Абласны семінар настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры “Эфектыўныя формы арганізацыі пазакласнай дзейнасці па беларускай літаратуры” быў арганізаваны ў Навагрудскім раёне на базе сярэдняй школы № 7 Навагрудка і Ладзеніцкага дзіцячага сада — базавай школы.
Настаўнік беларускай мовы і літаратуры… Хто ён сёння? Якую ношу ўзваліў на свае плечы? Якімі павінны быць яго ўрокі, пазакласныя мерапрыемствы, каб вучні ішлі на іх з радасцю? Што трэба рабіць, каб навучэнцы не толькі ведалі сваю мову і літаратуру, але і былі яе шчырымі прыхільнікамі і абаронцамі? Якія эфектыўныя метады і формы арганізацыі менавіта пазакласнай дзейнасці павінны прысутнічаць, каб забяспечыць рэалізацыю адукацыйных прынцыпаў ва ўмовах сучаснай школы?
Каб адказаць на гэтыя пытанні, я запрашаю вас, паважаныя педагогі, адправіцца ў незвычайнае падарожжа. Вандруючы, кожны з нас даведаецца і адкрые для сябе шмат новага. Завочна мы наведаем радзіму знакамітага сына навагрудскай зямлі, вялікага паэта і патрыёта Адама Міцкевіча. Невыпадкова тут, на ўлюбёнай Богам зямлі, адбыўся абласны семінар “Эфектыўныя формы арганізацыі пазакласнай дзейнасці па беларускай літаратуры”.
Мне пашанцавала быць удзельнікам гэтага маштабнага мерапрыемства, і таму я хачу падзяліцца з вамі сваімі ўражаннямі, пачуццямі пра ўбачанае і пачутае, шаноўныя калегі. Раскажу пра найбольш яркія змястоўныя мерапрыемствы гэтага падарожжа.
Прыпынак 1. Сярэдняя школа № 7 Навагрудка.
Сустракалі-віталі ўдзельнікаў семінара ніхто іншы, а сам Зюзя — бог зімы, а таксама метадычнае аб’яднанне творчых настаўнікаў беларускай мовы і літаратуры. Зюзя пазнаёміў нас з работай інтэрактыўнай пляцоўкі “Горад майстроў” і правёў змястоўную экскурсію па ціхіх школьных завулках.
Завулак 1. Аднаўленне традыцый: выраб лялек-зернавушак. Тут працавалі сапраўдныя майстры сваёй справы, якія паказалі ўмельства і спрыт, добрае веданне пэўных сакрэтаў народнай культуры. Дзяўчаты падказалі нам, што за гэтую справу трэба брацца толькі з выдатным настроем і адкрытай душой. Гэта настроіла нас на лірычны лад, адразу ўключыла ў работу. Удзельнікі семінара таксама не ўтрымаліся і паспрабавалі зрабіць чароўную ляльку-абярэг.
Завулак 2. Дзейнасць школьнага тэатральнага гуртка “Чароўная скарбонка”. Вучні гэтага гуртка — аматары сцэнічнага мастацтва. Нашай увазе быў прадстаўлены ўрывак з пастаноўкі “Мікітаў лапаць” па п’есе М.Чарота. Дарэчы, гэтая тэатральная пастаноўка адзначана спецыяльным прызам. Канечне, школьны тэатр — цікавая форма пазакласнай работы. І зноў-такі гэта вопыт гаварэння, прамоўніцтва, што садзейнічае развіццю камунікатыўных навыкаў, творчага патэнцыялу вучняў, уменню працаваць у камандзе. Юныя акцёры сыгралі ролі па-свойму адметна і цікава, паказалі сапраўдны прафесіяналізм і літаратурны талент — у гэтай справе якраз і праяўляецца любоў да мастацтва, імкненне да творчасці, жаданне далучыцца да свету прыгажосці.
Завулак 3. Прэзентацыя школьнай літаратурнай газеты “Зямля натхнення”. Яе дэвіз: “Дзе кожны кут цяплом душы сагрэты, там толькі нараджаюцца паэты”. Газета створана з мэтай актывізацыі творчых здольнасцей дзяцей. Будучыя члены рэдакцыйнай калегіі, навучэнцы школы, з натхненнем і энтузіязмам пазнаёмілі нас з тэматычнымі напрамкамі выдання, вынікамі правядзення тыдня беларускай мовы і літаратуры. Мы атрымалі асалоду ад чытання юнымі паэтамі вершаў на памяць. Сапраўды, кожны радок, кожнае слова ў газеце былі пранізаны цеплынёй, пяшчотай, павагай да роднай мовы, роднай школы, Бацькаўшчыны.
