцямі. Гэтая работа адлюстроўвае, якімі дзеці з асаблівасцямі могуць быць і чаго здольны дасягнуць”.

Інклюзія на практыцы

У 2018 годзе ў краіне з’явяцца ўстановы адукацыі, якія будуць ажыццяўляць інклюзіўную адукацыю. Ужо другі год у 8 агульнаадукацыйных школах дзейнічаюць эксперыментальныя пляцоўкі па праекце “Апрабацыя мадэлі інклюзіўнай адукацыі ва ўстановах адукацыі”. Сёлета адкрыта 14 класаў інклюзіўнай адукацыі ў сярэдніх школах № 46 Віцебска, № 8 Наваполацка, № 18 Барысава, № 1 Салігорска, № 5 Гомеля, № 30 Мінска (дарэчы, гэта адна з першых школ, якая пачынала інтэграванае навучанне дзяцей з парушэннем функцыі апорна-рухальнага апарату), № 3 Дзятлава і ў сярэдняй школе вёскі Астрамечава Брэсцкага раёна. У гэтых установах назапашаны станоўчы вопыт работы педагогаў у гэтым кірунку. Увесь мінулы год настаўнікі ў інклюзіўных школах павышалі кваліфікацыю, псіхалагічна адукоўвалі бацькоў, фарміравалі ў звычайных школьнікаў талерантныя адносіны да вучняў з АПФР, якія з гэтага года пачалі вучыцца ў названых школах па агульнаадукацыйных праграмах і агульных эксперыментальных вучэбных планах.
Да эксперыментальнага праекта з гэтага года далучыліся і ЦКРНіР, яны адпрацоўваюць схему ўзаемадзеяння паміж усімі ўдзельнікамі інклюзіі.
Вопыт работы ва ўмовах інклюзіі для нашай краіны новы, як і для краін постсавецкай прасторы. Але ў свеце наадварот амаль не існуе такой практыкі як у нас — работы па асобных праграмах з дзецьмі з асаблівасцямі і са звычайнымі дзецьмі. Напрыклад, у Швецыі для навучэнцаў з парушэннямі інтэлекту ёсць асобная праграма. Але ў многіх іншых еўрапейскіх краінах усіх дзяцей вучаць па адной праграме. Гэтыя краіны не ставяць перад сабой задачы абавязковага атрымання агульнай сярэдняй адукацыі дзецьмі з асаблівасцямі. Але ўстановы спецыяльнай адукацыі ёсць ва ўсіх краінах, таму што ступені праяўлення парушэнняў у дзяцей розныя, і аб’ектыўна ўсе яны не могуць вучыцца разам.
Што тычыцца методыкі выкладання ў інклюзіўных класах, то гэтае пытанне патрабуе дэталёвай прапрацоўкі. Існуюць методыкі работы з рознымі катэгорыямі дзяцей, ёсць методыкі выкладання розных прадметаў, але як іх аб’яднаць у адным канкрэтным інклюзіўным класе? Педагогі, якія працуюць з асаблівымі навучэнцамі ў агульнаадукацыйных установах, часта маюць толькі агульнае паняцце аб іх парушэннях, не валодаюць спецыфікай работы з дзецьмі, не ведаюць, як ацэньваць іх дзейнасць. Часам нават педагогі-майстры, якія маюць вышэйшую катэгорыю і неаднойчы яе пацвярджалі пры навучанні звычайных дзяцей, не могуць наладзіць кантакт з дзецьмі з асаблівасцямі. Шмат у гэтым пытанні залежыць ад асабістых якасцей педагогаў.
“У сувязі з развіццём інклюзіі ўзнікае і пытанне аб увядзенні ў штат навучальных устаноў цьютараў — спецыялістаў, які аказваюць дапамогу навучэнцам падчас адукацыйнага працэсу, — расказвае Антаніна Міхайлаўна. — Пакуль цьютарства ў нас не існуе афіцыйна. Але мы прапрацоўваем пытанне па ўвядзенні новай пасады, якую мы ўмоўна назвалі “педагог-асістэнт”, у Расіі таксама ёсць такая пасада. Там яна ўводзіцца з разліку 1 педагог на 1—6 дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі здароўя і прадугледжваецца па неабходнасці ў залежнасці ад стану здароўя навучэнцаў.
Пакуль мы гэтую пасаду планавалі для адной катэгорыі дзяцей з асаблівасцямі — з аўтычнымі парушэннямі. Хаця разумеем, што цьютары патрэбны і для іншых катэгорый дзяцей з парушэннямі. Падалі адпаведную прапанову ў Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і пасля сумеснага абмеркавання прыйшлі да высновы, што пры неабходнасці ва ўстанове адукацыі будзе адкрывацца стаўка выхавальніка і яму ў абавязкі будзе запісана індывідуальнае суправаджэнне дзяцей з аўтычнымі парушэннямі.
Калі казаць пра суправаджэнне дзяцей з АПФР у нашых эксперыментальных класах, то ў эксперыментальным вучэбным плане мы ўвялі дадатковыя гадзіны для настаўніка-дэфектолага, якія будуць фінансавацца. Настаўнік-дэфектолаг будзе дапамагаць дзецям падчас урокаў у залежнасці ад іх патрэб. Акрамя таго, выконваць і свае галоўныя абавязкі — праводзіць карэкцыйныя заняткі з гэтымі дзецьмі. На гэта прадугледжана фінансаванне, таксама як і на стварэнне спецыяльных умоў для дзяцей, на правядзенне навуковых даследаванняў у гэтым кірунку і г.д.
Зараз у краіне ідзе эксперымент па нарматыўным фінансаванні з разліку на 1 навучэнца. Навучэнцы з АПФР з эксперыментальных школ зараз фінансуюцца ў 2 разы лепш у параўнанні са звычайнымі навучэнцамі. Калі ж такое нарматыўнае фінансаванне застанецца і пасля эксперымента і распаўсюдзіцца на ўсе школы, дзе ёсць дзеці з АПФР, то кожная з устаноў будзе зацікаўлена, каб у ёй вучыліся такія дзеці. Галоўнае, каб выдзеленыя сродкі ішлі менавіта на вызначаныя мэты.
Пакуль складана сказаць, ці распаўсюдзіцца эксперымент па апрабацыі мадэлі інклюзіўнай адукацыі па ўсёй краіне, ці будзе рэалізавана на практыцы права кожнага дзіцяці з АПФР наведваць школу каля дома, ці будуць у кожнай такой школе створаны ўсе належныя ўмовы для таго, каб дзіця паўнацэнна вучылася там. Пастаўлены высокія мэты, і мы павінны да іх імкнуцца”.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.