У бесперапынным працэсе рэабілітацыі

- 11:47Спецыяльная адукацыя

Калі Наталля Уладзіміраўна Чырыца шэсць гадоў назад прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 111 Мінска кіраўніком фізічнага выхавання па рабоце з дзецьмі з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ДЦП, многія не верылі, што педагог затрымаецца надоўга. Ранейшыя настаўнікі хутка сыходзілі, бо работа гэтая цяжкая як маральна, так і фізічна. Наталля Уладзіміраўна не проста засталася, яе ўрокі сёння адны з самых любімых у вучняў.

Педагог прыклала шмат намаганняў для таго, каб у школе адкрыўся кабінет адаптыўнай фізкультуры з неабходным для заняткаў прадметна-развіццёвым асяроддзем. Наталля Чырыца распрацоўвае аўтарскія поліфункцыянальныя трэнажоры для развіцця і карэкцыі сенсорна-перцэптыўных працэсаў і псіхаматорных функцый у дзяцей з рухальнымі парушэннямі. Яе вопыт адзначаны грантам і прэміяй Мінгарвыканкама, а таксама дыпломам І ступені VII Рэспубліканскага конкурсу “Сучасныя тэхналогіі ў спецыяльнай адукацыі”.

“Упрафесію я трапіла невыпадкова, — гаворыць Наталля Ула­дзіміраўна. — У маёй сям’і ўсе педагогі: бабулі і бацькі, а таксама сёстры, цёткі і дзядзькі. І пляменніца, філолаг, працуе зараз са мной у 111-й школе. Наша дынастыя вядзе адлік з 1900 года, а агульны сямейны педагагічны стаж складае 186 гадоў. Што тычыцца фізкультурнай дзейнасці, то я пайшла па слядах таты — Уладзіміра Мікалаевіча Мануйлова, футбаліста-галкіпера, чэмпіёна Расіі і педагога. Я скончыла педагагічны факультэт Смаленскага дзяржаўнага інстытута фізічнай культуры, затым была вучоба ў БДПУ імя Максіма Танка на факультэце дашкольнай адукацыі. Сёлета я стала студэнткай Смаленскай дзяржаўнай акадэміі фізічнай культуры, спорту і турызму, вучуся на факультэце “Фізічная культура для асоб з адхіленнямі ў стане здароўя (адаптыўная фізічная культура)”.

Працавала настаўніцай фізкультуры са звычайнымі дзецьмі, была кіраўніком фізвыхавання ў дашкольнай установе. Неўзабаве атрымала пасаду намесніка загадчыка па асноўнай дзейнасці ў дзіцячым садзе і хутка зразумела, што быць адміністратарам сумна, хацелася творчай работы. Галоўнай маёй задачай, калі прыйшла працаваць у сярэднюю школу № 111 Мінска, было наладзіць кантакт з бацькамі вучняў, завая­ваць іх прызнанне і давер. А яны ставіліся да мяне насцярожана, думалі, што не вытрымаю вялікай нагрузкі ў рабоце з дзецьмі з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, ДЦП”.

Сёння ў школе вучацца 10 дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарату, з іх чатыры навучэнцы перамяшчаюцца на калясках. Самастойна ходзяць два вучні, астатнія — з апорай або з дапамогай іншага чалавека. Наталля Уладзіміраўна праводзіць індывідуальныя заняткі з кожным дзіцем тры разы на тыдзень па 45 мінут, да кожнага шукае ўнікальны падыход.

Вучань 3 класа Герман падчас заняткаў знаходзіцца ў калясцы. На ім апрануты спецыяльныя падтрымліваючыя гарсэты. Зні­маць іх для 45-мінутных заняткаў немэтазгодна, бо гэта зойме шмат часу, таму педагог працуе з хлопчыкам над развіццём буйной і дробнай маторыкі, прапануе яму практыкаванні для ног і верхняга плечавога пояса. Астатніх дзяцей, у тым ліку калясачнікаў, для выканання практыкаванняў неабходна вертыкалізаваць, гэта значыць падымаць, што педагог і робіць. Саша — аднакласніца Германа, ходзіць самастойна, але з падтрымкай. Для яе Наталля Уладзіміраўна падбірае комплексы фізічных практыкаванняў, пры выкананні якіх паляпшаецца спастычны стан мышцаў, павялічваецца рухомасць суставаў, зніжаецца павышаны тонус мышцаў, мозг атрымлівае правільныя сігналы і ідзе рухальнае развіццё. Дзяўчынка ў суправаджэнні педагога любіць ездзіць на спецыяльным трохколавым веласіпедзе па школьным калідоры.

“Мая асноўная задача — дапамагчы дзецям аднавіць рухальныя навыкі і функцыі, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Калі звычайная фізкультура патрэбна для азда­раўлення дзяцей, то адаптыўная фізічная культура нагадвае бесперапынны працэс рэабілітацыі. Гарантаваць аднаўленне той ці іншай функцыі немагчыма: у кожнага гэты працэс ідзе па-свойму, можа спатрэбіцца і паўгода для таго, каб функцыя з’явілася”.