Завулак 4. Выстава малюнкаў “Беларускія песняры вачыма юных мастакоў”. Яна была прысвечана 135-годдзю з дня нараджэння славутых сыноў зямлі беларускай Янкі Купалы і Якуба Коласа. Тут мы заўважылі агністую папараць-кветку — сімвал купалаўскай творчасці. Ва ўсёй красе перад намі паўстаў таленавіты дзядзька Антось, велічна і грацыёзна ўзвышаўся свабодалюбівы Гусляр. Пейзажысты адлюстравалі маляўнічыя краявіды роднай Беларусі, якія ўяўлялі сабой лірычныя роздумы аб вечнасці прыроды. Гэта былі сапраўдныя шэдэўры сапраўдных мастакоў — нам да іх расці ды расці. Гледзячы на ілюстрацыі да твораў, проста хацелася маўчаць у стоеным любаванні.
Такім чынам, праз малюнкі навучэнцы сэрцам і розумам дакрануліся да бессмяротнай паэзіі народных песняроў, выказалі ім сваю павагу і любоў. Яны пераканаліся ў тым, што гэта вялікае шчасце — жыць на адной зямлі з такімі выдатнымі майстрамі паэтычнага і празаічнага слова. Ёсць каму верыць, ёсць кім захапляцца!
Завулак 5. Станцыя “Вясёлая” — хвілінкі рэлаксацыі. На гэтым прыпынку гучалі задушэўныя беларускія песні, іскрыўся вясёлы народны танец у выкананні дзіцячага гурта. Маленькія артысты захапілі нас сваёй непасрэднасцю, шчырасцю, адкрытасцю.
Аб ролі прадметнага кабінета (этнаграфічнага кутка) у пазакласнай рабоце па беларускай літаратуры цікава і пазнавальна расказала настаўніца беларускай літаратуры Валянціна Віктараўна Манюк. У сваім аповедзе яна звярнула ўвагу на тое, што на базе этнаграфічнага кутка праводзіцца шэраг разнастайных мерапрыемстваў: паэтычныя чытанні, тэматычныя вечарыны, конкурсы, свята паэзіі, святкаванні юбілеяў, навуковыя канферэнцыі і іншыя пазакласныя мерапрыемствы. Варта адзначыць, што славіцца гэты куток самымі незвычайнымі вышыванкамі на любы густ і колер. Яны нагадваюць падрастаючаму пакаленню пра тое, што хвалявала і цешыла, засмучала і радавала беларускую жанчыну-працаўніцу, пра яе мары і спадзяванні. Гэтыя вышыванкі, сведкі мінулага, вучаць дзяцей цярплівасці, спачуванню, чалавечнасці. Яны захапляюць, прывабліваюць, таму не дзіва, што трапляюць і на ўрокі працоўнага навучання як узор выяўленчага мастацтва.
Настаўніца беларускай мовы і літаратуры Вольга Віктараўна Савасцюк правяла ўрок пазакласнага чытання ў 6 класе па апавяданні Якуба Коласа “Купальскія светлякi”. Урок вызначаўся навізной, арыгінальнасцю, нечаканасцю падыходаў. Ён быў узбагачаны шырокім арсеналам прыёмаў і сродкаў уздзеяння на свядомасць, інтэлект і пачуцці навучэнцаў.
Цікавы, захапляючы пачатак заняткаў суправаджаўся музычным афармленнем і адразу навёў на роздум. Прапаноўваліся незвычайныя творчыя заданні: праектаванне канструктара ў выглядзе зямлі, мадэлі дуба, папараць-кветкі. Настаўніца абудзіла ў вучняў імкненне самастойна здабываць веды: аналізаваць, супастаўляць, шукаць адказы на праблемныя пытанні. Метадычна дакладна і ўмела выкарыстоўваліся элементы і метады розных адукацыйных тэхналогій: інфармацыйна-камунікацыйнай, тэхналогіі дзелавой гульні, французскіх педагагічных майстэрняў. На ўроку панавала атмасфера таварыскасці, добразычлівасці, узаемападтрымкі.
Дзеці пераканаліся ў тым, што трэба любіць і шанаваць сваю мову, свой край, умець бачыць прыгажосць беларускай зямлі, паважаць і захоўваць яе традыцыі і звычаі.
Прыпынак 2. Ладзеніцкі дзіцячы сад — базавая школа.
