У Беларуска-­Расійскім універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца далучэнню моладзі да навуковай дзейнасці

- 15:08Образование

Навізна, значнасць, перспектыўнасць — усё гэта ўласціва даследаванням кандыдата тэхнічных навук асістэнта кафедры абсталявання і тэхналогій зварачнай вытворчасці Беларуска-­Расійскага ўніверсітэта Дзмітрыя Юманава, паведамляе карэспандэнт “Настаўніцкай газеты”.

Дзмітрыю Мікалаевічу 30 гадоў, а ён ужо двойчы прызнаваўся лепшым маладым вучоным БРУ, узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Магілёўскага аблвыканкама. За наватарскія ідэі яго дысертацыя ўвайшла у лік лепшых на адпаведным рэспубліканскім конкурсе.

Асноўны напрамак да­следаванняў Дзмітрыя Юманава — кантактная і рэльефная зварка. Свае галоўныя напрацоўкі ён прадставіў у дысертацыі, у якой прапанаваў выкарыстанне самастойна распрацаванай сістэмы праграмнага кіравання для кантактных зварачных машын.

— Звычайныя серыйныя рэгулятары гэтых машын не дазваляюць дакладна і рацыянальна задаваць параметры зваркі. Я падабраў іншыя механізмы ўстанаўлення параметраў і стварыў уласную сістэму праграмнага кіравання. Яна замяняе серыйную, падключаецца да кантактнай зварачнай машыны і дапамагае атрымлі­ваць злучэнні з больш высокай якасцю. У ходзе правядзення эксперыментаў было ўстаноўлена, што базавы тэхналагічны працэс дазваляе вырабляць зварачныя злучэнні з патрэбным узроўнем якасці толькі ў 40 працэнтах. Мая сістэма павялічвае гэты паказчык практычна да ста. Распрацоўка ўжо прымяняецца на ААТ “Магілёўскі завод “Строммашына”, разглядаецца да ўкаранення на шэрагу іншых прадпрыемстваў, — падзяліўся Дзмітрый Юманаў.

Спектр навуковых інтарэсаў Дзмітрыя Мікалаевіча не змяніўся. Ён па-­ранейшаму дэталёва вывучае асаблівасці кантактнай і рэльефнай зваркі. Дарэчы, напрацоўкамі актыўна дзеліцца ўжо са сваімі студэнтамі. Падчас лекцый прэзентуе вынікі ўласных даследаванняў, прыцягвае маладых людзей да заняткаў навукай.

— У нашым універсітэце вялікая ўвага ўдзяляецца далучэнню моладзі да навуковай дзейнасці. Студэнты маюць магчымасць паспрабаваць сябе ў навуцы ўжо з першых курсаў. Усяляк падтрымліваюцца і маладыя вучоныя. Такая дапамога вельмі важная, яна стымулюе развівацца далей, — лічыць Дзмітрый Юманаў.

 Ганна СІНЬКЕВІЧ
Фота аўтара