Вучэбнай праграмы па прадмеце “Адаптыўная фізічная культура” няма. Для таго каб праводзіць заняткі, Наталлі Уладзіміраўне недастаткова напісаць агульны план і канспект урока. На кожнае дзіця яна заводзіць асобную папку з індывідуальным планаваннем. Бацькі прыносяць медыцынскую карту дзіцяці, заключэнне неўролага, рэабілітолага, і педагог складае каляндарна-тэматычны план і тэхналагічныя карты індывідуальнага суправаджэння з комплексам неабходных практыкаванняў. Дапамагаюць ёй у гэтым школьная медсястра і ўрач з  паліклінікі.

Арганізм чалавека — гэта загадка, як ён адрэагуе на тую ці іншую маніпуляцыю, невядома. Практыкаванне, якое робіць дзіця пад кантролем  педагога, павінна прыносіць карысць, бо ад гэтага зале­жыць здароўе дзяцей. Для таго каб праца­ваць упэўнена і дасведчана, Наталля Уладзіміраўна пастаянна вучыцца. Яе настольныя кнігі — па анатоміі, фізіялогіі, біямеханіцы, паталогіі і тэраталогіі чалавека, гігіене, масажы і ЛФК. Наталля Уладзіміраўна дасканала вывучыла ўсе асаблівасці дыягназу ДЦП, а таксама разнавіднасці спастычнай дыплегіі, узнікненне другасных адхіленняў. Кожныя свае заняткі яна здымае на відэа, каб пасля перагледзець і скарэкціра­ваць далейшыя дзеянні. 

“На маім рабочым стале не толькі акадэмічныя падручнікі па анатоміі, да якіх я пастаянна звяртаюся, але і дзіцячая энцыклапедыя “Цела чалавека”, — гаворыць Наталля Уладзіміраўна. — Падчас заняткаў я паказваю яе дзецям, асабліва калі яны лянуюцца. Тлумачу, дзе знаходзіцца тая ці іншая мышца, як яна мацуецца, якую функцыю нясе, навошта трэба распрацоўваць мышцы, напрыклад для таго, каб пераступіць праз перашкоду, зрабіць крок. Гавару, з дапамогай якіх практыкаванняў можна развіваць гэтую мышцу. Для зручнасці я ўстанавіла на смартфон праграму па анатоміі, якую таксама выкарыстоўваю. Заняткі адаптыўнай фізкультурай прыня­суць карысць, калі будзе ажыццяўляцца пераемнасць паміж мной, урачамі, якіх наведвае дзіця, і настаўнікамі школы. Усе спецыялісты павінны сачыць за тым, каб дзіця выконвала неабходныя назначэнні і рэкамендацыі. Напрыклад, каб падчас урокаў за партай яно правільна сядзела”.

Кабінет адаптыўнай фізкультуры адкрыўся ў школе ў 2017 годзе па ініцыятыве Наталлі Уладзіміраўны і пры падтрымцы кіраўніцтва школы. Дызайн памяшкання педагог распрацавала сама, зрабіла і афармленне. Адна сцяна ў кабінеце цалкам люстраная, для таго каб дзеці, выконваючы практыкаванні, бачылі сваё адлюстраванне і ў іх выпрацоўвалася мышачная памяць. Тут праходзяць заняткі па стэп-аэробіцы, фітбол-гімнастыцы, развіцці дробнай маторыкі і навыкаў сацыяльна-бытавога абслугоўвання, вестыбулярнага апарату, супінацыі-пранацыі прамянёвазапясцевага і локцевага суставаў, па фарміраванні статакінетычных уласцівасцей,  стабілізацыі агульнага тонусу цела, умацаванні прэса і мышцаў жывата. Праводзіцца і так званае лячэнне становішчам, калі мы фіксуем у пэўным становішчы верхнія і ніжнія канечнасці дзіцяці.

У распараджэнні вучняў — кардыятрэнажор, два трэнажоры стрэтчары, стойка для прысяданняў, велатрэнажор для рук і ног, стэпер (лесвіца) “Клімбер”, прафесійны эліптычны велатрэнажор, бегавая дарожка, на якой можна займацца тэрэнкурам (узыходжанне па ўзыходзячай плоскасці). Трэнажоры закуплены пры падтрымцы камітэта па ахове здароўя Мінгарвыканкама.

У дзяцей з ДЦП назіраецца спастыка, кантрактуры, іх мышцы бываюць літаральна скаваныя, і перш, чым рабіць практыкаванні, мышцы трэба расслабіць з дапамогай розных маніпуляцый. Для гэтага педагог выкарыстоўвае спецыяльныя прыстасаванні: кліны, валікі, укладачныя мяшкі, напоўненыя соллю, кольцы для фарміравання захопу, трэнажоры для кісцей рук, рознакаляровыя шарыкі для распрацоўкі і масажу рук і ног. У кабінеце ёсць масажны міні-кабінет. Да пачатку заняткаў Наталля Уладзіміраўна часта робіць дзецям сегментарны і фіксацыйны масаж, такім чынам рыхтуе іх суставы да рухальнай актыўнасці ў асноўнай частцы заняткаў.