Вёска Ладзенікі. Яе цяжка адшукаць нават на самай вялікай карце. Гэта маленькая вёска. Вакол яе — лясы, узгоркі, сенажаці. Калі ўсё-такі надумаецеся знайсці яе на карце, то шукайце ў Навагрудскім раёне на Гродзеншчыне.
Ветліва і шчыра сустракалі ўдзельнікаў і гасцей семінара вакальны гурт творчых настаўнікаў школы ”Ладзея” і дзіцячы фальклорны ансамбль “Забаўлянка”. Гэты ансамбль — візітная картка сучаснай ладзеніцкай школы. У скарбонцы перамог і дасягненняў калектыву — дыпломы пераможцаў І і ІІІ ступеней. Адразу варта падкрэсліць, што школа беларускамоўная. Паўсюль лілася-гучала родная мова. Яна была сапраўднай Гаспадыняй. Адчувалася, што ў беларускага слова — свята.
З вялікім задавальненнем мы наведалі экспазіцыю “Шляхамі этнашколы” школьнага музея “Малая Радзіма, радзімы мой край”, які функцыянуе з 2014 года. Гаспадарамі музея з’яўляецца лектарская група творчых, ініцыятыўных навучэнцаў, якія правялі нас па музеі, пазнаёмілі з яго кірункамі. Матэрыял багаты, цікавы, разнастайны, але мяне як жанчыну найбольш захапіла і ўразіла экспазіцыя адной рэчы — хусткі. Нашай увазе было прадстаўлена 13 відаў хустак. Адным словам, тут гісторыя твая, ладзеніцкая зямля.
Сярод шматлікіх адметнасцей, якія адрозніваюць гэтую школу ад іншых, — традыцыя правядзення абраду “Пасвяты” (пасвячэнне першакласнікаў у навучэнцы школы). Свята рыхтуюць навучэнцы і для навучэнцаў. На “Пасвяты” не прыходзяць без падарункаў. Яны павінны быць зроблены сваімі рукамі. У асаблівым святочным стылі афармляецца школа і актавая зала. Гэта казачнае свята-фэст, якое складаецца з 3 частак.
Частка 1. Літаратурна- музычная кампазіцыя “Сем цудаў маёй вёскі”.
Гэтымі дзівосамі ганарыцца і славіцца вёска Ладзенікі. Мне больш спадабаліся 4 цуды з гэтых адкрыццяў.
Цуд 1. Назва вёскі Ладзенікі.
Назва вёскі паходзіць ад слова “ледзенікі”, “ледзяні”. Гэтыя землі лічыліся самым халодным месцам у акрузе, тут найдаўжэй ляжаў снег і лёд. Даследаванне археолагаў паказала, што вёска ўзнікла ў Х—ХІ стагоддзях. Жыхары вёскі лічаць, што яна так называецца, бо людзі тут спрадвеку жывуць у міры і згодзе.
Слухаючы пра гэты цуд, я ўспомніла калыску майго сонечнага дзяцінства. З таго часу мінула амаль 40 гадоў, але душой і ўспамінамі я там, у роднай вёсачцы, у матчынай хаце, на родным падворку, у агародчыку пад акенцам…
Цуд 2. Каменка.
Так называецца сажалка, якая ўтварылася з невялікіх падземных крыніц. З сажалкі тонкімі жылкамі бярэ пачатак рэчка Ізаўка, якая тонкім, вясёлым шнурком пятляе па лугах і нырае ў альховыя кусты.
Набраўшыся сілы, рэчка злучаецца з бацькам Нёманам, а Нёман нясе свае воды ў Балтыйскае мора. Бачыце: ладзеніцкая Каменка — родзічка Балтыйскаму мору. Хіба гэта не цуд?
Цуд 3. Ветрапарк.
Наўрад ці хто ведае, што гэты цуд узнік у 2011 годзе. Ён здзіўляе сваёй велічнасцю і хараством. Гэта ветрапарк. Цікава, што вышыня мачты аднаго ветрака дасягае 90 метраў, даўжыня лопасці — 40 метраў. Агульная вага ветрака больш за 200 тон! А пры яго ўстаноўцы было выкарыстана больш за 1 тысячу тон бетону. Сёння ветрапарк налічвае 6 ветраэнергетычных установак мегаватнага класа.
Цуд 4. Школа.
У вёсцы іх працавала тры. Самая першая была адкрыта ў 1945 годзе. Гэта была драўляная хата з дзвюма печкамі. У ёй займаліся навучэнцы пачатковых класаў. З 1947 года пачала дзейнічаць школа-сямігодка.
Сучасная школа — гэта вучэбна-педагагічны комплекс. Тут вучацца спартсмены, артысты, музыканты, інтэлектуалы і проста творчыя, таленавітыя дзеці. А вучаць іх такія ж цудоўныя настаўнікі.
Я ўпэўнена, што літаратурна-музычная кампазіцыя абудзіла ў падлеткаў любоў да бацькоўскага кутка, імкненне да пазнання традыцый, гісторыі роднага краю.
Частка 2. Фрагмент урока ў 1 класе “Залацінкі народнай мудрасці”. Урок правяла настаўніца Ірына Міхайлаўна Пікта і музычны кіраўнік Ларыса Анатольеўна Валенцюкевіч. Гэта былі выпрабаванні на інтэлектуальныя і мастацкія здольнасці першакласнікаў. І яны вытрымалі гэты экзамен на выдатна — эфектна, годна, прыгожа. Дзяўчынкі-беларускі і хлопчыкі-беларусы ахвотна паклалі ў незвычайны чароўны куфэрак скарбніцу народнай мудрасці: паданні, бабульчыны казкі, мудрыя прыказкі і прымаўкі, ласкавыя пацешкі, забаўлянкі, лічылкі — адным словам, народны фальклор. Рабілі яны гэта з любоўю, пяшчотай, таму ўрок атрымаўся яркім, вобразным, запамінальным. Як запавет сваім выхаванцам прагучалі словы першай настаўніцы:
Мову, што роднаю людзі завуць —
У шчасці і ў горы, глядзі, не забудзь.
Слова і песню, што ў полі пяюць,
Шануй, як Радзіму, як маці сваю.
Урок абудзіў у дзяцей цікавасць да беларускай кнігі і чытання казачных твораў, паказаў самабытнасць роднай мовы, узбагаціў слоўнікавы запас, паспрыяў развіццю назіральнасці, фантазіі, кемлівасці.
Частка 3. Канцэрт-віншаванне “Вітаем. Віншуем. Жадаем.” На гэты канцэрт ніхто не прыйшоў без падарункаў і гарачых віншаванняў для віноўнікаў свята. Не пакрыўлю душой, калі скажу: хваляваліся і навучэнцы, і настаўнікі, і бацькі. Першымі віншавалі сваіх дзетак бацькі. І было так прыемна, што яны свабодна, нязмушана размаўлялі па-беларуску, жадалі сваім дзецям выдатных адзнак, заклікалі любіць свой край, паважаць і цаніць людзей. Адчувалася, што іх звязвала нітачка духоўнага адзінства, узаемнай падтрымкі і суперажывання. Варта адзначыць, што ўсе вучні 1—9 класаў прынялі актыўны ўдзел у віншаваннях. Кожны клас быў індывідуальны і непаўторны. Танцы, песні, вершы былі наскрозь прасякнуты беларускім духам, таму гучалі выразна, вобразна, запамінальна. Трэба было бачыць, як ажывіліся дзеці, як іскрыліся іх цікаўныя і дапытлівыя вочы. Колькі было радасці, колькі было задавальнення!
У цёплых віншаваннях, у шчырых песнях, эмацыянальных вершах, вясёлых танцах — усюды адчувалася хараство беларускага слова, прыгажосць роднага неба, свайго мілага краю з яго непаўторнымі гукамі, фарбамі, краявідамі.
Але наша вандроўка па зямлі навагрудскай скончылася. Святочныя мерапрыемствы ў апошні дзень былі прысвечаны беларускаму слову, спрадвечнаму, напеўнаму, як матчына калыханка, бо ў ім — душа нацыі, яе голас і памяць.
Радуе тое, што нашы выхаванцы разам з настаўнікамі-беларусазнаўцамі ахвотна, з душой прымаюць актыўны ўдзел у розных конкурсах, пазакласных мерапрыемствах, накіраваных на папулярызацыю і пашырэнне роднай мовы.
Усе ўдзельнікі і госці семінара прыйшлі да высновы, што галоўнай умовай адраджэння нацыянальнай самасвядомасці навучэнцаў з’яўляецца зварот да роднай мовы, народных традыцый, культуры, вуснай паэтычнай творчасці: абрадаў, звычаяў, гульняў, рамёстваў. Калі ўсё добрае, назапашанае нашымі продкамі залажыць у дзіцячым узросце, яно застанецца, будзе з кожным усё жыццё, бо і сэрца, і розум дзяцей чыстыя. Ад нас залежыць, якім мы выхаваем новае пакаленне грамадзян незалежнай Беларусі.
Валянціна ЯТКОЎСКАЯ,
настаўніца беларускай мовы і літаратуры сярэдняй школы № 22 Гродна.