Некаторыя практыкаванні, якія прапануе педагог, не толькі спрыяюць фізічнаму развіццю, але развіваюць пазнавальныя і маўленчыя здольнасці вучняў. Напрыклад, перад намі кошык, у якім уперамешку ляжаць невялікія пластыкавыя рознакаляровыя шарыкі, драўляныя матрошкі і цацачныя драўляныя елачкі, якія прымяняюцца для масажу рук і ног. Можна прапанаваць дзіцяці выканаць з імі цікавыя заданні. Напрыклад, зрабіць захоп пэўнага прадмета рукой або нагой і пакласці яго ўправа або ўлева, адначасова прамаўляючы ўголас свае дзеянні. Педагог праводзіць інтэграваныя з іншымі прадметамі заняткі. Напрыклад, з фізікай. Возьмем электронны канструктар. Зробленае дзіцем фізічнае практыкаванне праецыруецца на канструктар, дзе з дэталей складаецца ланцуг і ў выніку загараецца лямпачка.

З дапаможных матэрыялаў Наталля Ула­дзіміраўна і настаўнік тэхнічнай працы Павел Мікалаевіч Шалковіч з навучэнцамі зрабілі 11 адзінак абсталявання для заняткаў. Сенсаматорны стол і стол для пескаграфіі па прапанаваных эскізах змайстраваў муж Наталлі Уладзіміраўны. Самаробная спружынка з бегунком служыць для развіцця рухальных функцый верхніх канечнасцей, каардынацыі рухаў (дазваляе павялічыць іх сілу, аб’ём і дакладнасць), аднаўлення рухаў пранацыі-супінацыі перадплечча і кісці, згінання-разгінання пальцаў рук, а таксама для вывучэння матэматыкі. Педагог, напрыклад, акрэслівае перад дзіцем задачу: “Пераганяем бегунок з левага боку ў правы і на сярэдзіне пятага вітка спыняем”. Трэнажор “Гарызанталь — спіраль — вертыкаль” зроблены вялікага і малога памераў. З яго дапамогай можна развіваць арыентацыю ў прасторы, дробную маторыку, вывучаць форму, колер і фігуры, рабіць захоп. Напрыклад, даём дзіцяці заданне знайсці зялёную спіраль з правага боку і перамясціць па спіралі налева (па адной) першыя тры фігуры, размешчаныя на ёй. 

Вучні любяць займацца на настольным тактыльным развіццёвым трэнажоры “Рознакаляровы лабірынт”, што дазваляе ўдасканальваць фіксаваныя бесперапынныя рухі рукой, якія імітуюць пісьмо, вярчальна-паступальныя рухі кісці і рухі пальцам па накіроўваючых баразёнках. Яшчэ адзін трэнажор, які ўяўляе сабой поліфункцыянальную панэль з вінтамі і гайкамі, служыць для развіцця дробнай маторыкі, сілы і рухомасці пальцаў верхніх канечнасцей, трэніроўкі мышцаў і суставаў кісці, захопу прадметаў пальцамі рук, тактыльнай і зрокавай стымуляцыі, класіфікацыі прадметаў па форме, велічыні.

Наталля Уладзіміраўна зрабіла настольны трэнажор для фарміравання навыкаў сацыяльна-бытавога абслугоўвання “Чароўная скрыня”, з аднаго боку ў якога размешчаны ўзоры электрапрыбораў, з другога — шнуроўкі і гузікі, далей ідуць водаправодныя краны і дзвярныя замкі. Дзеці вучацца карыстацца гэтымі вырабамі спачатку на трэнажоры, затым — непасрэдна ў побыце.

У школе функцыянуе сенсорны пакой, дзе таксама праходзяць заняткі. У ім размешчаны тры падлогавыя трэнажоры “Кідсбол” для развіцця буйной маторыкі, трапнасці і вакамера, а таксама балансір. У планах Наталлі Уладзіміраўны — адкрыць у школе кабінет эргатэрапіі і механатэрапіі і напоўніць яго новымі карыснымі прыстасаваннямі, напрыклад, зрабіць басейн для масажу рук.

У вольны час педагог захапляецца вышыўкай, світ-дызайнам (вырабам букетаў з цукерак), аэрадызайнам (стварэннем дэкарацый з паветраных шароў). Свае навыкі яна перадае вучням. Наталля Уладзіміраўна дзеліцца напрацоўкамі з калегамі, выступае на адукацыйных мерапрыемствах. Сярэдняя школа № 111 Мінска з’яўляецца базай па спецыяльнай адукацыі для слухачоў павышэння кваліфікацыі АПА і МГІРА, таму ва ўстанову часта прыязджаюць пераймаць вопыт, у тым ліку наведваюць заняткі Наталлі Уладзіміраўны.

Надзея ЦЕРАХАВА.
Фота аўтара.